Страница 8 из 14
Акрамя велічных помнікаў у гонар вялікіх падзей і асоб, ёсць у кожным еўрапейскім горадзе скульптуры, якія ствараюць яго непаўторнасць, невялікія, “неафіцыйныя”, але асабліва любімыя. Ёсць такія і ў Мінску. Самая вядомая – гэта “Хлопчык з лебедзем”, фантан у былым Аляксандраўскім скверы, побач з тэатрам Янкі Купалы і Домам Афіцэраў. Яе аўтар – італьянец Л.Берніні. З’яўленнем фантана ў 1874 годзе адзначылі вялікую для горада падзею – адкрыццё вадаправоду. Дарэчы, з-за гэтай скульптуры сучасныя гараджане празвалі сквер “Панікоўкай” – у рамане Ільфа і Пятрова “Залатое цяля” ёсць такі персанаж, Панікоўскі, які спецыялізаваўся на крадзежы гусей. Вось дасціпныя мінчукі і ўгледзелі падабенства...
У Аляксандраўскім скверы ёсць і яшчэ адна нечаканая адметнасць, з якой звязана гарадская легенда. Каля тэатра Янкі Купалы стаіць невялікі прыгожы будынак, падобны да маленькага палацу. Праўда, прызначэнне яго зусім не рамантычнае – у ім размешчана... грамадская прыбіральня. А легенду расказваюць такую... Калі напрыканцы ХІХ стагоддзя ў Мінску пачалі будаваць тэатр, адзін архітэктар сказаў, што зробіць гораду падарунак – пабудуе за свой кошт ля тэатра прыбіральню. Вядома, прапанова была з удзячнасцю прынятая... Дзівак-дойлід узводзіў абяцаны будынак надзіва дыхтоўным і прыгожым. І толькі праз нейкі час высветлілася, чаму. Незадоўга перад гэтым архітэктар пабудаваў маёнтак для нейкага пана. Атрымалася прыгожа, на італьянскі манер... Але заказчык майстра падмануў – не заплаціў за працу. Архітэктар паабяцаў, што адпомсціць. Новая гарадская прыбіральня ўяўляла з сябе паменшаную копію таго прыгожага маёнтка. Над панам пачалі смяяцца, гаварыць, што жыве ў прыбіральні... Урэшце ён быў змушаны прадаць свой новы шыкоўны дом за крыўдна малыя грошы і з’ехаў некуды за мяжу.
А вось гісторыя помнікаў сквера Саборнай плошчы нагадвае дэтэктыў. У 1901 годзе там на чорным гранітным пастаменце паставілі бронзавы бюст расійскага імператара Аляксандра ІІ. Ён нават падсвечваўся ў цемры двума электрычнымі ліхтарамі. У 1917 годзе, пасля рэвалюцыі, бюст з пастаменту знік. І на тым месцы быў устаноўлены помнік салдату-рэвалюцыянеру. Але, відаць, скульптура была зроблена з гіпсу, таму праіснавала нядоўга. І ў 1921 годзе на тым жа месцы з’яўляецца абеліск імя Мінскага Савету... Але зноў – з нетрывалых матэрыялаў. І ў 1922 годзе замест яго з’яўляецца помнік краўцу-рэвалюцыянеру Гіршу Лекерту, які быў павешаны за замах на віленскага губернатара. І гэты помнік “не дагадзіў” уладам. У 1939 годзе на яго месцы паўстаў фантан са скульптурай атлета, які цэліцца ў нябёсы з луку. І гэта не спадабалася... Атлет знік разам з фантанам.
Затое ў апошняе дзесяцігоддзе горад займеў шмат цудоўных скульптур, вакол якіх будуць складацца легенды. Напрыклад, у Міхайлаўскім скверы ля вуліцы Свярдлова з’явілася дзяўчынка з парасонам і мінчанка ў капелюшы, што сядзіць на металічнай лаўцы, гасцінна запрашаючы прысесці побач... Аўтар скульптур, Уладзімір Жбанаў, аздобіў і Камароўскі рынак – на прыступках сядзіць бронзавая гандлярка з семкамі. Аднойчы маладыя мінчане нават зладзілі тут флэш-моб – вясёлы розыгрыш, на які дамаўляюцца праз Інтэрнэт незнаёмыя людзі. Усе мусілі ў адзін час падысці да гандляркі і падарыць ёй... па чупа-чупсу. А вось з іншай насельніцай Камароўкі, Дамай з сабачкам, любяць здымацца і мінчане, і госці горада. Хаця побач прапаноўвае свае паслугі бронзавы фатограф. Ну а каня, што стаіць непадалёк, многія напачатку прымаюць за сапраўднага. Адпачывае сабе, звесіўшы галаву, пакуль гаспадар бадзяецца па рынку... Нельга не згадаць і пра невялікі помнік мастаку-вандроўніку Язэпу Драздовічу ў Траецкім прадмесці. Мастак, які нясе над сабой створаны ўяўленнем свет. Сваю рамантычную Беларусь.
У ХVI-XVIII стагоддзях у Менску было больш за 20 цэхаў майстроў чатырох дзесяткаў прафесій. У 1591 годзе быў зацверджаны статут аб’яднання злотнікаў, кавалёў, меднікаў, слесараў, гадзіншчыкаў, мечнікаў. Уласныя цэхі заснавалі рымары, сёдзельнікі, партупейшчыкі, чахольшчыкі, цырульнікі, муляры, капялюшнікі ды іншыя рамеснікі, да якіх належаў кожны другі гараджанін. Дзейнічалі мукамольны і два папяровыя млыны, васкабойня, пастрыгальня сукна. Захоўвалі менскія майстры ўсе традыцыі еўрапейскага цэхавога брацтва, якое не даравала няякаснай працы. Але горад, шматкроць разбураны і спалены, паступова ператварыўся ў невялікае беднае мястэчка, загінулі яго майстры. Гаспадарка горада акрыяла, калі ў ХІХ стагоддзі тут скрыжаваліся дзве чыгуначныя лініі – Маскоўска-Брэстская і Лібава-Роменская. У 1895 годзе ў горадзе налічвалася 18 фабрык і заводаў. У 1913 – ужо 77 фабрык і 13 мануфактур. У 1883 годзе адкрыўся машынабудаўнічы завод таварыства “Якабсон, Ліфшыц і К”, цяпер – станкабудаўнічы імя С.Кірава, вагонарамонтны заводі. На пачатку ХХ стагоддзя былі ў нашым горадзе, сярод іншых, шпалерная фабрыка Кантаровіча, абутковыя фабрыкі “Арол” і “Хуткаход”, фабрыка жаночых грабеньчыкаў. На апошняй, якая знаходзілася на месцы сённяшняга стадыёну “Дынама”, працавалі спецыяльна запрошаныя майстры-французы. Першы паравы рухавік у горадзе быў устаноўлены на Мінскай ваеннай мукамольні ў 1887 годзе, там цяпер – адзін з карпусоў Мінскага халадзільнага камбінату. Адно са старажытнейшых прадпрыемстваў Мінска, якое дзейнічае дасюль - піваварны завод “Аліварыя”, або, як ён называўся раней, “Багемія”. Яго заснавала ў 1864 годзе мінская мяшчанка Р.Фрумкіна. Пасля валодалі ім граф Чапскі, потым – аўстрыйскія купцы Лекерты. Браты Лекерты мелі 4 вагоны-леднікі для перавозкі піва ў іншыя гарады, трымалі сваю карчму. Ёсць паданне, што яшчэ ў ХІХ стагоддзі “Аліварыя” заснавала першае ў Мінску “метро” – з тэрыторыі заводу былі прарытыя два падземныя танэлі. Адзін з іх вёў на Камароўку, і купцы маглі проста з рынку заязджаць у прахалодныя скляпенні “Аліварыі” за свежым півам. А вось кандытарская фабрыка “Камунарка” пачала выпускаць сваю салодкую прадукцыю толькі ў 1930 годзе. Праўда, мінчане без салодкага не заставаліся ніколі. Дарэчы, адзін з крухмальна-патачных заводаў, “Сокал”, што на Ігуменскім тракце, належаў памешчыку Любанскаму з Лошыцкага маёнтка.
Ну а калі Мінск зрабіўся сталіцай, прадпрыемствы з’яўляліся ў ім адно за другім. Мінскі аўтамабільны завод быў заснаваны ў 1944 годзе, адразу пасля вызвалення горада. З таго часу аўтамабілі “МАЗ”, надзейныя, працавітыя волаты, сталі вядомыя ва ўсім свеце. Больш чым у 80 краінаў едуць нашы грузавікі! Трактары “Беларусь” Мінскага трактарнага завода таксама ведаюць паўсюдна. Працуе на гэтым заводзе зараз больш за 20 тысяч чалавек.
1953 год. Напярэдадні святкавання 36-й гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі адкрыўся новы маршрут трамвая – ад трактарнага заводу да аўтазаводу. Калі трамвай пад’ехаў да кальца, там пасажыраў – трактарабудаўнікоў – чакалі з музыкай і кветкамі аўтазаводцы. Так было адзначанае вялікае свята: з варот трактарнага заводу выйшаў першы трактар. А цяпер лік перайшоў ужо за 3 мільёны...
Ахвотна купляюцца і сучасныя тэлевізары вытворчага аб’яднання “Гарызонт”, гэтак жа, як і халадзільнікі “Атлант” заводу халадзільнікаў. Не пералічыш усяго, што сёння выпускаецца на прадпрыемствах Мінска. Працягваюцца традыцыі старога Менска- горада майстроў.
“Мінск са старажытных часоў славіўся сваім гандлем з Ганзейскімі гарадамі і з Усходняй Руссю “,– пісаў гісторык Адам Кіркор пра Мінск у першай палове ХІХ стагоддзя. На мінскіх кірмашах каго толькі не сустрэнеш! Тут меліся склады купцоў з усяго свету. Былі брукаваныя рынкі Высокі, Нізкі, Траецкі, Гандлёвы... На Рыбным рынку ля Екацярынінскай царквы, проста з драўляных масткоў, преракінутых праз раку, можна было купіць рыбу, толькі што злоўленую ў Нямізе. Яе было так шмат, што тую, якую за дзень не купілі, рыбары адпускалі назад у раку – прасцей было назаўтра налавіць новай. На малочным рынку ля Лаўскага мосту, побач з сённяшнім рэстаранам “Журавінка”, можна было купіць свежыя малочныя прадукты, якія прывозілі з маёнткаў і вёсак. На Конскім рынку штогод, на дзесятую пасля Вялікадня пятніцу ўчыняліся “дзесятухі” – кірмашы. А вось сёння самы вядомы рынак – Камароўка. Магчыма, назва Камароўкі пайшла ад мноства камароў, што лёталі над гэтай балоцістай мясцовасцю. Але ёсць і легенда...