Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 3 из 18



— Таварыш Ткачук, вядзіце сябе прыстойна.

— Ціха, ціха. Ну што вы! — заклапочана схілілася дасуседа маладая жанчына, што сядзела з другога ад яго боку. Але Ткачук зусім не хацеў сядзець ціха, а грузна і медзведзявата ўстаў за сталом.

— Гэта вам трэба прыстойна. Што вы тут вярзеце пра поспехі? Чаму вы ні словам не ўспомнілі пра Мароза?

Здаецца, пачынаўся скандал, і я адчуваў сябе не дужа прыемна, асабліва ў такім суседстве. Але я тут быў чалавек старонні і не лічыў сябе ў праве ўмешвацца, некага супакойваць ці за каго заступацца. Аднак загадчыку райана, здаецца, нельга было адмовіць у належнай вытрымцы.

— Мароз тут ні пры чым, — са спакойнай цвёрдасцю парыраваў ён выпад майго суседа.

— Нават вельмі пры чым! — ледзъ не крыкнуў сусед. — Гэта Марозу трэба дзякаваць за Міклашэвіча!

— Міклашэвіч іншая справа, — рэзюмаваў загадчык райана і павярнуўся да іншых. Дык вып'ем, таварышы, за яго памяць і возьмем яго жыццё сабе ў прыклад.

За сталом усчаўся звычайны паслятостны рух, ажыўленне, залязгалі чаркі і шклянкі, сюды-туды захадзілі рукі. Адзін змрочны Ткачук дэманстратыўна адсунуў ад сябе шклянку і апусціўся на крэсла.

— Мне з яго браць прыклад позна. Гэта ён з мяне браў прыклад, калі хочаце ведаць, — ваўкавата кінуў ён у пярэдні кут. Яму аднак ніхто не адказаў. Загадчык райана стараўся болей не заўважаць сварліўца. Тады Ткачук павярнуўся ў мой бок.

— Скажы хоць ты пра Мароза. Хай ведае…

— Пра якога Мароза? — не разумеў я.

— Што, і ты не ведаеш Мароза? I не чуў нават? Дажыліся! Сядзім, п'ём у Сяльцы, і ніхто не ўспомніць Мароза! Каторага павінен тут ведаць кожны вучань… Што так гледзіцё на мяне? — зусім ужо абурыўся ён, злавіўшы на сабе нечы дакорлівы позірк. — Я ведаю, што кажу. Мароз — во хто павінен быць прыкладам для ўсіх нас. Як для Міклашэвіча быў.

У пакоі прыціхлі. Нешта тут адбывалася, чаго я не зусім разумеў, але што, мусіць, выдатна разумелі за тым сталом у куце. Пасля відавочнай хвіліннай няёмкасці ўсё той жа загадчык райана Ксяндзоў сказаў з зайздроснай начальніцкай цвёрдасцю ў голасе:

— Перш чым што гаварыць, трэба падумаць, таварыш Ткачук.

— Я думаю, што кажу.

— Вось іменна.

— Ну, хопіць! Цімох Цітавіч! Хопіць ужо, — з настойлівай лагодай загаманіла яго маладая суседка. — Вы з'ешце каўбаскі. Гэта хатняя. У горадзе ж, мусіць, няма такой. А то вы не ясцё зусім…

Але Ткачук, відаць, не хацеў есці і, сцяўшы маршчыністыя пашчэнкі, толькі скрыгаў зубамі-пратэзамі. Пасля ўзяў недапітую шклянку гарэлкі і залпам выпіў усю да дна. Нясвежыя счырванелыя вочы яго пагрозліва схаваліся над брывамі.

За сталамі стала цішэй, усе моўчкі памалу закусвалі, некаторыя курылі. Я павярнуўся да суседа справа — маладога хлопца ў зялёным світэры, — настаўніка ці якога спецыяліста з калгаса.

— Не ведаеце, хто гэта? — кіўнуў я ў бок Ткачука.

— Цімох Цітавіч. Былы тутэйшы настаўнік.

— А цяпер?

— Цяпер на пенсіі. У горадзе жыве.



Я сеў раўней і ўважліва прыгледзеўся да майго гняўлівага суседа. Не, у горадзе я, здаецца, яго не бачыў, можа ён нядаўна пераехаў адкуль. А Ткачук, ужо абыякавы да ўсяго тут, нерухома сядзеў, адваліўшыся ў крэсла, глядзеў кудысь на клятчасты бераг абруса.

— З горада? — раптам запытаў ён, мабыць, заўважыўшы маю да яго ўвагу.

— З горада.

— Чым прыехаў?

— Папутнай.

— Свае няма?

— Пакуль не.

— Ну, піце, памінайце, я пайду.

— А вы чым едзеце?

— Чым-небудзь. Не першы раз.

— Тады і я з вамі,— чамусьці рашыў я. Заставацца тут, здаецца, не мела ўжо сэнсу.

Цяпер дык мне цяжка і сказаць, чаму я пайшоў з гэтым чалавекам, чаму, столькі дабіраючыся да Сяльца, так хутка і ахвотна развітваўся з гэтаю школай. Вядома, найперш таму, што спазніўся. Таго, дзеля каторага я выпраўляўся сюды, ужо не было, а іншыя людзі за гэтымі сталамі мяне мала цікавілі. Але і мой новы спадарожнік у той час зусім не здаўся мне ні цікавым, ні тым болей прывабным. Хутчэй наадварот. Я бачыў у ім добра ўжо падпітага, напэўна, прывярэдлівага пенсіянера; ад ягоных слоў пра свае першынство над нябожчыкам нясло звычайнаю старэчай пахвальбой, заўсёды не дужа прыемнай. Нават калі ён і казаў праўду.

Тым не менш з невыразным адчуваннем палёгкі я ўстаў з-за стала і выйшаў з хаты. Ткачук быў грузнаваты, камлюкаваты чалавек у гамашах і шэрым паношаным гарнітуры з дзвюма ордэнскімі планкамі на грудзях. Здаецца, ён добра выпіў, хоць, зрэшты, у гэтым не было нічога дзіўнага — перажыў на пахаванні, трохі панерваваўся ў спрэчцы з маладым самаўпэўненым загадчыкам, прычыну якой я так і не ўцяміў. Але, відаць было па ўсім, ён не на жарт раззлаваўся і цяпер ішоў перада мной па сцежцы, усім сваім выглядам сведчачы пра сваю злосць і зацятасць.

Так моўчкі мы мінулі палац і прайшлі алею. Ткачук усё маўчаў. Не даходзячы шашы, прапусцілі на ей грузавік, здаецца, пусты і ў бок горада. Можна было б крыкнуць і трохі падбегчы, але мой спадарожнік нават не прыспешыў кроку, ну і я не праявіў асаблівага клопату за нашу дарогу. Ля слупка з аўтобусным знакам нікога не было, шаша ў абодва канцы ляжала да бляску наглянцаваная за дзень і пустая.

Мы дайшлі да раздарожжа і спыніліся. Ткачук паглядзеў у адзін бок шашы, у другі і сеў, дзе стаяў, спусціўшы ногі ў неглыбокую сухую канаву. Гаварыць са мной ён не хацеў, гэта было пэўна, і каб не назаляць яму, я адышоўся крыху, пазіраючы на дарогу. Неўзабаве з-за павароткі ў гайку паказалася легкавушка, прыватніцкі „Масквіч“ з гарбатым, нагрувашчаным трантамі верхам, — абдаўшы нас пахам бензіну, пакаціў далей. У тым жа канцы шашы, які цяпер асабліва цікавіў нас, было абсалютна пуста. Над недалёкім лесам заходзіла ў хмарку вечаровае сонца. Яго нізкія разложыстыя промні сляпілі вочы, але ўглядацца туды, мабыць, і не мела вялікага сэнсу — машын там не было. Губляючы цікавасць да дарогі, я па-над канавай падаўся да помніка.

Гэта быў прысадзісты бетонны абеліск за штакетнаю абгародкай, проста і без лішняй выдумкі змайстраваны рукамі нейкіх мясцовых умельцаў. Выглядаў ён болей чым сціпла, калі не сказаць бедна, цяпер нават у вёсках ставяць куды прыгажэйшыя помнікі. Праўда, пры ўсёй яго несамавітасці не было ў ім і знаку закінутасці, хутчэй наадварот. Колькі я яго памятаў, заўжды ён выглядаў старанна прыбраным і дагледжаным: у доле было чыста падмецена, насыпана свежым пясочкам, а на невялічкай, абкладзенай цаглянымі ражкамі клумбачцы сціпла і прыгожа стракацела штосьці з запозненай кветкавай драбнаты. Гэты трохі вышэйшы за чалавечы рост абеліск за якіх дзесяць год ужо некалькі разоў мяняў свой колер: быў то беласнежны, белены перад святамі вапнаю, то зялёны, над колер салдацкіх прыладаў і зброі; аднойчы праездам па гэтай шашы я бачыў яго зіхотка-срэбным, як крыло рэактыўнага лайнера. Цяпер жа ён быў проста шэры, і, мусіць, з усіх іншых колераў гэты найболей ішоў да яго аздобы.

Абеліск мяняў сваё аблічча, нязменнай заставалася толькі чорная металічная шыльдачка на баку з пяццю на ёй імёнамі. Я іх ведаў на памяць, чуў пра іх вядомы ў нашай мясцовасці подзвіг у часе Айчыннай вайны. Але цяпер тут з'явілася і новае імя — Мароз А. I., якое было не дужа зграбна выведзена над іншымі белаю фарбай, і я трохі здзівіўся, убачыўшы яго тут.

На дарозе ў напрамку ад горада зноў з'явілася ад павароткі машына, на гэты раз самазвал, ён даволі шпарка прамчаў па пустой шашы міма. Узняты ім пыл аднак падняў майго спадарожніка з яго не надта прыдатнага для адпачынку месца. Ткачук выйшаў на асфальт і заклапочана паглядзеў у далячынь дарогі.

— Чорт іх дачакаецца. Давай пойдзем. Нагоніць якая, дык сядзем.

Я быў згодны ісці, тым больш што на двор'е пад вечар і яшчэ палепшала: было цёпла, ціха, ні адзін лісцік на вязах не варухнецца, а глянцаватая стужка пустой шашы так і клікала даць волю нагам. Я перайшоў канаву, і мы з прыемнасцю пакрочылі па асфальце.

— Даўно вы ведалі Міклашэвіча? — запытаў я, проста каб запытаць аб чым-небудзь і парушыць цяжкае маўчанне, якое пачынала ўжо прыгнятаць.