Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 24 из 50

Першай зачэпкай тут быў помнік загінуўшаму «афганцу». Другой — два жывыя аднасяльчаніны, што некалі ў Афганістане служылі.

— З помніка і пачнем, — вырашыў Цім.

Пайшлі на могілкі.

Цяпер, зімою, апошні прытулак «афганца» ўяўляў сабою белы сумёт. Нават агароджа па самы верх была замецена. Са снегу вытыркаўся адно помнік. На ім быў барэльеф салдата, які адной рукой абапіраецца на АКМ, а другой цягнецца да. валошкі. Барэльеф крыху нагадваў манумент «Смага», што ў Брэсцкай крэпасці. Толькі там салдат імкнецца да вады.

Нічога не прынёс агляд помніка. Пастаялі каля яго хлопцы. Паспрачаліся яшчэ: а ці бываюць у Афганістане беларускія валошкі? Сышліся на тым, што нават калі і няма, то гэта — даволі прыгожы сімвал. Вобраз чалавека, які цягнецца, як сасмяглы да вады, да сіняй кветкі далёкай Радзімы…

Затым сябры паўдня правялі ў сельскай бібліятэцы. Вывучалі кнігу свайго раёна, якая называлася «Памяць». Кніга была таўсценная і цяжкая.

Асабліва зацікавілі нашых хлопцаў тры раздзелы. Першы, пад назваю «Героі і ахвяры», пачынаўся такімі дубовымі словамі: «Па рашэнню ЦК КПСС і Савецкага ўрада ў канцы 1979 г. на тэрыторыю Дэмакратычнай Рэспублікі Афганістан былі ўведзены савецкія войскі. Гісторыя дасць канчатковую ацэнку афганскай вайне, але, якой бы ні была гэтая ацэнка, ніколі не забудуцца гераічныя подзвігі нашых воінаў у далёкай краіне».

Другі раздзел называўся — «Не вярнуліся з Афганістана». Восем чалавек з раёна загінулі; у раздзеле прыводзіліся іхнія біяграфіі, вытрымкі з пісем і фотаздымкі.

І трэці, самы кароткі — «Тут шануюць іх памяць». Канчаўся гэты раздзельчык вершам. Да таго ён лёг хлопцам на душу, што Цім папрасіў у бібліятэкаркі ручку і паперу і акуратна перапісаў яго, каб вывучыць потым напамяць.

Апошнія словы гэтага цудоўнага верша білі, здавалася, проста ў сэрца.

Пасля бібліятэкі вырашына было праведаць жывых «афганцаў».

Адзін, Колька Танкіст, жыў побач, на Сяле, другі, па мянушцы Кандагар, далёка — у Зарэччы. Цяжка было нават уявіць сабе двух больш розных людзей. Хаця і дзіўна гэта! Абодва ж прайшлі праз аднолькавае пекла, абодва паварыліся ў адным і тым жа катле — і які розны вынік!

Колька Танкіст быў чалавек набожны, ціхі, калі не сказаць затурканы. Не піў, не курыў, ніхто ніколі не чуў ад яго лаянкі, ніколі не ўступаў ён у спрэчкі, з кожным, і старым, і малым, згаджаўся, ківаючы галавою; усе ведалі, што гэта ў яго нервовы цік пасля кантузіі.

Кандагар піў бязбожна, лаяўся так, што хацелася заціснуць вушы. П'яны, ганяў з сякераю жонку з дзецьмі. Абодва «афганцы», дарэчы, мелі свае сем'і і дзяцей — амаль аднагодкаў нашым Ціму з Валікам.

Калі хлопцы смела ўвайшлі ў чужы двор, Колька Танкіст калоў дровы. У дужых яго руках смачна гэкала сякера. Убачыў хлопцаў, спыніўся на паўзамаху. Паклаў сякеру на калодку. Выцер аб куфайку рукі. Нібы якія важныя начальнікі да яго прыйшлі, а не два падшыванцы. Зрэшты, так ён паводзіўся з усімі, паводле прынцыпа — раз чалавек завітаў да мяне, значыць ёсць у яго пільная патрэба; адкладвай работу і давай яму ўвагу.

Хлопцы ў першы момант нават разгубіліся ад такой ахвотнай паслужлівасці дарослага мужчыны. Цім нічога не прыдумаў, як выдаць сходу:

— Дзядзька Мікола, вы знаёмыя з такім Барысам Крушынскім? Які ў лесе жыве? Ён, як і вы, з Афганістанам неяк звязаны.

Колька Танскіст заківаў галавою сцвярджальна — маўляў, так, ведаю. А адказаў адмоўна.

— Не, незнаёмы. Я даўно ўжо ні з кім з былых аднапалчанаў не падтрымліваю ніякіх адносін. Я забыў пра ўсё.

Сур'ёзны, поўны адказ. Якія тут яшчэ могуць быць пытанні? Аднак у Ціма знайшлося адно:

— Дзядзька Мікола, вось вы былі ў Афганістане. Скажыце. адтуль можна было што-небудзь вывезці? Ну, золата там. Альбо каштоўнасці. І калі можна, дык якім чынам?

Можна, можна — заківаў дзядзька Мікола. А адказаў:

— Рукі-ногі з галавою. Гэта адзінае, што адтуль можна было вывезці. Даў Бог вярнуцца жывым — вось і самыя большыя каштоўнасці.





— Да Кандагара няма сэнсу ісці, — панылым голасам сказаў Цім, калі хлопцы выйшлі на вуліцу.

— Канечне, — згадзіўся Валік.

Тут толькі да нашых сяброў дайшло: якія ж яны ўсё-ткі наіўныя! На што тут можна было спадзявацца? Канечне, такі шлях, што яны выбралі, быў тупіковы. Не кажучы ўжо, што іхняя залішняя цікаўнасць магла толькі пашкодзіць Крушынскаму. Ён жа іх папярэджваў, каб не лезлі нікуды, маўчалі.

— А можа, цяпер сходзім у леснічоўку? — прапанаваў Валік, скоса зіркнуўшы на сябра: здагадаўся той ужо, ці не?

Не прызнавацца ж яму было, што на яго падзейнічала ўся гэтая «афганская» гісторыя з зусім іншага боку, чым на Ціма. Не так яго зацікавілі міфічная шкатулка з каштоўнасцямі і яшчэ больш міфічны Васіль, як рэчы больш празаічныя. Валіка ўразіла судакрананне да чужога жыцця. Гэты лес, заснежаная ўтульная хатка, дзе няма ні святла, ні радыё, ні газет, ні тэлевізара. Затое ёсць адна дзяўчынка з горада Гомеля.

Наш Валік проста закахаўся. Яму падабалася тое, што Віка вельмі прыгожая. Што яна паводзіць сябе зусім не так, як смяшлівыя, несур'ёзныя, пуставатыя іх аднакласніцы — а як амаль дарослая. І ўсё адно лёгка з ёю! Якая ў яе сціплая і добрая ўсмешка, які прыемны голас!.. І загадкавая яна не менш за Крушынскага. З якой яна сям'і? Як яна вучыцца? Якія кніжкі любіць? Хто ў яе сябры?

Усё гэта было нова нашаму Валіку. І заманліва. Вось чаго яго цягнула ўвесь час у лясную хатку.

Аднак Цім, здаецца («дзякаваць Богу», падумаў Валік), ні аб чым не здагадваўся.

— Табе што было сказана? — спытаў ён. — Без патрэбы там не з'яўляцца. Толькі раз на тыдзень, і толькі ўвечары, каб ніхто не бачыў.

— Гэта я помню, — адказаў Валік, стрымаўшы ўздых.

Раздзел XIX

Цім дабіваецца свайго! — Дзве гісторыі, якія ён супастаўляе і робіць адкрыццё. — Валік зайздросціць сябру.

Ёсць харошая беларуская прымаўка: хто пытае, той не заблукае. Валік галаву гатовы быў бы даць на адсячэнне, што справа іхняя марная. Ніколі не разблытаць ім гэтай «афганскай» тайны! За што тут ухапіцца? З якога боку падступіць? Дзе хоць якая зачэпачка?

Але Цім быў упарты, так лёгка ён здавацца не збіраўся. І адбылося дзіва! Звычайны белагаловы кірпаты беларускі хлапчучок разгадаў-такі тайну пятнаццацігадовай даўнасці!

Як часта бывае, разгадка прыйшла адтуль, адкуль і чакаць яе было немагчыма. Папярэднічалі гэтаму два эпізоды. Нічым нібыта паміж сабою не звязаныя. І трэба была Цімава неўтаймаваная фантазія, каб гэтыя эпізоды супаставіць і зрабіць, без перабольшання, адкрыццё!

Увечары таго самага дня, калі хлопцы хадзілі перш на могілкі, затым у бібліятэку і да Колькі Танкіста, Цім прычапіўся да бацькі:

— Тата, раскажы пра помнік гэтаму «афганцу». Хто яго паставіў? Чаму такая дзіўная на ім выява? І хто быў гэты салдат? Дзе ён жыў? Дзе яго радня?

У іншы час бацька толькі рукою махнуў бы — маўляў, адчапіся. Але гэтым вечарам была нагода. Бацька сядзеў за сталом і набіваў гільзы для стрэльбы. Куплёных патронаў ён цярпець не мог, любіў сам валэндацца з гільзамі. Таму цяпер рукі ў яго былі занятыя, а язык — вольны.

І тата расказаў.

— З гэтым помнікам увогуле дзіўная гісторыя. Гады тры салдат ляжаў пад звычайным крыжам, у звычайнай магілцы. Але аднойчы з'яўляецца ў Вялікай Паляне чалавек, ідзе да бацькоў загінуўшага.

3

З верша Міколы Кусянкова "Рэквіем".