Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 50 из 121

Пад артыкулам стаяў подпіс — "Студэнт Г-скі". Апейка хвіліну глядзеў на гэты подпіс, як бы стараючыся прачытаць яшчэ нешта. Ён не разумеў нічога. Тoe, што ён прачытаў, было зусім непадобна на хлопца, якога ён ведаў; яно было такое непадобнае, аж не верылася, што гэта пра таго ж самага хлопца. Першае ж адчуванне было, што ўсё гэта паклёгі, злосны i беспадстаўны; але тое, што гэта было надрукавана, што ўчынак "паэта Маёвага" быў абмеркаваны i што тут толькі расказвалася пра тое, што было, заблытвала думкі. Ён ухапіў трывожным позіркам словы "знайшліся… аслепленыя… сіраціўшыя класавае чуццё інтэлігенцікі…", зноў ужо не так хутка, нецярпліва, а з цвярозай, пільнай развагай стаў перабіраць радок за радком…

"Як адшчапенца i — перараджэнца…" — засела ў Апейкавай галаве, калі ён зноў дачытаў артыкул, утаропіў позірк у загадкавае "Студэнт Г-скі". Усё ж — Апейка гэта цяпер адчуваў асабліва добра — артыкул быў туманны: пры тых вельмі моцных, ясных палітычных абвінавачаннях амаль нічога пра факты. Факты усе гэтыя — вельмі агульныя: "выступіў… засгупіўся… дакаціўся…" Але гэтыя няяснасць, туманнасць доказаў якраз i трывожылі Апейку больш за ўсё: за імі магло быць усё, самае страшнае. Хоць што магло быць горш: страшнае, відаць, ужо здарылася; асабліва страшнае таму, што неспадзяванае. І неспадзяванае, i незразумелае.

— От, паехаў вучыцца, — сказала раптам са шкадаваннем матка. — У людзі захацеў выйсці!.. — Выказала, не першы, відаць, раз, набалелае ўжо: — Вывучыўся!..

Апейка пачуў гэта i як папрок сабе: ён быў тым, хто ўгаворваў яе, каб не трымала пры сабе, пусціла ў свет сына. Не вытрывала, з бязлітаснай строгасцю асудзіла сябе, яго, Апейку:

— Як чула сэрца!.. Сядзеў бы дома ціха!.. Бедны, ды — рады!..

Апейка не запярэчыў ёй. Ведаў, што спрачацца — пустое: не дакажа цяпер нічога. А больш не мог спрачацца таму, што бачыў яе вочы; гэты позірк запомніўся яму навек: прытомленыя, выцвілыя ад гадоў, ад польнага ветру ды сонца, амаль ужо бясколерныя вочы яе былі надзіва празрыстыя, як бы свяціліся знутры. Можа, таму, што ў ix яшчэ былі слёзы, што яны так свяціліся, Апейка не тое што адчуў, a ўбачыў увачавідкі такую нязмерную пакуту, такое гора i такую трывогу, што здаўся сам вінаватым. Нібы сам быў злачынцам перад ёю. "Няхай бы сядзеў дома ціха!.." Мімаволі адвёў позірк: заўважыў, як пільна, востра глядзела маладымі, яснымі вачыма яе дачка.

Што ён мог зрабіць для ix? Усё, што ён мог пакуль, ён мог адно: супакоіць ix, хоць трохі абнадзеіць. Ён мог гэта i ведаў, што гэта трэба зрабіць. Перш за ўсё.

— Ерунда нейкая, — сказаў ён як мага спакойна. Абыякава згарнуў, абыякава адкінуў газету. — Ерунда. Напісаў нехта — мабыць, па злосці…

— Пa злосці! Канешне, па злосці! — ухапілася, засвяцілася матка. Парэпанымі, крукаватымі палыдамі стала борзда выціраць павесялелыя вочы.

— Дак жа пішуць — абмяркоўвалі на сходзе!.. — не паддалася сястра. Глядзела ўсё так жа востра, недаверліва.

— Ну, i што — што абмяркоўвалі? Усё магло залежаць ад таго, як далажылі. Як паказалі тое, што было. Не па праўдзе паказалі, не разабраліся…

— Выключылі ж, пішуць! З камсамольцаў! З ніверсіцета хочуць!

"Эх, ты!" — падумаў недавольна Апейка. Але загаварыў спакойна, стрымана: увесь час, не гледзячы, бачыў уважлівы матчын позірк:

— Маглі i выключыць! Не разабраўшыся, пад гарачую руку! Паддаўшыся таму, хто нагаварыў ca злосці!.. Дзіва што!.. Супакояцца, разбяруцца, пераменяць усё!

— Пераменяць?





— Абавязкова.

— Па злосці, па злосці, Ніна! — падтрымала Апейку матка. — Ето праўда — па злосці! Па праўдзе такога i падумаць не падумаў ніхто! Па злосці! — Падумала заклапочана: —Толькі ж хто ето на яго мог так уз’есціся? І за што? Ето ж трэба — з’есці гатоў! Навярнуў такого, што страх слухаць! На хлопца, які век птушаняці не зачапіў! Не тое што чалавека!.. — Яна глядзела на Апейку, шукала ў яго згоды; i ён згаджаўся: падтрымліваў яе. — Кажуць: заступіўся за кагось! За паганаго бога якогось!.. Цяпер усе багі паганыя сталі!.. Слова не скажы добраго!.. А ён i заступіўся!.. Слово, можа, толькі сказаў, дак еты нелюдзь i ўз’еўся! Навярнуў такое на чалавека!.. Па злосці! Канешне, па злосці ўсё!.. Дак, кажаш, вернуць усё яму?

— Павінны вярнуць. А як жа іначай.

— Кеб жа тое було. Дай Божачко!

Ніна маўчала: было відаць, не супакойвалася. Ужо не так для маці, як для яе сказаў:

— Скора паеду ў Мінск. На сесію ЦВК. Зайду, сам разбяруся ва ўсім. — Паказваючы, што з гэтым кончана, што гаварыць больш няма чаго, пацікавіўся: — А як там, дома? З хлебам, з картопляю?

— Ды картогілі хопіць. І з хлебам пераб’ёмся неяк. — Матка зноў згадала: — Як чуло сэрца, калі ехаў! Як знало! Не так сабе балело!.. Сядзеў бы няхай дома ціхо!..

— Усё будзе добра, Мар’я Мацвееўна!.. Дык, кажаце, хлеба — хопіць?

3

Апейка да канца трымаўся спакойна, разважна. Не паказаў трывогі ці няпэўнасці i тады, калі праводзіў на ганак, развітваўся. Толькі калі вярнуўся ў кабінет, стаў сярод пакоя, ужо не тоячыся, у важкім роздуме: што там здзеелася?

Ён забыў, што збіраўся быў ісці; стомлена сеў на край стала i сядзеў у змроку, не варушачыся, думаючы гэтае адно: што там здзеелася? Усё, што ён прачытаў, было такое неспадзяванае, так не пасавала з тым, што ён ведаў пра хлопца дасюль, што i цяпер яму не верылася, думалася пра нейкую невядомую недарэчнасць ці несправядлівасць. Разам з тым галава ўжо неспакойна дашуквалася прычыны таму, што магло прывесці да таго сходу, да ўсяго, што было там на сходзе, да гэтага туманнага i страшнага артыкульчыка ў газеце. Што ў тым артыкуле праўда i што — няпраўда? Колькі яе, праўды, i якая яна?

Думкі біліся ў пошуках. Загадкі ішлі адна за адной, самыя розныя. Завабілі, ашукалі? Ачмурылі прыгожымі, ілжывымі словамі? Пакарысталіся маладой даверлівасцю? Ці — неразумная ганарлівая задзірлівасць, жаданне паказаць сваё "я"? Няўжо — i праўда — перарадзіўся, перакінуўся к чужым радам? Разлажыўся, разбэшчаны прагай славы, аблытаны "настаўнікамі"? Не, не, быць не можа! Што ж тады, паклёп, злы нагавор? Помета нядаўняга таварыша, з якім счапіўся чаго-небудзь? А можа — дробязь якая, раздутая ў слана? Можа, якаянебудзь юначая дапытлівасць там, дзе некаторыя лічаць пытанні лішнімі? Ці — шкадаванне чулай, не вельмі мудрай душы? Голас чулага — i сляпога — сумлення, якое багата чаго яшчэ не разумее? І за якое — даўбенькай па галаве!.. Нічога не было вядома, i адказу не было. Былі толькі пытанні. Стараючыся дайсці да ісціны, ён стаў перабіраць у памяці тое, што ведаў дасюль пра яго, яшчэ ці даўно, здавалася, такога яснага, зразумелага хлопца. Ён успамінаў не як чужы, не як суддзя, а, можа быць, як бацька, які ўбачыў раптам сына ў неспадзяванай, незразумелай бядзе i якому трывожна ад яшчэ нязвыклай невядомасці. Ад гэтага тое, што ён згадваў іншы раз i раней, сёння ішло ў асаблівым, неспакойным i вострым, святле.

У памяці ажыло далёкае: якім ведаў яго ўпачатку. Дзікаваты i хваравіты хлапчук нічым асабліва не кідаўся ў вочы. Быў хіба затоены, як мала хто, i калі не ведаў чаго-небудзь, вельмі ж ніякавеў, пунсавеў увесь. Добра помніцца: вельмі здзівіўся, калі раптам трапіў на вочы яго верш, над абгорткаю спісанага сшытка. Верш быў, i цяпер помніцца, пра поле, пра завею, пра адзінокую, крывую хатку ў полі. Дзіўна не забываліся радкі з яго: "У йолі халодным, пад ветрамі дзікімі хатка малая стаіць. У далеч бяскрайнюю вокнамі ціхімі век баязліва глядзіць…" У хаце на печы. туліліся, мерзлі дзеці; бацька паехаў у лес, маці пайшла кудысьці — цяпер не помнілася куды. Нядобра дзецям адным, халодным i галодным, — шкадаваў ix аўтар; але i крывую хатку, i верш грэла надзея, што бяда не вечная: "Бацька як вернецца, печка затопіцца, матка ix будзе карміць!" Не вельмі зграбны i не вельмі арыгінальны, верш гэты захапіў тады незвычайнай шчырасцю, недзіцячай клопатнасцю, песеннай маляўнічасцю. Напісаны, пэўна, пад уплывам Купалы, ён гаварыў, мабыць, i пра перажытае малым паэтам, дзіўна кранаў нешта чулае ў сэрцы — хваляваў, трывожыў!