Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 6 из 121

Яшчэ доўга да вечара захмарыла ўсё, пацямнела навокал; завуркатаў наводдаль гром. Глушак падганяў усіх — прыбраць хутчэй падсохлае сена, скапіць.

Сярод шалёнага гону Ганна похапкам адбегла ад іншых, кінулася к дубку — грудзі занылі ад трывогі: Вера была гарачанькая. Тварык, цельца пачырванелі. Дыхала часцей, цяжэй, як бы змораная.

Ганна сказала пра свой неспакой Яўхіму. Той выцер пачарнелыя, сасмяглыя губы, зморана супакоіў:

— Духата. От i дыхае так… Тут сам як не задыхнешся…

Праўда, душна было вельмі. Аж млосна станавілася ад задухі, у руках, у нагах — ва ўсім чулася слабасць. З вялікім намаганнем падымала насілкі з сенам, цераз сілу цягнулася да капы.

Але дачушцы не стала лягчэй i калі па ўсім балоце, гнучы лозы i гонячы жмуткі сена, пайшоў свежы, шырокі вецер. Стала лепш, здаравей, а Верачка ўсё млела i хапалася дыхаць. Не палягчэла ёй, не астыла малая i ўвечары: лобік зрабіўся яшчэ гарачэйшы, грудка, ножкі гарэлі.

— Прастудзілася, ці што? — У голасе старога Глушака Ганне пачуўся папрок: не ўберагла!

Далі папіць малой чабаровага настою, i неўзабаве ва ўсім Глушаковым табары чуліся сапенне ды храп. Даўжэй другіх не лажыўся, хадзіў каля Ганны, што гнулася пры калысцы, Сцяпан; але змора нарэшце ўзяла i яго. Толькі Ганне не спалася. Хілілася над калыскай, услухоўвалася, як малая дыхае, асцярожна дакраналася да лобіка, усё хацела пачуць, што гарачыня ў Верачцы ападае.

Укрывала, затульвала сабой ад ветру. Вецер быў неспакойны, халодны, як крынічнай вадою абліваў шыю — прыйшлося ўсцягнуць на сябе посцілку. Амаль увесь час нядобра, трывожна шумеў дуб. Пахла навальніцаю.

Чаканне яе таміла душу. Але зіхала i грымела ўсё наводдаль, нібы навальніцы хацелася больш памучыць яшчэ, падыходзячы. Няхутка набліжаліся бліскавіцы, паволі раслі, мацнелі грамы, a ўсё ж падступаліся, гразіліся. Вось ужо сталі заходзіць збоку, як бы акружаць. Вецер таксама нібы цешыўся людскім неспакоем — то ўціхаў на хвіліну, то налятаў з новым шалам, біў вільгаццю i холадам. Старыя даўно не спалі, гнуліся побач з Ганнаю, хрысціліся на кожны бляск, кожную грымоту.

У водбліску маланак Вераччын тварык здаваўся белым-белым, без крывіначкі. Малая таксама не спала, але вочы, ледзь расплюшчаныя, глядзелі неяк безуважна, як бы поўныя сваёй турботы.

— Не бойся… Ето Ілля катаецца… Ілля-прарок… — туліла малую, ласкава i трывожна шаптала ёй Ганна. — Ён добры… Ён малых не чапае… Ён толькі здаецца такі — страшны… A напраўду ён — добры… Добры…

І ў громе чула, як цяжка, часта дыхае Верачка, — хоць словам, хоць чым-небудзь хацела памагчы малой!

Ужо блізка да раніцы прарваўся, загуў вакол дождж — спорны, але нядоўгі. Калі ж ён сціх, бліскала i грымела далека.

Раніцай усё паравала. Усё балота было як у дыме, прасветленым сонечнай яснасцю. Блішчала зоркамі раса на траве, вада на дубах, на кустах лазы. Усё, здаецца, зіхцела, зычыла радасць.

Дзень ішоў пагодны. У сонечнай весялосці Глушакі хутка як бы забылі нра бяду: косы Сцяпана i Яўхіма ўядаліся ў мокрую траву са смакам, Глушачыха i Халімон, нібы памаладзелыя, разварушвалі i разварушвалі копы, пераварочвалі рады. Стары, сухенькі, мітуслівы, хапаўся сам i падганяў іншых — усё баяўся ўпусціць час, божкаў, каб пратрымалася надвор’е.

У Ганны ж граблі валіліся з рук. Раз-пораз кідала ix і, стомленая, важкая ад бяссоння i трывогі, праставала да дубка, да калыскі: усё чакала, што Верачцы палягчэе. А дачушцы было горш i горш. Дыхала часцей i цяжэй, аж задыхалася.

За ёй падышоў, пастаяў са спачуваннем каля Ганны, каля малой Сцяпан. Не сказаў нічога, толькі ўздыхнуў, патупаў да воза, падняў біклагу напіцца. Падбегла, пабедавала старая, але праз хвіліну кінулася да грабель, баючыся трапіць на Халімонаў гнеў. Падышоў быў на момант i Яўхім. Ганна чакала, што падтрымае неяк, параіць што-небудзь — ёй так патрэбны былі цяпер добрае слова, падтрымка, — але Яўхім адно прамовіў:

— Перахварэе — здаравей будзе…

Поўная адзінокасці i непадзеленай трывогі, Ганна раптам кінулася да сваіх. Калі бацька, уткнуўшы кассё ў купіну, у змакрэлай на грудзях i пад пахамі сарочцы, стаў побач, яна пачула сябе малою, бездапаможнаю, ледзь утрымалася, каб не заплакаць. Але не заплакала.

З дзіцячай надзеяй i давер’ем павяла мачыху i яго да Верачкі.

— Абы гарлавой не було, — сказала мачыха, прыгледзеўшыся да малой, якая аж роцік раскрыла, хапаючыся дыхаць. Яна як бы пашкадавала Ганну: — Але, здаецца, не павінно…

У гэты момант Ганна чула ў ёй сваю добрую, шчырую маці. У горы яны раптам сталі блізкімі i родным i…

Бацька параіў Ганне:

— Як не палягчэе, трэба па знахарку…

— У Юравічы трэба, — адгукнуўся Андрэй Руды, спрактыкавана зазіраючы пад полаг. Ніхто не заўважыў, калі ён падышоў, i ніхто не ведаў, як ён мог дачуцца, што тут можа спатрэбіцца яго парада, але ніхто i не здзівіўся таму, што ён тут, што ён раіць. Ці многа было ў Куранях спраў без Андрэевых парад. — У Юравічы, — паўтарыў ён павучальна. — Доктар Янушкевіч там е такі. Та-скаць — свяціло на ўвесь свет. У Мозыры знаюць…

— Можно i к дохтару, — згадзіўся бацька. — Коні ў Яўхіма добрыя, умент занясуць i ў Юравічы…

— Занясуць-то занясуць, — пакруціла з нейкай загадкай мачыха. — A толькі — ці на дабро… Знахарка — дзело пэўнае… Усякі знае…





— Цемната наша! Выдумляем чорт знае што! — Андрэй стаў гарачыцца. Горача сказаў Ганне: — Едзь, не сумнявайся! Ад любой хваробы ўраз вылечыць! Толькі, следавацельно, штоб не позно прыехала!

Стары Глушак, які таксама падышоў, слухаў, адгукнуўся строга:

— Не апознімся, калі трэба будзе!

Было чуваць, стары ледзь хаваў злосць на Рудога: прыпёрся, настаўнік галапузы, уткнуў свой нос! І на Чарнушкавых глядзеў не вельмі каб ветліва, i Ганнай быў недавольны: сама рабіць не робіць ды яшчэ ўсякіх падказчыкаў водзіць!

І Чарнушкі i Руды, чуючы гэту Глушакову непрыхільнасць, хутка пачалі моўчкі, няёмка разыходзіцца. Адна Ганна не паддалася вяленню старога, як бы нават i не лічыла вяленне гэтае вартым увагі: жыла толькі сваёй трывогаю, якая была вышэй за ўсё, адна меркавала i загадвала, што рабіць.

Паспрабавала накарміць малую, але тая грудзей не ўзяла. Захінуўшы полаг, поўнячыся неспакоем, рашучая, Ганна падалася не да грабель, а да Яўхіма, што занята вымахваў перад сабой касою. Стала перад ім, колючы сухімі, нядобрымі вачыма, выціснула, як бы патрабавала:

— Гарлянка, можа, у яе!

Яўхім стомлена павёў плячыма, перагнуўся трохі назад — хацеў разварушыць здзервянелую спіну.

— Шчэ што выдумает!..

— Пабачыў бы, якая яна!

— Бачыў ужэ… Няма ў яе ніякай гарлянкі… Застудзілася, потная — от i ўся гарлянка…

— Задыхаецца ж!

— Прастудзілася, от i дыхае так…

Ён правёў рукой па касе, сцёр прыліплыя мокрыя травінкі. Яму, бачыла Ганна, хацелася кончыць гэту гаворку. Але яна як загадала:

— К дохтару ў Юравічы трэба павезці! Там е, кажуць, добры дохтар!

— Трэба — дак трэба, — раптам згадзіўся ён. Тут жа павёў позіркам у бок старога, дадаў: — Падажджэм толькі да вечара…

— Чаго ждаць!

— Падажджэм! — цвёрда сказаў ён. — Пабачым…

Яўхім апусціў касу ў траву, як бы даў знак, што гаворка скончана. Няма калі тут растарэкваць попусту…

Вечарам дачушцы не было лягчэй і, калі пасёрбалі баршчу ўпоцемку, Яўхім сказаў старому, што трэба нешта рабіць. Сцяпан адразу ўхапіўся за Яўхімавы словы — заявіў, што трэба зараз жа ў Юравічы ці ў Загалле.

— "У Юравічы ці ў Загалле"! — Стары з крэктам падняўся, кінуў нелагодна, з папрокам: — Сено унь гніе!..

— Да ранку можно вярнуцца…

— Вернешся! Пусцяць яны!.. Месяц патом дзяржаць будуць! Ды скажуць шчэ: адну малую не можам, i матку яе трэба. Штоб даглядала! А матцы, скажуць, вазіць трэ есці, кажын дзень!..

— Не скажуць! Абыдуся я, калі на тое…

— Я магу збегаць, — сказаў Сцяпан. — Дарога недалёкая!..

Бацька нават не зірнуў на яго.

— "Абыдзешся!" — У старога ўсё расло раздражненне. — Ето цяпер гаворыш: абыдзешся, a пасядзіш, выгуляешся…