Страница 3 из 14
Даваенная перапіска не захавалася. Захаваліся фотаздымкі. Што ў нас, у сем'ях сёстраў і братоў, што ў сваякоў па розных вёсках ды гарадах.
Я і пачну з адной дарэвалюцыйнай фатаграфіі.
Ніжняя палавіна здымка наўскасяк адарвалася і прапала. Знаёмы фатограф перазняў яго так, што як быццам яно з тым абрывам так было і задумана. На ацалелай палавіне — бацька і абодва старэйшыя браты, пазней, на працягу нашых вясковых гадоў, для нас, трох меншых, дзіўна замежныя…
Думкі, згадкі адны, паасобку не ходзяць. Над гэтым здымкам-паўздымкам я летась быў неяк задумаўся, успомніўшы Жукоўскага з той гарышчанскай карзіны — дванаццацітомны Збор твораў у чатырох кнігах, акуратна, моцна пераплеценых. Жыва ўявілася, як і калі гэтае багацце магло быць куплена: ці яшчэ тады, калі яны, хлопцы, вучыліся ў Міры, у гарадскім вучылішчы, ці тады, калі былі ў Адэсе гімназістамі?.. Трэба сказаць, што хоць Ігнат малодшы на паўтара года, вучыліся яны ўвесь час вобруку, і ў загорскай царкоўнапрыходскай, і ў гарадскім, і ў класічнай гімназіі, і ў сельскагаспадарчым інстытуце. Чамусьці найцяплей мне думаецца, што здымак зроблены тады, калі яны закончылі гарадское і прыехалі паступаць у гімназію.
Бацьку — сорак чатыры. Ён пасярэдзіне. Абняў у поясе старэйшага, стройна-высокага пятнаццацігадовага Валодзю. Меншага бацька называў па-гарадскому Ігнашай, а імені Ігнат, Игнатий па святцах, не любіў. Меншы ці самахоць, ці па ўдалай падказцы фатографа абняў аберуч бацькаву левую руку, на локцевым згібе, і злёгку прытуліўшыся да гэтай дужай і добрай рукі з ледзь не дзіцячым яшчэ, чыстым, сур'ёзным выразам твару. Падлетак на чатырнаццатым годзе.
Усмешка ў мяне. Ад таго, што нядаўна расказваў Шура, Ігнатаў адзіны сын, на шэсць гадоў маладзейшы за мяне пляменнік. З бацькавых слоў успомніў ён, як тыя два выпускнікі местачковага вучылішча пайшлі ў Адэсе на славуты базар Прывоз, а там купілі «сініх», баклажанаў, вельмі ж смачных з выгляду, і паспыталі іх на хаду, і ўпотай папляваліся.
На хлопцах строгія цёмныя гімнасцёркі, шырокія рамяні з адпаведнымі спражкамі. З якімі «сімваламі» на іх, наогул чыя гэта форма — ўжо і спытацца няма ў каго. Усе мае знаёмыя, што ў розны час вучыліся ў гарадскім, паадыходзілі ў вечную памяць.
Зноў адхіленне ў мяне. У адзін час з нашымі ў Міры вучыўся Ўладзімір Жылка, у сталасці — таленавіты паэт і таксама сталінскі асуджэнец. Над старонкамі грунтоўнай кнігі пра яго жыццё і творчасць мне прыемна і сумна думалася і зноў вось думаецца, што яны, падлеткі з Загора і Макашоў, і зналіся, і сябраваць маглі…
А галоўнае, што, гледзячы на абарваны здымак, уявілася, дык гэта ўзаемнае шчасце: хлопцам мець такога бацьку, а яму — такіх сыноў.
Па гімназічным «Свидетельстве» за шосты клас, прысланым сёлета мне з архіва адэскага сельгасінстытута, можна меркаваць, што Валодзя літаратуру любіў. Паміж двух «хорошо» і дзевяці «удовлетворительно» горда ўзвышаецца адно «отлично» — па расейскай мове і «Словесности» (там гэта з вялікай літары). Аднак большым кніжнікам мне бачыцца Ігнат. Таму што і вершы яго, юнацкія і пазнейшыя, я чытаў, і ў перапісцы нашай з ім у 1944–1960 гадах бывала гаворка пра літаратуру. У яго — Дастаеўскі, о! «А вы, инженеришки человеческих душ, мелко плаваете». І непасрэдна гутарылі мы з ім пра любімыя кнігі ў летнія дні сорак шостага года, калі ён са сваім Шурам, студэнтам, нядаўнім афіцэрам-франтавіком, гасцявалі ў мяне ў Менску і ў вясковых родзічаў. Са здымка мне ўявілася, што хлопец, які абнімае бацькаву руку, што іменна ён просіць у нашага папы (па-гарадскому ўсё) грошай на той поўны збор Жукоўскага, які значна пазней і мне даў нямала высокае асалоды. Просіць, добра ведаючы, што адмовы не будзе, як ніколі не было. А бацька дае, як даваў і будзе даваць, з тою шчаслівай гордасцю, якую мог ведаць сын патомнага «дваровага» мужыка, што так шчасліва выбіўся ў людзі: праваднік першакласных вагонаў!..
І яшчэ адно, ужо зусім сваё, тады мне адчулася — жаль, што на маю долю дружбы з бацькам прыйшлося так мала…
Ранейшых здымкаў Валодзі і Ігната не захавалася, а быць яны, трэба думаць, былі. Як было ў іх і маленства, якое праходзіла там, дзе і маё, наша з Мішам (другая дружная пара), і іхнія ўспаміны пра маленства мне ў асноўным не вельмі цяжка ўявіць. Тое, што ўспаміналася аднаму з іх на таежным лесапавале, на будаўніцтве Беламорканала, а другому за перадсмяротнымі кратамі, у горадзе з паэтычнаю назвай Белая Царква. Дашкольнае і школьнае маленства ў родным Загоры, у старадаўнім Міры, з яго замкам і паркам, з шумнымі кірмашамі, дзе так цікава было патаўчыся, з царквой, у якую іх, «гарадскіх», вадзілі, з касцёлам, у які з'язджалася навакольнае панства, з сінагогай і ешыботам, каля якіх снавала многа пейсатых «падрабінкаў», сваіх і замежных, з мячэццю для агароднікаў і кажушнікаў татараў.
Было дзевяць вёрстаў дахаты, стары гасцінец, па якім у свой час нямала выхадзіў ды выездзіў і я…
З матчыных расказаў пра зусім малога Валодзю помніцца тое, як ён, дачакаўшыся бацькі з Адэсы, спаць лажыўся ў абдымку з яго чыгуначніцкай шапкай, — каб той ноччу не ўцёк у свой далёкі таямнічы Горад, каб потым зноў так доўга не прыязджаць. І такое яшчэ — як ён аднойчы, ужо крыху старэйшы, некуды знік, прапаў, і мама была ў вялікай трывозе. «Можа, дзе ў Каралевец ужо з віціннікамі заплыў?!» Ад гэтага сказа, які дакладна запомніўся, добра пахне мне роднай гісторыяй. І Каралевец, а не Кёнігсберг, і віціны, віціннікі, да якіх на Нёман, шэсць вёрст па нашай ціхай лугавой Вушы, не наўда і дабрацца. Прынамсі, ва ўяўленні запрацаванай, спалоханай маладзіцы. Яшчэ ж і гаварылася — і тады, і ў маім маленстве: «Лусту адкрою табе тоўстую, як віцінніку!..» Чалавеку цяжкай працы.
Малы Ігнась не толькі вучыўся лепш за Валодзю, гультаяватага «бацькавага пестуна», не толькі пайшоў у школу не зусім шасцігадовым, але наогул быў у нейкай меры вундэркіндзікам. І сястра Віліта, і наш сусед Алесь Шут, калі яны ў сорак шостым сустрэліся з Ігнатам у Загоры і трохі паўспаміналі свае школьныя гады, весела называлі яго, пажылога ўральскага выкладчыка, Сусаніным. Гэта іх першая настаўніца так яго называла, калі на праходцы з вучнямі па зімовых сцежках пускала яго першым у ланцужку малечы. Гноміка ў гарадскім башлыку.
Мама расказвала і пра яго «распусту».
У наваколлі нашым былі тады маёнткі ды маёнтачкі. У адным з большых, што называўся Ўцехай, у пана Анцуты быў аканомам беларус Дзядзюшка. Ездзіў на пары, у брычцы, і для вёскі быў панам. І вось аднойчы з чародкі малых, калі гэты пан ехаў ступою, наш Сусанін гукнуў на яго: «Дзядзюшка-пярдзюшка!..» А сам наўцёкі. Пан аканом не паленаваўся спыніцца, спытаўся ў дзяцей, чый гэта хлопец, зайшоў у наш двор, балазе недалёка, і паскардзіўся гаспадыні, нават і пакрычаў. Маці знайшла распусніка і, хоць пан ужо і пайшоў, дала дурноце махроў. Яна не толькі потым, удавою, ужо для Мішы і мяне, была ў выхаванні строгай.
Яшчэ пра сябе, гледзячы на другіх.
Думаю вось, якія ў нашага бацькі былі пачуцці да Валодзі, першага сына, і якія да мяне, апошняга? Пасля дзвюх дачок, калі адной было пяць, а другой тры, — нарэшце першы сын!.. А я нарадзіўся, калі яму было сорак сем. Пра гады, якія мне вельмі мала помняцца, пазней, калі ўжо бацькі даўно не было, мама неяк успамінала: «З каленяў не спускаў, па галоўцы ўсё гладзіў». І першы здымак такі, трошкі на трэцім годзе — на бацькавых каленях.
У «Птушках і гнёздах» раздзел «Падарожжа ў найлепшае» і тая асаблівая сцэна ў ім, дзе смяротна хворы бацька, калі мы былі адны ў хаце, прасіў мяне маліцца за яго, бо «молитва ребенка услышится», напісана з памяці, без выдумкі.
Я не мудрую з кампазіцыяй і тут — гэта проста частка ўспамінаў з тых леташніх сакавіцка-красавіцкіх дзён, калі — ад званка да наведання Быкаўні, да спаткання з Валодзевай справай — нямала думалася пра адно. І запісы рабіліся.
Я, вядома, хацеў ехаць у Кіеў адразу, аднак абодва карэспандэнты «Литературной газеты», якія былі мне там неабходныя для пачатку, службова выязджалі на даўжэйшы час. Пасля надарылася зручная прычына пабываць і ў Адэсе, і ў Кіеве, а можа, думалася, і ў Белай Царкве, — мяне запрасілі на Шаўчэнкаўскае святочнае падарожжа ў палавіне мая па Дняпры, ад самага Чорнага мора.