Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 52 из 121

— Лепей — другіх паслухайце… — сказаў Алесь вінаватым голасам. Ён пакашляў, ускінуў галаву, амаль заплюшчыў вочы; адчуў раптам, што замінае каўнер кажуха, нецярпліва аблажыў яго. Як бы задумаўся, a ў голасе паявіліся смеласць i гонар.

Вершы дзіўна хвалявалі: нейкае незразумелае хараство брала, апаноўвала яго, апаноўвала ціхай задуменнасцю музыкі, незвычайнымі, быццам марозныя ўзоры на акне, малюнкамі-згадкамі, шчырым, адданым голасам таго, хто чытаў на памяць…

Калі Алесь скончыў, захацелася памаўчаць, падумаць. Самога павяло на ўспаміны, на роздум. Пазней ужо запытаў:

— Чые гэта?

— Паўлюк Трус! — сказаў ён з захапленнем, з гонарам. — Наш, з універсітэта… студэнт наш…

— Добры верш!..

— Гэта — вялікая паэзія!

У памяці доўга жыў не зусім зразумелы, самотны радок: "дацвілі пялёсткі нейчае тугі…", радок, які дзіўна хваляваў, прымушаў думаць пра недаступныя таямніцы паэзіі…

— Чаму цяпер некаторыя пішуць прыгожа і… як бы сказаць — не проста… не зусім зразумела?.. — Яму, Апейку, была не даспадобы самотная маўклівасць. Ён растлумачыў: — От у Пушкіна ж усё проста: "Буря мглою небо кроет…" Або — "Во глубине сибирских РУД…".

— Пушкін — добры паэт. — Алесь запыніўся, задумаўся — як лепш сказаць. Паправіўся: — Ён быў добры паэт. Але ён устарэў. Аджыў сваё. Цяпер у паэзіі — новыя законы. Сучасныя… Усё мяняецца. Змяніліся i законы паэзіі…

— А — Купала? У Купалы ж таксама ўсё проста. І сучасны, a ўсё — проста, ясна. "Паміж пустак-балот беларускай зямлі…"

— Гэта — з яго дарэвалюцыйных вершаў Цяпер i ў Купалы іншыя матывы i стыль іншы. Вазьміце яго "Арлянятам"!.. Купала таксама стараецца ісці ў першых шэрагах новай паэзіі. Праўда, яму нялёгка вызваліцца ад грузу старога…

І тады, калі пярэчыў, Алесь гаварыў мякка, без якой-небудзь амбіцыі, адчувалася ў тоне яго гаворкі не толькі павага да былога настаўніка, a i добрая, нерастрачаная ў горадзе сціпласць. Пры ўсёй далікатнасці сваёй усё тое, што думаў, ён гаварыў цвёрда, пераканана. Ён, Апейка, сам пярэчыў Алесю мякка, як бы з асцярогаю: можна сказаць, не так i пярэчыў, як выказваў свае сумненні, не траціў адчування: вучань вырас!

У чым іншым яго, пэўна, павучыць можна, а што да паэзіі, то тут i прыслухацца не лішне. Прыслухацца ды падумаць.

— Па-мойму, галоўнае правіла, якога трэба трымацца паэту i цяпер… як i тады, — старацца пісаць прасцей… — гаварыў ён Алесю. — Як можна прасцей… Каб кожнаму было зразумела… Каб кожны селянін, кожны рабочы мог чытаць…

— Гэта правільна. Мы аб гэтым акурат i стараемся… Але ў паэзіі,— зноў цярпліва ўзяўся тлумачыць Алесь, — свае законы. Свая мова, свае вобразы, свой лад. У кожны час у паэзіі былі свой лад, свая мова. Адны ў Пушкіна, друпя — у нас. Мяняецца час, мяняецца i паэзія. Так было ва ўсе часы. У наш час гэты закон дзейнічае яшчэ мацней: наша грамадства не падобнае ні на што з таго, што было раней! Гэта ставіць i асаблівыя, незвычайныя задачы паэзіі! Нашым паэтам трэба шукаць таго, чаго да ix не рабіў ніхто! Адсюль i ўся радасць i ўся бяда. Пушкін — гэта выпрабаванае. Да Пушкіна прывыклі. Наша ж паэзія — як кветка, што толькі пусціла парасткі. Навіна, рунь зялёная!.. Вядома, мы яшчэ не ўсё знайшлі! Мы шукаем!..

— Я гэта разумею. Уся соль, па-мойму, у тым — што шукаць i як шукаць. Па-мойму, заўсёды трэба помніць пра людзей, якія цябе чытаюць i слухаюць. От як хочаш, браце, а я, хоць забі, не разумею: нашто ў вас гэтыя — "бурапеніць", "карагодзіць"?.. Хоць забі, не разумею! Хіба ж у нас мала слоў тых, якія ведаюць людзі? Хіба імі не можна выказаць усё, што хочаш? Дак ці ж канешне — выдумляць яшчэ?

— Мы не можам не шукаць. Разам з усім іншым — i слоў…— не здаваўся Алесь. — Можа, не ўсё ўдала выходзіць. Канешне, не ўсё, ёсць нямала, канешне, i смецця. Але шукаць усё-такі трэба. Новае нельга выказаць толькі старымі, злінялымі словамі. Новаму трэба i новыя словы…

Зноў ехалі моўчкі; толькі мерна, спорна секлі ўмерзлы, уезджаны снег конскія капыты, рыйелі гужы, беглі насусграч аснежаныя дрэвы, круцілася поле. Алесь падняў каўнер, схаваў макава-чырвоныя вушы, убіраў бліскучымі вачыма зменлівае яркае хараство дарогі. Ён, Апейка, не ўтрываў, загаварыў першы:





— Чытаю я, бывае, i дзіўлюся: столькі арганізацый развялося розных. Мала таго што "Полымя", "Узвышша" i "Маладняк", дык i "Росквіт", i "Усплёскі" нейкія…

— Багата арганізацый, — не адарваў Алесь вачэй ад дарогі.— І вялікіх, i дробных…

— Мы тут сялян арганізоўваем, а ў вас усё — дзеляцца. Цераспалосіца сапраўдная. І спрэчкі, як дзенебудзь у Будзе, у суседзяў. Адсюль, збоку, дык не заўсёды i разбярэш, з-за чаго…

— Там, бывае, таксама цяжка зразумець сэнс ix. Іншы раз ніякага сэнсу i няма. Проста — амбіцыя чыянебудзь загаворыць. Захочацца вылучыцца.

— Складанае становішча ў краіне. Усё зрушылася, сіла на сілу пайшла. Клас на клас… От i ў вас там неспакойна… Чуў я, ва "Узвышшы" асабліва нядобры душок… І ў "Полымі" ёсць…

— У ix таксама розны народ. Нямала i добрых, сумленных… І ў "Маладняку" ўсякага хапае…

— Ты — у "Маладняку", здаецца?

— Быў у "Маладняку". Цяпер у нас, на з’ездзе, стварылі БелАПП. Я — у БелАППе…

— Ты ведаеш, мне адсюль часам здаецца, што там у вас аднолькавыя па духу людзі, пралетарыі, бальшавікі — у розных арганізацыях. Як бы штучна падзелены. І вайну вядуць часта выдуманую, непатрэбную. Можа, я памыляюся, але мне здаецца, браце, што б’юць там іншы раз адзін аднаго свае, a нечысці рознай, сапраўднай, пад бокам не бачаць!

— Так, неразбярыхі ў нас там больш, чым трэба.

На Алесеў лоб лягла клопатная маршчынка.

— Я i кажу. Няпростая гэта штучка, па-мойму, — "гурты свае" i "не свае", бойкі хлапечыя. Калі побач між нашых, нечысць усякая лазіць. Што прымазалася, у "гурты" ўшылася. Тут, чаго добрага, можна трапіць у такую кампанію. Калі засляпіць вочы… П’юць там, чуу я, у вас некаторыя — дым ідзе? — Паглядзеў зноў уважліва на Алеся.

— Ёсць любіцелі,— прамовіў хлопец стрымана.

— "Гуртамі" ж, няйнакш. Па аднаму ж піць — сумна… Весяліцца — дык весяліцца. На ўсю іванаўскую…

— Вяселяцца. Спачатку вяселяцца, а потым — за чубы хапаюцца. Геніі непрызнаныя… Як дзядзькі вясковыя. Толькі што — за калы не хапаюцца…

— Ты, браце, не крыўдуй, — Апейка нокнуў каню. — Я ад душы. Кажу, як нам адсюль здаецца. Я ў вашых справах — судцзя слабы. Мала ведаю сучасную літаратуру, адстаю ганебна. Няма калі чытаць, часам, бывае, тыднямі газету ледзь упраўляешся прабегчы. Ну, i ў нас ёсць літаратура свая, першачарговая — рашэнні канферэнцый, з’ездаў! Так што — адстаю па вашай часці. І, можа быць, чаго не разумею. — Неспадзеўкі дадаў з намёкам: — Але i тое можа быць, што i ты ў нечым памыляешся. І ты, i твае таварышы…

— Канешне, можа быць, — згадзіўся Алесь.

Гаварылі яшчэ нямала, але ўжо не пра літаратуру: успаміналі школу, Алесевых таварышаў, ён, Апейка, расказваў пра свае выканкомаўскія клопаты. У гаворцы непрыкметна даехалі да лесу, пад якім дарога разыходзілася на дзве: адна ў адзін бок лесу, у сельсавет, а другая, праз лясок жа, к недалёкаму ўжо Алесеваму сялу. На разгалцы хлопец саскочыў. Сказаў Алесю, што мог бы падвезці i да хаты, але хлопец заматаў галавою: "Не трэба, дабягу сам. Тут — блізка". Ускінуў на плячо фанерны куфэрачак, удзячна памахаў рукою i борзда, у кажушку, у ботах, у фасоністай шапачцы, подбегам падаўся дарогай да хаты. Адышоўшы, азірнуўся, замахаў яшчэ рукою…