Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 79 из 121

Каля апарата корпаўся, штосьці папраўляючы, гладкі і, здалося, вясёлы незнаемы хлопец з русявымі, зачэсанымі назад валасамі. Тут жа быў i Андрэй Руды, важна заглядваў туды, што i хлопец, пытаўся ў яго.

Каб увайсці ў хату, трэба было купіць білет, якія прадавалі на століку перад дзвярыма. Сцяпан толькі ўзяў квіткі i пазваў Ганну ў хату, калі побач раптам выпнуўся расчырванелы, з вачмі, што прасілі i малілі, Хведзька:

— І я! І — мяне!..

Яго прапусцілі з імі. Хведзька ішоў, туліўся да Ганны, анямелы ад шчасця, ад белага святла. Але праз хвіліну пасля таго, як Ганна i Сцяпан умасціліся на ўслоне, рудаватага Хведзькавага чубка як i не было побач — знік недзе сярод сваіх равеснікаў, што круціліся, дурэлі на падпозе наперадзе, каля самага белага палатна.

Ганна агледзелася: у хаце было ужо багата людзей. Трохі ix сядзела на ўслонах, на ложку, друпя — большасць — уладзіліся проста на падлозе. Блізка, трохі ззаду, гаманілі Грыбкі i Сарока, далей, каля акна, у купцы дзяўчат тулілася Хадоська. Пракоп-лясун, як гаспадар, уладзіўся з выгодамі, на прыпеку, — з жонкаю, са старэйшымі сынам i дачкою. Малодшыя дурэлі, пішчалі на печы.

— Курыць не можно! — сказаў Міканор як загад.

— Чаму ето? — недавольна прамовіў ляснік Міця.

— Загарэцца можа!

Сцяпан, усё з той жа пасмялеласцю, радаснасцю, стаў адразу расказваць, як недзе за Прыпяццю запаліўся апарат ад адной іскрачкі,— хата згарэла ўмомант, бы карабок запалак. Ганна ківала яму галавою, паказвала, што слухае, а сама была поўна адною думкаю: Васіля няма. Стараючыся не паказваць таго, яна нецярпліва лавіла галасы ў тым баку, дзе былі дзверы, адкуль уваходзілі. Разы два не вытрымлівала, азіралася. Глянуушы апошні раз на дзверы, яна неспадзеўкі ўбачыла Яўхіма: не ўседзеў дома, прыпёрся ўслед. Гэта было ёй як знак сваёй сілы, улады над ім, але ўцехі ні на міг не пачула яна.

Ён не падаў знаку, што бачыць яе, сеў наводдаль з мужыкамі. Цяпер увага Ганны стала як бы дваіцца — прыслухоўвалася, чакала Васіля i разам з тым увесь час непрыхільна помніла: Яўхім тут…

Ужо не Міканор, а Пракон з прыпека грозна прагуркатаў, што курыць няможна. Але хтосьці з дзядзькоў усё ж потай курыў; дым ад тытуню быў добра чуцён між пахаў поту, лазы з лапцяў, балотнай гразі, старых світ, якія поўнілі хату. Сцяпан з папрокам загаварыў: да чаго ж несвядомыя ў нас людзі, як малыя!

Мусіць, з-за гэтай гаворкі, Ганна не адразу заўважыла, калі ўвайшоў Васіль. Яна ўбачыла яго тады, як ён ужо стаў непадалёк са сваёй Маняю, шукаючы на падлозе вольнага i зручнага месца. Ён Ганну тады яшчэ не бачыў. Але Васіль, здаецца, пачуў на сабе яе позірк, няцямна азірнуўся. На момант ix вочы сустрэліся, i гэты момант так многа сказаў Ганне. Тое, што яна адкрыла, не ўсцешыла: Васіль адразу занепакоіўся нядобра, хутчэй адвярнуўся. У гэты час асабліва чулая, яна зразумела ўсё: "Не хоча i глядзець… Перадумаў… Кончано!.." У грудзях яе стала раптам тужліва, пуста.

"Перадумаў. Ну i няхай — перадумаў", — паспрабавала супакоіць сябе яна. Канешне, павінен быў перадумаць: жонка ў яго, i малое… І сама яна, Ганна, хіба ж вольная?.. Яна ўхваліла як бы з палёгкай: "І добра, што так… Не вярэдзіць душу абы-чаго…"

Але туга не адыходзіла. Ганна чула, разумела: яшчэ адна ўцеха, надзея яе, прапала. Умомант раптам не стала таго, чым цешылася, аб чым днямі i начамі трызніла-марыла, да чаго рвалася душою… З гэтым так цяжка было згадзіцца, што яна ўхайілася зноў за мару сваю, не паверыла таму, што так добра ўбачыла: "Не, не перадумаў. Ето так здалося толькі… Ето ён толькі перад людзьмі так… Кеб не плялі лішняго…"

Туга, трывога ўсё ж не ападалі. Ганна чула душою адно: адумаўся, адступіцца рашыў! Ёй зрабілася так прыкра, быццам яна знарок сама сябе ашукала: "Нагіляла, настроіла сабе бог ведае чаго, дурніца!.. Сама напляла i сама паверыла!.."

Яна зноў адчула сябе адзінокай, чужой сярод чужых. Нявесела было цяпер слухаць бесклапотны, са смехам гоман людзей, падумала горка: "Трэба було перціся сюды! Сядзела б лепей дома!.."

З гэтым настроем яна амаль не слухала, што казаў Міканор, які выйшаў к стану. Знайшоў калі ўгаворваць, каб уступапі ў калгас; самы час людзям думаць пра гэта. Нарэшце пачуў, што попусту гаворка, перастаў лезці ў душу людзям. Абыякава глядзела, як пад усхваляваныя воклічы дзяцей i покрыкі дарослых, якія загадвалі сціхнуць, на палатне заварушыўся, нібы ўладжваючыся ямчэй, белы квадрат. Ён то лез на столь, то апаўзаў так што на палатне тырчалі нечыя неслухмяныя віхры чарнелі шапкі, нават галовы. Гэтыя абрысы весялілі таго-сяго, асабліва малых, якія адзін за адным сталі высоўваць рукі, паказваць чорцікаў, дулі. Яны ўраз апалі, калi Андрэй Руды ад апарата пагразіўся:

— Штоб селі ўмент! А не — дак выганю ўсіх!

Белы квадрат пакоўзаўся, пакоўзаўся, супакоіўся, стаў.

Амаль адразу, калі святло ў хаце пагасла, белае акно на сцяне паявілася зноў, ужо ярчэйшае, — i ў цікаўнай цішыні, ззаду, ад дзвярэй, пачулася стракатанне. У белым акне задрыжалі, заскакалі, як бы ў полечцы, нейкія плямы, пісягі, нібы жывыя, выскачылі літары.





— Абрэк Заўр… — прачытаў уголас Сцяпан.

Яна не зразу мела нічога з гэтых слоў, ды i не дабівалася зразумець. Праз бяду сваю Ганна без якоганебудзь захаплення — зусім інакш, як усе, што аж анямелі, зачараваныя, — глядзела на дзівы, што паяўляліся, мяняліся i мяняліся ў белым дрыготкім акне. То лезла крыва, потырч зямля з камянямі, гipa якую Сцяпан казаў — горы, то ляпіліся адна на адной дзіўныя хаты без стрэх, то імчаў на чорным жарабцы адчайны чорны чалавек у вялікай кучомцы. Ён так грозна ляцеў са сцяны, што наперадзе нехта закрычаў ад страху. Ды i Ганне было не вельмі добра: усё здавалася — выскачыць са сцяны, з акна, паляціць на жарабцы па людскіх плячах ды галовах…

Непрыкметна, спакваля туга ціхла, але зусім не забывал ася: усё ж бачыла ўжо наперадзе няхай дзіўнага, але чалавека, жывога нібы i знаёмага. І чым больш уведвала пра яго, тым больш цікавіў ён, больш спачувала яму. Цікавасць i трывога аб ім дзіўна спляталіся з тугой аб сваёй бядзе, з тугой гipa нейкае нязнанае i заваблівае жыццё ў нязнаных, дзівосных кутках, куды, каб магла, паляцела б з радасцю, ад бяды, ад няпраўды, ад няўдачы сваёй…

З гэтым неспакоем сядзела яна i калі акно наперадзе зноў чыста забялела i заналілася ў хаце святло. Маратуга паляцець, уцячы кудысьці яшчэ пабольшала, запаліла, калі згадала Васілёў позірк, зноў вярнулася душою да таго, што з гэтага позірку зразумела. Яна, аднак, пастаралася адагнаць тугу сваю, стала прыглядацца, прыслухоўвацца да таго, што дзеелася вакол. Было відаць, багата хто быў як бы аглушаны бачаным, не мог ачомацца.

— Ядры яго маць! — выказаў захапленне Зайчык. — Зямля ў небо лезе!

— Які чорны, такі й праворны! — заявіла Сарока. — Цыган чысто!

— Салому са стрэх — нібыто — скармілі! Hi адной страхі!

Андрэй Руды папракнуў за цемнату людскую:

— Каўказ! Следавацельно, i горы. І каўказцы чорныя! І хаты такія! Сакля называецца. Аб етым неаднакратно пісаў Міхаіл Юревіч Лермантаў…

— Горы — нябось — не меншыя, як у Юравічах…

— Параўняў — та-скаць! Вераб’я з бугаём! На дзесяць вярстоў угару прэцца! Хрыбет!

— На дзесяць! Брашы!.. Як усе адно мераў хто!..

— Навукай даказано!

— От адчаянны, дзеткі, еты, што на кані! — зноў уплёў з захапленнем Зайчык.

— Адчаянны! І конік — нічого!.. Мне б такого!

— Умент бы ў Юравічы заскочыў!

— Дак ето — усё? — не то здзівілася, не то проста запыталася Грыбчыха. — Ці шчэ што пакажуць?

— Шчэ будзе! — супакоіў Сцяпан. — Самае цікавае!

Людзям была ахвота паглядзець гэтае цікавае, але той, што паказваў кіно, усё нешта стукаў у сенцах жалезнымі банкамі, мудрагеліў каля машыны. Ледзь дачакаліся, калі патухне зноў святло i задрыжыць-затрасецца белае акно на сцяне. І тут неспадзеўкі ўразіў яшчэ адзін цуд: горы раптам перавярнуліся, звіслі ca столі верхам уніз, неба i воблакі задрыжалі пад імі. І конь, як муха па столі, пабег дагары нагамі, i не чалавек ехаў на ім, а ён на чалавеку, на чорнай кашлатай шапцы. Ганна, як i ўсе людзі, была так здзіўлена тым, што бачыла дасюль, што i гэта ўзяла за дзіва, якое толькі не ведала, як разумець…