Страница 100 из 104
Міліцыянераў чакалі дома жонкі, дзеці і навагоднія сталы: яны адсталі, упэўненыя, што наперадзе ёсць другія.
Кіламетраў праз пятнаццаць — дваццаць уцекача чакала другая засада, больш хітрая і моцная.
Насустрач ішоў ГАЗ-69. Славік спачатку нічога не падумаў: ці мала было сустрэчных машын! Ды раптам метраў за дзвесце «газік» нібы занясло — ён стаў пасярод дарогі.
— А-а! — Славік завыў, як дзікун. — Вы так?! А мне як?! Мне як?!
Але волі хапіла не перакінуць нагі з педалі газу на педаль тормаза. Упяўся да болю ў баранку. Заплюшчыў вочы. Не вытрымалі нервы ў міліцыянера, які сядзеў за рулём: ірвануў машыну да кювета, і Славік праскочыў і гэтую засаду. Глянуў у люстэрка, убачыў, як «газік» вылазіць са снегу, паварочваецца, і амаль радасна галёкнуў:
— А што, укусілі?
Начальнік раённай міліцыі, чалавек добры і спакойны, заключыў:
— П'яны. Не гані, Пятро. Нікуды не дзенецца. А то яшчэ разаб'ецца, дурань. — Начальнік шкадаваў п'яных, нават зладзеяў. Але Пятра заела: нейкі шчанюк так напалохаў, увагнаў у сорам. І ён націснуў на газ.
Славік раптам адчуў, што «Масквіч» як бы знясіліўся. Не, стрэлка па-ранейшаму дрыжала направа ад 100. Але ўсё-такі нешта не так. А тут яшчэ ён выскачыў да рэчкі. Круты-круты спуск, а на тым беразе яшчэ вышэйшая гара. І Славіка раптам апанаваў страх. Здалося, што машына, набыўшы інерцыю, не здолее праскочыць вузкі мост, што ў яго не хопіць сілы ўтрымаць руль і ён зляціць у рэчку, праломіць лёд…
Не паспеў ён падумаць пра гэта, як нага сама рэфлекторна пераскочыла на тормаз. І ў той жа міг Славік адчуў, што машына, нібы раз'юшаны звер, выйшла з-пад яго ўлады. Ірванула ўлева. Ён крутнуў руль управа. Тады машына з шалёнай хуткасцю закруцілася на месцы, адарвалася ад зямлі і па спіралі ўзнялася ў паветра. Адзін віток, другі, трэці… Пры кожным вітку стрымгалоў ляцелі падстрыжанымі вяршалінамі ўніз старыя вербы.
37
Зося, пачуўшы званок, таропка адчыніла дзверы, убачыла Антона Кузьміча аднаго і спалохалася.
Яна чакала яго колькі дзён і… баялася. Ён таксама трохі сумеўся і нейкі міг стаяў за дзвярамі, на асветленай пляцоўцы, расчырванелы, велічны, у багатай «баярцы», шалікавы каўнер з нейкага адмысловага футра заінеў наперадзе і, здавалася, ззяў пад святлом. Доктар трымаў некалькі пакункаў. Марозам і снегам, водарам елкі, святочным пахам пакупак і яшчэ нечым прыемным, здаровым павеяла ад яго на Зосю. Яна ўдыхнула ўсё гэта, і ў яе закружылася галава. Яна адступіла ад дзвярэй. Ён увайшоў, зачыніў дзверы. У калідорчыку не было ўключана святло, і яны апынуліся ў паўзмроку.
Зося мацала па сцяне, шукала выключальнік і ніяк не магла знайсці. Антон Кузьміч цераз яе галаву працягнуў руку і адразу ўключыў святло, але пры гэтым упусціў адзін з пакункаў. Нешта шкляное разбілася. Зося хутка нахілілася, каб падняць пакунак. Ён таксама ў гэты міг нахіліўся, і яны стукнуліся галовамі, добра, што шапка яго такая мяккая.
Антон Кузьміч засмяяўся:
— Гэта на шчасце.
Яна не зразумела, што на шчасце, ці тое, што нешта разбілася, ці тое, што яны стукнуліся, але таксама засмяялася.
Ён сказаў тут жа ў калідорчыку, трошкі ўрачыста, трошкі афіцыйна:
— Віншую вас, Соф'я Сцяпанаўна, з наступаючым Новым годам. Жадаю… Ну, жадаю ўсяго самага найлепшага. Рад быў бы сустрэць Новы год з вамі. Але не магу. Буду ў гасцях. Вось зайшоў… павіншаваць… І маленькі падаруначак прыміце…
Ён працягнуў адзін з пакуначкаў. Яна збянтэжылася:
— Што вы! — але ўзяла і прытуліла да грудзей, як нешта самае дарагое.
— Я сёння паўдня, як Дзед Мароз, разношу падарункі. Люблю прынесці хоць маленькую радасць.
— Маленькую?!
Ёй варта было прапанаваць яму распрануцца, запрасіць у пакой. Але яна на ўсё забылася. Стаяла перад ім, скрыжаваўшы на прыціснутым да грудзей падарунку рукі, але баялася падняць галаву, каб глянуць у яго вочы.
Антону Кузьмічу таксама зрабілася няёмка.
— Ну, прабачце, — сказаў ён. — Яшчэ раз віншую. Шчасця вам і здароўя… Мой першы клопат…
Тады яна расставіла рукі, трымаючы ў адной за матузок падарунак, як сляпая, ступіла да яго і раптам… прыпала тварам да халоднага паліто, да пахучай поўсці каўняра.
Ён зусім разгубіўся, не ведаючы, што рабіць.
— Што з вамі?
Яна адказала не адразу. Праз нейкі момант падняла галаву, глянула нарэшце яму ў вочы, без сарамлівасці, без збянтэжанасці, проста, шчыра, ясна, як глядзяць вельмі блізкія людзі.
— Са мной? Нічога. — І гэтак жа проста папрасіла, упершыню на «ты»: — Нахіліся, я пацалую цябе, — і паднялася на пальчыках.
Нечаканая гэтая просьба чамусьці не здзівіла Антона Кузьміча, і ён без вагання нахіліўся і сам пацалаваў яе ў вусны, нязграбна абняўшы — перашкаджалі пакункі. Ёй захацелася ў адказ павіншаваць яго так, няхай будзе так. Што тут асаблівага?
А яна гэтак жа нечакана і раптоўна — жанчыну ніколі нельга зразумець! — выслізнула з яго рук, павярнулася і, нічога не сказаўшы, пайшла ў пакой.
Антон Кузьміч неўразуменна паціснуў плячамі і ціхенька, нібы ў кватэры спала дзіця, выйшаў.
38
Яны сядзелі ў кабінеце ў Яраша. Кірыла — у старым скураным крэсле, схіліўшыся, закрыўшы твар рукамі; Валянціна Андрэеўна — на краі жорсткай канапы, на якой аглядалі хворых. Не, яна не сядзела. Яна прысядала на хвілінку, на момант і тут жа падхоплівалася, нецярпліва камечачы мокрую хусцінку, ломячы пальцы рук. Падыходзіла да стала, нервова перастаўляла на ім канцылярскую аўтаручку ў выглядзе касмічнай ракеты. Баязліва дакраналася да чорнай скрынкі танометра. Адны і тыя ж рухі кожны раз. Потым кідалася да прыадчыненых дзвярэй і напружана ўслухоўвалася ў насцярожаную начную цішыню бальніцы. Хоць увогуле цішыні не было. Угары, над імі, хадзілі, гаманілі, ляпалі: хворыя страчалі Новы год.
Кірыла сядзеў нерухома. Можа, упершыню ў жыцці ён гэтак доўга сядзеў у такой нерухомасці. Зрэдку адсоўваў далоню і сачыў за жонкай.
Вось яна зноў тройчы пераставіла ручку-ракету, як бы хочучы адвярнуць убок яе пагрозліва нацэленую вастрыню. Нарэшце здагадалася: выняла ручку з крылатага каўпака на зялёнай падстаўцы — і «ракета» разбурана, абясшкоджана. Прайшла да парога. Прыслухалася.
— Я не магу. Я пайду туды.
Кірыла адняў ад твару рукі, папрасіў:
— Не трэба, Валя. Ідзе аперацыя.
— Але, але, — адразу пакорліва згадзілася жанчына, прысела на канапу, заціснула хусцінкай распухшы ад слёз нос.
Нейкі момант было чуваць, як цікаў Кірылаў ручны гадзіннік. А потым зноў гучна затупалі ўгары. Нехта, відаць, скакаў па лесвіцы на мыліцах. Валянціна Андрэеўна прыглушана ўсхліпнула:
— Калі ён памрэ, я таксама не выжыву.
— Ну навошта такія думкі? Усё будзе добра.
— Добра! О Божа! Мне абрыд твой аптымізм. Усё ў цябе добра. Гэты твой аптымізм пераходзіць ужо ў абыякавасць. Да ўсяго. Да мяне. Да дзяцей. Усё ў нас будзе добра — навошта ж ламаць галаву? Хапае другіх праблем…
Яна кінула гэта са злосным дакорам.
Кірыла зноў папрасіў:
— Не трэба, Валя. Пра гэта пасля. Не хапае нам яшчэ пачаць сварыцца… Цяпер…
Яна разумела і ў душы ўхваляла мужава маўчанне ў такі момант, калі сын на аперацыйным стале. Але, лепш усё-такі маўчаць. Чалавек робіцца прымхлівы, калі ведае, што блізкі яго на краі жыцця. Не трэба думаць пра яе — смерць. Але Валянціне Андрэеўне лезлі ў галаву самыя жахлівыя думкі, таму ёй цяжка было сядзець у нерухомасці і тым больш маўчаць. Яна зноў усхапілася. Зноў падышла да стала. Механічна працягнула руку, але ні да чаго ўжо не дакраналася (пэўна, яе несвядома трывожыла «ракета»).
— Не, гэтага я не магу зразумець! Абвяшчаць сябе знаўцам чалавечых душ… Пісаць разумныя кнігі, разумныя артыкулы і… не разумець, не ведаць уласных дзяцей… чым яны жывуць…
Жонка за гэтыя колькі гадзін, як прыйшло трагічнае паведамленне, каторы раз дакарае яго, то мякка, з жаночай слязлівай чуллівасцю, то цвяроза-злосна. Кірыла ўрэшце не вытрымаў і першы раз кінуў ёй глуха, нязлосна: