Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 19 из 121

Ён тут жа сам адчуў, што перагнуў, пагарачыўся лішне, але не паказаў нікому гэтага. Усе маглі бачыць: ён сказаў тое, што трэба, i якраз так, як трэба. Гэтых людзей праб’еш хіба інакш — далікатнымі гарадскімі слоўцамі!

Але людзей не прабіла i Міканорава прамова: не зважаючы на тое, што ў яго словах ды i ў самой яго постаці была яўная пагроза, большасць з тых, што сядзелі яшчэ вакол, сталі дружна разыходзіцца, як бы атрымалі адно дазвол.

Надзеў кепку Андрэй Руды, але не ўтрываў, пад шумок некалькіх куранёўцаў зазначыў Міканору, што пагражаць народу — "факцічаскі" няправільна; Міканор заўважыў між ix ціхага, давольнага Андрэевай заўвагай старога Глушака, узлаваўся:

— Дзядзько, хваціць ужэ вашай балбатні! Або пішыцеся з намі, або ідзіце з дарогі!

— Я-то пайду. Але его, так сказаць, не па-бальшавіцкаму!

Андрэй хутка, але хадою пераможцы падаўся за дзядзькамі. Ужо ў цемры ён зноў загаварыў да дзядзькоў, ды Міканор не змог разабраць нічога: Сарока яшчэ раз хацела ўпэўніцца ад Апейкі, што заганяць у калгасы не будуць. За Сарокай сышоў у цемру i Васіль, які сачыў за ўсім трохі зводцалі, недаверлівы, пільны.

Урэшце асталіся каля агніо шэсць гаспадароў: Хоня, Алёша, Зайчык, Грыбок, Міканораў бацька, Хведар крывы ды некалькі цікаўных жанок; між ix асабліва ўпадала ў вочы нейкая ўрачыстая i вінаватая Зайчыха з малым на руках. Міканорава матка глядзела з вечнай трывогай, i спакойная пастава сястры, Хведаравай жонкі, Міканору была як уцеха.

Спачатку больш маўчалі. Было нешта новае ў тым, што чулі адзін да аднаго, была нейкая дзіўная, нязвычная паразумеласць, блізкасць. Было штосьці адзін да аднаго такое, быццам яны сваякі ўжо, браты i сестры быццам. Гэтая блізкасць чулася мацней адтаго, што з вясёлымі надзеямі лез у думкі, у душу клопат, які ў некаторых станавіўся проста-такі трывожнасцю: а як яно там будзе пазней, што выйдзе з усяго гэтага, якое пачынаецца тут парнай, душнай гэтай ноччу. Недарэмна такі задуменны сядзеў крывы Хведар, ашчаперыўшы выслізганую мыліцу, недарэмна так сціснуты былі бяскроўныя губы ў Зайчыхі. Ды i Зайчык быў не такі вясёлы, як хацеў здавацца.

Не аднаму чулася цвярозае: ix, якія тут асталіся, як сваякі, было вельмі ж мала, на пальцах адной рукі палічыць, — ледзь не ўсё сяло было не каля агню, не з імі. Калі Міканора асабліва тачыла тое, што столькі людзей не слухалася яго, як бы не верыла яго шчырасці, то Зайчыху i Дамеціху, самога Дамеціка трывожыла, што з тых, якія нібы сачылі з цемры цяпер, не ўсе глядзелі зычліва, нават — не з простай суседскай цікаўнасцю. Былі там i такія, ведалі яны, хто кляў нема, хто скакаў бы з радасці, каб ix перуном спапяліла, каб ветрам развеяла, як заразу.

— Небагата, — нібы падумаў Апейка, абводзячы ўсіх такімі вачыма, як бы хацеў пабачыць, хто чаго тут варты.

— З нашым народам хіба зробіш што! — не стаў таіць Міканор расчаравання i нават злосці.— Гаворыш — усё адно як не людзям жывым, а пням у лесе! Дый пні, здаецца, угаварыць ужэ можна було б!

— Ето праўда, — падтрымаў ахвоча Зайчык. — Сем разоў напужаюцца, перад тым як асмеляцца!

— Бо й не так сабе ето! — Міканорава маці не ўхваліла Зайчыкавай весялосці.— Не абы-што. Пабурыць усё зразу, ды шчэ самому. Сваёй згодай…

— Нічога, — як бы давольны ўсім, як бы іншага i чакаць не было чаго, сказаў Апейка. — На адзін вечар, можа быць, i нямала! — Ён павёў вачыма на Міканора, яшчэ на аднаго, двух, усміхнуўся. — І важна — не адно, колькі салдат, a i якія! Якасць важна, от што! Тут жа — цвёрдыя, надзейныя кожны!

— Надзейныя! — падтрымаў Хоня. — Кожны дзесяці годны!

Кульгавы Хведар, што абдымаў усё сваю мыліцу, адгукнуўся:

— Ето усё адно як разведка.

— Не мало, ей-бо, не мало! — выскачыў Зайчык. — Уся хітрасць, браточкі, як лічыць! Калі толькі гаспадароў, то i праўда — не густо! A калі ўсіх — з дзецьмі,— то з маімі ды Хоневымі — паўсяла, не меней, будзе!

Хоня зарагатаў:

— Ето праўда! Будзе!

— Хваціць ужэ, — спыніў усмешкі Міканор, з твару якога не сыходзіла клопатнасць. — Не ранні час. Уставаць скора трэба будзе… Пра дзело давайце падумаем. З чаго i як пачынаць будзем… Зразу ж, не сакрэт, абагульняць скаціну i інвентар трэба: дак куды зводзіць i ставіць усё будзем, трэба рашыць… Трэба выбраць лепшыя хлявы для кароў i коней i павеці для калёс… Я тут падумаў ужэ, намеціў, дак давайце памяркуем, пастановім…

— А як з курамі, не сказано! — перабіла яго раптам Грыбчыха. — Курэй аставіць трэба!

— І курэй, як i ўсякую жыўнасць, будзем абагульняць, — спакойна, цвёрда заявіў Міканор; але вярнуцца да ранейшай гаворкі яму не ўдалося ўжо — выбухнуў бязладны i гарачы жаночы гоман.

У гоман гэты ўчапілася i некалькі мужчын.

Гоман сціх толькі тады, калі Апейка сказаў, што з курамі пакуль што пачакаць можна. Міканор намерыўся далікатна запярэчыць Апейку, пасарамаціць жанок за адсталасць, як Грыбчыха, распаленая гамонкаю, крыкнула:

— І калі ето будзе, тое ўсё абагульненне? Кажа, як усё адно заўтра хоча рабіць!

— Заўтра i зробім! A калі ж? — Міканор сказаў так, як гавораць на неразумную заўвагу.





Але Грыбчыха нібы толькі гэтага i чакала:

— Заўтра! Як жа ж ты пачнеш, калі ўсе ў балоце! Калi гаспадарка ў сяле — чорт ведае дзе!

— Aгe, не ехаць жа ў сяло, кінуўшы ўсё тут! — падтрымаў жонку Грыбок.

— Трэба, пакуль пагода, ухапіць, — неспадзявана згадзіўся з імі Алёша, што амаль увесь час маўчаў.— Як там яно будзе далей — Бог ведае, а пагоду трэба ўхаліць.

— Дак што ж — калгас адкласці?!

Алёша не глядзеў на Міканора, корпаў сукам чорную зямлю. Міканор аж кіпеў ад такой здрады, але Алёша сказаў упарта:

— Няма калі цяпер. Пагоду ўхапіць трэба.

— Дак ето ж, можно лічыць, i не адклад, — як бы хацеў прымірыцца Грыбок. — Згаварыліся ж разам буць. Упісаліся. І не выпісуваемся!.. Толькі што — пара такая!

— Ухапіць трэба. Пакуль не позно.

— Пакасіць, пажаць! Як е! Па аднаму! — Грыбчыха крыкнула так, што ўсе пачулі: хай хоць што — не пераменіцца.

— A малаціць ужэ разам… — асцярожна памог ёй Грыбок. — Малаціць — там не гарыць так.

— Дак ето значыць — зноў як аднаасобнікі?! — Міканор не таіў абурэння. Чуў за ўсім гэтым не так клопат пра пагоду, як хітрасць, кажучы па-ваеннаму — манеўр: пасядзець яшчэ, паглядзець, што будзе з усяго.

Апейка заступіўся за яго, спакойна, мірна стаў даводзіць, што адкладваць надоўга неразумна, што трэба новы будынак ладзіць хутчэй, не адкладваючы. Але ці то адтаго, што гаварыў ён так, нібы i сам не цвёрда верыў, што спяшацца трэба, ці то ад людской упартасці — i яго не паслухаліся.

— Можно памагці таму, каму вельмі трудно будзе, — як бы павінаваціўся перад Апейкам i Міканорам Алёша. — Усё адно — што ў арцелі.

— Такі праўда, мабуць: абагульненне лепей — калі сажнем! — разважліва, ціха сказала Вольга, Міканорава сястра. — Кеб з толкам, кеб зладзіць як трэба. То ж не так просто знайсці тут, хто тых кароў ды курэй даглядаць будзе! A сколькі ўсяго другога — калі людзям дыхнуць няма як!..

— І калгасаўскім коням, дзетачкі, сена трэба будзе даваць! — уставіў Зайчык, які найбольш сачыў — не ведаў, да каго лепш далучыцца. Ён гатоў быў далучыцца да Міканора, але баяўся, каб не падумалі, што ён шукае адну сваю выгаду.

— Міканор, людзі кажуць праўду! — раптам проста i весела рассек вузел Хоня. — Абагульняць трэба, калі палягчэе трохі! Паспеем! Усё толькі пачынаецца!

— Усе ўжэ даўно пачалі — у другіх сёлах!

— І мы, бачыш жа, пачалі. Запішы ўсіх, што, значыць, — уступілі. Што — калгаснікі. Што — калгас пачаўся.

— Дак ето ж як абман.

— Ніякаго абману няма. Дагаварыліся. Пастанавілі. Падпісацца можам. І памагаць адзін аднаму будзем, як усе адно калгаснікі.

— Памагаць — трэба! — не ўтрывала Зайчыха.

— Будзем памагаць i сена касіць, i жаць. А малаціць будзем ужэ i саўсім разам!

— Разам, — пайшоў услед ухвальны i, можна сказаць, дружны гоман.

Міканорава расчараванне адтаго, што мара пра калгас, нават такі, нават з гэтай купкі людзей, зноў нібы не спраўджвалася, адступала да восені, трохі памякчэла, калі ўсе прыязна, дружна выбралі яго за старшыню арцелі. Гэта падзея, акрамя таго, што цешыла яго гонар, яшчэ як бы гаварыла, што калгас які ён ні ёсць, а пачынае жыць. Прытрымліваючы раптоўную ўцеху, з годнасцю абранага кіраўніка новай гаспадаркі, з відным усім разуменнем не абы-якой адказнасці, нованароджаны старшыня арцелі папрасіў старшыню райвыканкома, каб паклапаціліся прыслаць у час землеўпарадчыка, каб нарэзалі адзін зямельны масіў…