Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 47 из 121

На шчасце, даказваць гэта амаль ніколі не даводзілася: усе ў раёне ведалі i яго радню i яго брата.

Башлыкову, хутка пасля таго як той прыехаў сюды, Апейка пры нагодзе казаў ужо ўсё пра брата — не падкрэсліваючы ix няладу i не апраўдваючыся, проста для таго, каб Башлыкову было ўсё вядома.

Ужо тады Апейка зразумеў, што Башлыкоў — з анкеты ці з нечых слоў — ведае ўсё як мае быць; i цяперашні напамінак пра брата, i тое, што ён гаварыў з Харчавым, i думка пра тое, што ён, можа, знарок заехаў туды, даведацца самому, праверыць, адазваліся ў душы прыкрасцю.

"Перад самаю чысткаю якраз…" — звязала ўсё пачутае ў адно развага.

— Было ўсё: i патроны насіў, i ў бедняках быў,— цвёрда, ca злосцю сказаў Апейка.

Башлыкоў, здаецца, зразумеў гэту злосць, паспачуваў:

— Н-да… Я не хацеў бы мець такога брата.

— А я яго сам выбраў! — Апейка гаварыў груба: хацеў абарваць гаворку.

— Н-да, братоў не выбіраюць. Гэта правільна. І ты, вядома, калі падумаць, з аднаго боку, не вінаваты, як, можа быць, не вінавата i твая старуха-маці. І ўсё-такі, чорт яго ведае, жыццё ёсць жыццё: ёсць i другі бок у тваёй гісторыі з братам — кампрамеціруе гэта цябе… Не ў маіх вачах — я гавару не пра сябе, а — у народа! Не раскажаш пра ўсё кожнаму, народ ёсць народ, i не ўсякі зразумее па-чалавечы. Іншы падумае так: пляма ёсць пляма, сам ты яе набыў ці табе прыклеілі яе друпя. Розніца, вядома, вялікая, але ідзі ты растлумач кожнаму… Я разумею тваё становішча…

— Нашто ты мне гэта гаворыш? — сказаў Апейка абурана.

— Проста так, — Башлыкоў не зніякавеў, толькі трохі здзівіўся.—

Так, к слову прыйшлося.

— Дак от, калі к слову: я не лічу сябе вінаватым за яго. Ніколькі.

— Я табе гаварыў не пра віну тваю. Я гаварыў пра іншае. Ты не зразумеў нічога. Шкода. — Башлыкоў i тут адчуваў сябе вышэй, мудрэй, i Апейку зноў запякло абурэнне. Але Башлыкоў загаварыў пра іншае: — Адстаём мы з калектывізацыяй!

— Чаму — адстаём? — Апейку ад непрыціхлай злосці хацелася пярэчыць: — На другім месцы ў акрузе.

Башлыкоў заявіў спакойна:

— Другое — не першае!

Ён пашамацеў паперамі, выбраў адну:

— От тут скарга ад веруючых на гое, што зачыняем алешніцкую царкву. У Мінск скардзіліся… Якая твая думка?

— Мая думка такая, што трэба дабівацца, каб царква сама зачынілася.

— Як гэта?

— Трэба веруючых зрабіць няверуючымі. Бязбожнікамі…





Раздзел другі

1

Калі Апейка ішоў у кабінет, ля дзвярэй амаль кожны раз сустракала яго чарада дзядзькоў i цётак, што чакалі яго. Просьбы свае давяралі адным паперам дзядзькі i цёткі рэдка, не заўсёды задавальняла ix i гаворка з сакратаром райвыканкома ці загадчыкам райза, багата хто лічыў за нязменны абавязак уручыць паперу самому сгаршыні, пагаварыць з самім. Бывала, калі Апейка не паяўляўся з раёна доўга, сядзелі па некалькі сутак, начуючы дзе-небудзь у знаёмых; паяўляліся кожную раніцу, быццам на працу, — пакуль не дабіваліся да самога.

Такія сустрэчы з людзьмі былі Апейку няпростай i нялёгкай часткай яго работы. Людзі неслі сюды да яго свае надзеі i сваю роспач: хто што меў Цяпер да звычных просьб памагчы мукою, насеннем, да скарг на вялікі падатак, на падатковыя несправядлівасці дадаваліся часта скаргі, звязаныя з калгаснай навіною: таму зямлю нарэзалі нядобра — усё лепшае забралі пад калгас; таму прыгразіліся, што калі не ўступіць, каб у Салаўкі рыхтаваўся. Рэдка хто не пытаўся: гэта — справядліва, гэта — па савецкіх законах?

Амаль у кожнай скарзе-просьбе за асабістымі нягодамі i крыўдамі былі агульныя, грамадскія праблемы; амаль кожны раз, адказваючы, памагаючы, раячы, Апейка так ці інакш павінен быў тлумачыць дзяржаўную палітыку ў калгаснай справе, браў на сябе як бы ролю агітатара. Гэта была-такі сапраўдная работа агітатара…

Сёння яго таксама чакалі: між дарослых, сярод якіх ён заўважыў чалавека з жаўтаватымі, доўгімі, за каўнер, пасмамі,— поп, ці што? — цэлая, прыціхлая, чародка вясковых дзяцей. Апейка павітаўся, сказаў, што хутка пачне прымаць, у кабінеце зняў паддзёўку. Ён, як i па дарозе сюды, быў яшчэ неспакойны: не адступала прыкрасць ад Башлыковага папроку за брата, важка ціснула ўсярэдзіне даўняя, зноў пацяжэлая непрыхільнасць да Саўчыка. Зноў згадаў Башлыковае: "Не хацеў бы мець такога брата!" Адказаў думкаю злосна, з’едліва: "А я хацеў! Я сам параіў быць такім!.. Я сам, знарок, начапіў сабе на шыю гэтае бервяно!" Зноў прыкрасць перайшла на аднаго Башлыкова: "Як бы вышэй лічыць сябе за тое толькі, што няма такога кампрамеціруючага брата, што біяграфія — ідэальная!.. Як ордэнам ганарыцца!.."

Ён хутка перагледзеў паперы, што прыйшлі гэтымі днямі, выйшаў у прыёмную:

— Ну, пачнём… — Усе ўсталі, некаторыя падаліся бліжэй, чакаючы. Апейка абвёў усіх позіркам, заўважыў — жаўтлявы, з доўгімі пасмамі, стаяў трохі асобна; маладыя карыя вочы глядзелі цікаўна, дапытліва, як бы загадзя дазнаваліся, чаго трэба чакаць. Апейка на міг затрымаў позірк: сялянская світа, зайцовая шагіка; дужы, загарэлы: скура твару аж ільсніцца; пэўна, кормяць непагана. Зразу ж адарваў позірк, спыніўся на купцы дзяцей: нясмелыя, нема прыціхлыя, найбольш сарамяжныя, яны ціснуліся адно да аднаго, амаль усе ў даматканых світках, — не зводзілі з яго чыстых, даверлівых i востра пільных вачэй. Ён кіўнуў im весела, бадзёрліва: — Вы ўсе разам?

— Разам, — адказаў за ўсіх адзін, з шорсткім шчэццем няроўна — мабыць, матчынымі нажніцамі — абскубаных валасоў; з рашучым, мужчынскім басочкам.

— Разам, — пацвердзіў i лысы дзядзька, што стаяў ля ix, як пастух, — з шапкаю ў адной руцэ, з пугаю ў другой.

— Што ж такое здарылася, што адразу такой грамадой? — Апейка перачакаў момант маўчання, весела запрасіў: — Ну, заходзьце, высветлім!

Дзеці заварушыліся, сталі перагаворвацца шэптам, штурхаць адно аднаго, але не пайшлі. Дзядзька з пугаю таксама ўзяўся з выглядам старэйшага падцаваць смеласці малым: няёмка, нясмела штурхнуў аднаго, другога шапкаю, вялеў з папрокам усім:

— Заходзьце, сказано!

Першым адважыўся той жа, з шорсткім, паскубаным шчэццем, за ім — беленькая дзяўчынка з ружовымі кругамі на шчаках. Апейка, прапускаючы ix паўз сябе, падбадзёрліва, з любасцю пагладзіў некалькі галовак. Апошні ўвайшоў, як за статкам, дзядзька з пугаю: няёмка трохі i важна, як бы хаваючы важнасцю гэтай няёмкасць свайго становішча сярод малых.

У кабінеце дзеці ў лапцях, у зрэб’і азіраліся яшчэ вастрэй, ціснуліся яшчэ больш — смыкалі насамі, насцярожана чакалі. Апейка не стаў прасіць ix сядаць, не даў i ім i сабе лішняга клопату; не зайшоў за стол, стаў перад імі, як настаўнік у школе.

— Ну, дык што здарылася, а?

Пасля моманту няёмкай цішыні асмелілася бялявая з ружовымі шчакамі; паружавеўшы яшчэ горш, нібы ca сцэны, прачытала на памяць — відаць было — падрыхтаванае загадзя: аж перарывапася дыханне — так хвалявалася.

— Тав-варыш с-старшыня… райвык-канкома!! Мы прыйшлі, каб… п-прасіць вас… штоб пакінулі ў школе… настаўніка Івана Мікалаевіча!..

Гэтым вялікім словам яна аддала ўвесь пал сваёй душы, i не толькі душу, a i голас; іншыя ўжо маглі, пакуль яна гарэла перажытым, адказваць Апейку: з якой яны школы, з якога класа, па якіх прадметах у ix Іван Мікалаевіч, як яго прозвішча. Нарэшце Апейка высветліў, што дзеці з Крыцкай школы, што настаўнік, за якога яны прыехалі заступіцца, — Іван Мікалаевіч Гарошка. Апейку былі вядомы не толькі гэтае прозвішча, але i той, каму яно належала: Гарошка настаўнічаў у сваёй роднай вёсцы ўжо з дзесятак гадоў; яшчэ ў тыя гады, калі настаўнічаў i ён, Апейка.

Апейка быў амаль незнаемы з ім: бачыліся толькі некалькі разоў на настаўніцкіх сходах; але Апейку добра было вядома, што Гарошка — настаўнік такі, якіх мала не тое што ў раёне, a i ў цэлай акрузе; пра гэта казалі ўсе, хто калі-небудзь быў на яго ўроках. От i дзеці, смялеючы, памагаючы адно аднаму, перабіваючы, з захапленнем казалі цяпер: так добра, так цікава пра дзевяцьсот пяты год, пра рэвалюцыю ў Пецярбурзе, пра Леніна расказваў; пра пяцігодку, пра тое, якія дзе заводы будуюцца; як добра будзе жыць скора. І от жа, бяда якая: цяпер Івана Мікалаевіча знялі з настаўнікаў; сказалі, што яму няможна вучыць дзяцей, бо ён служыў пры цару ў царскай арміі i быў царскім афіцэрам, i што ён будзе вучыць дзяцей супроць савецкай улады. Але ж яны ведаюць, што хоць Іван Мікалаевіч i быў у царскіх афіцэрах, але ж ён зразу, як пачалася савецкая ўлада, перастаў служыць цару. І цара ён зусім — гэта яны самі чулі — не любіў ніколі i не любіць; i афіцэр ён не з памешчыкаў якіх-небудзь, а з простых людзей, з ix жа сяла; i ўсе добра знал i яго бацьку, i ўсе бачаць, што ўсе гады ён, Іван Мікалаевіч, за адну савецкую ўладу стараецца…