Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 81 из 91

Цяпер усякі скажа: грэх, блуд — і не абаронішся, не апраўдаешся. Усякі можа, як Яўхім, сказаць: "Нагуляла з нейкім", любы можа блудніцай назваць, хоць і не блудніца ніякая, паверыла проста, спадзявалася, думала — праўда, возьме!

Крыўдна. Ой як крыўдна. Ад крыўды слёзы ўсе выплакала. А боль пякучы ў грудзях не ўціхае, не ападае. Чула часам — нельга болей такой пакуты трываць; цярплівасць, роспач змяняліся злосцю, прагай помсты: а што, калі пайсці да Ганны ды выказаць усё? Няхай ведае, што было ў яго, з чым пасватаўся, які ён!

Былі хвіліны, калі думкі прабіваліся далей: да старога Карча пайсці, расказаць. Ён слухаецца Бога, па-божаму жыць стараецца, няхай і рассудзіць па-божаму! Тады, калі думала пра гэта, пануры Корч, якога баялася раней, здаваўся ўжо добрым, чулым другам, родным бацькам, збавіцелем. Гэты збавіцель нібы паклікаў да сябе, хуценька сабралася, амаль уподбег, задыхаючыся, з радаснай палёгкай падалася па вуліцы да Карчовай хаты. Сэрца так калацілася, што гатова было вось-вось выскачыць, надзея, што раптам успыхнула, білася ў ім, гнала, гнала хутчэй да старога. Але як толькі дапала да хаты Карчоў, прыпынілася разгублена — надзея кудысьці знікла, падступіў страх! Корч зноў зрабіўся суровы, непадступны — слухаць не стане, раззлуецца, выганіць. Не асмелілася зайсці, заміраючы, прайшла міма…

Схуднела, затаілася панура, перастала смяяцца. Не спала начамі — думкі і апоўначы не давалі спакою. Днём хадзіла па хаце, па двары, як хворая, увесь час забывалася пра тое, што трэба было рабіць. Вочы як бы не заўважалі нікога, не цямілі.

Бацька, маці трывожна пыталіся, што з ёй. Яна хмурыла брыво, казала, каб адчапіцца:

— Нічого… Нездаровіцца трохі…

А што яшчэ магла яна сказаць!

Ёй было так цяжка. Так трэба было ёй расказаць каму-небудзь пра бяду, хоць трохі суцішыць збалелую душу — проста паплакаць перад кім-небудзь. Ёй памагло б адно слова суцяшэння, не тое што парада! Але ёй даводзілася маўчаць, таіцца ад бацькоў, ад дзяўчат, ад усіх. Ад адной думкі, што гэта можа адкрыцца, яна гатова была памерці.

Яна несла ў сабе сваю бяду, сваю горкую тайну адна, адна кідалася, шукала з роспаччу: што рабіць? Білася, шукала — і не знаходзіла, збавення не было. Яе чакала ганьба. Людская пагарда і ганьба. Калі яна бачыла ў думках гэты час, у яе так балела душа, што смерць здавалася ёй радасцю. Скінуць адразу гэту пакуту, гэту безнадзейнасць! Усё адразу знікне, як і не было. Не будзе бяды, сораму, лёгка, добра будзе!.. Яна ахвотна, нецярпліва абдумвала, дзе і як зрабіць гэта. Утопіцца ў рэчцы за Міхалевым. Не, у возеры ля Глінішчаў… У рэчцы вада хуткая, вір адразу зацягне… Бераг высокі. Можна скочыць… Скочыш — і ўміг закруціць, зацягне… Уміг… Падумаць не ўправішся… Ураз…

Але за хвілінамі гарачага, хваравітага трызнення ўпаўзаў разважлівы одум: губіць сябе — божы грэх, няможна гэтага! А больш за ўсё хвалявала згадка: татачка, мамка — як ім будзе, калі дазнаюцца, што дачка рукі на сябе налажыла! Як яна сама прывядзе ім такую бяду!

Толькі ж і так, калі жыць застанецца, дабра ім ад яе ўсё роўна не бачыць! Сорам, ганьба на ўсё сяло, на векі вечныя!..

А можа, яшчэ што-небудзь можна прыдумаць? Прыдумаць! Што прыдумаеш?! Адна надзея хіба што на Захарыху, глінішчанскую знахарку. "Яна ўмэнт зробіць", — казаў Яўхім. Чула, бывала, і ад іншых, што Захарыха тайна рабіла жанкам такое. Мабыць, рабіла, нездарма ж гаворка ідзе між людзей, канешне, рабіла — Захарыха і не такое ўмее! Толькі ж — як пайсці да яе, як сказаць, адкрыцца, чужой зусім, вядзьмарцы! Дазволіць учыніць ёй такое, зноў узяць сабе грэх, такі грэх!..

Што ж зрабіць? Што зрабіць!

У яе яшчэ не было яснасці, яшчэ не ведала добра, што зробіць, калі стала збірацца ў дарогу. Быў толькі страх перад тым, што, адчувала яна, скора, неадменна ўчыніць над сабою: канец яе бядзе, яе пакутам блізка! Сёння яна ўсё зробіць, што б ні было. Страшачыся таго, да чаго збіраецца, тоячыся, яна знарок спакойна сказала маці:

— Мамачко, я хачу к цётцы наведацца…

Маці нават узрадавалася:

— Ідзі, ідзі! Пагуляй! Развейся!..

Хадоська заўважыла, як яна глянула — з пяшчотай, з жалем, — пашкадавала! Ёй, мусіць, захацелася суцешыць дачку:





— Можа, каня запрэгці?

— Не-е. Дайду… Недалёко…

— Ну, ідзі!

"Ой, мамачко, кеб ты ведала, куды ты мяне, дачку сваю няўдалую, з такой ахвотай выпраўляеш!" Маці кудысьці заклапочана выйшла — Хадоська надзела хустку лепшую сваю, забрала са скрыні прыхаваныя грошы — усё, што зберагла, збірала не адзін месяц, — з брацікамі, з сёстрамі развіталася; цалавала быццам бы спакойна, а сама думала: можа, ужо і не пабачымся ніколі! Агледзелася навокал — нізкія, цёмныя лаўкі, прагнілая падлога ў кутку, з якога лазілі мышы, шыбкі на чорных акенцах — запацелыя, як бы заплаканыя, — усё здалося такім мілым, такім дарагім!

Маці ўнесла нізку сушаных грыбоў, загарнула ў латку.

— На от гасцінец цётцы занясі… Нядобра без гасцінца…

Хадоська ўзяла. Калі сабралася выходзіць, маці перахрысціла яе. Хадосьцы здалося, быццам яна чуе, што дачка штосьці нядобрае затаіла, — так глянула, адпускаючы ад сябе. Але гэта, мусіць, толькі здалося, бо маці ні словам не перасцерагла.

Усё ж вочы яе — жаласць, трывога і любоў — запалі ў сэрца. І пакуль ішла вуліцаю і дарогаю к грэблі, матчын позірк паліў душу. А ісці старалася знарок спакойна, каб і падумаць ніхто не падумаў нічога. Ведала, глядзець могуць на яе, сачыць…

Дзень быў халодны, пануры, брудная, памерзлая трава на ўзбочынах дарогі была ўжо быццам пасыпана соллю. "Зіма скора, — прайшло ў яе галаве. Чамусьці падумала сумна, як бы з зайздрасцю: — Вячоркі скора добрыя…" Больш ужо не заўважала нічога: ні дарогі, ні грэблі, якая потым пачалася, ні чэзлага алешніку і лазняку, што падступіў усутыч, глядзела тупа, спакутавана, невідушчымі вачыма, а ў галаве было такое ж тупое, цьмянае: што рабіць?

Перабраўшыся цераз падмерзлую грэблю, за якой блізка чарнелі алешніцкія хаты, пайшла не сялом, а па ўзболатку, сцежкаю. Нікога не хацелася бачыць, хацелася быць адной са сваім клопатам, са сваёй тайнай. У галаве так і не яснела, так і не ведала пэўна, што зрабіць. Было вядома толькі адно: трэба зайсці да цёткі, матка прасіла…

Вось ужо глінішчанскія могілкі, глінішчанскія хаты. Агароды з аднаго боку лезуць у балота. Позірк мімаволі пашукаў лясок за другім канцом сяла, пачула, як тужліва стала ў грудзях: там Захарыха. Хата асобна, у хмызняку. Адна, як лясун… А трохі далей — возера, страшнае "вока"…

Хадоська пайшла да цёткі, стараючыся зноў жа аб адным — каб не заўважылі нічога, не падумалі нядобрага.

Цёткі дома не было. Паехала з дзядзькам на луг. У хаце толькі дзеці гулялі. Хадоська выняла з хусткі гасцінчык, дала кожнаму па сушанай грушцы, спраўдзіла матчыну волю — паклала на стол нізку грыбоў. Пагаварыўшы, сама не помніла, аб чым, пагладзіла галоўку меншаму і стала збірацца зноў у дарогу.

Яна спачатку пайшла не ў той бок, дзе было возера і дзе жыла знахарка, а нібы ў Курані. За глінішчанскім выганам збочвала ў балотны хмызняк сцежка, па якой прабіраліся ў Курані, калі падсыхала на балоце, — па ёй да Куранёў было многа бліжэй. Хадоська і пайшла па гэтай сцежцы. Але вярсты праз паўтары яна з гэтай сцежкі перабралася на другую, што вяла ўжо да рэчкі. Паўз рэчку, хмызняком, яна і надумалася ісці к возеру, к Захарысе.

"Пайду лепей да Захарыхі, — рашыла яна. — Зробіць, і знаць ніхто не будзе… Як і не було…" Супакоіўшы сябе, яна ішла ўжо лёгка і хутка, з той яснасцю і пэўнасцю, якая бывае, калі вядома, што трэба рабіць. Але чым бліжэй падыходзіла яна да месца, дзе жыла знахарка, тым больш лёгкасць гэта і пэўнасць знікалі. Мацнеў страх: Захарыха з нячыстай сілай, казалі, знаецца. З ведзьмакамі бачыцца…

Яна пайшла цішэй. Які непрыветны дзень, які нядобры гэты голы, чорны балотны хмызняк! Густая, халодная вада ў рэчцы, трава, памерзлая, мокне ў вадзе. Аж самой холадна робіцца. Холадна і непрытульна. Думаць не хочацца, нічога не хочацца… "Не пайду к вядзьмарцы… Грэх — у вядзьмаркі…"