Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 77 из 121

Васіль так зіркнуў на яе, што яна замерла. Апаўшы раптам духам, зразумела, што зачапіла тое, чаго не трэба было.

Бачыла ўжо, што ён напружыўся ўвесь. Шыя ўжо не гнецца, пачырванела, жылы напяліся; плечы неспакойна варушацца пад сарочкай. Слухаць яе не хоча, двума словамі сапсавала ўсё. Асцярожна паспрабавала паправіцца:

— Я што… Я нічого i проціў яе… І яна, канешне — нічого не скажаш… І ёй не соладко… І, калі на тое, дак i не па ахвоце сваёй яна. Мачыха ўсё… Зноў жа, хто не хоча дабра сабе… Не са зла яна. Апяклася яна. Хто ж кажа проціў яе… І яна няшчасная… — Матка перавяла дыханне: як бы набіралася дужасці. Асцярожна павяла далей, не зводзячы ўжо з яго вачэй: — Толькі ж, сынок, — позно ўжэ. — Ён не зазлаваў, перамаўчаў ёй. Дзятліха пачула, што гэта дайшло. Яшчэ лагодней дадала: — Што було, тое було… Няхай шкода, а — не вернеш… Позно… — Нібы пазвала на помач старога: — Цяпер трэба за розум брацца. Дзед праўду кажа…

— На людзей глядзець сорамно! — прамовіў настроены нелагодна дзед.

Васіль, гатовы ўжо мірна кончыць гэту надакучлівую гаворку, загарэўся зноў:

— Дак вы не глядзіце!

— Як сто не глядзець?! — Дзедава барада абурана заварушылася. — Па ўсіх дварах, тым часам, толькі i плятуць!

— Няхай плятуць, у каго языкі свярбяць!..

— Праходу няма!

— Ат! — Васіль варухнуўся так, быццам паказваў: слухаць няма чаго.

— Разумны вельмі стаў! — закрычаў раптам дзед. — Слухаць нікого ўжэ не хоча! Усё яму ніпачом! Не хадзіце, не глядзіце! Не слухайце, што плятуць! Волі багато бярэш!.. Хопіць ужэ гайсаць! Не хлопец ужэ! Не жарабя! Жыць трэба ўжэ, як людзі!..

— От бо! — не вытрываў Васіль. Не апранаючыся, выскачыў з гумна, на прыгуменні азірнуўся, куды падацца.

Матка кінулася за ім: "Васілько!" — але ён адкаснуўся ад яе, падаўся за гумны.

— Васілько, світу вазьмі!

Ён затрымаўся, не гледзячы на яе, узяў світу. Люта ўсадзіў рукі ў рукавы, не зашпільваючыся, намерыўся ісці. Яна выскачыла наперад.





— Вярнуўся б мо? — Яна нясмела зазірнула ў вочы яму. — Чаго ты пойдзеш немаведама куды? Вярніся… — Ён адводзіў хмурны, невідушчы позірк. — Не зліся. Mo што i не так, дак — не зліся. Не са зла мы табе. З дабра ж… І на дзеда не зліся. І ён — з дабра…

Васіль нецярпліва крануўся, яна ўжо не затрымлівала яго. Бачыла: ні да чаго гаварыць яму, не паслухаецца. Толькі болесна глядзела ўслед, вачыма, поўнымі жалю i трывогі: каб не ўчыніў чаго паганага з сабой. Худая, высушаная надмернай працай i рознымі турботамі, з тварам, на якім пад шэрай, у глыбокіх маршчынах скурай выпіналася выразна кожная костка: шчокі, нос, падбародак, стаяла яна пад халодным ветрам i не чула нічога. Вецер рэзаў вочы, i яна прыплюшчвала ix, але не заплюшчвала зусім, не адварочвалася, глядзела ўсё ўслед. З трывогай, што не ціхла, чакала, як надзеі на радасць, што азірнецца.

Ён ішоў, падаўшыся ўперад, амаль не махаючы рукамі. Ішоў без якой-небудзь сцежкі, па куп і, напрасткі да чорнага алешніку; рушыў дзіўна проста, як бы ведаў куды. Раз-другі сйатыкнуўся аб купіны, няспрытна ступаў у ямкі, але рушыў i рушыў к алешніку. Ён так i не зашпіліў світы, i вецер раскідаў полы яе, але ён i на гэта не зважаў. Рушыў, нібы сляпы, нібы п’яны. І так i не азірнуўся.

Яна глядзела ўслед, калі ён ужо схаваўся ў алешніку. Падумала з дакорам сабе, што дарэмна ўсё ж не затрымала, не вярнула. Каб не ўчыніў чаго паганага…

Васіль не заўважыў, як дайшоў да алешніку, як пайшоў між чэзлых, голых недаросткаў "Не са зла! З дабра!.. — не адступала злоснае — Улезуць, развярэдзяць душу — ды з дабра! Пераядзяць чалавеку душу — д ы маўчы! Дзякуй — што i яны шчэ, разам з чужымі!.. Мало таго што чужыя, дак i свае так жа!.." — Ён згадаў дзедава: "Перад людзьмі сорамно!" — i злосць пайшла на дзеда: "Сорамно — дак не канешне глядзець! Да й не ты рабіў — дак i не саромейся за некаго!.. Сорамно яму!.. І крычыць шчэ, як на дзіця якое! Як усе адно розуму свайго ў мяне няма!.. "Маня — слова не скажаш паганаго! — згадаў ён матчынае. — Не тое што каторая: ні ў хату нічого, ні ў жызні нічого!" Найшла раўняць каго: Маню i Ганну, дый шчэ так, што Ганну як дзёгцем замарала!.. Сама знае, што няпраўда, а — кажа! Вер ёй!.. "Апяклася"! У том-то i бяда, што апяклася! І — няшчасная! Дак нашто нагаварваць на яе!"

"Што було, тое було… Няхай шкода, а не вернеш…" — зноў нібы пачуў ён. І зноў зазлаваў на матку, на дзеда: "Легко вам ето казаць! Усё вам легко! Вы толькі i ўмееце, што вярэдзіць душу! A самі i знаць не знаеце, як яно чалавеку!.."

Чалавеку было горка. І адтаго брала яго злосць на тых, якія нібы не хацелі разумець гэтага, a лезлі папракаць, вучыць. Як бы ён не ведаў таго, што малым дзецям вядома. Як бы яму самому не было шкода, што Алёшка стане бязбацькавічам; што гараваць будзе, можа, усё жыццё між чужых; якія папікаць будуць ды знушчацца. Як бы з адных думак гэтых у яго на душы не балела так, што не мог ужо думаць пра іншае роўна. Як бы самому яму не шкода было Канчака, як бы не шкода было хаты, зямелькі, што ля цагельні; не шкода дабра свайго, якому столькі аддаў сілы сваёй i з якім былі ўсе надзеі.

Дык не ж, улезуць у душу ды пачнуць вярэдзіць тое, да чаго i самому дакрануцца моташна. Ды шчэ сарамаціць пачынаюць: "На вуліцу паказацца не можно!" Пад нагамі яго раптам чвякнула, ён пачуў, як ногі ўпаўзаюць у мяккае, i стаў. Упершыню заўважыў, куды зайшоў, што навокал. Пачыналася мокрае балота, парослая алешынамі, крушынамі, лазою купЧстая дрыгва; з усіх бакоў аднастайиа, пайыла абступалі голыя, хмурныя дрэвы. Наперадзе яны раслі радзей, алешнік свіціўся, i між іржавай травы чорна, быццам дзёгаць, значыліся лапіны балотнай вады. Ён пачуў, як анучы працінае вада, i падаўся назад.

Ён цяпер бачыў рудую траву, пасохлае бадылле балотных раслін, глядзеў, як абыходзіць дрэвы, кусты. Чуў, як хлюпаюць вадой лапці, як мокрыя анучы сцінаюць ногі. "Выкруціць трэба б", — прайшло ў галаве звыклае; але ён не стаў, рушыў i рушыў, як бы яго гналі. "Нажа не ўзяў… Мятлу трэба б зрабіць", — падумаў ён, заўважыўшы бярозку, падумаў i адразу забыў.

"Гавораць у сяле!.. Няхай гавораць! Толькі i бяды — з тае гаворкі!.. Тут свету не відно, не знаеш, як разарвацца, a ім адно — "гавораць"! Узяў амаль адчай: "Дакуль жа яно ўсе ето будзе, — што круцішся на адным месцы. Што ніяк не набярэш цвёрдасці, штоб павярнуць ці сюды, ці туды. Штоб рашыць цвёрдо i штоб не аглядувацца. Штоб не шкода було ці таго, ці другого! Калі ж ето стане жыць так — што на душы легко!.."

Ужо на ўзлессі, калі з-за дрэваў завіднеліся платы, гумны, хаты, ён спыніўся. Не толькі ісці, a i глядзець не хацелася яму на Курані цяпер! Ён i не глядзеў на ix; стаяў, вадзіў, як лось, што трапіў у загароджу, сумотнымі вачыма, — не ведаў, куды падацца. Блізка аказаўся ўчарнелы пянёк; Васіль сеў, пачаў хапатліва, нібы радуючыся, што знайшоў клопат, развязваць аборы, раскручваць анучы. Разуўшы адну нагу, краем палы світкі выцер насуха гарачыя пальцы, пятку, расцёр, сагрэў усю нагу, дакуль намокла, выкруціў анучу, старанна абуўся. Разуў другую нагу, абуўся.

Ён борзда ўстаў: от адно зрабіў — што зараз? "Поле паглядзець. Як там яно?.." — нагадаў сабе. Ужо намерыўшыся ісці, павёў позіркам па гумнах, хатах, спыніўся на сваім гумне — у грудзях заныла: Ганна!.. Уміг пачуў пах саломы, яе плячо, яе адданы шэпт: "Адзін ты ў мяне… Адзін буў, i адзін цяпер…" Вочы знайшлі той плот, каля якога пабачыліся апошні раз: "Не жыць жа век не любячы…" Ён павёў вачыма туды, дзе яна цяпер пакутавала, нахмурыўся, адарваў позірк.

"Як — без яе, аднаму? — думаў ён, ідучы ўзлессем к полю. — Канешне, без дабра свайго — не чалавек.

Канешне, гаспадарка — ето гаспадарка, аснова. Е аснова — i ты е. Берагці ўсё, канешне, трэба. І каня, i хлявок, i хату, i землю. Нашаму брату, гаротніку, не легко ето нажываецца. Распетрыць можно ўмент, а нажыць — папапяцца, жылы падарваць трэба!.. Ето праўда!.. Але што ж ето за жыццё, калі нярадасць у хаце? Калі не бачачы Ганну — як не жывеш? Усе адно— што не жывеш! І робіш, i глядзіш усё, што трэба, а — як не жывеш!.. Ды i яна як адна будзе? З етым дурным Карчом, якому яна папалася на бяду сваю!" Калі ён, Васіль, можна сказаць, адна надзея яе!.. Як жа ён адну кіне яе, у бядзе! Каб яна гаравала век!..