Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 93 из 121

Калі Міканор, Гайліс i каморнік пачалі адзін за адным уцісквацца ў хату, гул стаў адразу аціхаць. Усе адно глядзелі на ix. У хаце запанавала напружаная, насцярожаная ўвага. Там i тут перасталі дыміць папяросамі i люлькамі, некаторыя ўздымаліся, каб лепш разглядзець нярослага, загадкавага каморніка. Шчуплы, нявідны, ён дзівіў маладосцю: амаль хлапчук, дзівіў i насцярожваў тым, як спакойна, цвёрда ішоў. Кінулася ўсім: трапіўшы ў такую грамаду, на пільную ўвагу столькіх — чужых зусім — людзей, ні трохі не збянтэжыўся ідучы, не зірнуў ні на каго, як бы ніхто яго не толькі не трывожыў, a i не цікавіў. Ішоў, спакойна адціскаў тых, якія заміналі, не гаворачы ні слова, не здымаючы шапкі.

Міканор прапусціў першага за стол Гайліса, потым нязграбна залез сам, даў месца каморніку. Гайліс сеў на куце, прыгладзіў акуратна бялявыя валасы, — блакітныя вочы дзелавіта, дапытліва пабеглі па хаце. Каморнік i за сталом не глядзеў ні на каго i трымаўся так, быццам увага такая нічога яму не значыла. Міканор, што быў пасярод ix, не сеў, стоячы, дакранаючыся пальцамі да стала, акінуў хату, i губы разышліся ад усмешкі:

— Народу сабралася!.. — Усе зразумелі i усмешку, i гэтае нядобрае "сабралася", у якім чуўся помслівы папрок за іншыя сходы, папрок, які не зычыў лагоднасці. Адны няёмка, вінавата засмяяліся, друпя мацней задымілі. Усе чакалі далейшага. Нядобрая усмешка усё не сыходзіла з плоскага, пакляванага Міканоравага твару. — Дружно — не сакрэт — сабраліся! — прамовіў ён зноў помсліва.

— Дзісцінліна! — зарагатаў Хоня.

— Заскачаш, як у кадрылі, калі баішся, штоб чаго не намудрылі! — асцярожна, як бы просячы літасці, адгукнулася з жаночай купкі Сарока.

Міканор прапусціў міма ўвагі, што загаварьші за Сарокай жанкі i той-сёй з мужчын, перачакаў ix, сказаў ужо дзелавіта, без усмешкі:

— Дак, мабуць, можно ўжэ пачынаць?.. — Ён перачакаў гоман згоды. — Е адно пытанне ў сягонняшні сход. Аб землеўпарадкаванні ў вёсцы Курані ў сучасны момант. — Ён для прыліку запытаў: — Другіх пытанняў няма?

— Е адно. Нашто ето ўпарадкаванне! — крыкнуў Нібыта-Ігаат.

— Aгe! — падтрымала яго адразу некалькі галасоў, найбольш жаночых. — Упарадковано ўжэ!.. Даўно!..

— Падзелено i перадзелено!..

— Надзяліліся ўжэ!

— Падзелено — не сакрэт — па-старому, — перачакаў гоман Міканор. — Некаторым цяпер паложано ўдзяліць лепей!.. — Ён хацеў даць слова Гайлісу, але яго перабілі, горача, нецярпліва:

— Каму ето?!

Па хаце зноў загуло.

— Е такая лічнасць, — Міканор памаўчаў хвіліну, дадаў пераможна: — Калгас!

Па хаце пайшло: "Е ўжэ — нібыто — у ix!", "У кажнаго зямля була!", "З зямлёй ішлі!", "Абагульнілі!..".

Міканор заўважыў: Гайліс павярнуў галаву к яму, строга i патрабавальна чакае, — у гомане, што не хацеў ападаць, аб’явіў:





— Слова па данаму пытанню мае старшыня сельсавета таварыш Гайліс.

Гайліс як па камандзе ўстаў, зграбны, акуратны, у туга перапаясаным, зашпіленым шынялі, з ясным, ад крытым позіркам блакітных вачэй. Стаяў, чакаў, пакуль не сціхлі ўсе. Толькі калі запанавала непарушная цішыня, са звычайнай сваёй акуратнасцю i дакладнасщо ўзяўся тлумачыць:

— Землеўпарадкаванне, который праводзіцца цяпер, не есць прастой фокус, як думаюць некаторый людзі’ Землеўпарадкаванне праводзіцца не потому, што камуто няма чаго рабіць i он выдумал зноў пераразаць зямлю. Нет, землеўпарадкаванне есць сер’ёзный i неабходный кампанія, які мает важное палітычное значэнне. Землеўпарадкаванне праводзіцца потому, што цяперашняе палажэнне з зямлёй не одповедает новаму становішчу ў сяле. Старый палажэнне з зямлёй был установлен пры старым становішчы, который цяпер змяніўся. Новое становішча трэбует i нового землеўпарадкавання. Цяпер на змену аднаасобніцкім гаспадаркам прышол калектыўная гаспадарка — калгас. На змену мужыцкім палоскам павінна прыйсці шырокае калгаснае поле. Калгас будзе работаць на трактарах, сеялках, жнейках, — яму необходно шырокае поле! На вузкіх палосках калгас работаць не можэт! Это землеўпарадкаванне i павінно даць калгасам шырокае поле, прастор для тэхнікі, для шчаслівай i культурнай жызні! Это мае важнае значэнне для ўсяго сяла i для ўсяго народа, потому што ў этом адзіная дарога мужыка к культурной жызні. Потому што калгас павінен паказаць усім, як трэба ісці па этой дарозе!..

Адразу за гэтым Гайліс павёў гаворку ў практычным кірунку, сказаў, што для землеўпарадкавання сельсавет i партячейка стварылі камісію, што камісія i будзе ўсім кіраваць. Ён апярэдзіў гоман, расшпіліў шынель на фудзях, дастаў акуратна складзеную паперку, пачаў чытаць, з каго складаецца камісія. Людзі пільна слухалі: ён чытаў выразна, стараючыся вымаўляць як найлепш, прыпыняючыся пасля кожнага прозвішча; былі ў камісіі Гайліс, Міканор, Хоня, Чарнушка, Грыбок. Калі ён згарнуў лісток, па хаце пайшоў гоман нездавальнення, галасы ўхвалы. "Ето — камісія: адны калгасаўскія!.." "А калгасаўскія што — не людзі?.." "Аднаго Чарнушку— ад усяго сяла!.." "Правільная камісія!.." "Хітро складзено!.." "Такая надзеліць, чорта!.."

Гайліс спакойна перачакаў гоман, сказаў, што камісія будзе працаваць разам з землеўпарадчыкам, які спецыяльна прысланы з раёна; ён паказаў на каморніка, што сядзеў так, нібы гаворка ішла пра кагосьці іншага.

Камісія, аб’явіў Гайліс, пачне працаваць заўтра i будзе старацца зрабіць усё хутка i добра. Усе матэрыялы падрыхтаваны, неабходны інструмент прывезены, усё гатова, каб пачынаць.

— А якое поле пад калгас? — не вытрываў, крыкнуу ад печы Яўхім.

Яўхіма падтрымаў дружны, нецярплівы гоман: чулася, што гэта найбольш хвалюе многіх у хаце.

— Зараз скажу. — Гайліс мімаволі зірнуў у той бок, адкуль крыкнулі, папракнуў нецярплівага — Не надо спешыць паперад бацько. Усяму свой чарга. — Гледзячы ўжо на іншых, сказаў з сяброўскай адкрытасцю: — Мы это пытанне думалі. Для калгас будзе адведзена поле, каторае называецца Піліпаў рог.

— Aгe! — вырвалася адразу ў кагосьці з жанчын. Едкае, нястрымнае.

Умомант хата загула, завіравала бязладнымі, гарачымі галасамі: усе ў сяле па чутках ведалі ўжо пра гэта; многія прыйшлі на сход з цвёрдым намерам — перашкодзіць, зберагчы сваё; увесь час чакалі гэтага моманту. Гаварылі, крычалі так, што спачатку ўсё танула ў адным імпэтным гуле. Вырываліся толькі асобныя воклічы: "Выбралі!..", "Знайшлі!..", "А другім — што?!", "Рашылі!..", "Другіх — на пясок!..", "Правільно!..", "Дулю!..", "Не дадзім!..".

Гразіўся, гатовы рынуцца ў бойку, Яўхім. Гарланіў, памагаў Яўхіму, нібы хвалячыся дужасцю голасу, Бугай. Кіпеў злосцю, аж ускокваў з лаўкі нецярпліва Нібыта-Ігнат. Важка, як у бочку, бухаў Пракоп Лясун, чыста, спрытна сыпала нядобрымі прымаўкамі Сарока. Чарнушчыха махала рукамі, круціла галавою да жанок: крычала таму, здавалася, што крычалі Сарока i іншыя. З сяброўскага абавязку. Стары Глушак, хваравіта трасучы галавою, сіпеў ціха, стрымана, — помніў сябе i тут, пабойваўся; але аж пырскаў слінаю: злосць брала такая, што, каб мог, разарваў бы латыша, рабога.

У галасы нязгоды, абурэння ўрываліся крыкі, якія ўхвалялі перадзел зямлі,— крыкі калгаснікаў: Хоні, Хведара крывога, Зайчыка, Зайчыхі. Ix распальвала шаленства тых, хто абураўся: яны, як тыя байцы, што трапілі ў бойку, біліся ўсё больш зацята, чым больш на ix навальваліся. Можа быць, крычалі гэтыя яшчэ гарачэй, галасней: ix было ўсё ж менш, а перакрычаць — перамагчы — яны павінны былі!..

Крычаў i Васіль: гарачы гул, вір крыкаў узняў, вырваў з грудзей трывогу i злосць, што даўно мучылі яго. Не адступіўся рабы — лепшы Васілёў кавалак, забраць хоча! Адзіны людскі кавалачак, які так трудна дастаўся! На які ўся надзея! З якога толькі i жывеш!

— А нам чым жыць! — уплятаў Васіль у іншыя свой крык, у якім былі разам i ўпартасць i страх. — Нам — зубы на паліцу?!!

— Не дадзім! — лямантаваў побач, чырвоны ад злосці, ад крыку, Нібыта-Ігнат.