Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 64 из 121

— Ніякіх стагнанняў i ваганняў у правядзенні партыйнай лініі не было, — дадаў ён голасна i цвёрда, як бы падводзячы вынік свайму яснаму жыццяпісу. — Hi ў якіх антыпартыйных групіроўках i блоках ніколі не ўдзельнічаў. Вёў i буду весці з імі самую бязлітасную барацьбу, як i ca ўсімі тымі, хто будзе спрабаваць адхіліць нас управа ці ўлева ад генеральнай лініі партык. — Ён ужо скончыў, але ўспомніў, даказаў: — За граніцай сваякоў няма. Асуджаных савецкім судом таксама няма. Hi з блізкіх сваякоў, ні з далёкіх…

"Ніводнай плямкі. Ідэальная біяграфія", — падумаў ці адчуў, мусіць, не адзін Апейка; але Апейка, які ведаў i помніў тое, чаго не ведалі ці не прыгадвалі іншыя, можа быць, як мала хто, падумаў, што ўсё гэта, нібы такое пераканаўчае, яшчэ не ўсё, далека не ўсё, каб паказаць, чаго варт чалавек як партыец. Апейку чулася ў гладзенькім гэтым жыццяпісе як бы нават нейкая няпраўда, за ўсім гэтым гладзенькім, роўненькім…

— Тут паступілі на таварыша Башлыкова такія скаргі…— старшыня камісіі з вельмі спакойным, дзелавітым выглядам, не гледзячы ні на Башлыкова, ні ў залу, у вялікай цікаўнай цішыні разгарнуў папку, прабег вачыма па паперцы, адной, другой, стаў чытаць. Гэта был i паперкі з тых, што называліся кампраметуючымі матэрыяламі, якія камісія збірала, калі рыхтавалася да сходу.

Башлыкоў першы момант, было відно, трохі занепакоіўся, але, паслухаўшы адну, другую, паспакайнеў i стаў перад сталом i гаварыў зноў упэўнена, з годнасцю чалавека, які ўсё, што ад яго залежала, рабіў i будзе рабіць; які калі чаго i не зрабіў, то толькі таму, што гэта не ад яго аднаго залежала. Яму гэта было добра гаварыць таму, што амаль усе скаргі былі ў аснове сваёй не так на Башлыкова самога, як на райком, на розныя непарадкі ў мястэчку, у сёлах, на жыццёвыя нястачы. Былі дзве запіскі ca скаргамі, што не хапае солі i карасіны; ён сказаў, што ўсё, што выдзяляюць раёну, не залежваецца ні на складах, ні ў крамах. У адной запісцы абураліся тым, што забіваюць свіней i кароў, прадаюць мяса з-пад палы: дзяруць з людзей шкуру; ён таксама абурыўся, сказаў, што партыйная арганізацыя вяла i будзе весці бязлітасную барацьбу з гэтымі злачынцамі i спекулянтам!. Папрасіў, каб пра кожны такі выпадак паведамлялі ў міліцыю ці яму асабіста. Хтосьці паскардзіўся, што ў Бярозаўцы, калі адводзілі зямлю пад калгас, няправільна абрэзалі зямлю; ён паабяцаў, што пасля сходу паедзе ў Бярозаўку i выясніць усё сам. Скардзіліся, што прыцясняюць веруючых; ён стаў з гневам гаварыць пра рэлігію, пра яе шкоду, самакрытычна прызнаўся, што таварыствы бязбожнікаў, настаўнікі i камуністы ў сёлах няўмела змагаюцца з рэлігійным дурманам…

У адной запісцы было, як папрок, неспадзяванае для такога сходу: "Чаму сакратар таварыш Башлыкоў, сустрэўшыся на вуліцы, ні з кім, акрамя сваіх сяброў, не здароваецца? Не кажучы ўжэ пра тое, штоб зняць шапку ці папытаць, як здароўе". Калі Белы прачытаў гэта пытанне, у зале хтосьці, мабыць ад неспадзеўкі, засмяяўся. Засмяяўся знарок весела i Башлыкоў.

— Здароваюся!..

— Правільно напісано! — крыкнуў хтосьці з залы. — Падмечано!

Белы з цікавасцю слухаў, як па зале ішоў даволі дружны, нядобры гоман.

— З людзьмі, каторых я знаю ці каторым веру, я не толькі здароваюся, a i падаю руку, — паспрабаваў адужаць гоман Башлыкоў. Ён зноў гаварыў цвёрда.

— Мало ж ты каму верыш! — упёк яго хтосьці з залы, голасна, злосна.

Зноў пачуўся гоман — неспакойны, непрыхільны.

Твар Башлыкова стаў чырванець. Востры позірк пабег па радах, узіраючыся, шукаючы.

— Я з усімі здаровацца не магу, калi б i хацеў,— сказаў ён, не бянтэжачыся. — У раёне тысячы людзей! А я — адзін!

— Правільна, — падтрымалі яго некапькі галасоў.

— Паважаць людзей трэба! — зноў выбіўся той моцны, злосны. — Hoc задзіраеш рано!

— Зазнаўся!.. Молад яшчэ!.. — пайшло зноў па радах.

— Я не зазнаюся, — сказаў ён, гатовы ўпарта абараняцца. — Ніколі не зазнаваўся, — прамовіў ён яшчэ мацней. Раптам, адужваючы шум, разважна, цішэй дадаў: — Але, канешне, у мяне таксама могуць быць недахопы…





— Вось гэта правільна, — згадзіўся цяпер Белы. Старшыня пастукаў алоўкам па графіне, запытаўся ў залы: — Якія таварышу Башлыкову пытанні, прашу задаваць.

Стала ціха. Ля сцяны злева ўстаў барадаты дзядзька, пакашляў. Сказаў быццам з затоеным сэнсам:

— Няхай скажа, ці работаў у сельскім хазяйстве?

Башлыкоў, яшчэ з чырванню ў твары, павёў уважлівым позіркам к сцяне.

— Раней не даводзілася.

— Яс-сно, — прамовіў дзядзька зноў як бы прытоена i сеў.

Вясёлы жаночы голас запытаўся, чаму таварыш сакратар нежанаты ходзіць: местачковых дзяўчат гэта вельмі цікавіць; але Башлыкоў, хоць i ў зале павесялела, не паддаўся на весялосць. Яшчэ насцярожаны, адказаў, што з жаніцьбаю думае пакуль пачакаць.

— Шкода! — уздыхнуў хтосьці гулліва.

Башлыкову давялося перажыць яшчэ некалькі важкіх хвілін, калі Белы запытаў у залу, хто хоча выступіць, i к сталу камісіі лёгкай, пругкай хадой падышоў Гайліс. Гайліс ледзь дайшоў, дзіцячым сваім галаском кінуў у залу:

— Тут неразумно смяялісь з запіска: Башлыкоў не здымае шапка, не здароваеца! Нічого нет смешного. Правільно. Таварыш Башлыкоў не знімает шапка. Конечно, это маленькі недостаток. Товарыш Башлыкоў, можа быць, дажэ не знал, что туг есць такі звычай: здароваца з незнаемы чалавек. Але это — што таварыш Башлыкоў не здароваеца — не есць дробязь, ерунда. Бо тое — што товарыш Башлыкоў не здароваеца — не есць случайносць. Бо этот факт говорыт пра тое, як товарыш Башлыкоў звычайно паступает. Он звычайно i таварышам, з каторымі разом работает, таварышам па парціі, руку не подас. Он нікогда не пытаеца: "Як вы жывьёце?" Он болей любіць крычат у трубку: "Ві там чорт знает, что дзелаетэ! Ві спітэ! Bi — опортуністы! Mi будзем з вамі говорыт на бьюро!" Вот як говорыт часто товарыш Башлыкоў…— Гайліс памаўчаў, паглядзеў на Башлыкова, як бы хацеў пераканацца, ці слухае той.

Башлыкоў, пачырванелы, стоены, слухаў, i Гайліс павярнуўся зноў да залы. — Товарыш Башлыкоў, можа быць, лічыць, што сэкрэтар павінен быць строгі. Это правільно: павінен быць строгі. Он не есць, як гаворыцца, кум. Але этаго мало. Сэкрэтар райкома павінен быць не толькі строгі, але i ўважлівы, i справядлівы. Чуткій павінен быць. Культурный. Этого часто нет. — Ён зноў павярнуўся да Башлыкова, дакончыў: — Вучыца. таварыш Башлыкоў, трэба!

Ён гаварыў так шчыра, пераканана, што ўся зала моўчкі лавіла кожнае слова. Уражвала, мусіць, i тая адкрытасць, смеласць, з якой ён рэзаў праўду самому Башлыкову, не думаючы зусім пра тое, што можа быць потым. Апейку гэтыя адкрытасць i смеласць не дзівілі, ён адно думаў з ухвалай, як добра тое, што ён, Гайліс, рэжа ў вочы Башлыкову, i іменна тут, у гэты момант; бачыў, як чырванеў, як стрымліваў сябе не вельмі ахвотны да такіх урокаў сакратар. "Слухай, слухай, — мімаволі думаў Апейка. — Вучыся…"

Гайліс такой жа лёгкай хадою сышоў, як чалавек, які зрабіў тое, што павінен быў, падаўся на сваё месца, на другім радзе, недалёка ад Апейкі. Апейка не азіраўся, але адчуваў, што на Гайліса глядзяць з павагай, — у зале яшчэ ціха, ні аднаго галаска. У цішыні гэтай i пачулася:

— Дазвольце мне слова!

К сталу ішоў Зубрыч. Ускочыў на адну ступеньку, на другую, зірнуў у залу, але гаварыць не стаў спяшацца. Пачакаў увагі.

— Я — беспартыйны, — сказаў ён спачатку да камісіі.— Але я таксама хачу сказаць. Паколькі думка беспартыйнай масы, як мне вядома, таксама не абыякавая для камісіі. Голас мой як чалавека непартыйнага, можа быць, i не так многа значыць, але я магу таксама ўнесці сваю долю для высвятлення ісціны. І такім чынам, па гэтай хоць бы прычыне, я адчуваю абавязак сказаць сваё слова. — Ён павярнуўся к зале, памаўчаў момант i загаварыў больш павольна, моцна. — Я павінен сказаць шчыра некалькі слоў. Перш за ўсё, не буду таіцца, таварыш Башлыкоў са мной таксама не цырымоніўся. Мне, наколькі я помню, ён таксама не толькі не падаваў рукі, але i, здаралася, гаварыў словы не менш вострыя, чым таварышу Гайлісу. Здаралася, было такое, таіцца няма чаго. Я буду гаварыць шчыра. — Ён кінуў позіркам на Башлыкова, які насцярожана сачыў, да чаго ўсё гэта.