Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 5 из 91

— Куды ты такую! Дурны, і дурны ж ты! — Ганна адпіхнула галіну і чамусьці засмяялася.

4

Нічога асаблівага не было ў гэты вечар, але памяць пра яго грэла і трывожыла іх потым многія гады.

Ганна памыла ў блізкай ямцы бульбу, насыпала ў кацялок і хацела паставіць яго пры агні, але Васіль перабіў:

— Давай я ралцы зраблю!

Ён, стараючыся не траціць паважнасці, па-мужчынску стала пакапаўся ў ламаччы, што было каля вогнішча, выбраў дзве дубовыя голькі, выразаў з іх ралцы і ўткнуў у зямлю. Зрабіўшы перакладзінку, паспрабаваўшы яе моц у руках, узяў у Ганны кацялок і павесіў над агнём.

— Так лепей, — прамовіў Васіль пад канец.

Ганна прамаўчала, але ў яе маўчанні ён пачуў згоду. Для Васіля гэта было ўцехай. Яны сядзелі адно супраць аднаго, глядзелі на ваду, што пачынала кружыцца, зацягвацца белай малочнай плеўкай, і хоць не гаварылі ні слова, дзіўна разумелі, чулі адно аднаго. Між іх жыла незвычайная лагода і добрая згоднасць. Не ўмаўляючыся, узялі яны кожны сабе абавязак і глядзелі яго: Ганна здымала накіп з вады, сачыла за кацялком, Васіль падкладваў ламачча, каб вогнішча не спадала. Пакуль варылася бульба, ён з Хведзькам некалькі разоў схадзіў у лес, падбавіў галля і толькі тады, калі запас быў зроблены добры, зноў сеў перад агнём.

Калі Ганна, зліваючы ваду, папрасіла яго вячэраць, Васіль, ад звычкі, якой трымаліся амаль усе ў Куранях, ад прыроджанай схільнасці да адзіноты, усё ж хацеў быў адмовіцца.

— Я пад'еў ужэ.

— Калі ты там еў! — як гаспадыня, запярэчыла яна. — Садзіся. Нядобра без гарачаго!..

Васіль паслухаўся, але без ахвоты. Ён прынёс ад свайго воза паўкаравая хлеба, брусок сала і жменю зялёнай цыбулі, паклаў перад Ганнай на хустку.

Вячэралі маўклівыя, насцярожаныя, нязвыклыя да такой, нібы сямейнай, блізкасці. Абдзіраючы ліпкую шкурку з бульбін, Васіль хмурыў лоб і ўсім сваім выглядам паказваў, што ён зусім не бянтэжыцца, што яму ведама, як належыць у такім разе трымацца мужчыну, але вачэй на Ганну не падымаў і ў думках злаваў на свае асабліва непаслухмяныя пальцы.

Толькі адзін Хведзька, мусіць, не зважаў ні на што: душачыся гарачай бульбай, прыкусваючы салам ды цыбуляю, выбіраў з кацялка бульбіну за бульбінай. Ён першы адступіўся ад кацялка.

Услед за ім выцер рукі аб штаны і Васіль.

— Шчэ еш, — сказала Ганна. — Ты ж не пад'еў.

— Не, хопіць…

— Нясмачная, можа, картопля?..

— Картопля як картопля…

Ён сапраўды не заўважыў, смачная ці нясмачная была гэтая бульба. Не да таго было. Ён нават быў рады, што гэта дзіўная, цяжкая вячэра скончылася. Падумаў, што сказаў, напэўна, нядобра, што трэба было б пахваліць бульбу. Але хваліць бульбу — гэта значыла хваліць і Ганну, а ён ніколі ў жыцці нікога не хваліў, тым больш дзяўчат. Гэтага ніхто з мужчын не рабіў.

Як мог стрымана, паважна, як і належыць мужчыну, Васіль падзякаваў.

— Няма за што, — адказала Ганна.

Васіль устаў, паглядзеў на сіняватае, глыбокае, зорамі вышытае неба.

— Пагода павінна буць!..

Ён хацеў быў ужо ісці да свайго воза, але Хведзька папрасіў:

— Дзядзечко, вы з намі застаньцеся!

Васіль нерашуча стаў. Ганна брала хустку, маўчала. Васіль кінуў на яе насцярожаны позірк.

— За Гузам глядзець трэба…

Ганна адгукнулася:

— Яго і адсюль відаць…

— Адсюль не так.

Ён намерыўся ісці, але Ганна, зразумеўшы гэта, ускінула на яго вочы, ціха, спалохана прызналася:

— Мне страшно…

— Чаго ето?..

— Бандзіты раптам аб'явяцца…

Яе шчырае слова, просьба ўразілі яго, адразу размякчылі ганарыстае мужчынскае сэрца. Такой просьбе ён не мог адмовіць. Сказаў, што застанецца. Прайшоў толькі да каня, паглядзеў, як трымаюцца путы, забраў з воза світку і зноў вярнуўся да вогнішча.





— Васіль, — сказала раптам Ганна дзіўна, нясмела і вінавата, — ты, мабуць, сердзішся… што я пасмяялася… Пра вочы і пра валасы — розныя…

Васіль нахмурыўся, прамаўчаў.

— Ты не сердзіся. — Яна пашкадавала. — Як што за язык цягне мяне — каб цябе зачапіць! Але ты не сердзіся! Я — не ад зла на цябе…

Неяк не хацелася верыць таму, што чуў. Усё чакаў, што выкіне што-небудзь зноў. Але не, не зарагатала. Пад канец дык проста збянтэжыла Васіля, аж пачырванеў.

— А што вочы такія ў цябе — дак мне ето, папраўдзе, даспадобы! Такіх ні ў кога няма болей. І сам ты — харошы, толькі што маўклівы, унурысты. Усё адно як грэбуеш дзеўкамі ці баішся!

— Е чаго пагарджаць ці баяцца.

— Ну, а так здаецца!..

Памаўчалі. Ганна стала ладзіць Хведзьку і сабе пасцелю. Хутка яна, абняўшы адной рукой брата, другой адбіваючыся ад камарэчы, ляжала каля вогнішча, а Васіль яшчэ сядзеў, праз меру ўважліва пазіраў на агонь. Было вельмі радасна ад таго, што яна сказала пра кпіны свае і пра яго вочы. І ўжо як і не было злосці на яе. Была толькі радасць і турбота, якая мяшалася з гэтай радасцю і з якой невядома што было рабіць. Усё-такі класціся тут, каля Ганны, хоць яна і прасіла, было не проста, няёмка.

— Дзядзечко, а вы чаго седзіце? — не ўтрываў нарэшце Хведзька.

— Не хочацца нешто спаць…

— А ты ляж, паспрабуй… Заснеш, можа… — параіла Ганна.

Васіль стаў ладаваць світу на другі бок вогнішча, але Хведзька — вось жа зараза! — папрасіў:

— Сюды ідзіце, бліжай!

Васіль, каб не падумалі чаго-небудзь непатрэбнага — што ён баіцца Ганны, напрыклад, — перанёс світу бліжэй.

Доўга не спалася Васілю ў гэту ноч, такую звычайную і незвычайную. Укрыўшыся з галавою ад камароў, ён толькі прыкідваўся, што спіць, але сон не ішоў да яго. Расплюшчваючы вочы, бачыў Васіль з-пад світы, як ападаў, гас агонь, як сівелі вугольчыкі, бачыў у парадзелай цемры воз і каня непадалёк, які час ад часу пырхаў, бачыў, як пануе далей белым возерам туман. І ўсё, што ён бачыў, было дзіўна сагрэта Ганнінай блізкасцю, яе стомленым дыханнем, якое ён слухаў, нечым цёплым, невыказным, незразумелым, што паявілася ў гэты вечар, што бянтэжыла яго і ад чаго аж млелі перапоўненыя радасным чаканнем грудзі.

Але змора нарэшце ўзяла сваё.

Абудзіўшыся ўранку ад штуршка, Васіль убачыў над сабою Яўхіма Карча, які, мусіць, вяртаўся з начной уцехі.

— А хітра прыладзіўся, Дзятлік! — падміргнуў Яўхім. — Такі нібы варона, а як да дзеўкі — не промах!

Васіль спасцярожліва азірнуўся на Ганну — яна ўжо не спала, усё чула, — і губы яго задрыжалі ад гневу.

— Адыдзі ты!..

Яўхім дабрадушна ўсміхнуўся.

— Не бойся, не адаб'ю. Такога цвету — па ўсяму свету!

Ганна едка адгукнулася:

— Чаго не ясі, таго ў рот не нясі! Шчасце якое! Патрэбен ты мне, як хата сабаку!

— Патрэбен не патрэбен, а, мабуць, не адмовіла б!

— Малы жук, ды — вялікі гук!

Яна сказала гэта з такой абразлівай насмешкай, што Яўхім адразу не знайшоў, што і сказаць. Не зважаючы на яго, Ганна папрасіла Васіля ласкава:

— Я хутка паснедаць чаго зраблю. Прыходзь. Добра?

— Добра…

— Ну, язык Бог даў!

Яўхім плюнуў, павёў плячом і ляніва пацягнуўся да свайго табара.

Раздзел другі

1

Усё лета перад хатай Чарнушкаў ціха грэлася на сонцы маладзенькая, з тонкім, як дубец, камлём рабіна. Ніхто ў Куранях, бадай, не заўважыў, калі і хто пасадзіў яе, не бачылі як трэба яе і тады, калі яна красавіцкай раніцай апранулася ў лёгкае празрыста-зялёнае плацце з кволых, рэзных лісточкаў. Дні за днямі цікаўна, але нясмела глядзела яна на вуліцу, на ўсіх, хто праходзіў міма, — сціплая, непрыкметная, за нязграбным плотам, блізка ад вялікіх дрэў. Ніхто не даваў ёй ніякай увагі, мылі яе, песцілі толькі цёплыя дажджы ды любілі шумець маладым лісцем вятры. Людзі ж яе як бы не заўважалі, спачатку таму, што проста не прыкмецілі, а потым таму, што непрыкметна прывыклі.

І неспадзявана адбылося незвычайнае: ціхая, нявідная, у жнівеньскім росквіце рабіна заружавела, зазырчэла яркім, кідкім хараством, гарачым полымем агністых гронак. І не адны вочы, не абыякавыя, не ачарсцвелыя ў жыццёвых пакутах да хараства, глядзелі здзіўлена, зачаравана: «Глядзі ты!..»