Страница 98 из 104
Славіку песня спачатку падабалася, потым пачала раздражняць.
— Бабская песня, — сказаў ён.
— Бабская, — згадзіўся Генрых.
Славік зразумеў, што сабраліся гаварыць пра яго адразу ж, як толькі ўвайшоў у пакой інтэрната. З якой прычыны?
Паважнай хадой «кіруючага таварыша» — Славік навучыўся перадражніваць гэтую паходачку — крочыў па пакоі Іван Ходас, глыбока засунуўшы рукі ў кішэні штаноў. Косця заваліўся на свой ложак, прытуліўшыся патыліцай да сцяны — да фатаграфій кінаактрыс, і, чырвоненькі, узбуджаны, зіркаў сваімі цыганскімі вачамі на Івана. Відно было, што яны пасварыліся. Тарас і Лапацін сядзелі за сталом. Лапацін з дзіцячай цікавасцю разглядаў маленькую штучную елачку, круціў у руках, асцярожна дакранаўся да кожнай мініяцюрнай цацачкі.
— Скажы, калі ласка! Косця! Колькі каштуе?
— Сто рублёў.
— Маніш. Толькі што гаварыў — трыццаць. Але і трыццаць — дорага. — Пасля таго як Вера нарадзіла сына, Васіль стаў надзіва ашчадны.
«Знарок цягнуць», — падумаў Славік. Яго неаднойчы прабіралі ў школе, на студыі, у брыгадзе. Але ніколі ён не адчуваў сябе так кепска. Ён ненавідзеў сябе за гэтую незразумелую боязь. Загадваў сабе быць дзёрзкім і смелым. Але калі казаць шчыра, то таксама ўпершыню ўсумніўся, што здолее быць такім.
Генрых падышоў да этажэркі, узяў нейкую кніжку, разгарнуў і зноў ціха заспяваў:
Славік узарваўся:
— Не вый! — Але спахапіўся і сказаў да ўсіх з усмешкай, быццам бы жартам: — Што вы паселі, важныя, як суддзі? Судзіце.
— І а-су-дзім, — пагрозліва, з націскам, праз зубы працадзіўшы склады, адказаў Ходас. Спыніўся перад Славікам, выцягнуў з кішэні сціснуты кулак. — Брыгаду ганьбіць не дамо!
— Хлопцы, няўжо трэба псаваць настрой перад Новым годам? — зморшчыўся Косця, просячы вачамі ўсіх, каб яны былі больш далікатныя, не сварыліся. Адкуль столькі чуласці і дабраты ў гэтага хлопца!
— Ён, можа, жыццё чалавеку сапсаваў, а не настрой! — крыкнуў Ходас. — А ты — добранькі!.. Хрыстосік!..
У Славіка захаладала ўсяродку. Пад нагамі, здавалася, калыхнулася падлога.
Вось яно, прыйшло… Няўжо Нінка зацяжарала і пра ўсё расказала? О жах! На лбе выступіў пот. Здрадны пот. Выцерці? Не. Славік паварушыў пальцамі і адчуў, што яны зліпліся, быццам іх вымазалі смалой.
— Чакай, — спыніў Тарас Ходаса, які пачаў быў ужо гаварыць гнеўную прамову, і спакойна спытаў у Славіка: — Скажы нам шчыра, што ў цябе з Нінкай. Дзяўчына плача начамі…
«Значыцца, не скардзілася, а толькі плача, — узрадаваўся Славік. — Тады — адмаўляць. Усё адмаўляць! Не здавацца! Наступаць!» Ён даўно ўжо пераканаўся, што лепшая форма абароны — наступленне. І закрычаў:
— Ты ўжо пытаўся ў мяне пра гэта. І я табе адказаў. І табе адказаў! — тыркнуў Славік пальцам у Генрыха. — Шчыра. Чаму вы не верыце мне? Крычыце пра веру ў чалавека, а самі… Лезеце ў душу, дзе трэба і не трэба…
— Не, дзе трэба! Дзе не трэба — не лезем, — адказаў Тарас і папрасіў ветліва: — Не гарачыся, калі ласка.
А Генрых з узнятай кнігай ступіў да Славіка і сказаў са сваёй звычайнай разважлівасцю:
— Па маралі мяшчанскай мы, відаць, сапраўды не маем права лезці ў душу, як ты кажаш, калі справа датычыць тваіх адносін з дзяўчынай. А па маралі нашай, я думаю, мы маем гэтае права. Абавязаны, Косця! — павярнуўся «прафесар» да Косці і… сунуў яму ў рукі кнігу, невядома навошта.
— А ён плюе на нашу мараль! — ніяк не мог супакоіцца Ходас. — У яго свая, брадвейская… Выхоўваем… Даўно пара гнаць!
— А я веру Славіку! Хіба ён падвёў нас у чым? Дрэнным таварышам быў?
Славік хмыкнуў:
— Ты наіўны, Косця. Хіба не бачыш, што камусьці хочацца мяне выжыць? — Ён нахіліўся над сталом, да Тараса, заглянуў зблізку яму ў твар, у вочы, аскаліўся, як ваўчаня. — Што? Знайшоў прычыну, брыгадзір? Хочаш адпомсціць? Дык ведай. Я люблю Машу!
Усе адразу сціхлі. Тарас апусціў вочы, лоб яго пабялеў, а шыя налілася крывёю.
«Я так і ведаў», — падумаў ён, але схамянуўся, смела глянуў на Славіка і сказаў спакойна і цвёрда:
— І я люблю Машу. Але помсціць табе… — ён паківаў галавой, — няма за што. І не думай, што нам прыемна разбіраць такія справы. Вырашым так… — Брыгадзір рэзка падняўся, агледзеў сяброў; рэдка ў яго быў такі рашучы выгляд, звычайна ён любіў параіцца, разважыць. — Вырашым так… Калі ты сумленны перад Нінай, перад намі, — прыходзь заўтра ў брыгаду і — працуй. Мы слова больш не скажам. У камітэце я ўладжу. Калі ж ты зрабіў подласць і не маеш мужнасці прызнацца, — не прыходзь. — Ён вымавіў гэтае «не прыходзь» амаль шэптам, але выразна і цвёрда. — Так будзе лепш для цябе. Праўду не схаваеш. Выганім з ганьбай!
36
Славік не спаў усю ноч. Пасля доўгага роздуму вырашыў — пойдзе на завод. А можа здарыцца, што абыдзецца. Але калі маці раніцой пачала будзіць яго, сказаў, што ў яго выхадны.
Доўга валяўся ў ложку. Не хацелася нікога бачыць, нікому глядзець у вочы. Здавалася, глянуць на яго і ўсе адразу здагадаюцца.
Падняўся — і адразу схапіўся з сястрой. Знарок, на злосць ёй, абвясціў, што чытаў яе дзённік.
— Сентыментальная лухта.
Рэакцыя Іры была зусім нечаканая. Яна паглядзела на брата зняважліва і на поўны голас, пры маці, сказала:
— Падонак ты! Што ты разумееш? Так, я люблю яго!
— Але ж ён цябе, дурніцу, не любіць.
— Ну і няхай. І няхай. А я люблю! Люблю так, як ты, цынік няшчасны, не палюбіш ніколі. І мне хораша!.. І ты не чапай!.. Не лезь сваімі бруднымі лапамі! — Ёй было так «хораша», што слёзы паліліся ў яе з вачэй.
Славіку стала сорамна. Дурань! Надумаў здзекавацца… З каго? І з чаго? Сам такі.
Ніколі ён яшчэ не прасіў у сястры прабачэння. А тут збянтэжана папрасіў:
— Я не хацеў цябе пакрыўдзіць. Даруй.
Гэта да слёз кранула Валянціну Андрэеўну. Прызнанне дачкі, трагедыя яе першага кахання, нечаканая чуласць сына — як усё гэта адгукнулася ў мацярынскім сэрцы! Адначасна — і болем і радасцю. Папракнула сябе: мала займаецца дзецьмі.
Прыкмеціўшы, як за апошні час Славік пасталеў, пасур'ёзнеў, Валянціна Андрэеўна радавалася і сачыла, каб хто незнарок не абразіў яго напамінкам пра мінулае ці яшчэ чым-небудзь, што магло б зрабіць душэўную траўму.
Жадаючы замацаваць мір паміж дзецьмі, улагодзіць, яна дала кожнаму з іх прыемнае даручэнне.
— Я не веру, што бацька прывязе елку з лясніцтва. Ён тыдзень абяцае і не можа выбрацца. Ды, кажуць, леснікі і міліцыя затрымліваюць усіх елачных браканьераў. Славік, разбіся, а знайдзі добрую елку. Што гэта за такая абыякавасць да Новага года? Зрабіце прыемнае мне, калі не хочаце рабіць сабе. Іра, сходзіш у краму, купіш цацкі. Каб да вечара ў нас стаяла елка. Будуць госці.
Славік узрадаваўся, што ёсць прычына пабадзяцца па горадзе, нечым заняцца. Абы забыцца на ўчарашняе. Каб можна было забыцца! А што, уласна кажучы, здарылася? Нічога. Яго ж не выгналі з завода. Ён можа працаваць. Не, чорта з два! Як ён можа вярнуцца, калі не пайшоў сёння?
Ён хацеў прымусіць сябе на ўсё махнуць рукой з цынічнай абыякавасцю чалавека, вольнага ад усіх умоўнасцей. Такім яму хацелася некалі быць. Але цяпер гэта не атрымоўвалася. Адбылося нешта незразумелае для яго. Каб раней яму сказалі, што здарыцца так, што яму будзе цяжка расстацца з брыгадай, то ён, напэўна, засмяяўся б. А цяпер, калі ён так прыжыўся там, нават з Ходасам, здаецца, паладзіў, набыў прафесію і палюбіў яе!.. Крыўдна, шкада. І ён не саромеецца гэтых «банальных пачуццяў». Застацца на заводзе? Але тады трэба ісці ў другі цэх, зноў вучнем, зноў пачынаць усё спачатку, могуць нават паставіць рознарабочым. Разгружаць вугаль ці вывозіць з цэха стружку разам з тымі дзяўчатамі, што толькі ўчора прыйшлі на завод з вёскі.