Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 42 из 91

Ад сярэдзіны сяла наляталі злыя воклічы, крыкі болю, мацюкі, якія часам счапляліся ў дзікі, люты роў…

— Паламаюць камусьці рэбра!.. — сказаў доўгі алешнікавец.

Кульгавы Насцін Сямен жвава адгукнуўся:

— Тут і на той свет — нядоўго!

— От дурасць, — Вольгу, здаецца, аж закалаціла ад абурэння, — абы выпілі трохі — дак кроў пушчаць адзін аднаму!..

Міканор толькі варухнуўся, нібы скідаючы рэшткі п'янай няцямнасці, толькі ступіў крок рашуча к галасам, як маці кінулася наперад:

— Не ідзі! Міканорко, прашу!

Ён узяў яе за плечы, мякка, але цвёрда адарваў ад сябе:

— Мамо! Не мяшайце! І не бойцеся!.. Біцца не буду! Разбараню толькі!.. Чуеце, мамо?

— Адыдзі! Нічого яму не будзе! — памог Міканору бацька. Затрымаў старую.

Ужо набліжаючыся да тых, што біліся, Міканор, нібы аглядваючы сваё войска, убачыў, што з ім ідуць даўгі алешнікавец, Вольчын Пятро і борзда падскоквае са сваім кастылём Сямен. За мужчынамі, як верная падмога, смела рушыла Вольга і маладзіца алешнікаўца… Галава ў Міканора была цяпер зусім ясная: мароз, што сцінаў рэбры пад гімнасцёркаю, добра цверазіў, даваў дужасці. Ішоў Міканор цвёрда і рашуча.

Яшчэ не дайшлі, як шум бойкі пачаў хутка ападаць; постаці, якія толькі што бегалі, круціліся, крычалі, чамусьці дзіўна прыціхлі, сталі расступацца. Усе адыходзілі к платам, к хатам. Міканор, не разумеючы яшчэ нічога, мімаволі насцеражыўся.

Тады халодную вуліцу з цёмнымі постацямі і цёмнымі стрэхамі абапал пранізаў тонкі, жахлівы жаночы крык:

— Забілі!!!

Міканор угледзеў — на шэрым ад цемры снезе, пасярод вуліцы, чарнее нерухомая постаць, подбегам кінуўся да яе. Нахіліўся над чалавекам — бядак быў як нежывы, вочы заплюшчаны, губы сціснуты, выбіты лапцямі і ботамі снег чарнеў крывёю. Недзе глыбока і далёка ў галаве прайшла думка: хлопец — не куранёўскі, незнаёмы, — у той жа час, помнячы вайсковую навуку, ухапіўшы кісць хлапечай рукі, мацаў пальцамі, шукаў пульс — знак надзеі, нязгаслага жыцця. Знайшоў не адразу: ад хвалявання ці з непрывычкі; аж горача стала, пакуль пачуў, што пульс б'ецца. Жывы!..

— Патры снегам твар, шыю! — сказаў сястры, а сам стаў мацаць галаву хлопца.

Хтосьці падышоў — некалькі чалавек, хтосьці нахіліўся каля Вольгі над хлопцам. Першы момант усе маўчалі, не маглі вымавіць слова.

Вакол усё больш мацнеў шум, цяпер ужо трывожны, шум, у якім часта можна было б чуць страшнае: «забілі». Хтосьці з жанок залямантаваў… Народу ўсё прыбывала…

— А можа, не саўсім яго?.. — пачуў Міканор нясмелае Хадосьчына пытанне; гэта яна, значыцца, была каля Вольгі.

— Галава, здаецца, цэлая… — Натоўп абступаў з усіх бакоў усё цясней, усё гаманлівей. Але і ў гэтым гомане Міканор пачуў хрыпаты стогн — хлопец на снезе цяжка варухнуўся.

— Косцічак! Дзякуй Богу!.. — вырваўся ў Хадоські ўзрадаваны шэпт.

Вольга сказала, параіла Міканору:





— Трэба ў хату занесці яго…

— К нам яго! У нас у гасцях ён буў! — папрасіла Хадоська і зноў забедавала: — Божачко ж, Божа! Ето ж трэба!..

Утрох — Міканор, Хоня і Нібыто-Ігнат — узялі хлопца пад пахі, за ногі, паднялі. Калі неслі, Хоня пакрыкваў на людзей, каб расступіліся, людзі прапускалі іх, але не адставалі, гаманліва цягнуліся ўслед да самай Ігнатавай хаты. У гомане, Міканор чуў, адны вінавацілі Ларывона — ён, казалі, пачаў усё, другія вінавацілі ўсіх: усе былі добрыя, трэція — нехта з жанок — клялі гарэлку. Дзіўна, сярод гэтай гамонкі разы два згадвалі Ганну…

Багата хто з натоўпу пацягнуўся і ў Ігнатаву хату. Набілася столькі, што цяжка было павярнуцца, глядзелі, гаманілі, чакалі. Ігнаціха ціха, стрымана галасіла, Хадоська, дастаючы па Міканораваму загаду чыстую латку, божкала.

Міканор агледзеў яшчэ раз галаву хлопца, папрасіў чыстай гарэлкі — узяўся прамываць рану. Але толькі пачаў, як хлопец скрывіўся ад болю, расплюшчыў вочы. Момант ён глядзеў, нібы не цямячы нічога, нібы стараючыся зразумець, павёў позіркам па Міканору, па тых, хто стаяў побач. Ігнаціха, Хадоська радасна загаманілі, весялейшы гоман пайшоў і па ўсёй хаце…

Калі Міканор перавязаў рану Хадосьчынай латкай, Хоня параіў даць хлопцу гарэлкі. Ён сам наліў, падаў Міканору; але толькі Міканор паднёс шклянку да рота хлопца, той моцна сціснуў губы. Міканор здзіўлена глянуў у вочы хлопца і сумеўся — такая крыўда і такая нянавісць была на твары ў таго.

— С-сволачы!.. — пачулі раптам усе, хто быў блізка. — Гады вы!..

Ужо вяртаючыся дамоў, Міканор даведаўся ад Хоні, што хлопец — з Глінішчаў, што яму вельмі даспадобы Ганна, з-за яе яго, мабыць, і пабілі — Яўхім тут пастараўся, не інакш.

— Іх тут трое, з Глінішчаў. Дак дурань еты, Ларывон, адзін не палез, а падгаварыў шчэ на помач. Ну, а — п'яныя ўсе, рады старацца!.. Папробуваць сілу на чужом чалавеку!.. А як пачалі, дак як падурнелі — раз'ятрыло шчэ болей! Я хацеў памагці проціў Ларывона, сунуўся таксамо!.. Ну, далей-болей!.. — Хоня сказаў раптам весела: — Усё-такі я пераламаў дручок на яго галаве! Мацае, мабуць, Бугай, добры гузак!..

Доўга не спаў Міканор у гэту ноч. Круціўся, шамацеў саломаю, пасланай на падлозе, побач з Вольчыным чалавекам, з хвоенцам, з адным алешнікаўцам. Чуў, як Алёша з гармонікам прайшоў: абарваўшы полечку, ударыў «Марш Будзённага», некалькі маладых галасоў хвацкі падхапілі:

Кар'ерам, кар'ерам — давай, давай, давай!

Рота кулямётная, ў баю не адставай!..

Радасць прайшла ў душы, калі пачуў дарагі марш, — спадабалася, палюбілася Кураням песня! Але радасць сышла скора: думкі апаноўвалі клопатныя, неспакойныя. Зноў і зноў згадвалася, як хлопец у Ігнатавай хаце сказаў: «Сволачы! Гады!..», не цярпелася пагаварыць пра ўсё з Шабетам і Дубадзелам — перадаць у суд, каб прыпаялі каму-нікаму! Каб другія каламі махаць закаяліся, каб кончыць дзікасць гэту — бойкі!

«От дзе яно, балото другое, шчэ, мабуць, горшае за тое, — паплыла невясёлая развага. — Тут мілірацыю сваю рабіць, можа, шчэ цяжэй!..» Пад п'янае храпенне і мармытанне дзядзькоў побач — не першы раз за гэтыя дні — падумаў-памарыў: «Асветы, газет паболей бы! Кіно б сюды!.. Іншы звон буў бы!..» Тачылі думкі пра сваю вінаватасць: няма ў яго цвёрдасці, жаллівы аж вельмі — увесь у матку! Але гэтым думкам пярэчылі іншыя: жаллівы не жаллівы, а і напралом лезці — не метад, калі ўсё так пераблыталася, сплялося, урасло!.. Строгі суддзя ўсярэдзіне, што ніяк не хацеў спаць, не мог утрываць, каб не ўпікнуць: сплялося-то сплялося, а характар усё-ткі — мяккаваты! Не сакрэт, піць на рэлігійныя святы ў другі раз не трэба!.. Пабачыў бы камісар Курбацкі, як ты за сталом сядзеў, які быў! Як ты надзею яго на цябе спраўдзіў!..

Ад гэтага, напэўна, найбольш і пякла вінаватасць. Як бы камісар, хлопцы — Мароз, Кісель, усе таварышы па службе — былі поруч, чулі, — кляўся: усё-такі вы не думайце нічога паганага! Хоць і саступаю я дзе-нідзе — з-за тактыкі і па другіх прычынах — з жаласці, не сакрэт — сораму не зраблю вам! Не скрыўлю камсамольскую нашу лінію, можаце не сумнявацца!..

Раздзел трэці

1

Глядзелі, як асядае, чарнее, вадзяніцца снег, як цурчаць, пераліваюцца сонечнымі зайчыкамі ручаіны, як паруе, сохне пахучая красавіцкая зямля. Хадзілі да знямогі за плугам, чуючы пад босымі нагамі сыраватую мяккасць растрывожанай зямлі. Аралі, баранавалі, сеялі…

Як і ўсе, з ранку да вечара быў у полі Міканор. Араў, сеяў, як усе, але думка пра грэблю не давала спакою яму нават у гэтыя дні. Чакаў Міканор, калі падступіць тая часінка, у якую можна будзе адарваць куранёўцаў ад поля, прывесці на грэблю, часінка зацішку пасля таго, як пасеюць, і да таго, як пачнецца сенакос.

Чакаў нецярпліва. Не раз, не два хадзіў на ўзболатак, ад якога павінна была пачынацца грэбля, стаяў, узіраўся ў халоднае шырокае разводдзе, з якога адно вылазілі чорныя дзеркачы кустоў, чэзлых бярозак і алешынак. Вада, што разлівалася аж да самай выспы, на якой віднеліся з-за хмызняку некалькі крайніх алешніцкіх хат, хавала не толькі балота, але і амаль усю дарогу разам з мастком. Першымі днямі здавалася, што разводдзе не спадае зусім і, можа быць, утрымаецца не толькі ўвесну, але, як бывала іншы год, дастаіць да сярэдзіны лета. Многа дзён сышло, пакуль не ўбачыў, як пачалі выглядваць на пацяплелай, поўнай сонца, люстранасці першыя купіны, вясёлыя, сакавіта-зялёныя грыўкі травіцы на іх.