Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 10 из 14



Вырвіч яшчэ раз азірнуўся наўкол.

— Слухай, чаму б не звярнуцца да тых паноў, што тэстамент прывозілі? Ягоная мосць Міхал Казімір дакладна ж хацеў, каб менавіта ты лялькай заняўся.

Прафесар падштурхнуў нагою павалены жалезны падсвечнік, і той загрымеў па камянях, як павалены Галіяф.

— Да каго ты зараз звернешся, калі ўсе п’яныя, як бэлі? Пане Каханку пастанавіў, што два гады будзе па бацьку хаўтуры спраўляць, вар’ят няшчасны. Цела яшчэ тут, а каля Нясвіжу ўжо цэлы горад з намётаў ладзяць шляхетныя аматары папіць-паесці надарэмшчыну. Не, абаронцаў у нас тут не знойдзецца. І Саламеі не кажы… Хвалявацца пачне. А я яе і так сёння скрыўдзіў… Яна прасіла калі не аддаць ляльку князю Радзівілу — дык хоць дапусціць да яе калегаў. А я на яе налаяўся…

Бутрым уздыхнуў, абвёў вачыма разгромленую, як маскалі на Уле, лабараторыю:

— Ну што, Вырвіч, прывядзі сюды яшчэ двух праштрафленых недавукаў, Недалужнага ды Гаравога. Хопіць вам у косткі гуляцца. Лепей папрыбірайце тут уласнымі ручкамі, яснавяльможныя паны. Лёкаяў у сваю лабараторыю ўсё роўна не дапушчу.

Небарака Недалужны толькі і сказаў на адрас прафесара:

— Каб ён аблез няроўна!

…Цікава, якія існуюць адзінкі для вымярэння злосці? Сабачы брэх, лаянка гандляркі, плявок мытара? Якімі б яны ні былі, Пранцысь па вяртанні з Акадэміі быў злосны на дзесяць лаянак, сорак пляўкоў і мех сабачага брэху. Нават улюбёная гарбузовая каша з разынкамі ды арэхамі ў горла падчас вячэры не лезла. Пандору скралі, прафесар змусіў да ганебнай мужыцкай працы, і ніякіх подзвігаў не прадбачыцца. Лёднік вунь і сам злосны сядзіць, доўгім носам над паперай водзячы, нібыта спадзяецца вынюхаць, што за месца намаляванае аўтаматам, пакрывае аркуш слупкамі лічбаў, а побач грувасцяцца стосы фаліянтаў, з якімі час ад часу нешта звярае. Другі малюнак Пандоры ляжыць на каленях пані Саламеі, але яна яго не вывучае, а, сціснуўшы тонкія пальцы, паглядае сумнымі трывожнымі вачыма то на абразы, то на мужа. Баіцца, што яе Фаўст зноў сарвецца ў містыку, забыўшыся на ўсё. І так зацяты — не падыдзі, уджаліць.

У пакоі панавала нязвычная трывожная ціша, якую парушаў толькі шоргат старонак. Нават Хвелька зашыўся ў сваім катуху і не насмельваўся паказацца гаспадарам, хаця звычайна ад ягонай балбатні выратоўваў толькі загад Лёдніка памаўчаць. Адзін Піфагор, дапушчаны ў пакой з прычыны дажджлівага надвор’я і дзівацтва гаспадароў, што нечувана песцілі свайго вартавога, віляў сабе рудым пухнатым хвастом, тыкаўся халодным носам у далоні, заглядаў у вочы ўмольна-запытальна: чаго прыціхлі, мудрыя людцы? Вас жа ніхто на ланцуг не навязвае? Вы ж можаце яшчэ кавалачак сала дзеля беднага сабачкі ахвяраваць? Падымаў настрой і палаючы камін — Лёднік настояў, каб у доме акрамя звычайнай печкі, аблямаванай мсціслаўскай зеленкаватай кафляй з анёльчыкамі, быў камін, жывы агонь, сузіранне якога спрыяе гармоніі стыхій у чалавеку.

Штопраўда, у каміне вельмі зручна паліць нязграбныя вершыкі, якімі Пранціш пачаў употай займацца, начытаўшыся Яна Вісліцкага ды куртуазных французскіх паэтаў. Кінуў скамечаную паперыну цішком у пашчу чырвонага цмока — і ўсё… Ніхто не абсмяе.

За вокнамі пачуўся грукат экіпажу, запрэжанага некалькімі коньмі. Піфагор рудым ценем шыбануў у сенцы і запоўніў іх звонкім брэхам. Экіпаж спыніўся перад домам Лёднікаў, фурман прыкрыкнуў на коняў, потым у браму застукалі.

— Ці дома пан доктар?

Зараз жа залапатаў нешта Хвэлька, які перастрэў гасцей, потым сунуўся ў пакой, папытацца гаспадароў, ці можна ўпусціць пасланца ад пацыента — багатага пацыента, як можна было меркаваць па пачцівых нотках у голасе Хвелькі.

Што ж, нечаканыя наведнікі — нават у такі позні час — у доме лекара не навіна. Колькі разоў Лёднік сярод ночы збіраў валізку і адпраўляўся ратаваць чыюсьці грэшную душу, не забыўшы памаліцца перад адыходам святому Панцеляймону-ацаляльніку, свайму старажытнаму калегу, якога ганьбілі за тое, што лячыў бясплатна і цану іншым дактарам збіваў. Піфагор сумленна адпрацоўваў свой сабачы доўг, зацята брэшучы на дзверы… А ў іх увайшоў каржакаваты дужы мужык гадоў за сорак, камечучы ў руках шапку з мярлушкі — па вопратцы слуга з багатага дому. Звычайны такі мужык, упарты, хітраваты, не надта гнуткага розуму, са светлымі невыразнымі вачыма, якія зараз глядзелі на Баўтрамея Лёдніка з насцярожанасцю і — неверагодна — нейкай насмешкай, так і мералі пана прафесара ва ўвесь немалы рост.

— Пан… Лёднік, я ад яе мосці пані Галены Агалінскай з найвялікшай просьбай.

Паклон госця быў дастаткова нізкі, але з імгненнем няветлівага прамаруджвання, што іншы, можа, і не заўважыў бы, але Пранціш, сын збяднелага дашчэнту шляхціца-шарачка, звык бараніць свой шляхецкі гонар і ў родным Падняводдзі, і ў Менскім езуіцкім калегіюме, і навучыўся прыкмячаць найменшыя праявы непавагі.

А Лёднік паводзіў сябе таксама дзіўна. Той, хто добра яго ведае, здагадаўся б, што доктар узрушаны. Ён стаяў перад госцем з ганарыста закінутай галавой, але на худых шчоках гарэлі плямы, а глыбокі нізкі голас ледзь заўважна дрыжэў.



— Чым магу дапамагчы яе мосці пані Галене?

Госць яшчэ раз акінуў ацэньваючым позіркам постаць прафесара, нібыта правяраў, як захаваўся за зіму летні вазок.

— Яе мосць разам з мужам і шваграм прыехала на хаўтуры па яснавяльможным вялікім гетмане князе Радзівіле, — патлумачыў мужык. — Пан Агалінскі з братам цяпер у палацы за хаўтурным сталом. А паніч Алесь Агалінскі, малодшы сынок, зусім расхварэўся. А ён і так кволы, ад нараджэння. Немавем чаго пойдзе ўвесь у болькі ды млее. Вось пані і паслала мяне па цябе… па вас, пан доктар.

І зноў ледзь прыхаваная насмешка, і паклон для адчэпнага… Доктар задумліва прагаварыў:

— Значыць, у тваіх гаспадароў нарадзіўся яшчэ адзін сын… Спадзяюся, роды не пашкодзілі здароўю пані. Што ж, для мяне гонар дапамагчы пані Галене.

— Пані дужа прасіла цябе… вас не марудзіць. Карэта чакае ля дому, доктар.

Госць скончыў абшарваць вачыма прафесарскі дом і кінуў позірк на пані Саламею, вядома, позірк адразу стаўся дужа зацікаўленым… Пранціш не сцярпеў, выскачыў наперад і штурхануў нахабу ў грудзі.

— Ах ты, хамуйла! Ты як са шляхціцам размаўляеш? Пасяку шабляй на салому!

Твар мужыка адразу змяніўся і набыў вінавата-ліслівы выраз, слуга бордзенька ўпаў на калені, шчыра пацалаваў руку Вырвіча, потым ягоны чаравік, пачаў прасіцца…

На плячо Пранціша лягла цяжкая рука Лёдніка, той прагаварыў глуха, як быццам яму балела.

— Не дакарай гэтага чалавека, пан Вырвіч. Не так лёгка кланяцца таму, каго цэлы год лупіў бізуном. Праўда, Базыль?

Невыразныя светлыя вочы мужыка зіркнулі спадылба на прафесара.

— Што ягоная мосць Цыпрыян Агалінскі, мой пан, мне загадваў, тое я і рабіў.

Вось яно як! Пранціш сустрэўся позіркам з Саламеяй. У той задрыжэлі вусны. Што ж, мінулае даганяе нават тых, хто ўзрывае за сабой паветраныя замкі. Да таго, як патрапіць у рукі Пранціша, знаны алхімік Лёднік стаў уласнасцю пана Агалінскага, свайго крэдытора, з якім не змог расплаціцца. Пра тое, што было з Лёднікам у маёнтку Агалінскіх, той ніколі не расказваў, і ўвогуле тэмы не любіў. Але ясна, што папеклаваўся там сённяшні прафесар парадкам. Сам пан Цыпрыян Агалінскі, які прадаў Лёдніка па дарозе на Валожын першаму стрэчнаму, выкінуўшы з карэты проста ў брудную лужыну і параіўшы выхоўваць яго калацінай, сімпатый у Пранціша, тадышняга шкаляра, не выклікаў. Таўсманы, злосны, чырванаморды… Стан ціхага адчаю, у якім тады знаходзіўся Лёднік, і шнары на ягоным целе таксама сведчылі шмат пра што. Вось і тлумачэнне… Калі ў Пранцішы, нягледзячы на маладыя гады, Базыль без ваганняў прызнаў вышэйшага за сябе, вяльможнага пана, то доктару і цяпер не супраць быў бы па-свойску пералічыць рэбры.

Вогнікі скакалі ў каміне, нібыта гледачы ў балагане радаваліся незвычайнаму спектаклю, у якім нехта з герояў павінен памерці гвалтоўнай і ганебнай смерцю.

— Ідзі, Базыль, да карэты, і чакай мяне. Я зараз збяруся, — прагаварыў Лёднік сваім звычайным фанабэрыстым тонам і імкліва пайшоў у кабінет. Пранціш дагнаў яго, затрымаў за рукаў: