Страница 5 из 11
Агата. А ўсё ж такі скажы мне, дзеткі, чаму так твой тата на яго заеўся?
Паўлінка. Бо… бо Якім з мужыкоў…
З’ява XII
Паўлінка, Агата, Сцяпан, Пранцісь.
Пранцісь (за дзвярыма). Глупства, вось-цо-да. Не дзе падзелася! Я знаю, собственно, дамоў уцякла, пане дабрудзею.
Сцяпан (уваходзячы ў хату, а за ім Пранцісь). І трэ было ж свату так дрэнна яе прывязаць, ды ў гэт-кую яшчэ цемру.
Агата (усхапіўшыся). Каго прывязаць?
Пранцісь. Кабылу, кабылу, пане дабрудзею. Ужо ж не цябе, вось-цо-да.
Агата. Дык дзе ж кабыла?
Пранцісь (дастаючы пляшку). Собственно, няма кабылы, дзе была, вось-цо-да, пане дабрудзею.
Агата (падбягаючы да Пранціся з кулакамі). Дык чаго ж ты, тудэма-сюдэма, несвянцоная костка, рассеўся, як у сваёй хаце!
Пранцісь (пацягваючы з бутэлькі). Глупства, глупства, вось-цо-да. Пасвенцім, собственно, пане дабрудзею, калі несвянцоная.
Агата (хоча вырваць пляшку, Пранцісь не дае). Вось я цябе зараз, тудэма-сюдэма, як высвенчу гэтай пляшкай па галаве, дык і сваіх не пазнаеш, няшчасны ты «вось-цо-да». (Галосячы.) А Божа ж мой, бацюхна мой! Нашто мяне пакараў гэтай, тудэма-сюдэма, п’яніцай, гэтай недарэкай, гэтай куксамордай, гэтай… гэтай…
З’ява XIII
Тыя ж і Альжбета.
Альжбета (убягае, трымаючы ў руцэ клінок з тварагом). Што гэта ў вас тут парабілася, мае міленькія?
Паўлінка. Кабыла дзядзькава ўцякла, ці хто ўкраў. (Ідзе, садзіцца на ложак і шые.)
Альжбета (да Пранціся). Дык чаго ж, сватка, чакаеце? Бяжыце скарэй дамоў, - пэўна, там; гэта ж ёй не першыня.
Агата. Ці ж гэту, тудэма-сюдэма, трухлявую калоду зрушыш з месца! Сядзіць жа вось анцыхрыст, каб яму моль пяты пабіла, і з месца не скранецца.
Сцяпан (закурваючы люльку). Супакойцеся, свацця. Не дзе яна дзенецца. Каханенькая, родненькая, яна дома, напэўна дома.
Агата. А сват, тудэма-сюдэма, не сунься з сваім носам туды, куды цябе не просяць. (Да Пранціся.) Ідзём! Чуеш ці не!..
Пранцісь (устаючы). Глупства, пане дабрудзею, глупства. Мае мазгі спрытныя. На табе, вось-цо-да, паеду, собственно, дамоў.
Агата (выводзячы Пранціся). Бывайце здаровы! Пахвалёны Езус!.. Падла гэты, ламака, нарабіў работы!
Выходзяць, за імі - Альжбета з клінком.
З’ява XIV
Паўлінка, Сцяпан.
Сцяпан. Ох, і даюцца ж гэтыя сваякі ў знакі. Але, дзякуй Богу, дзве дзюркі ў носе і сканчылося, - ужо пазбыўся.
Паўлінка. А даўно гэта таткаў гняды ўцёк з Лужанкі і татка дамоў пехатой прытрапаў?
Сцяпан. Што было, тое сплыло, і болей, каханенькая, родненькая, не будзе, як кажуць людзі.
Паўлінка. Паглядзім. Заўтра кірмаш.
Сцяпан. Не бойся, каханенькая, родненькая. Я кабылу злаўлю, але і ты глядзі, каб мне таго зяця злавіла, аб якім я табе сягоння гаварыў.
Паўлінка. Што ён конь ці вол, каб я яго яшчэ мела лавіць?
Сцяпан. Не конь і не вол, а так сабе, дойная жывёліна.
Паўлінка. Дык, татка, яго і дойце, калі ён для вас такі дойны, а я і не думаю.
Сцяпан. Нічагутанькі, каханенькая, родненькая. Надумаешся, ваша, як пакармлю бярозавай кашай. Вось толькі каб пагода была добрая, а то казаў ён, што на кірмаш не паедзе, калі будзе дождж ісці.
Паўлінка. Ліха не возьме! Гэткі цукер не раз-мокне.
Сцяпан. Каханенькая, родненькая, як скажу, так і будзе; дзве дзюркі ў носе і сканчылося. Вось толькі трэба даведацца, ці будзе напэўна заўтра пагода. Купіў я сягоння каляндар - нейкі беларускі, як кажа крамнік. Пытаўся ў яго, ці піша аб пагодзе, дык крамнік гавора мне, што аб пагодзе напісана ў ім болей, як аб чым іншым. Значыцца, пагля-дзім праўды.
Ідзе і дастае з-за абраза каляндар, адтуль валіцца на зямлю фатаграфія. Паўлінка, саскочыўшы з ложка, падбягае падняць яе, але не паспявае.
(Падымаючы фатаграфію.) А гэта што такое?
Паўлінка (хочучы адабраць). Гэта мая. Аддайце мне, тата!
Сцяпан. Я пытаюся - хто гэта?
Паўлінка. Ці ж, тата, не бачыце?
Сцяпан (са злоснай насмешкай). Ха-ха-ха! Якім!.. Хай жа ён прападзе саўсім. (Хоча рваць, Паўлінка адбірае.)
Паўлінка (скрозь слёзы). Аддайце, татачка, аддайце, не рвіце! не здзеквайцеся над ім…
Сцяпан (адпіргнуўшы ад сябе Паўлінку). Адчапіся ад мяне, гіцлёўка! Я вам тут наразводжу шашняў…
Стукат у сенцах. Уваходзяць Пранцісь, Агата, а за імі Альжбета. Паўлінка стаіць патупіўшыся, глытаючы слёзы, і скубе пальцамі фартух.
З’ява XV
Паўлінка, Сцяпан, Альжбета, Пранцісь, Агата.
Пранцісь. Глупства, пане дабрудзею. Я, вось-цо-да, казаў, собственно, не дзе падзенецца.
Агата (дражнячы). Вось-цо-да, вось-цо-да! Сам кабылу, тудэма-сюдэма, паставіў у вас пад паветкай, а шукае за плотам. Дарма толькі поўзалі і слядоў прыглядаліся.
Альжбета. Ну, дзякуй Богу, што хоць найшла-ся. (Да Сцяпана.) Што ты там круціш у руках?
Сцяпан (тыкаючы фатаграфію ў твар Альжбе-це). На, на! любуйся, якія празэнты атрымлівае твая дачушка!
Альжбета (закрываючы рукою твар). Чаго соваешся… Такая яна і твая, як мая.
Сцяпан. Лжэш! Каб яна была мая, то была б такая, як і я.
Пранцісь. Пакажы, пакажы, пане дабрудзею, што гэта за птушка?
Сцяпан (паказваючы). На, глядзі, сваток! Павіншуй мяне з такой дачушкай і з гэтым, з гэтым гарэтыкам!
Пранцісь (разглядаючы). Эгэ! Гэта гэты разумненькі, вучоны, грамацей… Собственно, Сарока, вось-цо-да.
Сцяпан. Але ж, але! Якім Сарока.
Агата (да Сцяпана). Тудэма-сюдэма, пакажыце і мне, сватка.
Пранцісь (да Агаты). Ты, пане дабрудзею, баба, не лезь сюды з цікавым носам. Собственно, пільнуй сваёй спадніцы і панчохаў, вось-цо-да. А мы суд зробім… правы і скоры.
Паўлінка (падыходзячы да Альжбеты, ласкава). Мамачка, адбярыце яе ў таткі.
Альжбета. Што я з ім, дзеткі, зраблю? Яшчэ біцца будзе…
Сцяпан (да Пранціся). А добра, сватка, кажаш. Зробім суд, перасуд добрым складам над гэтым гадам. А які?
Пранцісь. А такі, пане дабрудзею: стражнікаў паклікаць, спраўніку данясці. Собственно, інквізі-тарскі суд зрабіць - па палавіне шась! і гатова, вось-цо-да.
Паўлінка (кідаючыся да Сцяпана і цалуючы яму рукі, скрозь слёзы). Татачка, аддайце! Не здзеквайцеся над ім!.. Ён жа вам нічога благога не зрабіў.
Сцяпан (са злосцю). Спаць, спаць пайшла, калі гэткага знайшла! Спаць! (Рве фатаграфію.)
Паўлінка (з плачам апускаючыся на лаву). Татка, загубіць мяне хочаце… Гвалтам з хаты выгнаць.
Пранцісь (дастаючы пляшку). А цяпер, собственно, вып’ем хаўтурнага, вось-цо-да. (П’е.)
Паўлінка (усхапіўшыся з лавы, кідаецца да Пранціся). Па кабыле сваёй пі хаўтурнага, а не па чалавеку, якога і падноскаў не варт! (Вырываючы і разбіваючы аб зямлю пляшку.) Вось-цо-да!
Пранцісь (развесіўшы рукі, здзіўлены, як і ўсе). О-о-о!!!
Заслона
Акт Другі
Тая ж самая - што ў першым акце - святліца. За сталом сядзяць: Сцяпан, Альжбета і госці - тры хлопцы і тры дзяўчыны. Мужчыны сядзяць з аднаго канца стала, а жанчыны - з другога. П’юць гарбату, наліваючы на сподкі, закусваюць. Дзецюкі з дзяўчатамі жартуюць, перакідваючыся крошкамі ад хлеба. З левай стараны (гле-дзячы ад публікі) пры сцяне ад бакоўкі - сядзяць два музыкі і, зводзячы інструменты, ціха перагаварваюцца між сабой. Ля дзвярэй ад сенцаў, у канцы куфра, на табурэце стаіць самавар. Паўлінка, прыбраўшыся па-святочнаму, увіхаецца каля гасцей. Трохі ў твары змяніўшыся; час ад часу ўздыхае і няўзнак паглядае ў акно; адно стараецца быць з усімі вясёлай і бойкай. Як падымаецца заслона - Паўлінка нясе гарбату.