Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 75 из 121

Два разы пільны Васіль бачыў, як паўз гумно загуменнай дарогай праходзіў не хто іншы, Яўхім. Адзін раз Васіль назіраў за ім, пачуўшы блізка Яўхімаў голас: Яўхім ішоў з Ларывонам. Тады Васіль праз шчыліну між бярвенняў, з якой біла святло, заўважыў, як i раз, i другі, адказваючы Ларывону, Яўхім зірнуў к яго гумну, к двару — нібы шукаў яго. Васіль бачыў — глядзеў позіркам чалавека, які гатоў зарэзаць. Другі раз Васіль убачыў Яўхіма зводдалек — не стаў чакаць, пакуль той падыдзе, — як мог спакойна падаўся з гумнішча на двор. Ідучы, чуў на спіне ненавідны, затоена люты позірк.

Здавалася, Яўхім ірвецца схапіцца з ім. Шукае толькі зручнага выпадку.

Васіль, што не хацеў ні з кім бачыцца, менш за ўсё хацеў сустрэцца з Яўхімам. Не тое што баяўся: Васіль i еабе самому не паказваў, што можа баяцца: ёсць каго яму баяцца, Карча! — a ўсё ж сустракацца з ім аберагаўся. Нічога добрага не зычыла яму гэта сустрэча.

І трэба ж, усё-такі сустрэліся. У такі час, калі Васіль не чакаў: на Курані легла ўжо важкая, асенняя цемра. Каб трохі далей былі, разышліся б, не назнаўшы; але сутыкнуліся вочы ў вочы.

— А-а! — сказаў Яўхім злавесна-радасна. — От хто!

Васіль прамаўчаў. Пачуў, як брыдкая млоснасць кволіць рукі, ногі, усяго. Стараўся адужаць яе. Думкамі рыхтаваўся да бойкі. "Як толькі рынецца, крутнуцца ўбок i даць самому! Па сківіцы, па п’янай пысе!.." Але не ўправіўся i варухнуцца, як ад лютага, пудовага кулака загуло ў галаве, пачуў моцны ўдар па назе. Ледзь устаяў. Сляпы ад болю i крыўды, кінуўся на Яўхіма, з усёй сілы сунуў кулаком у твар. Трапіў, здаецца, у нос — Корч аж енкнуў. Васіль умомант адскочыў к плоту, ухапіўся за кол… Хітнуў, стараючыся вырваць… Кол паддаваўся туга. Але Васіль ірваў яго… Яўхім стаяў упоцемку нерухома. Чамусьці не кідаўся біцца. Заскрыпеў зубамі, шкадуючы, з адчаем, вылаяўся.

— Не бойся! — неспадзеўкі прасіпеў. Хвіліну маўчаў. Зноў гатоў быў, чуў Васіль, люта кінуцца на яго, учапіцца ў горла i стрымліваў сябе з адчаем.

— Не тут ето рабіць. Заб’ю, міліцыя ўхопіць зразу! — прасіпеў з нястоеным шкадаваннем, са злосцю. — У цюрму неахвота… Ці ў лес бегці. Жызнь губіць. З-за етакаго… Але — знай, — голас стаў важкі, грозны. — Знай, смярдзючы ўдод, будзе мамент! Я падлаўлю!

— Сам пра сябе падумай! Штоб цябе не падлавіў хто!

— Будзе ўдобны мамент — кішкі выпушчу! Па адной выцягну! Есці сваё застаўлю!.. Не пападайся ў пустом месцы адзін! Знай!

Васіль чуў: забіць можа, зарэзаць. Як плюнуць. Але не паддаўся гонарам.

— Напужаў!

— Пасмяешся патом! — грозна прадказаў Яўхім.

Пастаяў крыху, як бы для таго, каб Васіль падумаў, важка пасунуўся ў цемру.

Раздзел шосты

1





Усе Дзятлікавы пільна сачылі за тым, што рабілася з Васілём i Маняю. Між ix не было чалавека, якога б гэта не трывожыла. У гэтым быў цяпер самы вялікі клопат i самы вялікі неспакой.

Hi на адзін дзень не ўціхаў неспакой у Валодзі. Усё што ён лавіў слыхам, што бачыў, чула вярэдзіла яго, узварушвала важкія, непадсільныя думкі. Як i тады, калі ён упершыню даведаўся, што Васіль хоча жыць з Ганнаю, тайна згаварыўся з ёю, калі пабачыў Маніны слёзы, свет мучыў яго нядобрай, нязменнай нязладнасцю. Гэтая нязладнасць не толькі не прападала з днямі, а яшчэ нібы больш паказвала, якая яна вялікая i моцная. Колькі Валодзя ні думаў, усё не выходзіла так, каб усім было добра. Усё ішло да таго, каб жыць утраіх хіба — i з Маняю, i з Ганнай. Але цяпер відаць ужо было, што калі б i ўзяўся Васіль карміць абедзвюх, дык усё адно нічога б не склеілася. Маня толькі i ведала, што клясці Ганну. Доўга Васіль цярпеў бы, слухаючы век гэту кляцьбу! А то ж, гіэўне, кляцьбою адною i не абышлося б. Канешне ж, пры такім жыцці ці адна, ці другая век чаплялася б за косы. Крыку на ўсё сяло было б век. Толькі i аставалася б сядзець ды разбараняць ашалелых…

Не было ніякага ладу i ў Валодзевых думках i пачуццях. Хоць Васіль быў i вінаваты ва ўсім, хоць ад гэтага Валодзьку было няёмка i сорамна за яго, за тое, што ён i сустракаўся тайна, i згаворваўся тайна кінуць жонку, было Валодзьку разам з тым i шкода Васіля. Што ні кажы, a Васіль усё ж такі — брат, i хоць, бывала, брат гэты не вельмі ласкава абыходзіўся з Валодзькам, a ўсё ж такі не вельмі добра на душы, калі бачыш, што брат твой сам невясёлы, можна сказаць — няшчасны. Што там ні казала Маня, а Валодзьку часта шкода было i Ганну, якая таксама ж мучылася з паганым сваім Карчом i не з радасці ж вялікай хацела к Васілю жыць перайсці; шкода было — i заўсёды чамусьці i няёмка, i сорамна, — хоць Валодзя i сам толкам не ведаў — чаму Мабыць, таму, што Ганна усе ж — чужая жонка, венчаная ў царкве з другім, што бегала к Васілю тайна, хоць Васіль венчаны з другой; сустракаліся тайна, не па закону, не па закону цалаваліся, хоць чужыя. З гэтым зноў i зноў улазіла спакуслівае: усё ж добра было б, каб Ганна перайшла, стала сваячкай, каб сваяком стаў i Хведзька. Яны, праўда, i так амаль ужо сваякі з Хведзькам, калі ўжо ў Васіля з Ганнаю было такое; а усё ж такі лепей было б, каб парадніліся саўсім, на закону…

Шкадаваў Валодзька i Маню. Маню дык ён толькі шкадаваў: што ні думай, яна самая няшчасная. Васіля ўсё ж любіць Ганна, i Васіль Ганну таксама любіць; яны могуць пашкадаваць адно аднаго. А Маня як сірата, Васіль i глядзець на яе не хоча, гаварыць не хоча з ёю. Шкода Маню. Адтаго маркота i жаль бяруць, калі бачыш, як яна горбіцца іншы раз пры калысцы. І хочацца неяк суцешыць, каб ёй не было так горка, — неяк памагчы ёй.

Валодзька не адкручваўся, як раней, калі матка загадвала иазабаўляць малое, якое само чамусьці ляжаць ціха не магло. Калі ў хаце нікога не было, а Алёшка пачынаў гарланіць на усю хату, то Валодзька i без чыіх там загадаў падыходзіў да калыскі, забаўляў ці гушкаў хлопчыка. Не тое што кніжку, a i забавы цікавыя свае кідаў, каб супакоіць Алёшку. Іншы раз ён агукаў, як матка, i крывіўся смешна, паказваў рожкі i калі Маня была ў хаце; калі ёй было не да Алёшкі. Валодзьку хацелася, каб яна пахваліла яго: вось які ён, сказала б, добры, як памагае ёй, але яна нібы i не заўважала. І нават — Валодзька здзівіўся — зіркнула неяк нелагодна, быццам i недавольна была, што ён памагае. Знарок падышла да калыскі, адштурхнула яго, стала карміць малога, хоць той i не хацеў есці. А то вось, калі Валодзька ўзяўся забаўляць Алёшку, раптам кінула паласкаць пялёнкі ў начоўках ды так злосна рынулася да Валодзькі, што таго страх узяў.

— Чаго лезеш?! — закрычала, аж трасучыся ўся. Вочы яе былі чырвоныя, круглыя, рот шчэрыўся. — Чаго чапаеш?!

Валодзьку здалося, што яна зараз ухопіцца за віхор яму. Ці ўчэпіцца злымі зубамі.

— Я пазабаўляць… хацеў…— Ён з асцярогі адступіўся ад калыскі, не зводзячы з Мані вачэй.

— Пазабаўляць! Ідзі забаўляй сучак па завуголлях! Забаўляка!.. Пазабаўляць хацеў!.. — Закрычала грозна: — Штоб не чапаў! Штоб блізко да яго не падыходзіў!

— Не б-буду… Я толькі…— хацеў ён растлумачыць, апраўдваючыся, але яна перарвала:

— Штоб блізко не падступаў!..

— Не буду…

З таго разу Валодзю было i шкода яе i боязна…

Дзед Дзяніс не кідаўся так, як Валодзя. Не было ўжо ў дзеда i збянтэжанасці, i абурэння, якія гналі яго з поля першы дзень, калі на дзеда абваліў неспадзяваную навіну Андрэй Руды. Дзед не кіпеў ужо, быў аж надзіва стрыманы i роўны. Быў ён яшчэ — нібы больш строгі i разважны. Худы, касцісты, з важкім чырвоным носам, хадзіў ён у дублёным кажусе i па двары, i па хляве ўжо нібы не так старэча, з нейкай дужасцю ў хадзе, з асаблівай годнасцю даваў загады, найбольш матцы; паводзіў сябе не як якая-небудзь дзесятая спіца ў коле, а як першы ў сям’і, гаспадар. Матка, беручы яго загады, хоць іншы раз i аглядвалася асцярожліва на Васіля, ківала дзеду згодна, слухалася. Васілю дзед амаль не загадваў, рэдка казаў i заўвагі, але гэта не мяняла значэння: дзед нібы паказваў, што не хоча звязвацца з гэтым неслухам. І што яму мала клопату, што думае гэтае дзіця. Трэба сказаць, што Васіль, хоць i не бегаў па дзедавых загадах, нічым не пярэчыў, што дзед, праўда, — старшы, не так сабе ўзяў гэта — кіраваць усімі.