Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 90 из 121

Ён раптам пашкадаваў: усё ж непагана было б, каб гэтай веры ў сваю дасканаласць, сваю перавагу было б трохі менш! Менш яе i менш — недаверлівасці да ўсяго, што ідзе ў сёлы. Лягчэй было б рабіць з людзьмі, весці на новую калгасную дарогу.

Адсюль развагі падышлі зноў да таго, пра што ён думаў не раз раней: як мала ведаюць пра Палессе, пра вялізны балотны край, пра мільёны людзей! Большасць, нібы культурных, людзей, калі даводзілася гаварыць пра Палессе, прыгадвала някрасаўскае: "Видишь, стоит, изможден лихорадкою, высокорослый больной белорус… Ноги опухли… колтун в волосах…" Іншыя ўспаміналі што-небудзь падобнае на "палешукі мы, а не чалавекі…". Апейка пачаў перабіраць у памяці, што гавораць пра Палессе кнігі. Ён чытаў ix усе, якія мог дастаць. Некалькі талковых кніг ира прыроду — пра лясы, балоты, пра птушак, пра звяроў; некалькі зборнікаў — запісаў казак, песень ды звычаяў. З ix маляваўся воблік народа: ціхія, дзікія, у палоне забабонаў. У гэтым таксама было нямала праўды, але як далека было да вялікай праўды! Як мала — пра бязмежна багатае людское мора, імя якому — народ!.. Ад чаго гэта? Ад імкнення спрашчаць? Імкнення да нейкай простай, зручнай высновы?..

Думаючы, згадваючы, Апейка прыкмячаў недавольна, што ў душы яго ўсё нейкае хваравіта ўзрушанае, чулае, што нават на звычайныя думкі адгукаецца яно неспакойным, вярэдлівым хваляваннем. Было нешта ад той узрушанасці, з якой ён сядзеў у рэстаране, толькі цяпер, на адзіноце, сярод цемры, усё гэта чулася мацней. Тут ён злавіў сябе на адчуванні, што аб чым ні думay, за ўсім чуў большае, больш важнае, больш трывожнае. Ён знарок чапляўся думаць пра іншае, спакайнейшае, стараўся не трывожыць сябе; але i думаючы пра іншае, ён не мог не чуць водсвіту таго, больш важнага i паганага.

Яно ўсё вісла над ім, навальвалася, гняло. Усё намагалася прарвацца ў думкі. Ведаючы, што ні да чаго добрага не дадумаецца з ім, Апейка гнаў яго, спадзеючыся, што ўсё абыдзецца, што прыйдзе патрэбная бяздумнасць, спакой. Трэба было спаць: выспацца перад не абы-якім заўтрашнім днём. Але спакой не ішоў.

"Цьфу ты, як хвароба! — вылаяўся ён. — Лезе ўсякае! Усякая непатрэбшчына!.. Знайшло час!.." Ён павярнуўся на другі бок, паспрабаваў яшчэ заснуць, але адчуў, што супакоіцца не зможа, i перастаў ужо гнаць тое паганае i трывожнае. "Галенчык… Пільны i непахісны Галенчык. Усё-такі напісаў!.. Белага адклікалі!.. Дабіўся!.. Значыцца, не скончылася. Значыцца, чысціць будуць яшчэ!.. І, значыць, можа яшчэ павярнуцца i інакш!.." Гэта ж яго шчасце, што там аказаліся Белы i Беразоўскі! А каб не Белы, а яшчэ адзін Галенчык? Ці ж цяжка было трапіцца яшчэ аднаму такому?.. Мяркуючы ж па тым, што казаў Белы, i тут ёсць свае галенчыкі. З большай сілаю… Вунь як ухапіўся павярнуць гісторыю з Зарэцкім! На цэлую партячэйку, на ЦКК адважна замахнуўся!..

Зноў убачыў, як зрушыла, нахілілася, коса папаўзла сцяна; стала потырч, упала ў цемру. Адолеў, адагнаў кволасць. "Глупства ўсё! Далікатныя нервы! П’яны хмель!.. Піць не трэба было! Не трэба!.."

Раптам ён нібы зноў пабачыў сябе ў пакойчыку з вазонамі, раскіданыя паперы на стале; Алесь як бы i цяпер сядзеў, звесіўшы галаву. "За што ж цябе гэта?" — "За веру…" Умомант, з незвычайнай яркасцю, уражлівасцю, урыўкамі, што ішлі без парадку, абы-як, зноў апанавала яго бачанае, чутае там. Памчалі, закружыліся, як бы радуючыся, што прарваліся, думкі пра Алеся, пра яго лес.





Чаму з ім так абышліся? Таму толькі, што сказаў тое, што думаў? У чым яго парушэнне камсамольскага статута? Парушыў дысцыпліну — не згадзіўся з думкай райкома? Але ж сіла наша — не ў бяздумнай дысцыпліне, сіла — у калектыўным розуме i — у калектыўным сумленні. Дысцыпліна павінна быць зліта з сумленнем, з перакананнем. Нават ваенная дысцыпліна лепш за ўсс, калі яна евядомая. Тым больш гэта трэба камсамольскай, партыйнай. Трэба пераконваць, даводзіць — асабліва там, дзе усе маладыя, зялёныя Чаму ж зразу — камандныя вокрыкі? Чаму зразу — пракурорскі прысуд? Зразу — выкідаць?!

Хіба тое, што ён сказаў, папярэчыць чым-небудзь генеральнай лініі партыі? Чаму ж — выкінулі?! Чаму так абышліся з сумленным, адданым нашай справе чалавекам? Чалавекам — вельмі каштоўным. Не толькі таму, што ён — иаэт, талент, a i таму, што — прыгледзеліся б — чалавек які! Іменна ж такія — з характарам, з моцным сумленнем, з цвёрдай прынцыповасцю — аснова ва ўсякай вялікай справе. Іменна яны — сыны i ўнукі тых, хто калісьці ішоў i на катаргу i ў ссылкі з-за сваіх перакананняў. Іменна такія могуць выстаяць у часіны трудных выпрабаванняў, выстаяць, не пахіснуцца; такія не будуць адседжвацца ў зацішку. Іменна яны, а не тыя, хто i цяпер, у мірны час, адседжваюцца, адмоўчваюцца, туляюцца, што гатовы, наперакор свайму заечаму сумленню, "разумна" глядзець на ўсё, больш за ўсё асцерагаючыся якой-небудзь рызыкі. Чаму прыстасаванец з душой слізня іншы раз больш даспадобы, чым характар сумленны, надзейны, але неспакойны? Ён сказаў, што — сумняваецца? Што ж — дакажыце, пераканайце яго, не пашкадуйце часу i клопату. Іменна ў такіх неспакойных, адкрытых, прынцыповых — сіла народа, сіла партыі. Жывая сіла.

Ён заступіўся за чалавека; а чаму ён не мог заступіцца, калі не ўпэўнен у тым, што той вінаваты? Хіба б лепш было, каб ён, не ўпэўнены, што чалавек — вінаваты, наперакор свайму сумленню, прамаўчаў бы? Каб ён — па сутнасці — зрабіў подлы ўчынак! Чаму ж ён, зрабіўшы подлы ўчынак, мог бы хадзіць між таварышаў, вучыцца, тады як, паступіўшы сумленна, апынуўся па-за таварыскай гурмой, стаў i не камсамол ьцам, i нават не студэнтам?.. Чаму — праўда, думаў Апейка, згадаўшы тое, што казаў Алесь, — абараняць цяжэй, чым абвінавачваць? Чаму — праўда — той, хто абвінавачвае, загадзя стаіць нібы вышэй? Нібы ўжо самім тым фактам, што можа абвінавачваць, нападаць — даказвае сваю адданасць! Чаму, — адкуль гэта ўзялося? — той, хто каго-небудзь абараняе, рызыкуе нібы паказаць сваю мяккацеласць, трапіць у апартуністы? Адкуль гэта ўзялося, як яно пранікла ў наша паветра: што прынцыповасць — гэта толькі, ці найперш, — выкрываць, абвінавачваць? A калі вінавацяць — невінаватага, сумленнага партыйца? Вінавацяць без пераканаўчых доказаў? Хіба ж гэта менш важна, менш прынцыпова — заступіцца за таварыша, падтрымаць яго? Хіба ж прамаўчаць, не падаць руку падмогі таварышу, на якога нападаюць без падстаў,— не беспрынцыпнасць сапраўдная? Яшчэ горшая! Падобная на здраду!..

Апейка зноў апынуўся ва універсітэцкім пакойчыку, пачуў злое: "Адкалоўся… Дакаціўся!.. Стаў прыслужнікам!.. Паслугачом нацдэмаўскага ахвосця!.." Нанава стаў перабіраць у памяці, што казаў Алесь пра Гартнага. Не падобна было, што хлопец затлумлены проста: вельмі ж цвяроза, разумна разважаў. Не, тут было не сляпое захапленне. Канешне, што да Гартнага, ён мог i не ведаць усяго; тагосяш на сходзе маглі не сказаць па якіх-небудзь прычынах, — чаго-небудзь, можа, пакуль нельга было пускаць шырока. Можна было дапусціць i такое, што Гартны перарадзіўся. Апейка не мог бы абсалютна паручыцца за Гартнага, але ў яго, з таго, што ён ведаў, не было i ўпэўненасці, што Гартны — вораг, што Алесь памыляецца. Мімаволі прыйшло ў думкі: ці не было тут, з Гартным, падобнага на тое, як "выкрываў" Галенчык яго, Апейку? Таксама ж прамова была "пераканаўчая", з "фактамі"! І тут ці не "факты" такога ж парадку i тая ж праўда?!. Памяць нагадала, — калі так проста было абвінаваціць у "контррэвалюцыйнай прапагандзе" адну з цэнтральных газет, то хіба ж не маглі так жа прышыць бірку "нацдэма", ворага, аднаму чалавеку? Тым больш што чалавек гэты мог быць i не зусім не вінаваты; хоць вінаваты зусім па-іншаму. Як бальшавік, што рабіў памылкі ў рабоце.

Адразу падумалася: колькі ў любога чалавека, асабліва з тых, хто на кіруючай рабоце, такога, к чаму можна пры ахвоце прычапіцца! Прычапіцца, крыва расталкаваць, перавярнуць усё дагары нагамі. І калі такое могуць зрабіць з чалавекам, які адданасць сваю даказаў даўно i ясна, то як жа тым, у каго такіх доказаў няма? У каго звычайная біяграфія, а то яшчэ i пляма якая — брат кулак ці яшчэ які чорт?