Страница 48 из 50
– Ага, а заўтра сюды ў ночвах паплывуць, – сказаў Віталь. – У нас жа толькі пакажы месца…
– А што, шкада?
– Чэсна – то не рыбы шкада. А вось востраў гэты такі дзікі… А тут кампаніі цэлыя гуляць пачнуць…
– Ну, гэта мы пабачым, – умяшаўся дзед. – Сяргей і Віктар, грабіце да Заікінага. У вас часу не так і многа. А мы пакуль шчупаку бруха пачысцім, з рыбай астатняй разбяромся…
Даплылі да Заікінага вострава хутка. На беразе іх чакалі мужчыны. Аднаго пазналі здалёк: Мікалай Рыгоравіч. А другі быў невядомы. У адмысловым касцюме, пры гальштуку, белая кашуля і… Сяргей не ўтрымаўся, прыснуў:
– Глядзі, гэты мужык, не здымаючы туфляў, па нашай дарозе ішоў…
Што праўда, то праўда – да калена ногі мужчыны былі ў чорнай гразі. Але ён не звяртаў на гэта ніякай увагі. Сам Зарэмба быў у ботах.
І нечакана для хлопцаў з ценю вольхаў паказаліся ўжо знаёмыя ім постаці ў спартыўных касцюмах. Атрад “Пошук”!
Хлопцы ў разгубленасці саскочылі на бераг, захапіўшы вяроўчыну.
Зарэмба павітаўся з імі за рукі, павярнуўся да таго, у гальштуку:
– Ну, вось які да вас госць: старшыня райвыканкама, Аляксандр Мікалаевіч Баркоў. А гэта – Сяргей, гэта – Віцька.
– Вітаю вас, хлопцы, – незнаёмец моцна паціснуў рукі Сяргею і Віцьку, пільна глянуўшы кожнаму ў вочы. І адчулася, што гэты Баркоў добра ведае ўжо ўсё пра хлопцаў – мабыць, Зарэмба яму расказаў.
– А я вось з сабой вам на дапамогу яшчэ цэлы атрад прывёз, – Баркоў азірнуўся назад, паклікаў: – Ну, падыходзьце, знаёмцеся.
– А мы знаёмыя, – адказаў Сяргей, цвыркнуў слінай. – Толькі нешта я той гаманлівай не бачу. Як жа мы тут без такога камандзіра? І хто нам характарыстыкі пісаць будзе?
Баркоў уважліва паглядзеў на Сяргея, потым на Віцьку.
– Ну, давайце дамовімся, што памылкі ва ўсіх бываюць, праўда? Вось, мы сваю выправілі – у атрадзе зараз сабраліся сапраўды тыя хлопцы і дзяўчаты, якіх хвалюе родны край і яго гісторыя. На востраве ж спраў яшчэ многа, правільна нам ваш камандзір па рацыі далажыў?
– Ну, магілу мы адшукалі, – загаварыў Віцька. – Зброю… трэба пашукаць.
– Вось, а хлопцы з сабой металашукальнік вязуць.
– Праўда?
– Праўда, вось, – сказаў падышоўшы бліжэй хлопец гадоў дваццаці двух і паказаў нешта складзенае і загорнутае ў брызентавы чахол. – У ваенных пазычылі. Я камандзір атрада, завуць мяне Андрэем. Працую ў ваенкамаце. А сам родам з вёскі.
– А яшчэ, думаем, – прадоўжыў Баркоў, – што трэба да ладу прывесці і саму зямлянку. Гэта ж памяць, праўда? Ну, як вам наша прапанова ў дапамозе?
– Згодны!
– Выдатна!
– Ну дык што, падвезяце нас на востраў? – паўжартам спытаў Зарэмба, скокнуў на плыт. – Бач, як трымае добра. Добрая канструкцыя. Слана вытрымае, мабыць.
– Ну, дазвольце і мне, – Баркоў не стаў скакаць – ён крочыў у ваду. Усё адно ж па калена ў гразі.
– Чакайце, мы сходні скінем, – заспяшаўся Віцька.
– Ат, не трэба, – мужчына ўжо каленам стаў на плыт. Зарэмба падаў яму руку.
– І чаравікаў вам не шкада, – не ўтрымаўся Сяргей, калі і яны з Віцькам былі на плыце.
– А я старыя спецыяльна абуў, – патлумачыў Баркоў. – А штаны памыюцца, – усміхнуўся ён. – Так, значыць, плывем на востраў, атрад застаецца пакуль тут. Назад мы вяртаемся самі, а атрад пераправіцца на востраў. Гэй, на беразе, глядзіце ўважліва, да якога вострава плыць! Зарэмба, станавіся са мной на вёслы, памахаем крышку. А вы, хлопцы, кіруйце, – загадаў ён.
– Ды мы самі, – засаромеўся Віцька, не выпускаючы вясла. – Тут дваццаць хвілін.
– Ну, што, ты не дасі мне дзяцінства ўспомніць? Я ж на рэчцы вырас, далёка адсюль. На лодках плаваў, так што і тут змагу, – засмяяўся Баркоў.
Плыт пад шырокімі ўзмахамі двух мужчын павольна набраў хуткасць.
– Ну, як вам там, не сумна на востраве? – пытаўся Зарэмба. – Спаць не холадна было?
– Ды не, не холадна. А сумаваць часу не было.
– А рыба ёсць? Правяралі?
– Ёсць, – пераглянуліся між сабой хлопцы. – Шчупака злавілі.
– Вялікага?
– Так, добрага. Не паднялі ўдвух, – знарок абыякава адказаў Віцька.
– Ты што? Праўда?
– Пабачыце…
– Вось так, Аляксандр Мікалаевіч, – загаварыў Зарэмба. – А вы кажаце тут дарогу да вострава будаваць. Ды на наступныя выхадныя ад лодак цесна будзе. Лесу на астравах не застанецца, папаляць у кастрах. Жадаючых адпачыць – вунь колькі.
– Ну, на тое служба аховы прыроды ёсць, – адказаў Баркоў, але не было ў яго словах упэўненасці. – Але рацыя ў тваіх словах ёсць. Я бачу – плыт гэты ў хлопцаў куды больш надзейны, чым я думаў. Так што пяцёра дарослых чалавек ён вытрымае. Дасі каманду, няхай яшчэ па пары камер з трактароў пачэпяць па баках … Значыць, група па перазахаванні спакойна і на гэтым плыце паплыве. А вось дарогу… Так, дарогу рабіць не будзем. А то на аўтамабілях праз твае палі пачнуць на гэтыя астравы ездзіць. А вось кладкі зрабіць трэба. У складзе камісіі па перазахаванні будзе жанчына, не станем жа мы яе прымушаць па гразі хадзіць. Матэрыялы знойдзеш?
– Знойдзем, – адказаў Зарэмба. – Дзве хаты без гаспадароў стаяць, разбяром, будуць і дошкі, і слупы. На першы час хопіць.
– Добра, – згадзіўся Баркоў, апусціў вясло ў ваду, агледзеўся вакол. – Гэта ж трэба: такая прыгажосць вакол нас, а не кожны дзень і звернеш на яе ўвагу…
Вакол сапраўды было велічна. Плыт быў недзе на сярэдзіне тоні. Ветру не было, вада была спакойная, і мо ўпершыню хлопцы ўбачылі, як на паверхні тоні адбіліся аблокі… Плыт быццам стаяў пасярод другога неба: крыху цямнейшага за сапраўднае, затое больш густога і насычанага…
Гасцей сустрэў дзед Васіль. Павіталіся, пайшлі да лагера.
Вохкалі госці, зусім па-дзіцячы гарэлі іх вочы, калі пабачылі яны шчупака – ужо з распоратым і вычышчаным брухам.
– Усё, я на гэтыя выхадныя буду на тоні! – загарэўся Зарэмба.
– Я табе дам тоню, травы някошаныя стаяць, за шчупакамі сабраўся, – прыгасіў яго пыл Баркоў, і не зразумець адразу было: жартуе ён ці сур’ёзна кажа. – Адно пушчу, калі мяне з сабой возьмеш, – і засмяяўся.
Потым усе пайшлі да магілы. На ёй стаяў шэравата-жоўты дубовы просты крыж. Моўчкі пастаялі хвіліну.
– Ну, давайце разам прысядзем, – сказаў дзед Васіль, калі вярнуліся да палаткі. – Ды крыху пагутарым. Людзі вы адказныя, мы вам даверым сваю тайну. Але каб з гэтага вострава яна далей не пайшла.
Двое мужчына пераглянуліся між сабой, Зарэмба ў адказ на запытальны позірк старшыні райвыканкама паціснуў плячыма.
Жэнька прыгатавала чай на ўсіх, прыселі на траву ля кастра.
– Вы на нас не крыўдуйце, што ваш пошукавы атрад падманулі, – пачаў дзед Васіль, звяртаючыся да Баркова. – Тое, што чацвёра нашых з балота не выйшлі ў час блакады, усе ведалі. Ды лічылі, што яны ў багне прапалі. А тут во Віцька знайшоў камп’ютэрам адзін дакумент… Раскажы, Віцька.
– То не дакумент, ну, гэта артыкул у адной газеце… – хвалюючыся, пачаў Віцька, потым сабраўся, хваляванне прайшло. Ён амаль слова ў слова пераказаў тое, што некалі перапісаў.
Было бачна, якое вялікае ўзрушэнне выклікаў расказ Віцькі. Твары двух дарослых мужчын былі засяроджанымі.
– Значыць, тут не чацвёра, а толькі трое? А каго няма? – ціха спытаўся Зарэмба. – Як жа нам быць?
– Не хвалюйцеся, тут усе, усе чацвёра, – супакоіў дзед.
– Як гэта?
– Той Пітэр не некуды знік – ён сюды прыехаў… Як толькі Віцька нам пра дату напісання сказаў, я адразу і падумаў… У той час якраз з’явіўся быў у нашых краях дзіўны рыбак. Мужчына пажылы, на маленькай гумавай лодачцы. Капюшонам галаву і твар хаваў, нічога не пытаўся, ні з кім не загаворваў. Тут з тыдзень яго бачылі – пераплываў з вострава на востраў. А потым лодачку яго да берага прыбіла. А самога не бачыў ужо ніхто. І толькі мы сёння пабачылі… Яго косткі. Рэшткі адзення. Дакументаў не было аніякіх, мабыць, ён усё спаліў. Але і так усё зразумела. Мы знайшлі яго побач з магілай…
– Та-ак, – задумліва працягнуў Баркоў. – Вось як лёс чалавека скласціся можа. І не прыдумаеш такога… А чаму вы нас, Васіль Яўменавіч, у сваю тайну рашылі пасвяціць? Знайшлі ды і знайшлі…