Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 31 из 121

— Не праткне! — мірна, але непахісна заяўляў Хведар. — Чаго ёй пратыкаць! У адным калгасе, лічы!.. Пайшла б ты, Арына, лепей було б, ей-бо!

— Штоб карміла добра i — штоб ласкаво з ёю! — раіла Зайчыха, за падол якой трымалася смаркатае малое. — Як накорміш ды як ласкаво падступіш, дак дасць нешто. Не глядзі, што такая!.. Трэба ласкаво, як доіш!

— Ласкаво буду! — клялася Вольга, прытоена радасная, паважная — ад нязвыклай яшчэ пасады. Была яна сёння асабліва акуратная: у зграбным, пашытым Хведарам каптанчыку, у ботах, у прыгожа завязанай хустцы, з якой выглядваў бялявы, акуратны тварык з гладка зачасанымі валасамі.

— А чаго ето, цётко, слёзы ў цябе? — пыталася Нібыта-Ігнаціха Дамеціху, што журботна гнулася, уздыхала. — Як усе адно сына ў салдаты адпраўляеш! Шкода?

— А не шкода, Аўдоцечко? Шкода! Ето ж, як падумаю— як нажывалі яе, як выбіралі… Як цешыліся… Наглядзецца год не магла… Ноччу, бувало, прачнуся, такая радасць возьме… Устану, ей-бо, пайду, пагляджу… Стаю, не нацешуся. Патом ужэ вярнуся. І так добра на душы. Так i засну… Такая добрая папалася! У свеце другой такой, здаецца, няма!..

— Міканор жа ваш усё, цётко, распарадзіўся! Мог, калі на тое, i ўважыць матку!

— Не можа, казаў! Як я, казаў, старшына, то — першы павінен, казаў, прыклад паказуваць! Шчэ й загадаў, штоб слёз не пускала! Асабліва — на людзях! Не ганьбіла кеб — казаў. А я от — не магу!.. У свеце другой такой, здавалася, не було!.. Як успомню, як нажывалі! Як ноччу ўставала, штоб паглядзець! Дак не магу! Хоць што — не магу! Горно!..

У вароты ўсё ціснуліся, усё круціліся ў хляве.

Рахманы Хведар пачынаў злаваць, не на жарт замахваўся мыліцаю:

— Адыдзіце, бабы, ей-бо! На двор хоць выйдзіце! А то — от не пагляджу — кастылём каторую! Не пагляджу — па рэбрах, ей-бо! Шпіктакль найшлі! Кароў толькі пужаеце, пужалы чортавы!

— Жанкі, усё дагледзім! Нічыю не абідзім! — лагодна, разважна памагала свайму чалавеку Вольга.

Але ўсе ціснуліся. На змену тым, што адыходзілі, уціскваліся друпя, цікаўна ўглядваліся, гаманілі, смяяліся. Увесь час лезлі, шнырылі між дарослых дзеці; штурхаліся, дурэлі, нібы на вяселлі. Было некапькі i мужчын, сярод якіх увага жанок адзначала асабліва старога Глушака, Нібыта-Ігната, Пракопа Лесуна. Стары Корч глядзеў вельмі ўважліва i з павагай; калі хтосьці, паддобрываючыся да старога, сказаў, што каровы i тыя не хочуць разам жыць: вунь, як шядзяць адна на ад ну! — стары спакойна паправіў:

— Прывыкнуць! Скаціну да ўсяго прывучыць можна! На тое — скаціна!..

Нібыта-Ігнат кінуў нейкія насмешлівыя заўвагі, плюнуў. Лясун глядзеў моўчкі, панура; слова не выцягнуў, так i пасунуўся з двара, не гледзячы ні на каго, не зважаючы на тых, хто цікаўна глядзеў услед.

Сярод жанок, што тоўпіліся на двары, найбольш хваляваліся Чарнушкава Куліна i Сарока.

— Як хто, а я — штоб такое зрабіла калi! — Кул i на круціла гапавой, з чырвоным, злым тварам, клялася перад усімі: ніколі, нават пад прымусам!

— Жызня будзе: прыйдзеш з работы — ніякай турботы! — растарэквала адважна Сарока. — Hi каровы, ні свіняці — адны сцены ў хаце!.. Любата!

— Як ето яно будзе? — трывожылася Васілёва Маня. — Добра, як у каго няма нічого!

— Aгe! — запярэчыла нявестцы Васілёва матка. — Не шкода хіба! Багатаму шкода карабля, а беднаму — кашаля!

— Карова — ето не кашэль! — сказала НібытаІгнаціха.

— То-та i яно!.. Што ето, праўда, будзе — са ўсёй етай выдумкі?..

На Хоневым двары былі найбольш мужчыны. Туг таксама тоўпіліся каля варот, зазіралі ў хлеў Некаторыя, i калгасаўцы i проста цікаўныя, хадзілі ў хляве, каля коней. І на двары, i ў варотах шнырылі дзеці, ва ўсім падобныя на тых, ніто былі на Хведаравым двары. Мужчыны рабілі ўсё больш паважна, чым жанкі,— i меркавалі, i пасмейваліся стрымана, як i належыць мужчынам. Багата хто былі нязвыкла задуменныя, ледзь не ўсе курылі.

— Хлеў спаліце, чэрці! — крычаў Хоня, што распараджаўся ўсім. — Выйдзіце адсюль! Не сход вам!.. Коней толькі трывожыце, аднаасобніцкія душы!

— Правільно, Хартон! Гані! — падтрымаў Хоню Міканор, што ўвайшоў вясёлай, дужай хадою. — Як ісці разам, дак не хочуць, а як глядзець — дак сяло цэлае!

— Дак кеб жа ўткнуць голаву куды, — адгукнуўся Міця-ляснік, — глянуць наўперад трэба!

— Глядзіце, не сакрэт, вельмі доўго!..

— Дак ето ж не абы-што!





Міканор, як i належыць старшыні, пачаў аглядаць канюшню, праверыў, як пастаўлены коні, якое сена палажылі. Па тым, як трымаўся ён, што рабіў i як рабіў, усе маглі — усе, у каго вочы, павінны былі бачыць, што ў калгасе цвёрды, надзейны гаспадар.

— Штоб корм, Хартон, даваў па рэжыму, у паложаны час, i па рацыёну, — распарадзіўся Міканор. — Кеб ніякіх парушэнняў. Па ўсіх законах навукі. Як дагаворано!

Хоня тым тонам, якім i трэба адказваць на распараджэнне, запэўніў, што ўсё будзе рабіць як належыць. У гэты момант, ні трохі не лічачыся з тым, што побач такі важны чалавек i ідзе такая сур’ёзная гаворка, Хонева кабыла грызнула Міканоравага каня, i той віскліва заржаў i брыкнуўся. Кабыла зноў драпежна выцягнула морду, конь крутнуўся, кінуў капытамі. Пры высокім начальстве, нібы знарок, усчалася паганая, старая бойка — з віскам, з брыканнем, з агіднай злосцю. Хоня рынуўся да коней, аперазаў пугаю мышастую сваю, супакоіў каня.

— Коні — i тыя!.. Кусаюцца! — як узрадаваўся хтосьці з тых, што ціснуліся ў варотах.

— І дзяліць няма чаго, сена ўсім адзінакаво! А — брыкаюцца!

— Харакцер шчэ, не сакрэт, аднаасобніцкі! — хацеў адбыцца жартам Міканор.

— Несазнацельныя! — падчапіў хтосьці.— Не гатовыя шчэ!

— Ето яна, браточкі, любячы, — ускочыў у гаворку Зайчык. — Штоб гуляў з ёю! А не драмаў!

— Нічога сабе любоў! Аж заенчыў!..

Праверыўшы, што трэба, аддаўшы распараджэнні, Міканор паведаміў Хоню, што пойдзе зараз паппядзіць кароўнік, заклапочана, дзелавіта падаўся з хлява, з двара. Людзі пачціва расступаліся перад ім, некалькі чалавек з гуртам дзетвары рушылі ўслед. У цэнтры натоўпу, што застаўся, Руды ўзрадавана ўзяўся тлумачыць:

— У кожнай культурнай канюшні абязацельно павінны буць, так сказаць, ячэйкі на кажнаго каня…

— Зноў ты, братачко, за агітацыю сваю! — учапіўся нейкі сур’ёзны Зайчык.

— Я не агіцірую, я саўсім, так сказаць, — наабарот. Крыцікую: што вы робіце няправільно. Замест таго штоб, як вучыць парція, строіць канюшні, вы ўсё разабралі па хлявах. Ето ж скрыўленне, а не калгас!

— Ты глядзі, дзядзько, — шмаргануў носам Алёша Губаты, — а то за агітацыю проціў калгасаў — мы не пагладзім па галаве! Знаеш, што — за агітацыю?

— Знаю. Дак я ж, — не траціў гонару Руды, — крыцікую не проціў калгасаў у цэлым. Я проціў, так сказаць, няправільных калгасаў. Следавацельно — за правільныя. Як вучыць парція.

— Там разбяруцца, дзядзько, — у тоне Алёшавай гаворкі чулася пагроза, — за што ты агіціруеш!

— Ты не вучы мяне, — зазлаваў Руды. — Рано вучыць узяўся! Не знаеш нічого, дак другіх слухай!..

Але ўсё ж прыціх, неўзабаве i зусім сышоў з двара. A іншыя яшчэ доўга тоўпіліся, вязалі стрыманую гаворку, маўчалі, курылі…

3

Тое, што бачылі, чулі, было самым вялікім клопатам Куранёў. Мала было такіх хат, двароў, дзе б не гаварылі пра гэта, не меркавалі, не думалі. Гаварылі, думалі ў хлявах, у гумнах, у полі, дома, зморана вячэраючы, у думнай начной цішыні на палацях.

Абышоўшы ўсе двары, дзе збіраліся людзі, наслухаўшыся i нагаварыўшыся, Куліна Чарнушкавых толькі апоўдні вярнулася на свой двор. Чалавек каля хлява сек нажом свежае, толькі што нарванае зелле — рыхтаваў яду свінням.

— Як падурнелі! — не першы раз абурылася, быццам i не заўважаючы таго, што робіць чалавек, не дзівячыся, што робіць яе справу: не да таго ёй!

Чарнушка нібы не чуў, наўколенцах сек i сек зелле — заняты быў, здавалася, толькі сваім клопатам. Потым ужо спакойна, стала параіў:

— Не заракайся!

— Я?! А не даждуцца!

— І не будуць дажыдацца! Сама пойдзеш… Як прыйдзе пара!..