Страница 1 из 33
Мавр Янка
Палескія рабінзоны
I
Адважныя падарожнікі. – У моры. – Крушэнне карабля. – Падарожжа ў вадзе. – Невядомы бераг. – Падлік маёмасці.
– Кіруй туды, вунь у той лясок! Цікава паездзіць у чоўне па лесе.
Доўгі Мірон сядзеў на кукішках на дне выдзеўбанага чоўна – «душагубкі». Калені яго датыркаліся да самага носа; рукамі ён трымаўся за бакі чоўна. Раптам ён падняў рукі, паказаў на лес і нават крыху прыўстаў. Човен захістаўся.
– Ды не хістай! Бачыш, што…
Віктар, які стаяў і кіраваў чоўнам, не паспеў скончыць і паваліўся на дно. Душагубка яшчэ больш захісталася, зачарпнула вады. Абодва хлопцы прыціснуліся да дна і не толькі рухацца, але і дыхаць перасталі. Нарэшце човен супакоіўся; на дне яго плюхалася вада.
– Ну вось, бачыш, што ты зрабіў! – з дакорам сказаў Віктар. – Навошта было ўставаць ды варушыцца? Вычэрпвай цяпер ваду!
– Дык ты ж сам вінаваты, – агрызнуўся Мірон. – Перад кім было фанабэрыцца, што спрытна спраўляешся з гэтай праклятай душагубкай?
– Ну і справіўся б, каб ты сядзеў ціха.
– Я ж і сядзеў, а вось ты забыўся, у якім чэрапе едзеш. Навошта стаяў ва ўвесь рост?
Пры гэтым Мірон прыпадняўся. Зноў захістаўся човен.
– Зноў устаеш?! – грозна крыкнуў Віктар. – Калі хочаш тапіцца, дык лезь у ваду сам адзін, а я яшчэ пачакаю.
Мірон крыху засаромеўся.
– Ну-ну, – адказаў ён лагодна. – Давай лепш вычарпаем ваду.
– А чым будзеш вычэрпваць? Чарпак узяў?
– А ты ўзяў?
– Ды хто ж ведаў, што гэтая калода будзе цячы.
– Цячы не пацякла, а зверху, бачыш, налілося.
Хлопцы нерухома сядзелі адзін супраць аднаго, нібы буслы ў гняздзе, і пазіралі то на дно лодкі, дзе было пальцы на чатыры вады, то адзін аднаму ў вочы.
Човен, які і без таго мала высоўваўся з вады, цяпер яшчэ больш апусціўся. І яшчэ больш небяспечным быў кожны рух.
А навакол разляглося неабсяжнае каламутнае мора. Далёка ззаду ледзь віднеўся бераг, ад якога яны ехалі, а наперадзе, яшчэ далей, паўставаў той лес, на які хацеў паглядзець Мірон. Да лесу гэтага было яшчэ далёка, але затое ехаць туды было цікавей. Улетку тут канчалася возера і пачыналася непраходнае балота, якое цяпер было заліта вадой. Гэтай вадзе не відаць было канца-краю, апрача той палоскі лесу на даляглядзе. І на ўсёй гэтай прасторы то там, то там вытыркаліся з вады верхавіны дрэў і кустоў – то паасобку, то групамі.
Надвор'е было ціхае, цёплае. Веснавое сонца грэла ўжо як след. Дрэвы зелянеліся. То была ўжо другая паводка на Палессі ў гэтым годзе. Першы раз адбылася яна з месяц назад, з крыгамі, замаразкамі. Пасля таго тыдні са два трымалася сапраўдная, цёплая вясна. Вада амаль сышла, але потым зноў пачаліся дажджы і снег. Ужо тыдзень, як скончылася і гэтая непагадзь. У іншых месцах прыступілі ўжо да ворыва, сяўбы, а ў гэтай нізіне ўсё яшчэ збіралася вада з далёкіх аколіц, асабліва з поўначы.
У такі час і трапілі сюды гэтыя два хлопцы. Яны былі аднагодкі і мелі абодва разам гадоў трыццаць пяць. Але выгляд, а таксама і характары іх былі зусім адметныя. Мірон быў худы, цыбаты дзяцюк, з блакітнымі вачыма, доўгім птушыным носам і доўгімі светлымі валасамі. Віктар, наадварот, – прысадзісты, карчасты, чарнявы, з круглым пляскатым тварам.
Мірон быў больш разважлівы, спакойны хлопец, а Віктар – жвавы, імклівы. Яны заўжды спрачаліся паміж сабою, але былі найлепшымі сябрамі і жыць не маглі адзін без аднаго.
Абодва вучыліся ў тэхнікуме ў адным з акруговых гарадоў Беларусі і былі самымі стараннымі ўдзельнікамі краязнаўчага гуртка. Можа, таму яны так і цікавіліся краязнаўствам, што нарадзіліся ў горадзе і ўвесь свой век пражылі ў ім.
З маленства яны былі суседзямі і таварышамі, таксама як і іхнія бацькі. Бацька Мірона працаваў у млыне, а Віктара – на шкляной гуце.
Прыроду, лес, вёску хлопцы ведалі толькі з тых экскурсій, якія рабілі, калі вучыліся ў сямігодцы. Далей як за дзесяць кіламетраў ад горада ім ніколі не даводзілася быць.
Вучыліся абодва добра, чыталі шмат кніжак, асабліва прыгодніцкіх – Жуля Верна, Майн Рыда, Купера і г.д. Цікавілі іх розныя далёкія краіны, дзікуны, індзейцы, якіх цяпер бадай ужо зусім няма. Захапляліся рознымі прыгодамі з іх жыцця, што адбываліся гадоў 60-80 назад. Марылі пра пальмы, джунглі, а не бачылі добрай пушчы, якая была за некалькі дзесяткаў кіламетраў ад іх. Уяўлялі сабе розныя паляванні на тыграў, сланоў, ільвоў, а вавёркі на волі не бачылі. Марылі пра мора, караблі, а не бачылі вялікага возера, якое ляжала за кіламетраў дваццаць ад іх.
У краязнаўчым гуртку яны даведаліся, што ў Беларусі наогул, а ў іх раёне асабліва, ёсць шмат куткоў, не горшых ад заморскіх. Ёсць пушчы, не менш цікавыя, чымся далёкія трапічныя лясы. Ёсць азёры і балоты, якія ўвесну робяцца морамі. Ёсць звяры, якія радзей сустракаюцца на свеце, чым сланы і тыгры.
Паступова выявілася, што Мірон цікавіўся больш батанікай, а Віктар – заалогіяй. Чытаючы кнігі, кожны з іх галоўную ўвагу звяртаў на сваю галіну навукі. У жывым кутку Віктар важдаўся з трусамі, мышамі, жабамі, а Мірон – з рознымі раслінамі. Паступова кожны з іх досыць сур'ёзна азнаёміўся са сваім любімым прадметам.
Калі прыйшла вясна і дзесяцідзённыя канікулы, хлопцам вельмі захацелася зрабіць вылазку за горад, куды-небудзь падалей, на некалькі дзён, пабачыць славутае палескае разводдзе. Такая вылазка ім здавалася цікавейшай, чым арганізаваная экскурсія ўлетку.
– Там усё ідзе па раскладзе, як заняткі ў класе, – казалі яны. – Загадзя ведаеш, дзе калі будзеш і што цябе там чакае. Не можаш пайсці, куды захочаш, спыніцца, дзе сам хочаш, рабіць, што табе падабаецца. Такія падарожнікі ў дарозе адчуваюць сябе як дома, не ведаюць незвычайных прыгодаў і небяспек. Якое ж гэта падарожжа?!
Калі яны сказалі аб сваім плане некаторым з таварышаў, дык тыя паднялі іх на смех:
– Ну і выдумалі! Якая карысць ад такога падарожжа, які сэнс?
– Нічога вы не разумееце! – пакрыўдзіліся сябры і больш ужо ні з кім не распачыналі гаворкі на гэтую тэму.
Але цвёрда пастанавілі выканаць свой намер чаго б гэта ні каштавала, каб даказаць усім, што незвычайнае падарожжа цікавей, чым звычайнае.
І вось нашы падарожнікі апынуліся ў чоўне сярод бязмежнага мора. І пакуль што былі задаволены.
– Давай вычарпаем ваду шапкамі, – прапанаваў Мірон.
– Ды нічога іншага не застаецца, – згадзіўся Віктар. – Толькі баюся, што ты пачнеш варочацца, як мядзведзь, і перакуліш лодку.
– А я баюся, каб яна не перакулілася ад руху твайго языка, – спакойна сказаў Мірон і, зняўшы шапку, пачаў вычэрпваць ваду.
Зараз жа далучыўся Віктар, і вада хутка была вычарпана. Можна было ехаць далей.
– А да таго лесу, мусіць, далёка, – прамовіў Мірон.
– А што, можа, спалохаўся? Можа, назад хочаш ехаць? – упікнуў Віктар.
– Каб толькі ты не спалохаўся, – насмешліва адказаў Мірон.
– Ну, гэтага, брат, не дачакаешся! – свіснуў Віктар. – Першы раз па моры еду.
– Толькі карабель наш псуе падарожжа, – уздыхнуў Мірон.
– А ты сядзі спакойна, і ўсё будзе добра, – сказаў Віктар і ўзяўся за вясло.
– Ды навошта ты зноў становішся? – крыкнуў Мірон. – Дай лепш буду я, а ты адпачні.
– Паглядзім, – усміхнуўся Віктар і аддаў вясло.
Мірон асцярожна, але цвёрда прыладзіўся на каленях і пачаў веславаць.
– Ну, і якая ж розніца? – засмяяўся Віктар, – Ты на каленях стаіш нават вышэй, як я на нагах.
– Розніца ёсць, – сур'ёзна адказаў Мірон. – Цэнтр цяжару ніжэй, калі памятаеш фізіку.
– Наўрад ці сам ты ведаеш, дзе ў цябе цэнтр цяжару, – нездаволена буркнуў Віктар.
Асцярожна, мерна і моцна гроб Мірон, і човен пасоўваўся досыць шпарка. Вось наблізіліся першыя кусты, часам сухі чаротнік вытыркаўся з-пад вады: значыцца, скончылася возера і пачаўся бераг. Але праз некаторы час зноў выехалі ў другое, меншае возера.