Страница 24 из 24
Нават напалеонаўскі пажар не выпаліў усяго гэтага. На папёлах вырасла тое самае свінства, прыгнёт, карупцыя, агульная прадажнасць.
Куды ж падзецца ад усяго гэтага? Які яшчэ гэтаму Вавілону потрэбен пажар?
Жанчына з мятлой… Страшныя скаргі «бубнаўскай дзіркі»… «Воўчая даліна» з яе трупамі… Паддзячыя, якім аддадзена ў рукі правасуддзе і літасць… Дагамейскі прынц, які крычыць аб справядлівасці на невядомай мове, і простыя, якія крычаць аб тым самым, але іх ніхто не разумее.
Брычка каціла Васкрэсенскай плошчай. Барва ляжала на будынках: слабая — на белым будынку ўрадавых устаноў, цякучая — на струменях водаразборнага фантана, крывавая — на мурах Крамля.
Эшафот на Балоце. Калясніца, што паўзе да яго. Твар гарадскога ката. Мядзведзі з выкалатымі вачыма. Знемагаючы бык, што ідзе насустач сонцу.
Алесь пачуў гукі песні, і яму здалося, што ён трызніць. Не, памылкі не было. Каля чырвонага струменя вадамёта стаяў стары ў белай світцы і магерцы. На плячы ў яго вісела віцебская валынка. Пад нагамі, абутымі ў поршні, ляжалі два медзякі. Узвёўшы вочы, стары спяваў.
— Гэх, — раптам сказаў Макар, — валынка ды гудок, сабяры наш дамок. Саха ды барана, разарылі нашы дама. Спыніць, ці што, княжа?
— Спыні.
Брычка стала. Выцягнуты, увесь белы ў бездакорна чыстай світцы, белы, як дзед Кагут у белым садзе, белы, як той лірнік, ля якога яны пазнаёміліся з Кастусём, стары спяваў:
Алесь схіліўся і паклаў яму на валынку тры рублі. Што ён мог?
У запляваных, прасякнутых горам, подласцю, прыгнётам і крывёю мурах білася, знемагаючы, крынічка песні. Стары спяваў, як уся гэтая зямля, начыста, яшчэ пры нараджэнні, пазбаўленая шчасця.
Алесь сціснуў плячо Макара, каб той ехаў. Гора і гнеў душылі яго. А за спіною білася, паміраючы, палонная песня.
…За заставаю развітваліся. Макар пераступаў з нагі на нагу, муляўся. Потым ціха сказаў:
— А шкада, што я не ў вас. — І раптам усміхнуўся: — Во, княжа, што яшчэ здарылася. Этап нейкія чэрці ўчора раніцой разбілі, сакалінцы катаржныя. Усіх чыста паразвязвалі ды параспускалі. А салдат хапіліся толькі сёння, апоўдзень. Пачалі шукаць — усе чыста звязаныя.
— Гэта цікава, — сказаў Алесь. — І невядома, хто зрабіў.
— А чорт яго ведае. Галоўнае, выгоды ніякай. Замотаныя нейкія. Проста так, відаць, з азарства.
— Спаймалі кагосьці?
— Спаймай іх… Гэта ж паўтара дня мінула ці яшчэ больш. У тых, відаць, ад страху крылы павырасталі. Цяпер між імі і тым месцам сама меней сотня вёрст.
— Бывай, Макар. Я рад.
Макар адышоў.
— Ну, давай, — сказаў Чыўін. — Давай я цябе нашым… Рагожскім.
Перахрысціў двуперсна.
— І ведаеш… Ты тады гэтым… неграм — і за мяне. І за мяне, сынок. За алтары запечатленныя. За ўсю нашу рагожскую старую веру.
…Ямскі экіпаж каціўся шляхам. Першыя зоры загараліся над галавою. Білі ў маладых жытах перапёлкі. Алесь гладзіў галаву Лебедзя, і ўспамінаў, і заплюшчваў вочы, як ён.
Калі васьмю месяцамі пазней людзі ў ярасці крычалі: «Зброі!», крычалі, сціскаючы пустыя кулакі, адзін з нямногіх, хто здолеў адказаць на гэты крык, быў князь Аляксандар Загорскі.
Зямля атрымала зброю.