Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 18 из 91

— Ціхо бо ты, старое верацяно! — зазлаваў ён нарэшце.

Жонка адхілілася, прымірэнча сказала:

— Што ты ўсё бурчыш, стары лапаць? Як, скажы ты, іголкі збірае.

— Іголкі не іголкі, а і на лапаць — нібыто — святла трэба…

Ён корпаўся з выслізганым вастрадзюбым подплеткам і лазоваю дзяжкаю — плёў лапаць.

Дзеці, дзве Хадосьчыны сястрычкі і брат, сядзелі на печы, то гаманілі аб нечым, то спрачаліся, але як толькі ў спрэчку ўмешваўся знізу грозны бацькаў голас, адразу ўціхалі…

Можна сказаць, Ганна адна тут была без справы, і яна шкадавала, што не ўзяла нітак: магла б таксама не марнаваць часу, павязаць. Ганна і Хадоська гаварылі мала, навін ні важных, ні дробных не было, гаварыць тут пра сардэчныя клопаты, пра Васіля нельга было, і яны найбольш маўчалі. Ганна то сачыла за тым, як Хадоська вяжа, як цётка Аўдоцця прадзе, то спрабавала пражу, хваліла, то глядзела на іх саміх, параўноўвала. Яны былі вельмі падобныя адна на адну, «канапляначка» і матка. Абедзве нізкарослыя, з кароткімі спрытнымі рукамі, абедзве як бы гладкія, мяккія. «Як булкі», — успомнілася раптам, што сказаў Хадосьцы Яўхім. У абедзвюх на тварах, таксама мяккіх, светлабровых, быў адзін добры, лагодны выраз, толькі ў Хадоські быў ён больш ясны, чысцейшы. І давер'я больш было ў яе вачах, і каса была гусцейшая, цудоўная, русявая, з водбліскам золата каса, што ляжала на плячы… І нейкая радасць, патаемная, шырокая, якую ёй цяжка трымаць. Што за радасць?..

— Ой, Гануля, кеб ты знала!.. — схілілася раптам да Ганнінага вуха Хадоська, ціха-ціха прашаптала: — Я заўтра іду к яму!.. Малаціць!..

Ганна прытулілася да сяброўкі, але не вясёлая, а здзіўленая.

— Я ж — таксамо!.. Адрабіць доўг трэба!

— Ну, і нам — доўг. Але ето ўсё адно! Ён хацеў, штоб прыйшла я!.. Так і сказаў!..

— От і добра! Будзем удзвюх! — спакойна адказала Ганна.

— Што ето вы там шэпчацеся? — лагодна, без крыўды папракнула цётка Аўдоцця. — Ой, чую, пра кавалераў! Не інакш, пра кавалераў: то-та унь мая такая вясёлая, вочы — як тыя вугалькі…

— Скажаце вы, мамо!

— А што ж, дзеўка нібыто ў саку, — азваўся бацька. — Толькі от жаніхоў нешто няма.

— Будуць! Дай выраўняцца! Яблуко ж яшчэ горкае, зялёнае. Вырасце — адбою не будзе, чую!

— Скажаце! — Хадоська пяшчотна тузанула маці за руку, загадала маўчаць…

Вярталася Ганна дамоў тою ж слізкаю дарожкай цераз мокрыя агароды і платы, пад тым жа бясконцым дажджом. У чарнаце ночы думала пра Хадосьчыну радасць, пра заляцанні да абедзвюх. «Глядзі ты, Корч які спрытны: адразу ў дзвюх меціць!..» — мімаволі падумалася ёй, але думку гэтую тут жа змяніла развага: з чаго яна ўзяла, што Корч меціць і ў яе? Паплёўся адзін раз услед — паглядзець, не інакш, хацеў, якая яна бліжэй, ці такая, за якую ўдае сябе. Падступіцца паспрабаваў, як бы па-добраму, каб пасмяяцца потым, а яна, недарэка, паверыла, што ён напраўду ўсё кажа. Разгубілася, як малая, руку вырваць з яго рукі забыла, язык прыкусіла! А ён, можа, вярнуўся ды смяяцца стаў з яе, даверлівай дурніцы. І заўтра смяяцца будзе!..

І ўсё ж, не зважаючы на гэтыя думкі, яна глядзела цяпер на працу сваю ў Карчоў без асаблівай трывогі. Што ёй з таго, што здарылася ў той вечар, хіба ж яна не можа трымацца з Карчом так, як бы ў іх ніякай гаворкі і не было! Нібы яна яго не ведае і ведаць не хоча! А калі трэба будзе, калі ён абсмяяць захоча, хіба яна не знойдзе, што сказаць! Не паглядзіць, што Карчоў сынок!

Да таго ж яна будзе не адна, а з Хадоськай — гэта ўжо само па сабе мяняе многае. «Дзівачка, як яна радуецца, што будзе рабіць у свайго Яўхіма, — як бы не на працу, а на свята збіраецца!» — падумала Ганна, пералазячы цераз мокры, халодны плот, за якім быў ужо родны двор.

Дома ўсе даўно спалі, на яе прыход ніхто не азваўся. Яна вобмацкам, асцярожліва выставіўшы ўперад рукі, дайшла на цыпках да свайго ложка ў куце каля акна, дзе чутно было бесклапотнае сапенне Хведзькі, хутка скінула кофту, спадніцу і нырнула пад коўдру…

На другі дзень Хадоська забегла да Ганны, як было яшчэ цёмна. Ганна, якая акурат уставала з-за стала, хутка надзела старую даматканую паддзёўку, і праз момант яны ўжо ішлі па двары. Вакол было даволі відно, у халаднаватай шэрані добра акрэсліваліся дрэвы наводдаль, хлявы, гумны. Дажджу ўжо не было, толькі мутныя кроплі на жэрдках, на скручаным лісці напаміналі аб ім.

У каляінах на загуменні, якім яны ішлі, усюды холадна бялела вада, там і тут разліваліся лужыны. Вада ў ранішняй шэрані здавалася густой і важкай, як волава.





Вялікае, толькі летась пабудаванае гумно, строгая, роўная страха якога яшчэ нідзе не зелянела мохам, а сцены толькі пачалі цямнець, было адчынена. Дзяўчатам абедзвюм падумалася, што Корч, напэўна, іх даўно чакае, і яны мімаволі заспяшаліся. У той час калі яны падышлі да гумна, адтуль якраз паявіўся Халімон Глушак, маленькі, сухенькі, такі дробны ў параўнанні са сваёй шырокай, самай вялікай у Куранях будынінай.

Ён кінуў на дзяўчат востры позірк тхарыных вачэй, адказаў на прывітанне і дробнай, па-старэчы асцярожнай хадой, цягнучы ногі, падаўся к прываду. «Пляцецца, як бы ледзьве кеўляе, — падумала Ганна, пазіраючы ўслед яму. — Дзьмухне вецер — і, здаецца, паляціць, як пясчынка тая, рассыплецца, бы трухля…» Яна глядзела ўслед, хоць не першы раз бачыла, дзівілася: ведала, што, пэўна, ветру такога ў свеце няма, які б мог не тое што сарваць з зямлі яго, хоць бы з ног збіць!..

У Карча ў руцэ была маслёнка. Ён нахіліўся з ёй над прывадам, там, дзе быў кулачок каля прывадной шасцярні, уткнуўся носам амаль упрытык, агледзеў, падліў масла, нахіліўся над шасцярнёй. Рабіў ён усё не хапаючыся, паважна, нават урачыста, з нейкім набожным выглядам, з якім, мабыць, і ў царкве на малітве стаяў.

Калі Халімон, наўколенцах, згорбіўшыся, штосьці разглядаў у шасцярні, падышоў яго сын Сцяпан, папрасіў:

— Тато, дайце я абгледжу!..

Стары нават не паварухнуўся, не сказаў слова. Такая звычка была: нічога важнага нікому не давяраў, сынам нават, рабіў сам. Тут жа было не што якое, не драбяза, тут было яго багацце, яго гонар — конная малатарня. Ганна чула, што з усяго свайго набытку Халімон найбольш даражыў новым гумном і купленаю ў Мазыры малатарняю. Але гумно ўсё ж было гумно, і ў другіх ёсць гумны, няхай горшыя, а малатарня — рэч, якая тут у аднаго яго на ўсю акругу. Ні ў каго тут, прайдзі сёлы на дзесяткі вёрст між гэтых балот і хмызнякоў, не знойдзеш яшчэ такога. Такое калісьці не ў кожнага і памешчыка вадзілася, а гэта ж трапіла ў гумно к яму…

Сцяпан хвіліну для прыліку пастаяў пры бацьку, паглядзеў на яго працу, падышоў да дзяўчат.

— Усё яму самому хочацца… — сказаў ён ветліва, абы не маўчаць. — Бы я горай зрабіў бы.

Сцяпан выглядаў бледным, хваравітым. «З навукі, пэўне», — падумала Ганна. Ён, было відаць, хацеў трымацца з імі, як дарослы кавалер. Не толькі Хадосьцы, а і Ганне гэта падабалася. «Не грэбуе, значыцца…» Як-ніяк ён быў у сяле самы вучоны, можна лічыць, гарадскі чалавек.

— Надоўга да нас? — запытала Ганна, адказваючы далікатнасцю на далікатнасць.

— Дак от бацько сказаў — пакуль не ўправімся…

— Яно, канешне, не да вучэння, калі дома няўпраўка…

— Канешне, — падтрымала гаворку і Хадоська, якая ўвесь час паглядвала то на вароты ў гумно, то на двор.

— Ты, казалі, у Ёселя жывеш, каторы булкамі таргуе?

— У Ёселя. З Аронам яго ўдваіх. Там закутак е такі, што як паставілі ложкі, дак і размінуцца няма як…

— А які ён да цябе, Ёсель? Не крыўдзіць?

— Не-а. Бацько ж плоціць за мяне. Ён, Ёсель, — засмяяўся Сцяпан, — добры да ўсіх, хто дае зарабіць… Надысь мех пшаніцы завезлі…

— А не нудно там, на чужыне? Аднаму, без маткі?

— Цяпер не-а. А спачатку, калі меншы буў, і без прывычкі, нудзіўся. Проста суботы дачакацца не мог, кеб дадому бегці… А цяпер прывык…

Ганна зірнула на яго хваравіта-бледны твар, прамовіла спачувальна:

— Трудно, мабуць, вучыцца? Сухота адна.

— Не-а. Мне не трудно. Мне лёгко даецца. Асабліва — пісьмо. Па пісьму я самы першы ў класе… Толькі арыхмеціка падводзіць…