Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 87 из 121

— Яго выключылі не на літфаку?

— У нас амаль усе галасавалі супраць выключэння. Яго выключылі потым — на бюро. A ў нас сабрал’ япічэ адзін сход: аб прынцыповасці i аб шкодных праявах на літфаку. Аб ім, можна сказаць. Праўда, яго ужо не было…

— Ён што — не перамяніў сваёй думкі?

— Перамяніў? — Хлопец хмыкнуў: — Ён потым знарок паказваў стойкасць сваю! — Па-юначы шчыра як бы пахваліўся сваёй практычнасцю: — Я яму казаўтрэба прызнаць памылку. Прызнаў бы — i ўсё было б добра. Інакш было б!

— Значыць, ён быў перакананы.

— Перакананы не перакананы, a калі трэба — то трэба было прызнаць. А ён — не! Усё па-свойму, дабіваўся ўсё сваёй праўды. І — дабіўся!

Больш Апейка не пытаўся. І спрачацца не стаў: адчуваў, што спрэчка прападзе попусту. Моўчкі, асклізваючыся, ішоў па крывых вулічках з ямамі, між драўляных, касабокіх хат з зялёным i чорным гонтам, з аканіцамі; вулічках, якія былі як сёстры юравіцкім, самай нязграбнай местачковай глухамані. Як i на юравіцкіх, амаль нідзе не было тратуараў. Каля аднаго, падобнага на іншыя, крывабокага дома хлопец адчыніў веснічкі, першы пайшоў на двор. Апейка мімаволі глянуў у акно: убачыў за цёмнай шыбай лапушысты вазон i свой цьмяны адбітак на шыбе.

На ганку патупалі, абабіваючы наліплую снегавую, з гразёю макрэчу, сумленна выцерлі боты. Увайшлі ў сенцы, ступілі ў хату.

— Дома Алесь? — звонка i весела сказаў хлопец, павітаўшыся.

Сухаватая, не вельмі ветлівая гаспадыня, што знарок перастаўляла табурэтку ля стала, з увагай акінула Апейку, як бы рашаючы: варта ці не варта казаць. Незычліва адказала: дома. Але хлопец яе не чуў; ён, не пытаючыся, расчыніў дзверы, уваходзіў у другі пакой.

— Забраўся чорт знае куды! — усё з той жа звонкасцю папракнуў ужо некага іншага. — Ледзь дацягліся! Прымай гасцей!

Убачыўшы Апейку, Алесь ад неспадзеўкі зніякавеў. Момант яшчэ сядзеў за сталом, потым схамянуўся, устаў, ніякава паціснуў руку. Павёў вачыма па пакоі — ці ўсё да ладу. Мітусліва падаў табурэтку, такую ж, як у тым пакоі, дзе гаспадыня, узяўся папраўляць кніжкі i сшыткі на стале, прыгладзіў не вельмі паслухмяную русявую чупрыну.

— Вуліцы, брат, — што коўзанкі! Коўзаешся ўвесь час — як кот на лёдзе!.. Што парабляеш? Вершы?

Хлопец нахіліўся над сталом. — Ага. Руская літаратура дзевятнаццатага стагодцзя. Вучымся, значыць! Пр-равільна!

Ён яўна строіў з сябе бывалага, баявога хлопца. Алесь не папраўляў яго i не падладжваўся: як бы i не заўважаў таварыша, які нібы не хацеў нічога разумець.

Сеўшы зноў за стол, Алесь зірнуў насцярожана на Апейку i ўжо не ўздымаў вачэй.

Але, чуў Апейка, жыў нялёгкім хваляваннем сустрэчы.

Таварыш яго, якім ні ўдаваў сябе бесклапотным, усё ж хутка ўлавіў, што Алесю не да яго балбатні, бадзёра аб’явіў:

— Што ж, я сваю функцыю выканаў

Ён весела паціснуў руку Алесю, са сталай стрыманасцю развітаўся з Апейкам. Праз момант звонкі голас яго прыбіўся з суседняга пакоя, хвацка стукнулі дзверы…

І калі асталіся адны, доўга яднала абодвух маўчанне. Апейка глядзеў з пяшчотаю, са спачуваннем, з увагаю: збоку здавалася — Алесь не змяніўся вельмі. Было ў твары, у постаці тое ж юнацка мілае, далікатнае, сарамяжае, з-за якога не зусім i верылася, што гэта ён, гэты далікатны юнак, так цвёрда трымаўся сумлення свайго, стаяў так перад небяспекаю. Можа, хіба толькі — цвёрдасць у падбародку, у шчаках, новая, не бачаная раней ці не заўважаная; ды i позірк недаступны, затоены. Не такі, як там, на полі…

Апейка глядзеў i глядзеў; Алесь усё не ўздымаў галавы: не зразумець было — ці чуў сябе вінаватым, ці не хацеў папрокаў.

Апейка першы пачаў:

— Што вучышся — добра. Малайчына…

Ён кіўнуў: прымаю да ведама. Галавы ж не ўзняў. Памаўчалі зноў. Раптам як бы ўспомніў штосьці, устаў, выйшаў у суседні пакой. Пра нешта ціха пагаварыў з гаспадыняю. Вярнуўся. Сеў.

— Пра што ты там?

— Так… Гаспадарчыя дробязі…

— Не трэба нічога.

Ён не адказаў. Чакаў, відаць, насцярожана гаворкі пра няўхільнае, балючае i важкае.

Апейка спытаў:

— Працуеш?

— Пакуль — не…

— Таксама… знялі?

— Знялі…

Апейка здагадваўся аб прычыне, але запытаў, хацеў высветліць усё:





— Чаму?

— Выключылі з камсамола — выгналі з работы… Не ўтаіў крыўду. На міг зірнуў на яго, сустрэўся гарачым позіркам, тут жа адвёў вочы ад Апейкі. Зноў сядзеў, схіліўшы галаву.

— Як будзеш цяпер?..

— Рабіць буду…

— Дзе?

— Ды хоць дзе. Хоць грузчыкам на станцыі.— Зноў зіркнуў горача, адвёў вочы.

— А мо — к нам?

— Чаго?

— У школу. Настаўнікам.

— Не дазволяць. Выхаванне дзяцей…

— Я даб’юся.

— Вас абвінаваціць могуць…

— За мяне не турбуйся!

— П-падумаю…

Увайшла гаспадыня. Унесла спачатку пляшку гарэлкі. Потым — закуску: трохі парэзанай каўбасы, талерку квашанай капусты з гуркамі i яркімі кроплямі журавінак. Пайку парэзанага чорнымі пліткамі хлеба.

Прынесла ўсё, выйшла. Алесь наліў у Апейкаву чарку, потым — у сваю. Моўчкі дакрануліся чаркамі, выпілі. Сталі закусваць. Апейку павяло на гаворку: пачаў расказваць навіны з юравіцкага жыцця. Алесь слухаў моўчкі, задуменна. Няхутка Апейка зачапіў самае чулае, балючае. Асцярожна, як да балючага, дакрануўся:

— З-за чаго ўсё гэта?

Алесь устаў, выйшаў да гаспадыні. Зноў пагаварыў пра нешта. Вярнуўся, наліў у чаркі. У хаце стукнулі дзверы, потым — у сенцах. За акном прайшоў абрыс гаспадыні.

— Цікаўная дужа… Аж лішне…

Апейка здагадаўся: гэта — пра старую. Алесь зноў маўчаў, еў паволі, сур’ёзна. Выціснуў нарэшце:

— З-за веры ўсё…

Ён як бы іранізаваў з сябе.

— Якой веры?

— Звычайнай. Сказаў, што веру аднаму чалавеку. Якому не трэба верыць…

— Хто гэты чалавек?

— Пісьменнік. Цішка Гартны. — Іранічная усмешка прапала. Зірнуў проста, сумна, задумаўся раптам зноў.— Быў сход у нас… Дакладчык быў з райкома… Гаварыў пра міжнароднае становішча… Пра тое, што класавая барацьба абвастраецца. Што вораг ідзе на ўсё. Што патрэбна пільнасць… Правільна, адным словам, гаварыў…

— З-за чаго ж спрэчка?

— Ён сказаў, што ворагі хочуць зацягнуць у свае сеці студэнтаў. Што закідвае вудачкі ўсякая нечысць — нацдэмы розныя, розныя гартныя. З яго слоў выходзіла, што ў літаратуры гэтай нечысці болей, як жаб у балоце. Што ледзь не ўсе ў літаратуры — людзі падазроныя… Я i выступіў. Сказаў, што нельга без падстаў абкідаць усіх гразёю…

— А ён — што?

— Ён пачырванеў. Нават — пасінеў. Але стрымаў сябе. Заявіў з абурэннем, што ён не абкідае нікога гразёю. Што абвінавачвае таго, хто заслужыў гэтага. Прадажных нацдэмаў — Гартных, Зарэцкіх i ix кампанію. І як ні шкода некаторым цяперашнім гімназісцікам ix — факты ёсць факты… Я выступіў зноў i сказаў, што калі ёсць факты, што Зарэцкі i Гартны — ворагі, то чаму ён ix не назваў. Што тое, што ён казаў,— адна лаянка. Што лаянка, якая яна ні ёсць, не замяняе фактаў… Ну, студэнты сталі крычаць, падтрымліваць мяне. А некаторыя з кіраўніцтва — дакладчыка. Сталі даказваць тым, што пра гэта i газеты пісалі. Што — ворагі. А я на тое — што i газеты — без дастатковых фактаў! Тады i — пачалося!

— А чаму ты так упэўнен, што не памыляешся? Што ты ведаеш дастаткова?

— Чаму ўпэўнен? — Хлопец проста на Апейкавых вачах перайначваўся: ужо i знаку не было нядаўняй сарамяжасці, ніякавасці. Усхваляваны, з чырвонымі плямамі на твары, ён зірнуў так горача, цвёрда, што Апейка раптам адчуў: як ён, настаўнік, не малады i не сляпы нібы чалавек, так мала ведаў яго. — Чаму ўпэўнен? Хоць бы таму, што ён пасылаў свае допісы ў "Правду" тады, калі бальшавікоў на катаргу ссылалі. Ці таму, што ён сам падпісваў дэкрэт гipa абвяшчэнне савецкай улады ў Беларусі. Хіба гэтага ўжо аднаго мала, — каб верыць чалавеку?

— Так, гэта… нямала…

— Нямала… A ў яго ж ёсць i такі "дробны" доказ як дзесятак кніг. Ён першы ў нашай літаратуры — яшчэ да рэвалюцыі — выбраў сваім героем рабочага. Не дзеля выгады ж, так я сваім "дурным" розумам мяркую, — выгаду гэта ў той час, здаецца мне, наўрад ці давала. Значыць, выбраў ад душы? Ад духоўнага братэрства? Сам рабочы, ён i выбраў сабе ў героі такога ж рабочага. І гаварыў аб ім i ад яго. Так мне "здаецца". Па адных кніжках, здаецца, можна было б зрабіць вывад, што за чалавек!.. А я ж яшчэ ведаю яго трохі i, можна сказаць, асабіста. Ведаю, як прыхільна прымаў ён кожную кніжку такіх, як я…