Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 66 из 121

— Чаму я Апейка, а не Апенька, — гаварыў ён як мог спакойна, з годнасцю, — пра гэта лепш запытацца ў таго п’янага папа, які запісваў мяне ў метрычную кнігу… — Нехта засмяяўся, іншыя падтрымалі прыхільным гаманком. Апейка адчуў, што тон узяў правільны; загаварыў зноў з той жа спакойнай насмешлівасцю: — А як я скрываў, хто мой брат i хто мой бацька, дык гэта, мабыць, невядома толькі таму, хто пісаў запіску… Хоць, — Апейка нібы задумаўся, — ён, мусіць, знае гэта лепш за іншых…

Зноў засмяяліся, хтосьці крыкнуў, не весела, нават пагрозна: "Знае!"

Апейка перачакаў i сказаў коратка, цвёрда:

— Сала братавага я не браў. Не браў i, значыцца, не еў. Hi аднаго фунта. І браць не думаю. — Гэтыя словы яго таксама ўхвалілі гоманам. Ён памаўчаў, падумаў.— Што да трэцяга пытання, то, — Апейка глянуў на Белага, — яно, можна сказаць, — не да мяне. Гэта пытанне — да камісіі.

Белы кіўнуў, што згодны з адказам. Запытаў у залу, якія да таварыша Апейкі пытанні. Пастаяў, павёў позіркам па зале.

— Чаго тут пытацца! Знаюць усе.

— Свой чалавек!..

Белы цярпліва пачакаў. Пастукаў алоўкам па графіне. Гоман прыціх.

— Хто хоча выступіць аб таварышу Апейку?

— Выступленне тут простае! Добры чалавек!

— Справядлівы!

Белы, жмурачы вочы, прыгледзеўся: хто там гаворыць? Устаў дзядзька, здаровы, шырокі, у расхрыстанай паддзёўцы.

— Ето я казаў! — Апейка пазнаў: "Сопат, рабочы з млына". Белы папрасіў яго выйсці к стану, але Сопат толькі варухнуў плячом. — І тут добра. Сярод народу. Лаўчэй… Дак от, кажу: добры чалавек! Добры, абыходлівы!.. Словам, парцейны!.. От i ўсё!

Дзядзька зірнуў на Белага, на Апейку, важна, з годнасцю чалавека, які выканаў неадменны абавязак, сеў. Белы зноў пытаўся, хто яшчэ скажа; зноў быў гоман, чулася: "Чаго туг казаць попусту!", "Ясно ўсё!", "Свой чалавек!" Тады паднялася, момант пастаяла, потым ціха пайшла к сталу Міхаленка Вольга, смуглявая, чорная, як цыганка, швейніца з арцелі. Апейка быў добра знаёмы з ёй: яна была сакратаром камсамольскай ячэйкі арцелі, не раз прыходзіла да яго. Зусім нядаўна абурапася ў яго кабінеце, што загадчык арцелі i кладаўшчык рознымі хітрыкамі нажываюцца на чужой працы, крадуць, п’янствуюць. Была яшчэ — таксама нядаўна зусім — з просьбай: дабівапася грошай на ленінскі куток. Ціхая, яна запомнілася Апейку i нейкай незвычайнай, пры гэтай ціхасці, цвёрдасцю, упартасцю. Нясмелая нібы, цыганаватая дзяўчына гэтая суцзіла ўсё строгай, нязменнай меркай патрабавальнага сумлення.





Яна i тут загаварыла ціха, як бы нясмела, апе з той верам у сваю праўду, якая прымусіла ўсіх прыціхнуць:

— Тут чыталі запіскі, у якіх таварыша Апейку ўсё роўна як вінавацяць у тым, што ў яго наганы брат. Яшчэ i робяць такі намёк, што, маючы такога брата, не можно займаць месца ў райвыканкоме. Я не знаю, хто гэта пісаў, але па том, што напісаў, відно: чалавек ён паганы. Злы. Чалавек, каторы глядзіць, за што ўхапіцца, штоб утаптаць нашага старшыню ў гразь. Утаптаць ні за што ні пра што! — Яна як бы не чула добрага гоману ў зале: жыла адно сваім хваляваннем — выказаць усё, да канца. — Канешне, яблыкі з адной яблыні i не далека падаюць. Ето праўда. Але людзі кожны жыве сваім розумам, у кожнаго свая дарога. Брат брату, кажуць, па няшчасцю прыяцель. Ето ўсе адно як сказано да сягонняшняго сходу: такі брат, як у нашага старшыні,— ето, праўда, няшчасце. Да яшчэ калі пра етаго брата напамінаюць табе; калі яго як усё роўна прывязваюць на шыю, штоб утапіць. — Яна перачакала гоман, заявіла непахісна: — Трэба не шукаць, каго б яшчэ прывязаць, а трэба паглядзець — хто сам той, каго сабраліся чысціць. Якая ў самога яго душа, ці душа ето бальшавіка, ці — кулака, спекулянта. У нашага старшыні — душа бальшавіка. Сам ён увесь — бальшавік сапраўдны, правераны. Правераны народам, які яго знае. Знае ўжэ не адзін год.

— Значыць, вы лічыце, што таварыша Апейку няма чаго i абмяркоўваць? — бліснуўшы вачыма да залы, падчапіў яе Галенчык. — Можа быць, вызваліць яго ад чысткі?

— Можна было б i вызваліць, — сказала яна цвёрда. Гледзячы проста ў вочы Галенчыку, дадала яшчэ цвярдзей: — Чышчаны ён. Не адзін ужэ год чышчаны.

Яна ціха i ўпэўнена сышла ўніз, не зважаючы ні на тое, як пакруціў галавою насмешлівы Галенчык, ні на тое, як глыбакадумна штосьці запісваў ён у блакнот. Ужо тады, калі ён зноў павёў позіркам па зале, папрасіў слова малады, звонкі голас. Яшчэ па голасе Апейка пазнаў: Кудравец, сакратар райкома камсамола. Папраўляючы на хаду пояс, абцягваючы складкі на гімнасцёрцы, рашучай хадою Кудравец пайшоў насустрач яму, к сталу.

Па тым, як ён ішоў, як стараўся не сустракацца позіркам, Апейка адчуў, што Кудравец выйшаў не абараняць яго. Кудравец стаў край сцэны, ускінуў галаву, нагадваючы раптам плыўца, што зараз кінецца ў ваду. Набраўшы паветра, ён i кінуўся ў спрэчку: перш за ўсё напаў на камсамолку Міхаленка за яе ідэйна непрадуманую заяву, нібы чыстка партыі неабавязковая для ўсіх партыйцаў. У партыі ўсе роўныя, сказаў ён, i чыстку абавязаны прайсці ўсе, знізу да самага верху. Таму заява гэта Міхаленкі — памылковая, i райком камсамола ў прынцыпе асуджае яе. Апошнія словы Кудравец казаў ужо Галенчыку, i Галенчык слухаў яго з сур’ёзнай мінай; стрымана кіўнуў, што прыме заяву гэту да ведама.

— Цяпер — пра таварыша Апейку… — Голас яго апаў, ён перавёў дыханне, гатовы, здаецца, уздыхнуць. Хоць Кудравец быў наперадзе i Апейку бачылася толькі патыліца ды трохі шчака, ён заўважыў, што той няёмка шукае некага. Вось — знайшоў. Башлыкова. Цяперашняга свайго настаўніка. Апейка востра сачыў, неспакойна i як бы раўніва: Кудравец быў яго вучнем. Не хто іншы, ён, Апейка, заўважыў, прапанаваў вылучыць Кудраўца ў райком, ён падказаў паслаць яго на вучобу. Сам вучыў яго, дзяліўся ўсім, што было ў душы; вучыў, пакуль не паявіўся іншы настаўнік. Цяперашні. "Kaгo ж ты вылучыў i вывучыў?.." — прайшло раптам цяпер у галаве. Кудравец зноў набраў паветра i як бы нырнуў: — Таварыш Апейка… ніхто не стане адмаўляць… зрабіў нямала. Ніхто не сабіраецца скрываць: таварыш Апейка — чалавек працавіты i… старанны. Тут я магу далучыцца да таварыш Міхаленка. Таварыш Апейка стараецца працаваць. Як на сваёй пасадзе старшыні райвыканкома, так i ў бюро райкома. Ён выконвае даручэнні, якія яму даюць як члену бюро. — Усё гэта, асцярожлівае, нясмелае, Апейку чулася, нібы прадмова да іншага, галоўнага, якое Апейка чакаў з раптоўнай, пільнай цікаўнасцю. Ён не памыліўся. Адразу за гэтым тон Кудраўцовага голасу пацвярдзеў: — Мы не сабіраемся скрываць тое добрае, што было. Але — мы i не павінны заплюшчваць вочы на тыя недахопы, якія ёсць. А яны ёсць у таварыша Апейкі. І — немалыя. І тут трэба сказаць гэта не тоячыся. Бо чыстка — гэта не бяседа за сталом са ўсякімі пачастункамі, дзе сябры хваляць адзін аднаго ды абдымаюцца. На чыстцы трэба чысціць, счышчаць усялякія наросты. І тут мы павінны, не тоячыся, сказаць, што ў таварыша Апейкі ёсць вялікія недахопы. Перш за усё, трэба сказаць адкрыта, у таварыша Апейкі не заўсёды хапае бальшавіцкай прынцыповасці. Таварыш Апейка, трэба прама сказаць, нярэдка траціць класавы крытэрый у рабоце.

— У чым гэта выражаецца? — ухапіўся Галенчык узняў галаву.

Кудравец азірнуўся: Галенчык патрабаваў суровага смелага адказу.

— Ён, таварыш Апейка, вельмі добры… — Кудравец хацеў схаваць ніякавасць, адвярнуўся к зале, загаварыў знарок голасна: — Мы жывём у вялікі, але суровы час. Нас акружаюць i справа i злева ворагі, i нам трэба быць пільнымі i бязлітаснымі. Нам нельга папускацца, быць добрымі. Нам трэба быць бязлітаснымі. Каб вораг здалёк нас баяўся, адчуваў нашу непахіснасць…

— Чаму ж ён, таварыш Апенька, добры такі? — зноў перабіў Кудраўца Галенчык. Перабіў строга, непрыхільна; з нейкім пагрозным, улавіў Апейка, намёкам. Тон быў такі, што Галенчык ведаў прычыну "дабраты": "добры" — ён вымавіў моцна, насмешліва; Галенчык пытаўся, каб падказаць прычыну другім.

— Ён добры, па-мойму, проста… ад прыроды… — сказаў Кудравец.