Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 17 из 23

Нямком старэйшы Чыркун прыкідваўся, вядома, не сярод сваіх. Часамі гэта выручала ніжнебайдунцаў, а то дык бывала і дрэнна…

Па дровы нашы ездзілі пры панах далёка, бо лес бліжэйшы быў малады, казённы і не прадаваўся. А торфу тады капалі мала. У тую зіму, якую згадваю, было вельмі многа снегу. Звернеш трохі з наезджанай дарогі, і конь правальваецца, і сані тыя з дровамі — як выцягнуць, і гуртам папіхаючы. І вось на Галым балоце, у пушчы, сустрэліся два абозы з дровамі, наш і, здаецца, хлюпіцкі. Сутыкнуліся першымі коньмі, храпа ў храпу, і стаяць — кожны вазак сам сабе хітры, ніхто не хоча скрануцца ў аб'езд.

У нашых першы ехаў Кураўка. Тут да яго, саней за трое, падышоў Чыркун і, як нямко, прычапіўся сварыцца. Не да таго чужога, сустрэчнага, а да свайго. Адзін мармыча штосьці, нема паенквае, размахвае рукамі, а другі крычыць. І скачуць ужо загрудкі. Кураўка так раз'ярыўся, што давай распрагаць кабылу. Прасцей было б сякеру з воза ўзяць, а ён распрог, схапіў дугу за канец і, трасучы ёю над галавой «нямка», крычаў усякую несусвеціцу. Доўга дурыліся. Нашы ўсе ад вазоў сабраліся, і тыя ад сваіх. Нашы, вядома, ніхто не смяяўся. Хлюпічане спачатку глядзелі, слухалі, а потым плюнулі і пачалі аб'язджаць, гразнучы ў снезе і лаючы нашых. Кураўка тады запрог, закурылі, рагочучы, і паехалі.

Абозамі ездзілі не толькі ў пушчу. З мястэчка на бліжэйшую чыгуначную станцыю, за дваццаць сем кіламетраў, вазілі збожжа з купецкіх «шпікняроў» (вялізных свірнаў), ад Бейліна і Бісінкевіча. Заработак быў не лішне вялікі, аднак і лепшых не было. Ездзілі людзі бяднейшыя, і нашы, і плёхаўскія, і з іншых вёсак. Разоў некалькі ездзіў і я, калі Андрэй служыў у войску, а мы з сястрою Надзяй гаспадарылі.

Мікіта Турак у гэтыя асенне-зімовыя заработкі ганяў сваіх двух сыноў. На двух вазах, на добрых конях. Чалавек ён быў працавіты і прагны — да прыдуру. Сечкі тым коням трэба многа, дык ён начамі грыз яе старой касою, скоскам. Сам такую сячкарню прыдумаў: як церніца, ці што, толькі не лён яна трэ, а рэжа салому. Потым, казалі, сячкарня тая прыснілася яму ў «смяртэльнай» кашулі, белай і доўгай, і добра такі напалохала: «Зарэжу к чорту самога! Замучыў ты мяне! Купляй фабрычную!» Тады ўжо Турак купіў ручную сячкарню, якую хлопцы яго, што якраз падняліся на памочнікаў, круцілі на змену. Здаравенныя грукачы, паслухмяныя.

Здаўшы на станцыі збожжа, абознікі заходзілі ў чайную. Са сваімі торбамі, але перакусіць у цяпле, узяць шклянку чаю, а то і абаранак ці селядца. Толькі Туркавым хлопцам бацька такога рэспусту не дазваляў. На холадзе яны, вядома, не сядзелі, аднак елі толькі сваё, усухамятку ці запіваючы халодным малаком з бутэлек.

Раней, пакуль я сам не паехаў, Кураўка мяне пераконваў, што Туркі ішлі са сваёю торбай не ў чайную з усімі, а да помпы на плошчы, адзін пампаваў ваду, а другі запіваў ёю хлеб, а потым, на змену, другі.

І вось аднойчы, калі мы сядзелі ў чайной і сёрбалі гарачы чай, туды зайшлі два нейкія панкі. З дробных ужэнднічкаў, відаць, або якія перакупшчыкі. Трохі пад мухай, а больш з фанабэрыяй. Падышлі да буфета, папрасілі яшчэ па адной.

Чыркун устаў з-за століка і падышоў да іх. Нямком. Жэстамі і мімікай папрасіў закурыць. Пачаставалі яго папяроскай. І запальнічкай пстрыкнулі пад нос. Ён стаў ім дзякаваць, мармычучы, размахваючы свабоднай рукой і штосьці нема ўскрыкваючы ад захаплення.

Тут я не вытрымаў, засмяяўся.

— Ты цо се смееш? — павярнуўся да мяне адзін з панкоў. — Он ест калека, ему так пан Буг дал. Ты цо се смееш?

Ён падышоў. А я… спалохаўся, ці што. Хутчэй збянтэжыўся. Бо што ж рабіць, калі палезе біцца?..

Я не паспеў нічога вырашыць, бо тут паміж намі ўшчаміўся Кураўка.

— Пане, — сказаў ён вельмі перапалохана, — вы яго лепш не чапайце. Не глядзіце, што ён такі маладжавы. Ён двухжыльны. Падковы гне. Восі ломіць. Любога каня паднімае навыцяжку. А як разыдзецца — не дай бог бачыць! Што я вам, пане, скажу…

Ён нагнуўся да панскага вуха і штосьці зашаптаў. Пасля кіўнуў у мой бок галавою і зноў зашаптаў. Панок паглядзеў на мяне. Спадылба, таямніча. Нічога не сказаў. Кураўку ён, ужо сам, без просьбы, прапанаваў папяросу. Працягнуў тую пачку і мне, а калі я адмовіўся, ён паглядзеў яшчэ раз і моўчкі адышоўся да свайго калегі.

Ужо ў дарозе ўсе смяяліся з таго, што там Кураўка пашаптаў.

— Пане, кажу яму, ён ні за што вас, як муху, плясне. Ён ужо трох забіў. А сам у турму не сядзе. Апраўдаюць. Самі не ведаем чаму — але не сядзе.

Так я і пахадзіў пасля з яшчэ адной мянушкаю — Двухжыльны.

«НЯМА ЧАГО ПАКРЫВАЦЬ!..»





Кураўка смяшыў заўсёды на поўнай сур'ёзнасці, а сам часцей усміхаўся, чым рагатаў.

Едзем мы, скажам, з таго абозу, вяртаемся ўлегцы. Восень позняя, але яшчэ ўсё цёплая, добра ляжаць на возе. Коні з узгорка падварушыліся трухта і даганяюць — узбоч гасцінца, па сцежцы ідзе незнаёмая спраўная маладзіца. Кураўка, угрэўшыся пад кажухом, ляжыць сабе на баку, падпёрся далонню пад правую сківіцу, ласа глядзіць на шуструю загладуху, а потым, калі зусім параўняліся, ціха гукае:

— Кабето!

— Што, дзядзько?

— Купі качалко на лето.

— На чорта мне яно? — разгублена спыталася яна.

— Як на чорта? — зусім сур'ёзна здзівіўся ён. — Макарону будзеш качаць.

Урэшце здагадаўшыся, тая зачырванелася і плюнула.

А ён глядзіць ды прыязна ўсміхаецца, нібы нічога лішняга і не сказаў, і не падумаў.

Чуць і бачыць Васіль быў мастак.

У Арэся была тады незамужняя дачка Марыля, таксама здаравенная, не вельмі, як і тата, складная. Але ўсяго дзявочага было ў яе нямала. І дабрадушная. Каля яе прыпасваўся суседскі Вінцучок, дзяцюк нярослы, але спрытны і памаўзлівы. Сядзяць мужчыны ў Арэсевай хаце зімою, яшчэ трохі завідна, гамоняць ды пакурваюць, а Марыля ляжыць на цёплай печы жыватом, тырчыць сваім багаццем угару. Усё ў мужчын нібы перагаворана, а то яшчэ, здаецца, і не ўсё, і хтосьці кажа, без усякага на што-небудзь намёку:

— Вінцучка нешта сёння няма. Няўжо ён з лесу яшчэ не прыехаў?

— Прыехаў, — спакойна і ўпэўнена, як быццам ведаючы гэта, гаворыць Кураўка. І дадае, кіўнуўшы на печ: — Ужо вунь і сані перавярнуў…

Пайшоў зімовай ноччу, задоўга да світання, будзіць суседа — ехаць у лес па дровы. Суседзяў было ў адной хаце двух, братоў жанатых, але не падзеленых. Бо і дзяліць не было асабліва чаго, і ленаваліся абодва, асабліва старэйшы, вечна пануры, кіслагубы Авос. Такая мянушка, бо яму не хапала чамусьці свайго «што?» і ён перапытваў па-местачковаму, па-жыдоўску: «А вос?» І заўсёды і ўсюды насіў у кішэні портак камень з гусінае яйцо, цёплы, абгладжаны там рукою. На пытанне: навошта ён, Авос адказваў: «А як сабака?» На чалавека, чаго добрага, камень таксама мог прыдацца. Зрэшты, нічога такога не памятаю. Затое бачыў, як ён, Авос, вось-вось заплача, калі чытаецца штосьці пра чалавечую крыўду… Меншага брата, які ўсё-ткі гаспадарыў сяк-так, звалі Мікіта, а мянушка, за пэўныя, так сказаць, хімічна-абаронныя якасці, Тхорык.

— Ледзьве я дастукаўся да іх, — неяк расказваў Кураўка. — Алена Мікітава адчыніла. Сам Тхорык сядзіць на пасцелі, чухаецца. А ў другім кутку Авос сама цяпер зрабіў буду…

Гэта — пра зорны час на жанатым, няхай сабе немаладым пасланні.

Неяк пры Польшчы мястэчка наша моцна гарэла і пасля гэтага дружна сабрала грошай на матароўку, маторную помпу. Для большай пэўнасці набожныя мешчанчукі вырашылі яе пасвянцаць. Пасля абедні поп з дзякам і пеўчымі выйшаў на паперць. Унізе, ад плошчы, адчынілі святую браму, і малайцы-пажарнічкі, не паздымаўшы сініх форменных канфедэратак, а толькі па-службоваму апусціўшы раменьчыкі пад бараду, па ціхай камандзе «бегем марш!», без гіку ўскацілі матароўку на высокі ўзгорак, у вялікі натоўп прыхаджан. На той час і гэта было не абыякое відовішча, культурнае мерапрыемства. Поп нараспеў маліўся, пеўчыя стройна спявалі, а нейкая бабка, што прыпазнілася, ніяк жа, людцэ мае, не магла праціснуцца наперад, да таго цікавага… І трэба ж ёй было спытацца якраз у нашага Кураўкі: