Страница 12 из 14
Гэтак па волі Жыгімонта Канстанцін Іванавіч займаў цяпер месца на пярэдняй лаве ў сенаце, уваходзячы ў эліту свецкіх «дастойнікаў». І ніхто з паноў-рады не пратэставаў супраць парушэння ранейшых парадкаў. Наадварот, Астрожскі меў сімпатыі ў найбуйнейшых магнатаў і палітыкаў. Паміж Гаштаўтамі і Радзівіламі, якія варагавалі, ён займаў нейтральную пазіцыю. Спрабуючы прымірыць супернікаў ды спыніць іх канфрантацыю, якая перарастала ў сапраўдную грамадзянскую вайну, аслабляла дзяржаву, гетман умеў захоўваць найлепшыя дачыненні з Альбрэхтам Гаштаўтам і сябраваць з сынамі Мікалая Радзівіла.
Не без захадаў уплывовага ваяводы троцкага ў тым жа 1522 годзе Тураўская і Пінская дыяцэзіі атрымалі ад Жыгімонта прывілей (гэтакі ж даваўся ў 1511 годзе з Берасця) аб незалежнасці царкоўнага судаводства для праваслаўных вернікаў. Гэтаксама ўласнымі стараннямі Астрожскага ён з моманту смерці мітрапаліта Язэпа ІІ Солтана (1511 год) па прызначэнні Жыгімонта быў апекуном земляў усёй Кіеўскай мітраполіі да абрання новага мітрапаліта. Новы ж мітрапаліт у 1528 годзе папрасіў на выпадак ягонай смерці пакінуць Астрожскага апекуном земляў мітраполіі і надалей. Ягоны аўтарытэт ды актыўнасць фактычна вызначылі юрыдычнае становішча грэцкай царквы ў Княстве таго часу.
А 17 жніўня 1522 года князь Астрожскі быў ізноў узнагароджаны Жыгімонтам: атрымаў дазвол «воскам чарлёным усякія лісты свае пячатаваць» — права, якім карысталіся найбліжэйшыя да манарха асобы. У гаспадарскай грамаце так адзначаліся ваенныя заслугі і мужнасць гетмана: «Бачачы высокія заслугі ў славутых бітвах вяльможнага князя Канстанціна Іванавіча Астрожскага, ваяводы Троцкага, гетмана нашага найвышшага, старасты Брацлаўскага і Вінніцкага, ня толькі за нас, але і за панаванне слаўнае памяці Бацькі нашага Казіміра і за брата нашага Аляксандра, каралёў іх міласці, што яго міласць ня толькі накладаў сваіх вялікіх да службы іх міласці налажыці не шкадаваў (што ж звык чыніці ніколі не перастаючы і да цяперашняга часу, і за наша панаванне), але ў такіх службах горла свайго страціці не літаваў, і раны ў бітвах вялікія і пакуты цяжкія ад непрыяцеля ахвотна прыймаў»{21}.
За які месяц да таго заўдавелы гетман (першая жонка Тацяна Гальшанская памерла ў ліпені 1522 года, пакінуўшы Астрожскаму адзінага сына Іллю) заручыўся з дачкою слуцкае княгіні Анастасі. У лісце аб заручынах ён пісаў Анастасі, што «ў яе міласці дом уступіць, і яе міласці кроўным і вечным прыяцелем стане, і яе міласці княгіні Слуцкай Анастасі… дачку князёўну Аляксандру сабе ў жонкі возьме, а яе міласці князёўны Аляксандры мужам будзе…» Шлюб яны бралі ў 1523 годзе. Аляксандра, дачка вядомага слуцкага князя Сымона Алелькавіча, нарадзіла Канстанціну Астрожскаму яшчэ сына Кастуся (Васіля) і дачку Зосю (дзяўчынка памерла дзіцём) ды заставалася з ім да апошніх дзён гетмана.
Звадкі мажнаўладцаў
Практычна з моманту элекцыі[25] Жыгімонта Аўгуста пачалі хутка псавацца дачыненні паміж Астрожскім і Альбрэхтам Гаштаўтам — канцлерам і ваяводам віленскім. Той у 40-х гадах XVІ стагоддзя быў першым сярод мажнаўладцаў, узначальваў апазіцыю каралеве Боне і трымаўся арыентацыі на збліжэнне Княства з Аўстрыяй і Прусіяй. К. Астрожскага ж знаёмілі з планамі Боны, і хоць ён выступаў супраць парушэння пётркаўска-мельніцкіх актаў 1501 года ды абрання нялетняга каралевіча вялікім князем, бачачы ў гэтым паслабленне абароназдольнасці краіны ў цяжкія часы, але застаўся на баку каралевы. Цяпер вакол яго гуртаваліся старыя і новыя незычліўцы Гаштаўтаў — Юры і Ян Радзівілы, Рыгор Осцікавіч, Юры Алелькавіч, Іван Сапега ды іншыя.
Барацьба груповак набывала такі размах, што паралізоўвала дзейнасць дзяржаўнага апарату. Жыгімонт неаднойчы заклікаў абодва бакі супакоіцца, затым нават прызначыў ім грашовую кару на 30 000 коп літоўскіх грошай, але не мог суняць супраціўнікаў. Стары Гаштаўт ужо не змяняў свайго стаўлення да гетмана. Кароль мусіў раіцца з К. Астрожскім, як нейтралізаваць яго дзеянні, а Гаштаўт тым часам даслаў Боне ліст, у якім абвінавачваў князя Канстанціна ў дзяржаўнай здрадзе (?!). І надалей, нават у 1529 годзе, даводзіў, што Астрожскі — «чалавек новы, подлай кандыцыі, русін, сын мізэрнага княскага роду», а значыць, не месца яму ў сенаце.
Сярод пяці наймагутнейшых
А тым часам Астрожскі ўваходзіў у пяцёрку наймагутнейшых феадалаў Вялікага Княства Літоўскага. У 1528 годзе ён выставіў са сваіх земляў 426 выдатна ўзброеных вершнікаў. З сенатараў яго пераўзыходзіў толькі сам Гаштаўт, які меў, дарэчы, не нашмат болей — 466 коней. Значыць, колькасць сялянскіх душ гетмана сягала блізу 41 тысячы! Ягоныя зямельныя ўладанні былі раскіданыя па тэрыторыі ўсяе дзяржавы. Нямала іх знаходзілася і ў Беларусі: Смалявічы і Тарасаў у Менскім павеце, Балажэвічы, Капцэвічы і Шастовічы ў Мазырскім, Анохаў у Новагародскім, возера Свіцязь з вакольнымі вёскамі, Дзятлаў, двор у Менску, урэшце, Тураў, адпісаны ў 1514 годзе жонцы, ды іншыя. Для ўласных маёнткаў князь дамагаўся асобных прывілеяў, для сваіх гарадоў — лакацыі[26]. У 1524 годзе магдэбургскае права атрымаў ягоны Астрог.
З уласных сродкаў Канстанцін Астрожскі фундаваў у Беларусі храмы, даваў ім зямлю з сенажацямі ды агародамі. Так паўставалі новыя ці замест драўляных узводзіліся мураваныя бажніцы ў Вільні, Новагародку, Смалявічах, Тураве. Пра закладанне смалявіцкай царквы Святога Мікалая пісалася ў ягоным фундушы за 27 сакавіка 1507 года: «Я… Канстанцін, князь Астрожскі, пан Віленскі, гетман найвышшы з добрае волі маёй зажываючы ў тым, паводле правоў, свабодаў і вольнасцяў шляхоцкіх нашых Вялікага Княства Літоўскага пісаных, на гонар і хвалу Спадару Богу ўсемагутнаму збудаваў царкву ў іменню маім Смалявіцкім, у павеце Менскім…»{22}
Не выключана, што ў 1522 годзе князь Астрожскі спрыяў адкрыццю друкарні Францішка Скарыны ў Вільні, а пасля матэрыяльна падтрымаў і выданне кніг.
Ізноў справы ратныя
Аднак усё гэта Астрожскі мусіў рабіць толькі паміж справамі ратнымі. Ненадоўга пакідалі яны састарэлага гетмана ў спакоі.
У 1524 годзе крымскі хан пры ўдзеле турэцкай конніцы двойчы нападаў на Вялікае Княства і Карону, рабуючы Падолле, Валынь. К. Астрожскі разам з М.Фірлеем спрабаваў перакрыць ім шлях, але меў для таго занадта малыя сілы. І наезнікі спустошылі зямлю да Буга. Тады ж стала ведама, што ля межаў Кароны канцэнтруецца турэцкае войска. Астрожскага запрасілі ў Польшчу, каб ён пакіраваў там падрыхтоўкай конніцы да магчымых ваенных дзеянняў супраць туркаў. На поўдзень звярнула ўсю сваю ўвагу і Княства.
А тым часам ўзнавіліся памежныя канфлікты на ўсходзе. Велікалуцкі намеснік наехаў на Ўсвяцкую воласць і намагаўся прыўлашчыць яе, збіраючы там падаткі. Старадубскі намеснік нападаў на воласці Крычава, Рэчыцы, Чачэрска. Узімку 1525 года тут дайшло да сапраўднай вайны. Рабуючы, маскоўскія раці праходзілі да Мазыра, з'яўляліся за Дняпром. У рэчыцкія воласці яшчэ не раз урываліся яны і наступнымі гадамі. І ўсё гэта пры існаванні мірнага пагаднення! Жыгімонт скардзіўся на сістэматычнае парушэнне мяжы з боку Масквы, а Васіль ІІІ у адказе сцвярджаў, што вінаватых ён карае смерцю. Але гэта, нават калі і было праўдаю, не мяняла сутнасці справы. Увесну 1526 года ў Маскву з пасламі ад Жыгімонта зноў паехаў Гэрбэрштайн. Упартае нежаданне Васіля ІІІ вяртаць Смаленск Вялікаму Княству Літоўскаму зрывала перамовы. Усё, чаго дамаглося пасольства, дык гэта шасцігадовага замірэння на ранейшых умовах.
25
Элекцыя (ад лац. electio) — абранне, выбары.
26
Лакацыя — прывілей, які дазваляў мець самакіраванне і невялікаму гарадку.