Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 15 из 16



Марыля. Ды я ўжо з самае вясны торбачкі для ўсіх шыла і шмат, шмат іх пашыла! Але Сымон, Зоська!.. Як жа мне пайсці без іх?

Старац. Не бойся, пані гаспадыня! Яны, калі не знойдуць таго, чаго шукаюць, каб у тваю хату шчасце прынясці, то вернуцца к табе тым самым шляхам, якім ты ад іх адыдзеш. Такі ўжо парадак на свеце паміж намі, людзьмі.

Данілка. Ну, і добры ж тэты парадак: прыкладам, я пайду шукаць грыбоў у лес, а вярнуся адтуль толькі з галінай асінавай.

Старац(цягнучы далей). Твой сын цяпер, можа, нават шукае таго, чаго i не згубіў, але мусіць шукаць і павінен. Ганьба таму чалавеку, што рукі апусціць, як перавяслы, і чакае, пакуль сама доля к яму прыйдзе ў хату і папросіцца, каб прыняў яе з ласкі свае! Ганьба таму, хто, вочы на ўсё заплюшчыўшы, будзе ісці ўцёртай здавён сцежкай няпраўды і бяспраўя, думаючы, што іначай быць ніколі не можа i што не ў яго волі змяніць стары парадак бессумленнага жыцця! Ганьба таму, хто, радзіўшыся ў ярме, валочыць яго пакорна, як вол стары, не парываючыся нават хоць на час выпрагчыся з гэтага ярма, паганячага пачуццё яго чалавечае! Ганьба таму! Нам, старым, іншая рэч: мы не жывём, а толькі дажываем. Маладыя ж мусяць нечага шукаць, нечага дабівацца.

Марыля. Дзедачка! Незразумелыя рэчы для майго жаноцкага розуму ты кажаш. Але ўсё ж такі, як бачу, нездарма я торбачкі шыла, ох, нездарма!

Старац. I сын твой калісь гэтага не разумеў, а можа, i цяпер не разумее. Але прыйшла пара, выбіла такая шчасная ці няшчасная гадзіна, і прабудзілася ў яго думка вялікая, важная, што так далей быць не можа, як ёсць, што яго штосьці пацягнула к нечаму няведамаму, але светламу i радаснаму, ну, i перавярнуўся увесь стары лад у яго беднай галаве. Твае песні і казкі, што пяяла i гаварыла яму калісь над калыскай, шмат у гэтым памаглі. Дык не пярэч жа i далей свайму сыну ісці той дарожкай, якую ён сам сабе абабраў і ідзе цяпер.

Данілка. Ды мамка яму нічога не пярэчыць, але ён сам сабе пярэчыць i нам не дае ніякага ходу, каб як з гэтае пусткі на свет божы выбрацца.

З'ява ІІІ

Тыя ж i Зоська.

Зоська ўваходзіць, штось сумнае напяваючы; у зрэбнай спадніцы і кашулі — без каптана, грудзі расхрыстаны, валасы распушчаны i спадаюць па плячах, на галаве з пасохшага лісця вяночак.

Старац(адступаючы ў старану з мімавольнага перапугу). Хто гэта такі?

Марыля. Ці ж не пазналі? — Зоська наша!

Старац. Божа! Божа! Што з яе асталося?

Данілка. Толькі цень ды вянок з лісця!

Зоська(разглядаючыся). Хто тут? Чаго вы назбі-раліся? Разлучыць мяне хочаце з ім? Га? Ха-ха-ха! Не на такую напалі. (Да Старца.) А ты, сівы, чаго сюды прыйшоў? Можа, весці добрыя прыносіш ад майго тэты або ад майго міленькага? Не бойся — кажы! Я ўсё ведаю!.. Даўней нічога не ведала, а цяпер, ах, як ведаю!.. Тата мой у палацы засеў і пануе там: шмат слуг яму служыць і скарбаў усялякіх шмат мае. Пасаг мне вялікі дасць, ох, які вялікі! — сто, тысячу, мільён. А толькі нашто ты, татачка, майго міленькага выгнаў з палаца, што аж за морам апынуўся? Пакінуў мяне мой ненаглядны, праз благіх людзей адрокся свае русалачкі з васільковымі вачамі. Ха-ха-ха! Але я сама к яму пайду. Праз быстрыя рэчкі, праз шчырыя бары, праз сухія пяскі паплыву к яму, як месяц па небе плыве! (Садзіцца і капаецца ў вогнішчы.)

Старац. Страшныя рэчы творацца ў вас, пані гаспадыня!

Марыля. Ад маладзіковае суботы ўжо яна такая! Трэці тыдзень праходзіць.

Зоська(устав i ходзщь па сцэне). А вы вон адгэ-туль усе, вон! А-а! Ведаю! — На вяселле мае сабраліся! Не хачу я вас, груганоў чорных,— у мяне іншыя госці будуць. (Да Старца.) Праўда, стары,— іншыя. Маўчыш! Ну, як сабе хочаш! А я скажу, хто ў мяне будзе: зоркі з неба залатыя збягуцца, месячык срыбны прыплыве, воблачкі светлыя сыдуцца, і будуць яны усе гуляць на маім вяселлі так весела, так скочна! А вецер іграць мае вяселле будзе, зычна іграць будзе, як ён у лесе часам умее, як ён у азяродах часам іграе! (Да Данілкі.) Пакажы мне зараз, маладзенькі музыка, як вецер іграе!

Данілка іграе жаласліва-нудную мелодыю, Зоська круціцца па сцэне і прыпявае:

Вецер іграе, зорачкі скачуць,



Месяц між імі лад водзе;

Радасна хмаркі белыя плачуць,

Мілы мой кажа усім — годзе!

Водбліск ад пажару асвечвае сцэну. Зоська, напяваючы ўсё, час нейкі круціцца па сцэне ў пажарным святле. Данілка іграе.

Усе(апрача Зоські). Ах, пажар недзе! Марыля. Як бы з стараны двара агонь б'е!

Старац(хрысцячыся). Скаранне божае валіцца на гэтую зямлю няшчасную! Тут вар'ятка скача, а там з дымам штось ідзе.

Дзеці. Нам страшна, мамка!

Данілка. Уцякайма скарэй адгэтуль, а то яшчэ і наш дом загарыцца!

Зоська(перастаушы круціцца). А! Як відненька! А я думала, што ўжо ночка наступіла і мне трэба к майму саколіку збірацца. (Разглядаючы.) Чаго ж я, дурная, длякаюся? Гэта ж ён тут! Тут мой каралевіч ненаглядны! (Паказваючы на дзерава, на каторым абраз вісіць.) Во дзе ён! Во! Адзін, як сіротка, стаіць і чакае, пакуль я, яго зорка нябесная, к яму не падыду. Ужо іду, ужо іду, мае сонейка мілае! (Падыходзіць і абымае дзерава, прытуляючы твар свой к яму.) Выбачай, саколік, што так позна прыйшла я к табе сягоння! Вялікую дарогу мусіла перабыць. Гадзіны на мяне сыкалі, ваўкі вылі, начніцы і совы пужалі, але прыцягнулася к табе. Ночка ўжо мінулася, і божы дзянёк, бачыш, кругом ззяе. Прытулі ж мяне к сабе, добры мой каралевіч! Сагрэй мае грудзі дзявочыя: яны вельмі азяблі — халодна ўжо, бачыш, становіцца на свеце! Не гані мяне ад сябе, як той мяне адагнау і сам за мора уцек. Ты інакшы! Ты хоць і той, але не той. У цябе, чую, сэрца б'ецца, а ў таго ў грудзях нейкі камень хрусцеў; у цябе вочкі, як зоркі, свецяцца, а ў таго, як галодныя вужакі, паглядалі; твае ручкі абымаюць, як матка дзіцянётка ў калысцы абымае, а той, як жалезнымі абцугамі, сціскаў мяне; той гаварыў, то як крумкач над непахаванымі касцямі крумкаў, а твой голас ліецца, як на жалейцы песня вясною... Прытулі ж мяне, саколе мой любы, і не выракайся болей каралеўны сваёй! (Апускаецца каля дзерава і, задумаўшыся, сядзіць пры ім.)

Старац. Пайду я ўжо ад вас, добрыя людзі. Вялікім горам і зніштажэннем кожны тут куток ваш напоўнен. Шчаслівейшую долечку пашлі вам, Божа! Бывайце здаровы! Слава Хрысту!

Данілка(усхапіўшыся). Дзедачка, забірайце і мяне з сабой! А то яшчэ раз як здарыцца гэткая ночка з пажарам, то я зусім памру ад страху.

Старац. Як хочаш, сынку мой. Месца хопіць нам. Можаш ісці.

Марыля. Не адходзьце, дзедка! Надумалася і я ўжо: пойдзем усе з табой. Сілачкі мае не хапае далей тут гібець.

Старац. Добра, пані гаспадыня! Добра! I табе месца мала не будзе.

Марыля(да дзяцей). Ну, дзеткі! Пара збірацца ў дарогу! Дзе толькі торбачкі? (Находзіць торбы і начэплівае іх дзецям, Данілку і сабе; Старац памагае.) Вось гэтыя меншанькія вам, малыя, а тэту, трохі большую, табе, Данілка.

Данілка(надзеушы торбу). Вось як лоўка цяпер будзе! У руках скрыпачка, на плячах торбачкі — гуляй, душа, колькі ўлезе!

Старац. Што ж? Нездарма людзі пацераў і малітваў змалку яшчэ вучацца. Каму-небудзь ды пад старасць прыгодзяцца. Аб торбах не павінны забывацца нават і тыя, што на пасадах сядзяць.

Марыля(надзяваючы на сябе торбу). Ну, гэтыя самыя большыя на мяне якраз падыдуць! (Глянуўшы на Зоську.) Паспрабую і на яе надзець, а ну ж з намі пойдзе. (Падыходзщь да Зоські і хоча надзець торбу.) Зоська, пазволь,— надзену гэта на цябе, ды пойдзем разам!