Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 20 из 91

Амаль адразу ж услед выйшаў і стары Глушак. Запылены, з саломінкай у шырокай, коратка падстрыжанай рудой барадзе, паглядзеў на стог саломы, паморшчыўся:

— Рэпа, расселася… Утаптаць трэба! — Ён заўважыў, што Хадоська хацела штосьці сказаць, напэўна, апраўдацца, апярэдзіў: — Пакуль Іван вернецца!..

Іван павёў з Яўхімам карміць коней. Хадоська заспяшалася пакорліва, супакойваючы:

— Зараз, зараз, дзядзечко!..

Халімон не сказаў больш нічога, ціхай, дробнай хадой падаўся да прывада, нахіліўся над прывадным колам, штосьці стаў разглядаць…

Утоптваючы стог з Хадоськай, Ганна бачыла, як вярнуліся ад хаты старая Глушачыха, што несла чыгун, накрыты латкай, і Сцяпан з лазоваю каробкай за плячыма. Каля гумна ляжала тоўстае ўчарнелае шула, старая паставіла чыгун пры ім, узяла ад Сцяпана каробку, пачала выкладваць на шула хлеб, нож, лыжкі. Калі ўсё падрыхтавала, зірнула на чалавека, што важдаўся каля прывада, але не пазвала, села на шула, стала чакаць. Толькі як Халімон падышоў сам, узяўся рэзаць хлеб, замітусілася:

— Сцяпанко!.. Дзе ты падзеўся?.. Абедаць ідзі! Бацько сядзіць, чакае!.. Дзеўкі! І вы — злазьце бо!.. Пасёрбайце боршчыку!..

Калі ўсе сышліся, паселі, дзе каму ўдалося, — не толькі Ганна і Хадоська, чужыя, але і Сцяпан, і старая, з асцярогай, чынна, — стары Глушак пачакаў, як бы даючы ўсім адчуць важнасць моманту, перахрысціўся.

— Дай Божа!..

Ён узяў лыжку, зачэрпнуў з чыгуна баршчу, тхарынымі вачыма павёў па ўсіх, хто сядзеў. Усе хрысціліся, браліся за лыжкі, такія ж стрыманыя, паважныя, як стары Глушак, нібы стараліся быць падобнымі да яго. На Хадосьчыным твары Ганна заўважыла зачараванне і страх. «Усё адно як не Корч стары, а цар перад ёй!» — мімаволі ўсміхнулася Ганна, але ўсмешка адразу ж і згасла: стары так зірнуў, нібы пачуў яе. «Як, скажы ты, чытае ўсярэдзіне!» — мільганула ў яе галаве.

Абед здаўся ёй нясмачным і доўгім, і яна ўзрадавалася, калі Глушак падняўся: дзякуй Богу, кончылася! Адышоўшы крыху з Хадоськай, пачула, як Глушачыха, збіраючы лыжкі, пажалілася старому:

— Нацягалася я за канём!.. — У голасе яе пачулася пакорлівая просьба: — Хай мо б хто маладзейшы?..

— Ля малатарні ўвішнасць патрэбна! — прамовіў Халімон строга. Ён памаўчаў. — Ну, няхай… Будзеш салому адкідаць…

Глушак пазваў Хадоську, загадаў станавіцца к коням. Іх акурат прывялі з двара, і стары сам пайшоў да іх. Ганна чула, як ён запытаўся, ці добра накармілі, напаілі, бачыла, як ён узяў нагу ў гнядога, памацаў пад капытом. За гэтым ён павёў парабка к шулу, падсунуў яму чыгун, даў хлеб, моўчкі стаяў, калі той, хапаючыся, жаваў і сёрбаў.

Ганна не стала чакаць Глушаковай каманды, пайшла сама ў гумно, хацела паляжаць на снапах у зацішку. Але як толькі ўвайшла, заўважыла, што следам хтосьці ідзе. Гэта быў Яўхім.

— Утамілася?

— Можа буць…

— Я сам запарыўся… Бацько, можа, запарыць усякаго… — Яўхім кіўнуў на снапы, з-за якіх ужо выглядвалі верхнія два рады бярвенняў: — Палезеш? Хочаш — пасаблю?

— Абыдуся!..

Яна чакала, што ён адыдзе, але Яўхім як бы не разумеў ці знарок хацеў збянтэжыць, падсмяяцца. Ганна пастаяла і раптам узлавалася: што ж, няхай стаіць, няхай глядзіць! Ухапілася адной рукой у шчыліну за бервяно, другой — за сноп, абаперлася наскамі аб бярвенні і снапы, стараючыся прытульваць спадніцу, падзерлася наверх. Ужо на снапах азірнулася, перахапіла яго гарачы, прагны позірк.

Але сказаць нічога не ўправілася: у гумно ўваходзіў стары…

5

Да вечара змалацілі ўсё: што значыць малатарня — столькі жыта за адзін дзень увабраць! На другі дзень да самага вечара круцілі веялку, ссыпалі чыстае збожжа ў мяхі, адграбалі мякіну. Стары Корч рабіў усё разам з іншымі, і сам хвіліны не пастаяў, і другім стаяць не даў.

Яўхім рабіў тут жа, каля веялкі. Быў ён, здавалася, такі ж, як заўсёды, і рабіў, як усе. Але калі б хто мог зазірнуць у яго душу, то пабачыў бы, што не жыта, не веялка, іншае зусім цікавіць і трывожыць яго. Дзе б ён ні быў, што б ні рабіў, ён адчуваў, бачыў адну Ганну.

Ён добра ведаў, што не закаханы. Яўхім нават з пагардай думаў пра яе. «Було б аб чым думаць, па чым сохнуць! Дзеўка б була якая асаблівая. А то ж грудзі як грудзі, ногі як ногі… Грудзі — нават дробныя, як яблукі. І ногі танкаватыя, кволыя…» І прыкра было думаць, што з-за гэтых дурных ног заснуць не мог паўночы, бачыў усё іх, смуглую пругкую лытку, голае калена. Лепш бы не глядзеў, калі яна лезла на снапы.

«І так сабой не асабліва відная — драбната. Паглядзець няма на што. І твар — худы, косткі на шчаках выпінаюць… Толькі і красы, што язык як брытва!..» Але колькі ні абгаворваў яе сам сабе, колькі ні хаяў, не памагала ўсё ж — нібы апоены зеллем, думаў і думаў пра яе, сачыў за ёй неспакойным позіркам.

«А чаго — дзело маладое! Наша дзело — не раджаць!» — засмяяўся ён, задаволены такім простым, ясным тлумачэннем. Яўхім быў грубы па натуры, схільны да цынізму, які ён лічыў абавязковай адзнакаю сапраўднага мужчынскага характару. Пры ўсім гэтым вывад яго быў блізкі да праўды: Яўхім тады і сам не верыў у сур'ёзнасць сваёй прыхільнасці да Ганны…

Стары Глушак хутка заўважыў яго позіркі, асцярожныя, нібы незнарок, заляцанні да Ганны, адвёў Яўхіма за рог гумна і стукнуў па галаве лапаткай.

— За што?

— Кеб не рабіў, чаго не трэба. Жарабец дурны!

— Ужэ і пасмяяцца з дзеўкамі няможно!..

— Не для таго пазваны! — адрэзаў бацька і дадаў з папрокам: — Знайшоў каго!

Глушак адаслаў сына з гумна, далей ад дзяўчат, і Яўхім тут за ўвесь дзень больш не паяўляўся. Але калі вечарам стары павёз у свіран апошні мех, калі на гумнішчы засталіся толькі Хадоська і Ганна, якім Халімон загадаў падгрэбці, прыбраць усё, Яўхім паявіўся зноў.





— Ой! — убачыўшы ўпоцемку яго, узрадавалася Хадоська.

Ганна сустрэла едкаватай усмешкай:

— Дзе ето прападаў так доўго?

— Работку даў стары, — адказаў няпэўна Яўхім. І каб змяніць небяспечны кірунак размовы, непрыемныя роспыты, запытаў: — Ну, а вы як тут?

— Дзякуй Богу, — адказала Ганна, — не сумавалі адны!

Хадоська ціха, з дакорам шмарганула яе за рукаў. Яўхім жа як бы не пачуў, не зразумеў кпіны, пастаяў, павёў вачыма па гумнішчы, прамовіў спакойна:

— Цёмно ўжэ!.. Можно і канчаць!.. — Ён раптам папрасіў: — Знаеш што, Хадоська, ідзі ў свіран, мо там бацьку трэба што памагці. А ты, — кіўнуў Яўхім Ганне, — даграбі да стога, ды і дадому…

Але як толькі Хадоська знікла, ён падышоў да Ганны, стаў перад ёю.

— Злая ж ты! — Яўхім памаўчаў, чакаў, што яна скажа. Ганна не сказала нічога. — Ты — век такая?

Ён гаварыў весела, хацеў добрай гаворкі.

— А табе не ўсё адно? — Ганна варухнула граблямі, як бы прасіла адысці, не замінаць грэбці.

— Кеб усё адно, то не пытаўся б.

— Дак не скажу!

— Гарачая ты, мабуць? — Ён узяў Ганніну руку, як у той вечар, але яна спакойна, цвёрда забрала яе.

— Мабуць… Ды адышоў бы ты, грэбці не даеш…

— Управішся!.. Гарачая, значыцца!..

— Для каго як!

— Для каго — як печка, а для каго — лёд?

— Угадаў. Здагадлівы!..

— А для мяне — як?

— Для цябе? Папраўдзе, не думала ніколі… Пэўне, для цябе — ніяк!

— Як ето? Ні тое ні сёе? Сярэдне?

— А так. Ты для мяне — як кукаль на разоры. Што ты е, што цябе няма — адно.

— Бо не знаеш!.. Ты ўсё пра Дзятліка свайго думаеш. Таксамо — кавалера знайшла!

— Які е, абы да душы.

— Попусту сохнеш! Цяпер ён не хутка выберацца! За такія штучкі мало не даюць! Бандзіцізм! За ето так запратораць, што і свету белаго не ўбачыць!.. От птушка: такі з выгляду рахманы, цішэй вады, ніжэй травы, а глядзі — з бандзюкамі знюхаўся!

Ганна абарвала — дадзеў усё ж ёй:

— Не радуйся чужой бядзе!..

Яўхім зразумеў, што перахапіў, схібіў, паспрабаваў паправіцца:

— Я і не радуюся. Шкода проста цябе!..

— А ты не шкадуй! Няма чаго!

— Я чалавек не злы. Спагадлівы… Асабліва да дзевак!.. — Ён жартам стараўся як можна загладзіць памылку, растапіць яе непрыхільнасць, якая стала такой калючай. — Тут час такі — збыту матка не дае! Жаніся ды жаніся!.. От я і прыглядаюся!