Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 9 из 91

— А мо е трохі? Хварэе малое ў мяне. Паласавацца б яму. Мо паправілася б хутчэй…

— Няма…

— Ну, калі няма, то няма… — вінавата прамовіў Грыбок і падаўся на дарогу за гумнамі.

«Ласы на чужыя каўбасы! Мёду захацеў! — падумаў непрыхільна Васіль. — Аге ж, чакай!.. Надаешся вам усім!..» Васіль тут жа разважыў, што, можа, трохі і трэба было б занесці, бо што, як Грыбок пакрыўдзіцца за адмову і, каб на яго немач, абдзеліць, наразаючы зямлю. Як-ніяк у камітэце ж гэтым…

— З кім там гаманіў? — сустрэў дзед Дзяніс, калі Васіль увайшоў на двор.

— Ат, Грыбок.

— Чаго ён?

— Сход, кажа, будзе пра землю… І мёду прасіў. Для дзіцяці — маўляў, хворае…

— Хворае? То трэба б даць лыжку.

— Даць! Надаешся кожнаму! А што на кірмаш павязем, хлеба купіць!

Дзед не стаў пярэчыць: Васіль у доме станавіўся як бы старэйшым па чыну, гаспадаром, забіраў уладу.

Калі Васіль, павячэраўшы, устаў з-за стала, маці клапатліва параіла:

— Світу вазьмі. На дождж бы збіраецца.

— На холад бярэ, — азваўся Дзяніс. — Дажджу не павінно… Але світу надзень…

Васіль накінуў світу на плечы і выйшаў з хаты. На дварэ было цямней, хмурна і холадна, з блізкага балота несла гнілой вільгаццю.

Ганна прыйшла на запаветную іх мясцінку каля плота ў акуратным, з дамашняга сукна жакеціку. Васіль ужо не раз сам сабе адзначаў, што яна прыбіраецца, ідучы на спатканне, і яго гэта поўніла гонарам. Стараецца, каб падабацца яму, стараецца, як перад сапраўдным кавалерам…

Васіль хацеў прытуліць яе, прыкрыць світаю, але яна ўперлася рукамі, адхінулася і доўга стаяла асобна. Вільготны вецер з балота варушыў яе валасы, яна час ад часу іх папраўляла. Жакетка, відаць, грэла кепска. Ганна мерзла, але не прызнавалася. Яна моцна застыгла, і калі Васіль зноў прытуліў яе пад світу, перастала дрыжаць не адразу.

Разам было цёпла і хораша. Васілю было чутно, як трапеча, б'ецца каля яго рукі Ганніна сэрца…

Горнучы яе, Васіль марыў:

— Кеб з таго кавалка, што каля цагельні, дасталося. То б надзел буў!.. Мёду прадаў бы, насення б купіў адборнага… Пабачылі б!

— Любіш ты хваліцца!

— А чаго ж! Мо не верыш?

— Да не, можа, і веру! Калі не хлусіш, то, мабуць, праўда.

— Праўда. — Ён дадаў пераканана: — За мной не прападзеш!

— Уга! Ты ж не казаў, што хочаш узяць мяне!

— А чаго казаць. І так відно.

— А я думала, ці не на Просю гарбатую памяняць сабраўся! Ні слова не кажа пра ето!

Васіль заклапочана, па-гаспадарску стала прызнаецца, дзеліцца з Ганнаю:

— У хаце — холадно, цесно. Сцены пагнілі нашчэнт… Не хата, а просто дамавіна…

— Што дамавіна, то дамавіна…

— Хачу зімой трохі лесу купіць. Думаў, куплю болей, за мёд, думаў. А тут — жыто пустое. Мёд трэба мяняць на хлеб… Ну, але ў еты год — трохі, трохі — у другі…

Недзе сумна, доўга, па-воўчы завыў сабака. Ганна трывожна стаілася.

— Як скуголіць… Аж страшно. Бы на хаўтуры…

— Сказала.

Ганна доўга не магла супакоіцца. Васіль туліў яе да сябе, нязграбна, важкай рукою гладзіў пругкае плячо, спіну. Раптам слых яго ўлавіў непадалёку шарганне крокаў, і ён, не выпускаючы Ганны, азірнуўся. Да іх ад могілак, трымаючыся плота, набліжалася панурая ў змроку постаць. За ёй Васіль разгледзеў яшчэ дзве.

Яны падышлі і сталі, прыглядаючыся.

— Бач, прыліплі! — нядобра сказаў першы.

Другі груба, нібы загадваючы, кінуў:

— Хто такі?

— А табе што! — у тон яму, таксама груба адказаў Васіль.

— Пагавары, балда! — У гаворцы яго Васіль улавіў ясную пагрозу. — Як зваць?

Ганна ўжо вызвалілася з-пад світы і быстрым позіркам аглядвала незнаёмых. Толькі тут Васіль разабраў, што рэч, якую чалавек трымае пад пахай і якой Васіль не даў раней увагі, — вінтовачны абрэз. Гэты абрэз пагрозна варухнуўся. Адчуваючы, як між лапатак адразу пахаладзела, Васіль перавёў позірк на двух другіх — яны таксама былі з абрэзамі. Далей цямнелі яшчэ дзве ці тры постаці.





— Васіль зваць…

Да яго слыху дзіўна дайшло, як густа, цягуча шумяць грушы, ён з трывогай зірнуў на Ганну. Яна, здаецца, спакойна чакала, што будзе далей. Незнаёмы, відаць, заўважыў Васілёў позірк.

— Твая дзеўка?

— Мая.

Другі раптам абхапіў Ганну за стан, прыліп, брыдка, здзекліва захіхікаў:

— Цёплая, ядры яе!..

Ганна гнеўна рванулася, з усяе сілы кулаком таўханула яго ў грудзі.

— Адыдзі, чорт слінявы!..

— Я? — Той ступіў крок, раззлавана хапіў Ганну за руку, крутнуў. — Вось зацягну зараз у поле…

Але тут, не помнячы нічога, як бясстрашны коршак, грозна рынуўся на яго Васіль,

— Не лезь!..

Ён штурхнуў «чорта», тузануў за каўнер. Той адразу адпусціў Ганну, ствалом абрэза сунуў Васілю ў жывот. Невядома, чым бы ўсё гэта скончылася, калі б адзін з іх хэўры не крыкнуў пагрозна:

— Кінь!

«Чорт» абвяў, апусціў абрэз, неахвотна адступіўся. Злосна, праз зубы працадзіў:

— Шчасце тваё! Памаліся Богу, авечка!..

Той, хто выручыў Васіля, хрыпата запытаўся:

— Грыбка Ахрэма ведаеш?

— Ну, ведаю… — Васіль гарэў перажытым, палам бойкі, словы выходзілі важка.

— Хадзем пакажы!

У Ганны вырвалася трывожнае, патрабавальнае:

— Нашто?

— У госці… — Грозны незнаёмы раптам загадаў: — Лезь дахаты. Ды глядзі, дзяржы язык за губою. Твая нара? — кіўнуў ён галавою ў бок Ганнінай хаты.

— Мая.

— Дак от, сядзі не дыш, калі хочаш быць цэлаю, ясно? І калі яму дабра хочаш!

Ганна адказала спакойна, дзёрзка:

— Чаго ж, зразумела.

— Ну дак зматвайся.

— А з ім што? — не пайшла, кіўнула на Васіля Ганна.

— Жыў будзе! Не з'ядзім!.. Ну, давай адсюль! — ужо злуючы, загадаў ён Ганне.

Яна пайшла ціха, не хапаючыся, звычайнай сваёй сталай хадою. Калі бразнула клямка за ёю, хрыпаты скамандаваў аднаму:

— Глядзі ва ўсе бакі. Калі што якое — страляй. І з хаты вачэй не спускай. Каб не выходзіў ніхто.

— Чысто будзе.

Хрыпаты варухнуў абрэзам.

— Давай! Па загуменню!

Васіль зразумеў, што гэта яму загад, і сумна зашаргаў лапцямі па сцежцы. Не азіраючыся, ён чуў, што хэўра пацягнулася ўслед, чуў шум іх крокаў, смарканне, важкае дыханне хрыпатага, які сунуўся адразу за ім.

Паўз агарод выбраліся на загуменную дарогу. Гумны стаялі ў цемры панурыя, непрыветлівыя, нізка насунуўшы на сябе важкія мокрыя кучомкі стрэх. У Васілёвых грудзях нешта сумна, тужліва сціснулася, нагам стала млосна, і ён мімаволі стаў.

— Ну, ты, варушыся! — паддаў ззаду ствалом абрэза хрыпаты.

Васіль неахвотна паплёўся далей. Адчуваючы халадок на патыліцы, ён мімаволі трывожна, пільна лавіў усё, што было там, за ім, дзе ішла хэўра. Ён ужо не здагадваўся, а, можна сказаць, ведаў, што ішлі ззаду бандыты з атрада Маслака, чуткі пра якіх ужо не адзін месяц страшылі людзей па ўсёй воласці. Яго поўніла разуменне вялікай, неспадзяванай бяды. Нядаўняя смеласць, з якой ён абараняў Ганну, ужо выветрылася. У пацверазелай яго галаве прайшла ясная думка, што не на дабро дапытваюцца яны Ахрэма, што за нешта палічыцца хочуць. «Можа, нават і заб'юць!..»

І вось яму, Васілю, выдалася няшчасце весці з сабой згубу. І ён вядзе. Бо што ж рабіць, няўжо ж самому на згубу аддацца? Хіба ж не праўда, што свая сарочка бліжэй да цела? Хіба ж Грыбок, каб яму давялося, не зрабіў бы таго ж, што Васіль, хіба ж палез бы на ражон, на смерць… Але думкі гэтыя не давалі спакою, і больш за ўсё таму, што трывожыла Васіля далейшае. Як там ні ёсць, а заўтра, калі прыедзе з воласці міліцыя, Васіль будзе ўсё ж вінаваты. Прыцягнуць на допыт, паспрабуй тады апраўдайся перад імі. Памагаў гэтым, праводзіў…

Зноў цягуча, па-воўчы завыў сабака. «Праўду Ганна казала. Бы на хаўтуры. Як чула ўсё роўна…»

Хоць бы душа на прыгуменнях. Хоць бы цэп дзе-небудзь азваўся. Усё ж было б не так самотна, не так безнадзейна. Стукнуць бандзюкі, і людское вока не ўбачыць. Маўклівыя, абыякавыя чарнеюць пустыя гумны пад панурымі кучомкамі стрэх… А можа, і лепш, што яны пустыя, не бачаць нічога, — ведаць ніхто не будзе пра Васілёву сцежку…