Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 55 из 91

Маці, якая, прыбіраючы пасля вячэры посуд, сачыла за іх гаворкай з трывогай, адразу ўзрадавана адгукнулася:

— Пара! Дзякуй Богу, узяўся за розум! — Было відаць, што ёй вельмі хочацца патушыць спрэчку — пахваліўшы сына, яна тут жа лагодна падтрымала старога: — А то і праўда, дакуль слухаць бацьку гаворкі етыя, што Яўхім тое ды Яўхім другое? Думаць ды перажываць за цябе на старасці!.. — Яна тут жа параіла: — Матруну Хвелькаву з Алешнікаў! Прыдання скрыня поўная! Карову даюць! Хвельчыха сама казала!..

— Пастой! Раскудахталася! — спыніў яе Глушак. Ён наставіў пранізлівыя тхарыныя вочы на Яўхіма. — Значыць, надумаў?

— Надумаў…

Глушак быў ужо гатоў памірыцца з сынам, але Яўхім, як бы стараючыся ўхіліцца дачаснага прымірэння, папярэдзіў:

— Жанюся. Толькі — адно…

— Што?

— Толькі — кеб з тым, з кім хочу!

Глушак насцярожыўся:

— Дак, можа, і выбраў ужэ?

— Выбраў…

— Аге. — У хаце стала вельмі ціха, Глушачыха каля прыпечка, Сцяпан за сталом глядзелі то на аднаго, то на другога. — Цяпер такія парадкі, што слухаць бацькоў не трэба! Лішняе — слухаць бацькоў!.. Каго ж выбраў?

Бацькаў позірк чакаў, патрабаваў і разам з тым — загадзя — асуджаў, і Яўхім, хоць у думках гатоў быў да гэтай размовы, нечакана адчуў, што баіцца. Ён, аднак, адагнаў боязь — як рабіў звычайна, цяжкі вузел рассек адразу:

— Ганну!..

— Якую?

— Чарнушкаву…

Глушак не паверыў:

— Чарнушкаву?!

— Яе.

Глушак глянуў на сына, як на звар'яцелага. Рука сама сабой перахрысцілася на абразы.

— Ету?.. — Глушак каўтнуў кадыком, хацеў знайсці слова, каб назваць яе, як трэба, і не знайшоў, быццам не было такіх слоў. — У цябе… усе капылы? — запытаўся ў сына.

— Не згубіў.

Па тым, як сказаў Яўхім, было відаць, што ён будзе цвёрда трымацца свайго.

— Ты доўго думаў?

— Доўго. Адну яе хачу.

— Адну яе! — Глушак загарэўся, закіпеў: — Разарыць захацеў! Пусціць па свету! З торбай!..

— Тато! — хацеў супакоіць яго Яўхім, але старога Глушака гэта толькі ўзлавала.

— Па свету! З торбай дранай! "Дайце, людзі!.. Скарыначку!" На старасці!..

— Не кажыце, чаго не трэба!

— Маўчы! Указ знайшоўся! Рано ўказваць стаў! Шчаня!.. — Глушак так зірнуў, што Яўхім мімаволі прамаўчаў. — Дажыў! Выгадаваў! Гадаваў, ждаў падмогі! І выгадаваў! Даждаўся!

Злосць яго на Яўхіма змянілася здзіўленнем і крыўдай.

— Абкруціла! Узяла! Галадранка, а абкруціла як!.. І рукі, і ногі звязала! Бейбусу такому!

— Я сам выбраў. Яна шчэ і не знае.

— Не знае. Абкруціла, прыбрала! Дый не знае!

— Не знае. Шчэ, можа, і не пойдзе.

— Не пойдзе! Даўно, пэўне, не спіць, глядзіць! Калі на чужое дабро ўссесці!.. Толькі ж — не дажджэцца!

— Аддзяліце, калі хочаце. Але — адну яе.

— Ету круцёлку!.. — зноў прарвала Глушака. — Ету пакідуху! К сабе ў хату! На сваё дабро!.. Блудніцу ету!

— Яна — не блудніца! — заступіўся за Ганну Яўхім.

Сцяпан сказаў горача, непахісна:

— Яна — бедная, праўда. Але лепей за яе ў сяле — няма!

— Няма! Маўчы ты, смаркач! — уз'еўся Глушак ужо на Сцяпана. — Не ўтыкай нос, куды не просяць!





— Бо вы, тато, нізашто нагаворваеце!

— Нізашто! Я — нізашто? Чулі? — Глушак паправіўся, кінуў позірк на старую. — Чула?!

— Ціхо ты, Халімонко! — паспрабавала адно супакоіць жонка. — Людзі пачуюць!..

— І няхай чуюць! Няхай усе знаюць, якія дзеці ў Глушака Халімона!.. Каго выгадаваў на сваім хлебе! На радасць сабе!

Ніхто нічога не адказаў. І ад таго, што ўсе ўжо маўчалі і спрачацца не было з кім, стары таксама прыціх. Але спакой, з якім сказаў ён апошнія словы, толькі лепш выдаваў цвёрдасць яго адказу Яўхіму:

— Аб етай кеб і не думаў! На ету дазволу майго, бацькаваго, не будзе!

Раздзел пяты

1

Маўклівая вайна ў Глушаковай хаце, якая пачалася з таго вечара, калі Яўхім аб'явіў, што хоча жаніцца з Ганнаю, ішла без перамір'я некалькі тыдняў. Ні стары Глушак, ні Яўхім, ні хто іншы не заводзілі больш спрэчак, але маўклівасць, якая цяпер заўсёды была ў хаце, нядобрая маўклівасць і ўпартыя цвёрдыя позіркі, якімі часам перакідваліся бацька і сыны, лепш за ўсё гаварылі аб непрымірымым размежаванні ў сям'і.

Вайна, якую вялі Глушакі, была вайной нерваў, вайной цярплівасці. І трэба сказаць, што абодва бакі — і Яўхім, якога горача падтрымліваў брат, і бацька — вялі яе са ўсёй упартасцю, з усіх сіл, верачы, што другі бок адумаецца нарэшце, здасца. Гэтая маўклівая ўпартасць усё ж найбольш адбівалася на маці, якая то схілялася да старога, то да дзяцей, хацела і не магла прымірыць іх і часта плакала ўпотай.

Здавалася, што міру ў хаце ніколі ўжо не будзе, але неспадзявана ўпарты стары не вытрываў, скарыўся.

— Хай будзе па-твойму, — памаліўшыся, адышоўшы ад абразоў, сказаў ён Яўхіму. — Не мне, а табе жыць з ёю!..

Жонка, пачуўшы гэта, узрадавана павяла вачыма на сына, як бы хацела парадавацца разам з ім. Але Яўхім нават не варухнуўся — як стаяў каля люстэрка, прычэсваючы чуб, так і застаўся стаяць.

Маці перахрысцілася на абразы:

— Дзякуй Богу!..

Яна не наважылася сказаць больш ні слова і нават пайшла з посудам к печы нясмела, асцярожна, баялася лішнім словам, няўдалым рухам узлаваць затоенага старога.

— Чаго маўчыш? — кінуў Глушак сыну.

— А чаго гаварыць. Я ж казаў ужэ.

— Казаў! — Глушак не ўтрываў, каб не папракнуць: — Няма таго, кеб як у людзей — у хату дабро несці!.. Дак — з хаты!..

— Нічога з хаты не пойдзе.

— Не пойдзе! Пусці толькі адну галячку, дак адразу наляціць цэлая гайня! І не агледзішся, як расшматаюць усё! Распетраць умэнт!

— Не распетраць!..

— Не мог узяць, як людзі, — не хацеў ніяк супакоіцца бацька, — каб з дабром якую!

Слухаючы бацькавы скаргі і папрокі, Яўхім адчуваў, што бацька саступіў яму, здаўся зусім, што сіла і права цяпер на яго, Яўхімавым, баку. Нараканні старога толькі больш выяўлялі яго слабасць. Разумеючы гэту сваю сілу, Яўхім тонам загаду перарваў старога:

— Хопіць ужэ! Лепей падумайце — каго за сватоў узяць!

— Аге, праўда! — нясмела, але ахвотна падтрымала Яўхіма маці.

— Сватоў — етаго дабра — знойдзецца!..

— А ўсё ж абы-каго ўзяць — не гонар!

— Возьмем не абы-каго!.. За сватоў будуць Пракоп і Аўдоцця, — сказаў бацька, як гавораць пра тое, што ўжо вырашана, і Яўхім адзначыў сам сабе: стары загадзя аб усім падумаў.

— А калі — у сваты? — запытаў Яўхім усё тым жа патрабавальным тонам.

— Не церпіцца дужа? Перахопяць, можа?

— Перахопяць не перахопяць. Адкладуваць — не рацыя!

— А, усё адно! Хоць — у ету суботу!

Стары надзеў шапку, злосна патупаў у кутку каля лаўкі, чагосьці шукаючы, — не знайшоў, памкнуўся пайсці на двор. Каля дзвярэй затрымаўся:

— Мо так і трэба. Цяпер усё — не па-людску!..

Выходзячы, ён моцна стукнуў дзвярыма.

2

Ганна ўбачыла Глушакоў з агарода, на якім брала буракі, — як выпрасталася, трымаючы бурак у руцэ, так і засталася стаяць, не зводзячы здзіўленых вачэй з двара. Хоць не пыталася, з аднаго позірку здагадалася, зразумела, чаго прыйшлі неспадзяваныя госці. Ды і як жа было не зразумець: Глушакі ішлі ўдвух, бацька і сын, — Яўхім красаваўся святочнай паддзёўкай, блішчаў прылізаным чубам, стары трымаўся так важна, што здалёк было відаць — чалавек ідзе не па абы-якой справе. І пры іх — пануры барадаты маўчун Пракоп і Сарока Аўдоцця — сваты, не інакш!

Ганна бачыла, як на ганку Сарока штосьці сказала старому Глушаку, але той толькі кіўнуў, каб не затрымлівалася, заходзіла хутчэй, і яна, нагнаўшы на сябе выгляд чалавека бывалага і сур'ёзнага, — можаце, маўляў, не сумнявацца, справу сваю ведаю, — упэўнена падалася ў хату. За ёй увайшлі і іншыя.

Здзіўленне прыходу Глушакоў у сваты было для Ганны першы момант такое вялікае, што яна як бы забылася на ўсё, не было нават заклапочанасці ці неспакою. Але за гэтым яна заўважыла на вуліцы некалькі маладзіц, што мігам зляцеліся к яе хаце, паглядвалі на вокны, перагаворваліся ўражана, — убачыла сябе як бы збоку, пад чужымі позіркамі, і ёй стала неспакойна. Прыцягнуліся — нешта трэба рабіць з гэтым, нешта сказаць… Трэба будзе ў хату ісці, паказвацца, стаяць перад імі… Перад сватамі, перад старым Карчом, перад Яўхімам!.. Стаяць, чакаць, што надумаюць бацька, мачыха, якую долю вызначаць ёй!..