Страница 5 из 12
— Вось, дзіця напалохаў… — з дакорам прагаварыла пані Саламея. Лёднік падхапіў сына на рукі, пацалаваў, худы змрочны твар доктара прасвятлеў, памякчэў — што ж, за права называць гэтага хлопчыка сынам прафесар заплаціў вельмі дорага.
— Пусці, я ўжо вялікі! Я шляхціц!
Хлопец выкруціўся з рук бацькі, саскочыў на зямлю і прыняў гордую паставу. Пранціш схаваў усмешку — характар у Аляксандра Баўтрамеева Лёдніка быў відавочна таткаў.
— завёў побач песеньку лірнік, і ягоны паплечнік, замурзаны хлапчыска ў аблезлай камізэльцы з футра ўжо невызначальна якой жывёлы, ускінутай паўзверх падранай кашулі, зашнырыў з шапкай ля мінакоў.
жаласна выводзіў надтрэснуты голас. Пранціш кінуў у падсунутую шапку грош і сярдзіта папрасіў больш баявітых песень. Няма чаго жаўнераў ганьбіць.
Услед зараз жа панеслася «баявітае», на заказ:
Пранціш ажно спатыкнуўся… Жабрак выпяваў «Караламахію» Хрыстафора Завішы, ды яшчэ ў перакладзе з лаціны! Трэба вярнуцца…
Драгун са скрухай углядаўся ў спаласаваны шнарамі і зморшчынамі твар лірніка, паўз якога нядаўна прайшоў з няўважнай пагардай. Гэта не быў твар неадукаванага палахлівага мужыка… Вочы выхоплівалі падрабязнасці, з якіх складаўся партрэт горкага лёсу: мыліца, прыхінутая да ліпы, пад якой прыладзіўся спявак, шнар ад шаблі праз увесь твар, старая жаўнерская дзяга, што сцягвала лахманы…
— Ваяваў, васпан? — ціха спытаўся Пранціш. Сляпыя вочы лірніка былі паўпрыкрытыя, і ўсе аблічча здавалася «сляпым», невыразным. Адно што — адчувалася за гэтай невыразнасцю застарэлая пагарда, амаль інстынктыўная нянавісць да тых, ад чыёй літасці ён зараз залежыць.
— Так, ваяваў, літасцівы пане, з туркамі біўся, са шведамі, з маскоўцамі. У войску слаўнага караля нашага Жыгімонта, няхай уладзяць яго светлыя янголі ў нябёсным палацы, — голас гучэў, як бы чалавек столькі разоў паўтараў сваю гісторыю, што смяротна стаміўся, і абрыдлі яму чуллівыя падрабязнасці, бо не расчульваюць яны сэрцы.
— А вучыўся дзе?
— У піяраў, ваша мосць, у Зэльвенскім калегіюме.
Вырвіч абшарыў кішэні і высыпаў у шапку, зараз жа падстаўленую мурзатым хлапчыскам, усё да грошыка.
— А гэта ад нас! — важна прамовіў дзіцячы голас, і пан Алесь Лёднік, відаць, пасланы бацькамі, таксама кінуў манеты.
Няўжо няма справядлівасці ў гэтым свеце нават для тых, хто праліваў кроў за Айчыну? Няўжо яна — таксама бязлітасная дама, якая прымушае за сябе паміраць, але ўдзячнасці ад якой не дачакаешся? І ці не здарыцца так, што калісь Пранціш Вырвіч, стары, скалечаны, аслеплы, будзе вось так соўгацца, выпрошваючы на хлеб і ціха ненавідзячы фанабэрыстых абыякавых багацеяў?
У доме з зялёнымі аканіцамі іх чакала вячэра, радасны брэх рудога калматага сабакі па мянушцы Піфагор, прыгаворванні таўсманнага гультаяватага слугі Хвелькі і стройныя шэрагі кніг, якія мелі ўласцівасць разрастацца ў гэтым доме, як апенькі на збуцвелым пні, так што не было ніводнай сцяны, дзе калі не стаяла самавітая шафа — дык вісела паліца з папяровымі ці пергаментнымі суразмоўцамі. Шмат кніг прыбавілася пасля таго, як у мінулым годзе памёр Лёднікаў настаўнік і дарагі яму чалавек, полацкі аптэкар дзядзька Лейба, і адпісаў Бутрыму ўсю сваю бібліятэку.
Вырвіч так і не пераняў палкую любоў свайго ментара да навуковых трактатаў, але кнігі з выдумкамі, усялякімі фантастыкамі ды пра высокую навуку вершаскладання былі яму даражэй цяпер за келіх добрага віна. Драгун зняў з паліцы патрапаны томік: «Лапатачнік». Што за прыпавесць? Пагартаў… Дапаможнік па варажбе на авечай лапатцы, перакладзены з трактату Пятра Егіпцяніна… Чаго толькі ў дзядзькі Лейбы не захоўвалася! А вось табе «Таямніца таямніцаў, Арыстоцелева брама», больш вядомы ды самавіты твор, праўда, як запэўніваў Лёднік, да Арыстоцеля ніякіх адносінаў не мае. Том з «осьмі главізнаў», у якіх і «о поведаніі ваёўным», і «о прамудрасці парсуннай, яко заховаці цару жывот свой, піціем, і ядзеніем, і спаніем, і порты», і пра куплю рабоў і рабыняў, а таксама — самае Лёдніку цікавае — лекавыя парады.
Пранціш пазнаў і гравюру з выявай Іерусаліму, якая раней вісела на сцяне ў аптэцы дзядзькі Лейбы: з мініяцюрнымі камяніцамі, пальмамі, паўлінамі і херувімчыкамі.
Драгун з замілаваннем разглядаў дом і гаспадароў, якія паскідалі парыкі і пераапрануліся ў хатняе. У чорных валасах Лёдніка з’явіліся срэбныя ніты, але ён усё гэткі ж упарты, жылісты і хуткі, не чалавек — змяюка. Напэўна, па-ранейшаму займаецца фехтаваннем — вунь нават некалькі драўляных мячоў у куце. Раней Лёднік такімі пагарджаў, трэніруючыся толькі на баявой зброі. Але як Вырвіч з’ехаў, дык, відаць, даводзіцца прафесару ў трэнінгах мець справу з дурнымі юнакамі, якія пакалечыцца могуць. Пранціш нават адчуў у глыбіні душы востры ўкол рэўнасці да тых незнаёмых вучняў.
Саламея Лёднік была ўсё гэткай жа гожай, толькі ў куточках вачэй з’явіліся таненькія зморшчынкі, якія пані не лічыла патрэбным хаваць пад слоем пудры. Яна нават цяпер, праз трывогу, свяцілася шчасцем, варта было пабачыць сына. Пранціш гадаў, ці памятае маленькі Алесь, што ў яго калісьці была іншая маці?
Між тым пані Саламея накрывала на стол — яна, дачка полацкага купца-кнігара, не грэбавала ўласнаручна займацца хатняй гаспадаркай, хаця ў дом прыходзіла і прыслуга дзеля чорнай працы. Але перад вячэрай Лёднік завёў Пранціша ў кабінет, дзе акрамя кнігаў грувасціліся хімічныя ды медычныя прылады і некалькі застрашлівых васковых муляжоў, што дужа рэалістычна ўяўлялі з сябе прэпараваныя фрагменты чалавека, замкнуў дзверы на ключ.
— Расказвай!
Пранціш моўчкі працягнуў ліст да Юдыцкага. Прафесар уважліва разгледзеў канверт, але ламаць пячатку не стаў.
— Ясна… Ісці да пана суддзі не хочацца?
— Яшчэ б! — фыркнуў Пранціш, касавурачыся на расфарбаванага васковага нябожчыка без паловы чэрапа, чый мозг, аплецены венамі, нагадваў кубло рознакаляровых рабакоў. —У цябе вунь дасюль шнар на лобе ад ягонай шаблі! Забыўся, як ён нас ледзь у слуцкія сутарэнні не заканапаціў? А потым у Менску я ж пад ягонымі вокнамі прывіда выяўляў, мяне з вартай лавілі. Ну і фізіяномія была тады ў пана!
Вырвіч засмяяўся ўспамінам. Лёднік задумліва пакруціў ліст.
— Баяцца табе цяпер няма чаго. Як Пане Каханку за мяжу ўцёк, Юдыцкі ўплыву мае мала. Да таго ж ягоны стрыечны брат, рэчыцкі суддзя, утварыў бяды — зрабіў наезд на сеймік, дзе яго не хацелі маршалкам выбіраць, людзей пасек. Каб яго схапіць, расейскія войскі запрасілі. Дык узялі пана толькі ў радавой усыпальніцы — сядзеў на труне прадзеда з двума пісталетамі. Цяпер, кажуць, на расстрэл асудзілі — надта ўсё жорстка і беззаконна, ніхто не заступіўся. І наш Юдыцкі ад брата паспяшаўся адрачыся: маўляў, хоць і скруха на сэрцы, але пан-брат сам вінаваты, закон парушаць нельга. Такія, як суддзя, ворагаў і сяброў мяняюць, бы модная паненка кавалераў. Ты ведаеш, што ён яшчэ ў мінулым годзе да мяне на прыём прыходзіў?
Вось табе на! Вырвіч успомніў, як Лёднік, едучы ў турэмнай карэце на расправу, «прыпёк» Юдыцкага дыягназам, што ў таго пячонка не ў парадку, і мужчынскай сілы няма.
— Ну і як, вярнуў суддзі мужчынскую сілу?
Доктар нават не пасміхнуўся.
— Прабач, пан Вырвіч, але лячэнне пацыента — справа між ім і доктарам.
Пранціш аж пачырванеў. Вось зануда гэты былы алхімік… Мала, што лечыць колішняга смяротнага ворага, дык яшчэ ад найбліжэйшага свайго сябра падрабязнасці хавае.