Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 13 из 23

Мянушкамі здавён была пацярушана ўся наша вёска, хапіла на кожную хату па адной, і па дзве, і па тры. Свой фальклор, для саміх сябе і найлепш зразумелы, і найбольш вясёлы. Як і ў кожнай іншай вёсцы, спрадвеку, у нялёгкай мужыцкай долі — па прыказцы: «Не пацешыўся б, дык павесіўся б». І я тут не буду іх больш прыводзіць. Толькі адну з пазнейшых, сучасную, што не стаяла на месцы, а год ад году расла, сталела, разам з тым, каму належала з пялёнак.

Сыночка мама называла «мой анёлачак». Такім ён выбег з хаты на вуліцу. Калі падрос на падлетка — ужо сама вёска, без мамы, пачала называць яго Анёлак. А стаў студэнтам, пасля інжынерам — назаўсёды ўсталявалася саліднае ды «гарадское» — Ангел.

Ах, чорт! Разбалбочашся, дык і спыніцца цяжка. Яшчэ хоць гэта:

«Гоп, Мар'яно, тры дні свят!»

«А можа, яна пойдзе на Плёхава?»

«Коштык, а джэ тое?»

Першае — бядняцкі аптымізм. А пачалося з дзядзькі Гора, які так пацяшаў сваю жонку ў нястачы, нават задоўга да тых свят, якія таксама невядома чым было сустракаць.

Другое пайшло ад бабулі Барбары, старэнькай, глухой і не вельмі відушчай. «Бабо, вайна, кажуць, будзе?» — «Га?» — «Вай-на бу-дзе!!» — «А можа, яна, бог мілы дасць, пойдзе на Плёхава?» Нібы пра дажджавую хмару ў сенакосны прыпар.

А з Коштыкам — пра канспірацыю. Два Самусёвы хлопчыкі ўкралі суседавага пеўня. Сям'я такая, дзеці ад бацькоў вучыліся. Ды яшчэ без належнага спрыту. Увечары да іх, як заўсёды, сабраліся вячоркі. А хлопчыкам карціць праверыць, ці ўсё ў іх шыта-крыта са здабычай. Меншы з печы пытаецца: «Коштык, а джэ тое?» А большы, з лавы, супакоіў: «Мама яго ўзо загэзала…»

Ды вернемся да Грамузды.

Апроч гэтай, галоўнай, мянушкі была ў яго яшчэ адна: «Ён затрубіў». Дзядзька Тодар, як і Цімох Ярмоліч, служыў у царскай кавалерыі і здорава мог пасля, на начлезе, трубіць у кулак. Усе нашы коні ад гэтага гуку ўзрываліся табуном і ўцякалі. І вось аднойчы як быццам і трэба было, каб Грамузда ляжаў трохі воддаль ад іншых начлежнікаў. Затрубіў ён тады асабліва ўдала. Спалоханы табун, як па дамоўленасці, грымануў якраз на трубача, і… назаўтра ўранні старэнькая маці, баба Ліска, рабіла яму націранне. А потым бабін унучак, вясёлы па бацьку, прыходзіць з вуліцы і кажа:

— Бабо, вы яго не лячэце, ён не хворы, не прастудзіўся, ён затрубіў!

Кавалерыйская натура дзядзькі Тодара сышла з былых гарачых скакуноў на сівага, трыбухатага каня, па старасці шчодра абсыпанага грэчкай. А з гэтым Сівым звязаны дзве навелы, кожная, як і належыцца, з нечаканай канцоўкай.

Царква ў нашым мястэчку прыгожая, стаіць у спрадвеку высокіх ліпах, на высокім, зрэзаным узгорку. У час абедні, я памятаю гэта з маленства, быў момант, калі поп заводзіў: «Создателей и благотворителей святаго храма сего, стоящих здесь и молящихся, да помянет господь Бог во царствии своем!..» Тады на левым клірасе, дзе звычайна стаялі найсаліднейшыя прыхаджане, стары фальварковец Троска важна схіляў сваю сівую галаву ў заслужана сціплым, набожным паклоне. Ён будаваў калісьці гэты святы храм і, гаварылася, купіў у нейкай сувязі з гэтым фальварачак.

Царквы ў Ніжніх Буйдунах не было, стаяла толькі драўляная, самшэлая капліца, з такімі ж старымі іконамі ўсярэдзіне і са званіцай перад дзвярмі. Званіца — слуп са стрэшкай з дранкі і два блёмкалы-званы.

Капліца наша стаіць і сёння. А званіцу нядаўна забраў малады, таленавіты кінарэжысёр, якому яна спадабалася, калі ён з групай праязджаў міма на здымкі яшчэ адной, вельмі патрэбнай, карціны. Ехаў удзень, прасіў аддаць яму званіцу таксама завідна, а калі бабы не згадзіліся, ён, разам з адным прадстаўніком мясцовай улады, вярнуўся на могілкі ноччу. Нашы бабкі ды цёткі ходзяць цяпер у клуб яшчэ пільней. Усё прыглядаюцца на экран, каб пазнаць там сваю прапажу. Я таксама пакуль што не бачыў яе. І жаданне сустрэцца з тым рэжысёрам спакваля прайшло, тым больш што ён — з качэўнікаў і недзе ўжо зноў растварыўся ў мностве іншагародніх талентаў.





Вернемся ў час даваенны, давераснёўскі. Дзядзька Лукаш Хмялеўскі, інакш Несалёны, не быў «создателем» ніжнебайдунскага храма, а толькі «благотворителем» яго, царкоўным старастам, як гаварылася. Ды важнасці, набожнасці ў яго было не менш, чым у таго фальваркоўца Троскі. Неяк царкоўны актыў, узняты новым, маладым дыяканам, пайшоў з нашага мястэчка хрэсным ходам у Жыровіцкі манастыр, ажно за сто кіламетраў. Пеўчыя час ад часу спявалі, хто нёс пратэсы, хто падмяняў, а наш Хмялеўскі (для зручнасці гаварылі і Хмель) ішоў наперадзе з вялікім драўляным крыжам. І з рук яго не выпусціў, не даўся падмяніць. А потым, дома, ляжаў цэлы тыдзень з патрэсканай ад сонца лысінай, мажучы яе то смятанай, то несалёным маслам. Капліцу Несалёны адмыкаў не вельмі часта: калі хавалі каго-небудзь і ў тую нядзелю перад жнівом, калі тут бывала сваё, ніжнебайдунскае свята. З паніхідамі каля магіл, з хрэсным ходам па вёсцы і па «сценках» сярод даспяваючай збажыны. Наш царкоўны «благотворитель», добра такі пажылы ўдавец, частаваў потым дома папа, дыякана, дзяка, пеўчых і сяго-таго з мясцовага каплічнага актыву. А мы, падшыванцы, падглядалі праз вокны. Потым у вёсцы казалі (не змоўчаў хто-небудзь з тых актывістаў), што бацюшка пад канец пачастунку ніяк не мог выгаварыць: «Лука Іралы… Іралы… Іларывонавіч…», а больш душэўна захмялелы дзяк, сухашчавы і чарнавусы бас Харкевіч, выбраўшы момант, шаптаў гаспадару з другога боку: «Ну, Хмель, а как же твоя вдовица сирая?..» І падміргваў. Бо гаварылі, што Несалёны заглядвае начамі да салдаткі Жэні. Відаць, няпраўда, бо вельмі ж быў ён салідны, і сам нібы з духоўнага звання.

Грамузда, як чалавек бывалы і трохі пісьменны, разумеў гэтую саліднасць і ставіўся да Хмеля з усёй належнай павагай.

— Здрастуйця вам, Лукаш Ларывонавіч, — павітаўся ён з ім аднойчы каля Пучковай кузні. — Лошадзь каваць прывялі. І я во таксама сваю хачу падкаваць…

Не свайго, а сваю. Тым больш што «лошадь» — жаночага роду.

Трыбухаты, густа абсыпаны грэчкай Сівы чакаў свае чаргі, прывязаны да плота. Драмаў пра запас ці думаў штосьці невясёлае, адвесіўшы губу.

— Дзякуй богу, жарэбная, — гаварыў тым часам Грамузда. — Кажуць, Лукаш Ларывонавіч, што на сёмым месяцы ўжо можна пазнаць, жарэбчык будзе ці жаробачка. Па левай цыццы пазнаюць, яна цяпер цвярдзейшая. Ужо і Сідар-гоп глядзеў, казаў: жаробачка. Дзякуй богу пры нашых дастатках! Чалавек жа валнуецца, каб як найлепш. Ён і мне паказаў, як гэта пазнаваць. Па левай. Мо зірняце?

Зацікаўлены ды налагоджаны пашанай, дзядзька Лукаш падышоў да Сівага і, салідна прыгнуўшыся, цапнуў старога за тое, што не было ніколі левай цыцкай.

— Цьфу, шарлатан! — плюнуў ён, як быццам толькі цяпер уведаўшы, што ў Грамузды, суседа праз пяць хат, «лошадзь» то «лошадзь», але ж конь.

А тонкі носік дзядзькі Тодара так і тырчэў сабе востранька, нерухома над светла-русымі вусамі, што злёгку падрыгвалі ад бязгучнага смеху.

Другім разам Сівы так і прайшоў за жарэбную Сіўку. Ужо з начальствам не духоўным, а свецкім. Было гэта на шарварцы, дзе драгомістшам, дарожным майстрам, наглядчыкам стаяў штабс-капітан Вяршынін, белаэмігрант.

Прыбіўся ён у наша мястэчка богведама адкуль, наняў хату, ледзь улез туды з мноствам большых і меншых сямейнікаў, а працаваў то драгомістшам, то падатковым секвестратарам, усюды аднолькава злосны. Асабліва ж тады, калі і такой, больш-менш пастаяннай, працы не было і ён аціраўся на пошце, у пакоі для наведвальнікаў, чакаў, каб каму-небудзь што падпісаць, запоўніць, даць параду. Не за так, вядома. На століку былі ў яго свае чарніліца і ручка. Іншых, казённых, у такія дні на стале не было.

Двойчы я сустракаўся з натурай Вяршыніна.

Падлеткам, на шарварцы, калі я не вельмі так, як трэба было ці як хацелася пану драгомістшу, адгладжваў рыдлёўкай адхон глыбокай дарогі. За ўсё жыццё ніхто не брыдзіў мяне так, нават пазней у войску, дзе я быў ужо ўсё-такі дарослы, не ўчарашняе дзіця.

Другая сустрэча са злосцю штабс-капітана адбылася на пошце, гадоў праз пяць пасля той шарваркі. Штосьці мне трэба было паправіць у адрасе, як сказаў з акенца паштар, і я прастадушна ды ветліва звярнуўся да штабс-капітана знарок па-польску: «Можэ, мі пан на хвілечкэ позволі?» І паказаў на ручку на стале, нават і растлумачыўшы, што сваю самапіску забыўся дома. Як ён зірнуў на мяне з-пад капелюша! Лаяцца тут не мог, уся тая чорная, гнойная лаянка была ў яго вачах, губы пад вусікамі скрывіліся ў атрутнай усмешцы, і ён прыцішана прасіпеў: