Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 61 из 121

Словам, цяпер гэта быў не той бесклапотны малы, які адно ведаў: хачу гуляць, хачу есці; ведаў Валодзя цяпер, што, акрамя гэтага спакуслівага — хачу, ёсць у чалавека непрыемнае, але неадменнае, абавязковае — трэба. Не заўсёды "трэба" перамагала "хачу", але ён ужо добра чуу, што "трэба" — важнейшае, што не лічыцца з ім няможна…

Так, на выганах i на пашах зазнаў малы чалавек вялікую супярэчнасць чалавечага жыцця. Зазнаў ён i складанасць свету, складанасць становішча чалавека ў ім. Запісаны ў Алешніцкую школу, за тры месяцы ён пасядзеў на лаўцы ў першым класе толькі якіх дзесятак дзён: іншыя дні то памагаў на гаспадарцы, то — у слату, у дождж — сядзеў у хаце (не было ў чым ісці), то гуляў дзе-небудзь з прыяцелямі, аддаўшыся свайму спакусліваму "хачу"…

За тры гады ён вельмі падрос i стаў больш падобны на матку. Як i ў маткі, валасы ў яго былі бялявыя; аднаго колеру — шэра-сіняватага — былі i вочы, не такія, як у Васіля, не хмурныя, падсцярожлівыя, a даверлівыя, лагодныя, з дачаснай задуменнасцю. Гэтая задуменнасць неяк асабліва прыкметна была ў малым, была як знак таго, што чалавек глядзеў на свет сур’ёзна, стала, разважна…

— Дзед, — сказаў ён, калываючыся разам з калёсамі на ямках i купінах, — а ў Жалудка — у настаўніка — вуллі, як хаткі. І — проста па зямлі стаяць, у садку…

— У калодах ім лепей. Зацішней. Не так трывожно…

Валодзя, што кіраваў канём, аб’ехаў яму, памаўчаў, падумаў аб нечым сваім, запытаў ціха:

— Яны — вельмі трывожныя? Болей за людзей?

— Болей!.. — Вочы дзеда бліснулі жвава, весела. — Шчэ якія трывожныя! У ix нутро, тым часам, хоць маленькае, а — чуткае, страх! Далікатнае нутро!.. Усё чуюць! Любіш ты ці не, рады ты ці смутны! Усё, зразу!..

Валодзя не сказаў нічога, адно задуменна пазіраў з-пад раскіслага, падобнага на сабачае вуха казырка.

Дзед памаўчаў трохі, прамовіў, давольны:

— Еты год пчолам зіма не страшная будзе. У калодах цёпло, што ў добрай хаце! Хай ім хоць які холад — баяцца нечаго! І яды, тым часам, хваціць! Да самага лета мёду аставіў — той раз!..

Ехалі ўжо к апошняму — сёмаму — вуллю, калі на дарозе трапіўся Андрэй Руды, які таксама кіраваў некуды на калёсах. Хацелі размінуцца, але Руды спыніў каня, саскочыў, гукнуў дзеда. Падышоў, спытаў, ці даўно ў полі.

— Вы ж, следавацельно, i не знаеце, што ў вас учынілася! — сказаў, нібы радуючыся таму, што выпала паведаміць.

Дзед кінуў позірк з-пад белых броў:

— Што, тым часам, учынілася?

— Учынілася, Дзяніс Ігнатавіч, у вас — та-скаць — асобеннае праісшэствія! — Руды зацягнуўся самакруткай, пусціў носам далікатны дымок. — Праісшэствія — та-скаць — на ўвесь сельскі маштаб! Усё сяло гудзе: раскол у сямЧ Дзятлаў! — Ён перахапіў нецярплівы дзедаў pyx i сказаў: — Маня ідзе да сваіх, a Васіль — ёсць сведзенія — бярэ Ганну Чарнушкаву!

— Як ето — бярэ?..

— Та-скаць, згаварыліся тайно!

Дзед адразу ўзяў ад Валодзі лейцы i, не гаворачы больш нічога, павярнуў каня ў Курані.

Валодзя бачыў, што навіна, пачутая ад Рудога, вельмі ўстрывожыла дзеда: пра пчол нават адразу забыў! Валодзька ж спачатку ўзяў вестку са сталай i спакойнай разважнасцю: ідзе Маня, ну i няхай ідзе! Ён нібы ўбачыў, як яна ідзе на вуліцы, тоўстая, павольная, падумаў ясна: Васіль усё роўна не любіць яе, калі з Ганнай жыць хочацца! А так i Васілю добра будзе, i Ганне, i Мані — бо што ёй за цікавасць з Васілём, як яму другая болей падабаецца! Яна i так колькі наплакалася адтаго, што ён вечна хмурны, недавольны. Цяпер хоць пажыве ціха каля сваіх!.. І ёй добра будзе, i Васілю з Ганнай. Ён тут жа з трывогай падумаў: а з кім жа цяпер астанецца хлопчык — з Васілём ці з Маняю, — i пачуў, што жыццё зноў нагадала пра сваю складанасць. Ён рашыў усё ж, што i гэты вузел развязаць можна так, каб усім добра было: няхай жыве яно трохі ў адных, трохі—у другіх. Яму так яшчэ лепей будзе! За гэтымi клопатамі Валодзю раптам узяла радасць: яны цяпер з Хведзькам — сваякі! Ганна ж — Хведзькава сястра!

Гэта радасць i жыла ў ім найбольш, калі ён ехаў з дзедам к сялу. Яму вельмі не цярпелася хутчэй пабачыцца, падзяліцца вялікай навіной з прыяцелем — Хведзька ж, можа, яшчэ нічога i не знае! Калі ехаў па вуліцы, так i лавіў позіркам, ці не відно знаёмай постаці, так i гнала саскочыць, кінуцца шукаць! Так шкода было, што Хведзька, можа, у Алешніках на ўроках яшчэ!..

Падумаў — зойдзе на хвілінку, пачуе сам на свае вушы ўсё, тады — иабяжыць шукаць, а як Хведзька на ўроках, пабяжыць к фэблі, насустрач! Але калі ўехаў на двор, пабачыў сумную матку, калi ўвайшоў у хату, убачыў заплаканы, няшчасны Манін твар, — пачуў, што радасць ураз выцекла, як вада з далоні між пальцаў. Жаль вялікі ўзяў за Маню: не рада ж яна, вунь як бядуе! І матка — як бы нябожчык у хаце!





Хацеў нават зразу сысці з хаты, але маці заўважыла, пазвала: дала есці.

Адтаго, што Маня сядзела на палацях каля калыскі ды хліпала, яда была не ўсмак. Пасёрбаў баршчу так, для прыліку, каб матка не гаварыла нічога, хутчэй вылез з-за стала, выйшаў на двор. Адышоўшы ж ад двара, стаў на вуліцы, поўны вялікай, цяжкай супярэчнасці.

Было так шкада i Мані, i магкі, што ісці да Хведзькі ўжо не хацелася. Ён i не пайшоў да Чарнушкаў, падаўся на выган, з выгану на ўзболатак, але ад хмызняку павярнуў назад, пацёгся прыгуменнай дарогай. Ішоў сам, не ведаў куды. Не ведаў, што рабіць. Чапавек быў зусім збіты з тропу.

Пастаяў на сваім прыгуменні, залез у гумно, ушыўся ў салому. Сядзеў ціха, моўчкі, з нейкім супакаеннем слухаў, як пахне жытняю саломаю, халодным токам, старым дрэвам. Пад застрэшшам круціліся, ціркалі вераб’і, i гэтае знаёмае цірканне таксама як бы супакойвала. Але сядзець неўзабаве надакучыла. Калi зноў цягнуўся на святло, на прыгуменне, з усіх прыяцеляў успомніў аднаго Хведзьку. Іменна Хведзькі не хапала цяпер яму. Адзін Хведзька патрэбен быў.

Усё ж ішоў на Чарнушкаў двор без ранейшай вольнасці, з невядомай трывогай i асцярожнасцю, як бы чагосьці баяўся. Зусім забаяўся, калі рагітам убачыў не каго іншага, а Хведзькаву матку, калі тая так зіркнула, што ледзь не кінуўся наўцёкі. Хведзькі не было, i ён, самотны, падаўся на выган, потым у хмызняк. Чалавек усё не знаходзіў сабе месца, жыў адно толькі тым, што выглядваў, ці не відно дзяцей на дарозе, ці не вяртаюцца са школы.

Хутка i гэтае выглядванне надакучыла, падаўся насустрач, дайшоў да цагельні. Толькі калi ўбачыў на грэблі купку малых, стаў, цярпліва i хмурна пачакаў. Хмурны ж падышоў i да Хведзькі, моўчкі пацёгся побач, сярод хлопцаў i дзяўчат у світках, у каптанах, з торбачкамі,— адзін унураны, сур’ёзны ў дураслівай, гаманкой чародцы. Ужо ля сяла адвёў Хведзьку ўбок, сказаў са сталай стрыманасцю:

— Знаеш, мы з табой, мабуць, будзем сваякамі…

Хведзька шмаргануў чырвоным з чарнільнай плямай носам.

— Чаму ето?

— Васіль праганяе Маню. Ганну вашу хоча ўзяць за жонку.

Хведзька толькі зірнуў заклапочана:

— А як жа Яўхім яе?

— Яўхіма яна, мабуць, кіне.

— От добра! — сказаў Хведзька.

Валодзя як бы прасіў парады, помачы, прызнаўся нявесела:

— Добра-то добра, ды яна не хоча — Маня! Плача!

— Ну i няхай плача! — проста рашыў Хведзька.

Валодзю не вельмі ўсцешыла гэта рашэнне, але яму ўсё ж стала спакайней. Раптам найшла вялікая любасць да Хведзькі. Абодва любілі адзін аднаго ў гэты момант, як ніколі, пяшчотна, моцна. Шчаслівыя, блізкія, як ніколі, ішлі ў сяло: родныя ужо, можна сказаць, людзі!

Калі Хведзька пайшоў у хату — кінуць торбу з букваром i сшыткам, пад’есці, Валодзька астаўся чакаць на выгане. Баяўся, што матка затрымае прыяцеля, не пусціць, але Хведзька хутка прыбег. Удваіх — поўныя радасці неспадзяванаму свайму сваяцтву — шасталі па хмызняку, па прыгуменнях, пакуль не разлучыла халодная цемра.

Дома ж, калi Валодзька залез пад коўдру, ледзь улавіў Маніны ўздыханні ды хліпы, нядаўняя радасць ураз растала. Узяла зноў вялікая маркота, лёг на душу жаль. Якніяк, шкода вельмі яе, Мані! Спачуваючы ёй шчыра, прагнучы неяк памагчы, Валодзя падумаў разважна: а чаму б не зрабіць так, штоб i яна, Маня, не ішла з ix хаты нікуды, i Ганна штоб жыла тут з Васілём. Калі ўжо ім абедзвюм з Васілём быць хочацца. Услед за гэтым падумаў: чаму канешне ў кожнага па адной жонцы? Уздыхнуў сам сабе: карміць, мабуць, дваіх не накорміш!..