Страница 20 из 104
«Дык, кажаш, хочаш перайсці ў паліцыю? Чаму? Пажарная — тая ж паліцыя. І нам патрэбны там адданыя людзі».
«Хачу помсціць за бацькоў, пан начальнік».
Кузьма Клешч — сын раскулачанага, у паліцыі былі мае анкеты.
Лучынскі крыва ўсміхнуўся:
«Мы нікому не помсцім. Мы будуем новую Беларусь».
Пры гэтых словах ён адсунуў нагайку, якая ляжала на стале, каля правай рукі.
Я меўся застрэліць яго ва ўпор, а таму глядзеў толькі на вузкі твар, на лоб у кароне прыгожых пасівелых валасоў. Я цэліўся, выбіраючы момант. І раптам нагайка… Тая, якой ён ударыў Паўла. Адной гэтай дэталі было даволі, каб маланкава змяніўся план. Я скочыў да стала. Я кінуў цераз стол усю сілу свайго цела. Каб ён не паспеў націснуць кнопку, ударыў кулаком у пераносіцу. Ударыў так, што пасля ў мяне было запаленне надкосніцы ўказальнага пальца. Я схапіў нагайку, накінуў скураную пляцёнку яму на шыю і што ёсць сілы рвануў за канцы — за тоўсты, абглянцаваны, з раменьчыкам, і тонкі, з мяцёлкай калючых дроцікаў. Хруснулі шыйныя храшчы. Спадар Лучынскі вываліў ненатуральна доўгі язык. Вылезлі з арбіт вочы… Я падсунуў крэсла да сцяны, каб цела не ўпала і не нарабіла грукату. Было брыдка і пагана: ніколі яшчэ не выконваў прысуд такім чынам. Звычайна страляў ці кідаў гранату… Але ўсведамленне, што я выканаў справядлівы прысуд, адплаціў за смерць таварышаў у дзень іх пакарання, дало новыя сілы, новы імпульс жыцця і барацьбы. Не, цяпер не хацелася паміраць! Я скочыў да дзвярэй: ці не ідзе хто? За шчыльнымі дзвярамі прыглушана стукала машынка. Ціха. Вярнуўся да стала і на нейкім нямецкім цыркуляры буйна напісаў:
«Гэта першы акт помсты за павешаных. Дрыжыце, каты! Смерць здраднікам!»
Выйшаўшы, зачыніў дзверы за сабой гэтак жа ціха і асцярожна, як і тады, калі заходзіў у кабінет. Мура ўсміхнулася мне:
«Дамовіўся?»
«Ага».
«Да нас ці на ўчастак?»
«Да вас. Да заўтра».
«Да заўтра», — задаволена развіталася яна.
Але ў доўгім і пустым калідоры з'явілася жаданне пабегчы. Я ледзь стрымаў сябе. Дайшоў да лесвіцы, учапіўся рукой у поручні і зноў-такі прымусіў сябе сысці з другога паверха не спяшаючыся. Вартавы таксама спытаў:
«Узяў?»
«Але».
«З цябе — куш. Пакуль што цыгарэту».
Я памацаў пісталет і гранату. Цыгарэт не было.
«Аддаў Муры», — прыгадалася, што яна паліла, калі я выходзіў.
«Ого, хутка ты знаёмішся, — зарагатаў вартавы. — Але заўтра з пустымі кішэнямі не прыходзіць, у нас свае законы».
«Ведаю».
А сам лавіў кожны гук — ці няма трывогі?
Па вуліцы я пайшоў шпарка. Накіраваўся на Савецкую. Спадзяваўся, што на цэнтральнай будуць людзі і я схаваюся сярод іх і здолею перабрацца ў Залінейны раён. А там — некалькі явак. Я паспеў выйсці на Савецкую. Але ў той дзень яна была бязлюдная. Рэдкія прахожыя, і то, відаць, большасць — агенты ў цывільным.
І тут мяне дагнала трывога. Гукі яе даляцелі не з паліцыі — з гестапа, ажно з Паркавай. Зараўлі сірэны і маторы, загаўкалі аўчаркі. Вуліца ўміг яшчэ больш апусцела. Нават агенты, відаць, кінуліся да тэлефонаў, каб даведацца, што здарылася, атрымаць указанні. Я не паскорыў хаду, каб не выдаць сябе. Але імкнуўся хутчэй дасягнуць разбуранага бамбардзіроўкай квартала, каб схавацца ў руінах. І раптам — бываюць жа стрэчы! — насустрач Лотке. У вопратцы рабочага. Я зрабіў выгляд, што не пазнаў яго, і прайшоў міма. Але інстынкт вопытнага агента і, безумоўна, падазронасць, якую ён меў да мяне ўвесь час, прымусілі яго дзейнічаць.
«Стой! Руки вверх!» — У гэты раз ён крыкнуў на чысцейшай расейскай мове.
Я павярнуўся… Падняў рукі. Але з правай вылецела лімонка. Я паспеў убачыць, як Лотке кінуўся ў акно майстэрні па рамонту гадзіннікаў. Раней чым грымнуў выбух, дзынкнула вітрыннае шкло. Я схаваўся ад узрыву ў нішы замураваных дзвярэй. А потым кінуўся ўніз, звярнуў у першы праезд і пайшоў па задворках. Я ішоў назад, паўз двор управы, амаль паўз самую паліцыю, дзе стаяў гоман галасоў. Па шуму матораў, брэху сабак лёгка было здагадацца, што гестапаўцы абкружаюць кварталы па той бок Савецкай, кварталы руін. І, аднак, я шкадаваў, што не перасек галоўную магістраль. Там быў увесь горад, разбураны і цэлы. Там жылі нашы людзі, адтуль быў выхад у поле, у лес. А тут я быў заціснуты ў невялікім раёне паміж цэнтральнай вуліцай, якую цяпер ужо не перайсці, і ракой, за якую таксама не перабрацца. Уздоўж вуліцы — управа, паліцыя, правей — казармы зондэркаманды, над ракой — элеватар, прыстань са складамі, на беразе — вартавыя вышкі, агнявыя кропкі. І паміж гэтым — некалькі ціхіх вуліц, да якіх не дайшоў пажар і дзе заставаліся жыць нашы людзі. Нашы… А ці ўсе нашы? Гэта своеасаблівы раён. Дарэвалюцыйнай забудовы. Сяліліся тут пры цару галоўным чынам чыноўнікі. Пасля рэвалюцыі шмат якія дамы былі нацыяналізаваны, сталі камунальнымі. Але больш за ўсё эвакуіравалася ў пачатку вайны менавіта з гэтых камунальных кватэр. Рабочыя, савецкія служачыя. А хто застаўся… Не ўсе яны, відаць, нашы. Акрамя таго, я ведаў, што тут кватаруе многа немцаў — афіцэры, камерсанты. Праўда, была ў мяне перавага: я выдатна ведаў гэты раён, не толькі кожны завулак, але кожны дом і сад. Я жыў тут, калі вучыўся ў медвучылішчы.
У адзін міг я ўзважыў усе мінусы і плюсы. Тут жа выявіў яшчэ адзін мінус: я быў ранены. Асколкам уласнай гранаты. Ніша не схавала мяне ўсяго, і асколак пацэліў у нагу, вось сюды… Я нават намацаў яго. Штаніна набрыняла крывёю. Рана няцяжкая. Але па крывавым следзе лёгка ідуць аўчаркі. Таму я мусіў спусціцца ў склеп разбуранай крамы, падраць споднюю кашулю і перавязаць нагу. Патраціў некалькі хвілін. За гэты час пачалі абкружаць раён узрыву. Цяпер ужо не толькі шум матацыклаў, але і нямецкія каманды даляталі да мяне. Мабыць, упэўненыя, што я нікуды не дзенуся, немцы, здавалася, не вельмі ўжо спяшаліся.
У невялікіх руінах таго раёна схавацца нельга, я добра разумеў. Трэба выходзіць. І я выйшаў у Пушкінскі завулак, рушыў да ракі. Схаваць могуць толькі людзі, савецкія людзі. Я зазіраў у вокны драўляных дамоў. Я ведаў гэтыя дамы, але не ведаў людзей. Жыдоўская сям'я, дзе я кватараваў, эвакуіравалася. Другіх знаёмых тут не было. Якія знаёмыя ў студэнта!
Прайшла міма добра апранутая жанчына, агледзела мяне залішне зацікаўлена. Што прыцягнула яе ўвагу? Я намагаўся не кульгаць, закрываў рукой прабітую палу пінжака. З двара выбег афіцэр, на хаду зашпіляючы гузікі. Я сціснуў ручку пісталета. Але немец не зачапіў мяне, глянуў абыякава і пабег у бок цэнтра. Мабыць, яго выклікалі па трывозе.
Я звярнуў у вузкі безыменны завулак, па якім некалі хадзіў да ракі. Можа, і цяпер спусціцца да ракі і паспрабаваць пераплыць яе? Але на тым беразе бязлесны луг. Кожны, хто з'яўляецца там, бярэцца на мушкі кулямётаў. Не, ратунак можа быць толькі ў адным з гэтых дамоў. Але ў якім? Аўчаркі брахалі ўжо недзе каля ўправы. Калі натрапілі на след, яны будуць тут цераз дзве-тры хвіліны. Нельга марудзіць.
Я азірнуўся і… убачыў дом, у які мяне пацягнула нейкае асаблівае чуццё. У такія моманты з'яўляецца інтуіцыя, якая вядзе беспамылкова. Дом гэты стаяў не ў рад з іншымі дамамі, а ў глыбіні добрага саду. Прыгожы асабняк. Аднойчы я быў у гэтым доме. Прыходзіў здаваць экзамен гаспадару яго доктару Савічу.
— Савіч? Той Савіч? — не вытрымаў і выказаў сваё здзіўленне Шыковіч.
— Але. Той Савіч, пра якога Гукан з тваёй дапамогай піша, як пра здрадніка. Той Савіч, які супрацоўнічаў з немцамі, узначальваў аддзел управы і якому фашысты арганізавалі пышнае пахаванне.
— Тысяча і адна ноч. І ты пайшоў у гэты дом?
— Але. Сігануў цераз паркан, пераканаўшыся, што завулак пусты. Безумоўна, я рызыкаваў. Я ведаў, хто такі Савіч. Больш таго, я ведаў, што ў доме кватаруе лекар нямецкага шпіталя. Што ж… паміраць, дык з музыкай, чорт вазьмі! Я ішоў ужо ў той дзень раз на смерць. Яна дала адтэрміноўку. І калі не было іншага выйсця, калі любы варыянт даваў яшчэ менш шанцаў… Але, акрамя ўсяго, была нейкая інтуіцыя… Была вера ў гэтага чалавека. У Сцяпана Савіча. Я ведаў не Савіча-здрадніка, а Савіча-лекара, буйнейшага інфекцыяніста, бясстрашнага чалавека, які за сорак год лекарскай дзейнасці патушыў дзесяткі эпідэмій. Яго паважалі ў горадзе. Няўжо такі чалавек мог прадацца?