Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 71 из 91

Хоць радасці якой чакаць на сходзе не прыходзіцца, а ўсё-такі калі ты будзеш перад вачыма ўсіх, то, пэўна, не такія смелыя будуць, не так будуць плясці языкамі. Калі туліцца ў хаце сваёй будзеш, дрыжаць — чаго добрага, і зусім утапіць могуць.

Хочаш не хочаш, а ісці трэба. Глушак перахрысціўся, усцёг лаплены кажушок, насунуў пабітую моллю старую шапку. На крысе кажуха заўважыў закарэлыя белыя языкі картаплянай мешаніны для свіней, але сціраць не стаў: не ў царкву, не ў госці збіраецца. Ды і то падумаць: цяпер такія знакі ў пашане, як дакумент, што свой чалавек, не гуляшчы…

З картаплянымі языкамі на кажусе, з трухой на каўняры і на шапцы і патупаў па-старэчы з хаты. Так вымеркаваў выйсці, каб не быць на сходзе ні першым, ні апошнім. Прыпрэшся першы — кінецца ўсім, што баішся, пасмялеюць; апошні прыпаўзеш — каб позна не было. Абнюхаюцца са сваімі, згаворацца.

Народу, яшчэ з двара адзначыў, сабралася ўжо нямала. Трывога і непрыхільнасць варухнуліся ў душы, прымусілі сціснуцца, нарыхтавацца да небяспекі. "Збегліся! Навастрыліся клыкамі на чужое дабро! Толькі каманды чакаюць!.." Многа тоўпілася куранёўцаў і ў сенцах — праўда, больш не гаспадароў, нават не хлопцаў і дзяўчат дарослых, якім сваё кубло віць недалёка, а драбязы рознай, смаркатай дзятвы.

"Шпіктакль знайшлі! Дручком бы, поскудзь! Кеб не смярдзела!"

У хату нашылася таксама нямала маладых, але багата было і гаспадароў. Каля прыпечка Пракоп барадаты разважліва гаманіў з Чарнушкам, Сарока ўселася на палаці, таўхала ў грудзі Зайчыка, які весела рагатаў. Прыпёрся, вядома, Андрэй Руды, прыляпіўся к самаму сталу, к начальству.

Глушак падумаў быў прабіцца да Пракопа і Чарнушкі, але яны былі лішне на віду, а яму, можа, і ні да чаго было выпірацца на людскія вочы. Хто яго ведае, як там яно пойдзе, як там будзе сядзець на віду. А калі на тое, то і так усе прыкмецілі ўжо, што ён не дзе-небудзь, а тут жа, чуе ўсё і бачыць. Так што можна і тут, у куточку, сагнуцца ды выглядваць.

От толькі блізка аказаліся Хоня і Дзятлікаў Васіль. Дзятлік як заўважыў яго, Яўхімавага бацьку, позірк адвёў убок, ад злосці, вядома, за тое, што Яўхім адбіў Ганну. Бровы насунуў на вочы, затаіў штосьці нядобрае. "Бач ты, такое маладое, а таксамо — з хванабэрыяй! Таксамо — гаспадар, дзюба смаркатая!"

Але каб і не зважаў на Дзятліка, гнуцца ў куце было не ў ахвоту: хоць бы хто асеў поблізу людскі, каб сказаць слова, адвясці душу. Хаваў трывогу, пацеў у кажушку, таміўся, здавалася, бясконцым чаканнем і адзінотай. Калі ўсунуўся Ларывон і стаў, як дуб, узвышаючыся над усімі, Глушак узрадавана памкнуўся аклікнуць яго.

Не пазваў: з-за Ларывонавай спіны раптам паказаўся з сянец Міканор, за Міканорам паявіўся Дубадзел. Яны абышлі Ларывона, праціснуліся паўз Глушака, сталі прабірацца к сталу. Глушак пачуў, што трывога яго пацяжэла.

За Дубадзелам праціснуліся к сталу яшчэ двое, незнаёмых. "Каморнікі, мабуць", — падумаў стары, разглядаючы то аднаго, то другога, як бы хацеў уведаць пра свой лёс. Адзін быў ужо немалады, лысаваты, у зацяганай паддзёўцы, з выгляду нібы і незласлівы. Але Глушак, які ўсяго-ўсякага пабачыў і падрыхтаваўся да ўсяго, падумаў пераканана: "Ціхі-то ён ціхі. А толькі калі скамандуюць, то нож усадзіць, пэўне, і не паморшчыцца…" Другі, зусім не падобны да гэтага, маладжавы, далікатны тварам, трымаўся смела, важна: перад тым як сесці за стол, стройны, па-вайсковаму прамы, дзіўна пасміхваючыся, скінуў паважна фуражку, зняў вайсковы шынель, разгладзіў моцнаю рукой вайсковы ж мундзір з вялікімі кішэнямі на грудзях. Седзячы за сталом, аднаго за адным пачаў аглядваць куранёўцаў, спакойна, павольна падступіў позіркам да Глушака. Старому захацелася ўшыцца ў каўнер, калі вочы вайсковага пайшлі мацаць яго. Позірк быў востры, пранізлівы, нібы прабіваўся ўсярэдзіну, і такі ўпэўнены, што рабілася нядобра.

"У етаго рука не здрыганецца. Еты і бацьку роднаго ўтопіць, калі трэба за савецкую ўласць! К етаму і не падыходзь блізко, не прасіся на літасць! Парцейны ўвесь, да нітачкі! Зразу відно!" — падумаў Глушак, калі вайсковы пайшоў позіркам па другіх. За думкамі закарцела Глушаку дзіўнае адчуванне, нібы сустракаў ужо недзе гэтага чалавека, і ён колькі часу намагаўся прыпомніць, дзе гэта было. Але як ні стараўся, успомніць не мог: мабыць, бачыў выпадкам, мелькам. На вуліцы ці на дарозе — інакш хіба б забыў такога?

Глушак зноў паглядзеў на лысаватага: а гэты, можа, і праўда ціхманы і добры. Пэўна, можна было б асцярожна паспрабаваць падступіцца. Відаць здалёк, што не надта салодка жывецца: і паддзёвачка унь якая, і яды не лішне — шчокі аж уваліліся. Каб зрабіць акуратна, мусіць, не адмовіўся б ад сцягенца свінячага…

Але цяпер і думаць не думай такога — лысы і блізка не падпусціць, калі побач гэты партыйны "да нітачкі". У Глушака раптам з'явілася падазрэнне: а можа, партыйны гэты і не каморнік зусім, а які-небудзь начальнік. "З ГПУ, можа, прысунуўся, вынюхаць, што і як. Харчава прыяцель…"

Разважаючы, мяркуючы, стары ўважліва слухаў, што казаў Дубадзел. Але, хоць Глушак і не прапускаў ні слова, багата чаго, як і многія другія на сходзе, ён не разумеў ці лічыў нявартым увагі. Крывароты доўга і нудна нешта гаварыў не пра справу, а пра палітыку. Толькі калі Дубадзел перайшоў да землеўпарадкавання, стары насцярожыўся. Дубадзел, аднак, зноў доўга плёў пра тое, для чаго трэба перадзельваць зямлю і якая гэта важная задума — землеўпарадкаванне; таміў, палохаў Глушака туманам няпэўнасці. Чым больш плёў ён, тым больш прападала ў Глушака кволая надзея на тое, што, можа, абміне, абыдзе яго гэтай бядою. Стала прыкра-млосна ўсярэдзіне, калі Дубадзел абвясціў:

— У нас таксамо камісія, якая була выбрана па ўсім законам на агульным сходзе вёскі Курані, знайшла розныя факты. А іменна — няправільную запісь зямлі сельсавету, што прывяло ў сваю чаргу да няправільнай аплаты налогу з боку етых укрывацеляў…

— А хто такія етыя ўкрывацелі? — не ўтрываў Андрэй Руды.

— Можна і назваць, хоць выбраны старшыня етай камісіі вашай вёскі Дзяцел Міканор у сваім рапарце пасля мяне ўсё даложыць сам. Ето такія асобы, як Чарняк Пракоп, Дзяцел Змітро…

Ён, мусіць, выказаў бы ўсіх, але ляснік Міця, пачуўшы сваё прозвішча, абарваў яго, заявіў на ўвесь голас:





— Ето ўсё — ер-рунда!

Дубадзел абурыўся:

— Што — ерунда?!

— Усё! — з п'янай непахіснасцю растлумачыў Міця.

У хаце засмяяліся, зарагаталі.

— Няправільно запісано! — адгукнуўся не вельмі ўпэўнена, больш, відаць, для прыліку, Пракоп.

— Вы, дзядзько, памаўчалі б! — не ўтрываў, ускочыў Міканор, гатовы рынуцца абараняць свой гонар.

Дубадзел даў яму знак сесці.

— От тут грамадзянін вашай вёскі Курані Дзяцел Змітро, — загаварыў ён зноў паважна, тым жа тонам кіраўніка і прамоўцы, — заяўляе…

— Заяўляў і заяўляць буду — ерунда!

У хаце зноў засмяяліся. Дубадзел пачырванеў:

— Грамадзянін Дзяцел Змітро, вам слова не давалі. Прашу не перабіваць! Тым больш што сваімі выкрыкамі вы некультурно замахваецеся не толькі на сельсавет, але і на выбраны ўсім народам вашага сяла орган — камісію!..

— Пляваў я на тваю камісію! — Міця рваўся к сталу, але яго стрымлівалі. Ён кіпеў: — Камісія! Таксамо мне — указ! Начальство!.. Я ў лесе — сам начальство! Над усімі елкамі і палкамі! І сею — дзе хачу! І не суйся!

— Д-добра! — злавесна сказаў Дубадзел. — Мы табе пакажам, куды можно і куды няможно сунуцца выбранай камісіі і сельсавету, які ёсць поўная ўлада на месцы!..

— Пакажы! — Міця не слухаў угавораў бліжніх. Душыла крыўда. — Усякае лезе ў начальство! А таго не дапетрыць, што ў мяне свой закон, свая ўлась!

— Усё сваё ў цябе! Правільно! — падчапіў з рогатам Хоня.

Смех і вясёлы гоман, што ўсё мацнелі ў хаце, падагравалі Міцю. Невядома, як закончылася б гэтая перапалка, калі б за сталом не падняўся незнаёмы ў вайсковым кіцелі. Спакойна, цвёрда загадаў:

— Прашу вывесці п'янага!