Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 43 из 47

— Мы ведаем гэта, — з'едліва сказаў я. — Між іншым, Раман выдаў вас з галавою менавіта пасля смерці, хоць вы ягоным крыкам і не верылі. Не верылі яшчэ два дні таму, калі размаўлялі з Пацуком пасля забойства Бермана.

У Стахевіча аж сківіца адвалілася. Я ўладна загадаў яму распавядаць далей.

— Мы навялі жах на ўсё наваколле. Найміты згаджаліся на тую цану, якую даваў гаспадар. Мы сталі лепей жыць. А Яноўскую давялі да роспачы. І тут з'явіўся ты, Беларэцкі. Дубатоўк прывёз тады партрэт Рамана Старога нездарма. Каб не ты, яна была б вар'яткай праз тыдзень пасля гэтага. І тут пан Рыгор пабачыў, што памыліўся. Яна была вясёлай. Ты ўвесь час танцаваў з ёю. Дубатоўк назнарок запрасіў цябе, калі перадавалі справы апекі, каб ты пераканаўся, што яна бедная. Ён добра ўпраўляў маёнткам — гэта ж быў ягоны будучы маёнтак. Але беднасць Яноўскай на цябе не падзейнічала, і цябе вырашылі прыбраць.

— Між іншым, — сказаў я, — я ніколі не думаў ажаніцца з ёю.

Стахевіч невымоўна здзівіўся.

— Але нічога. Ты ўсё адно перашкаджаў нам. Яна аджыла з табою. Між іншым, Дубатоўк сапраўды любіў Яноўскую. Яму шкада было яе знішчаць,і каб магчыма было абысціся без гэтага, ахвотна згадзіўся б. І цябе ён паважаў. Казаў нам заўжды, што ты сапраўдны чалавек, шкада толькі, што не згодзішся быць з намі. Тады, на баль, Дубатоўк прывёз Яноўскай стары ўбор, бо ён тых, хто не звык да яго, робіць непрыгожым. І сам здзівіўся, так гэта нечакана добра атрымалася. Словам, справы нашы ўскладніліся: трэба было ўбраць і вас, і Свеціловіча, які меў права на спадчыну і кахаў Яноўскую. Дубатоўк запрасіў вас да сябе, дзе Варона павінен быў вызваць вас на дуэль. Ён так добра разыграў усё гэта, што ніхто не падумаў, што не ён, а Дубатоўк быў натхніцелем справы, а мы тым часам разглядалі вас, бо трэба было добра запомніць ваш твар.

— Далей, — кінуў я.

Стахевіч завагаўся, але Міхал торкнуў яму злёгку віламі ў месца, адкуль растуць ногі. Марка паглядзеў вакол зацкаваным позіркам спадылба.

— З дуэллю атрымалася глупства. Дубатоўк падпойваў цябе, але ты не п'янеў. Ды яшчэ выявіўся такім спрытным, што паклаў Варону, і ён сапраўды павінен быў пяць дзён праляжаць у ложку.

— А як вы маглі адначасова быць у хаце і гнацца тады за мною?

— За абсадай Дубатоўкавай хаты чакалі другія, навічкі. Мы думалі іх спачатку пусціць па слядах Свеціловіча, калі цябе заб'юць, але Свеціловіч сядзеў з намі да наступнага дня, а Варона быў паранены. Іх пусцілі за табою. Дубатоўк дагэтуль не можа дараваць сабе, што па тваіх слядах пусцілі гэтых саплякоў. Каб не гэта — ты б ад нас не ўцёк нізавошта. І, да таго ж, мы думалі, што ты ішоў па дарозе, а ты рушыў пусткаю ды яшчэ прымусіў страціць час перад балотнай лагчынай. Пакуль сабакі натрапілі на след — было ўжо запозна. І дагэтуль мы не ведаем, як ты ўслізнуў тады ад нас, спрытняга! Але ведай, спаймалі б — не пашчасціла б табе.

— А чаму рог спяваў убаку? І яшчэ, дзе гэтыя навічкі зараз?

Стахевіч павагаўся:

— На паляўнічым розе граў адзін з нас, які ехаў нездалёк. А навічкі — вось яны, тут, ляжаць на зямлі. Нас было раней менш. І мы вялі з сабой коней з пудзіламі ў сядле. А частка маладых пайшла да Халоднай лагчыны Мы думалі, што ты там адзін, разам са сваім Рыгорам, вартуеш. Але мы не спадзяваліся, што вас тут — армія. І вось дорага заплацілі за гэта. Вось яны ляжаць: Пацук, Ян Стыровіч, Паўлюк Бабаед. І нават Варона. Ты пазногця ягонага не варты. Разумны быў Варона, а таксама не мінуў божага суда.

— Нашто вы падкінулі мне запіску пра тое, што паляванне караля Стаха прыходзіць уначы?

— Што ты, што ты, — захітаў Стахевіч галавою, — здані не падкідваюць запісак. Мы на такую дурасць не пайшлі б.

«Гэта, напэўна, Берман зрабіў», — падумаў я, а ўголас сказаў:

— А мяне гэтая запіска пераканала ў тым, што вы не здані, якраз у той момант, калі я пачынаў гэтаму верыць. Падзякуйце за гэта невядомаму дабрадзею, бо са зданямі я наўрад ці адважыўся б змагацца.



Стахевіч збялеў і, ледзь варушачы сківіцамі, кінуў:

— Гэтага чалавека мы б раздзёрлі на кавалкі. А вас я ненавіджу, нягледзячы на тое, што не мая сіла. І я буду маўчаць.

Рука Міхала схапіла палоннага ззаду за шыю і націснула за вушамі.

— Кажы. Іначай мы цябе тут…

— Добра. Ваша сіла… Радуйцеся, хлопцы… А мы вас таксама правучылі. Няхай хто даведаецца, куды галоўныя крыкуны падзеліся з вёскі Яркі, якую пан Антось Духвіца з зямлі сагнаў? Спытайце ў каго, можа, і даведаецеся. Шкада, што Дубатоўк не загадаў вас удзень падсцерагчы і застрэліць. А гэта ж лёгка было зрабіць, асабліва калі вы да Кульшаў ішлі, Беларэцкі. І я вас нават бачыў тады. Мы яшчэ тады зразумелі, што вы шворку на нашу шыю згатавалі. Кульша старая, хоць і вар'ятка, але магла пра нас нешта рэкнуць. Яна пачала здагадвацца, што была нашай зброяй у дзень забойства Рамана. Давялося яе тады толькі аднойчы з'яўленнем дзікага палявання настрашыць. Галава была слабая, адразу вар'яткай стала.

Я аж кіпеў ад усіх тых агідных учынкаў, ад усіх паскудстваў, пра якія распавядаў мне гэты чалавек. Толькі тут бездань шляхецкага падзення адкрылася мне. І я згадзіўся з Рыгорам, што гэту пароду трэба знішчыць, што яна пачала смярдзець на ўвесь свет.

— Далей, паскуднік!…

— Калі мы даведаліся, што Рыгор згадзіўся шукаць разам з вамі, мы зразумелі, што нам будзе вельмі дрэнна. Тут я ўпершыню пабачыў, як Дубатоўк спалохаўся. Ён аж жоўты зрабіўся. Трэба, кажа, канчаць, і не дзеля багацця, а дзеля ўласнай шкуры. І мы з'явіліся тады да палаца.

— Хто гэта крычаў тады? — сурова спатаў я.

— Хто крычаў, таго больш няма. Вось ён ляжыць… Пацук…

Стахевіч відавочна пацяшаўся, распавядаў пра ўсё з гонарам, хвацка і зухавата, з такім заліхвацкім маладзецтвам, быццам вось-вось «Баладу» Рубінштэйна заспявае, але я добра бачыў, што ён баіцца, хоць добра валодае сабою.

— Ды і я магу амаль так крычаць.

І ён закінуў галаву — жылы надуліся на яго шыі — і пачаў забіраць то вышэй, то ніжэй. Апошні раз я пачуў крык дзікага палявання: нялюдскі, жахлівы, дэманскі.

— Раман! — рыдаў і галасіў голас. — Раман! Раман! Авой! Помста! Мы адпачнём! Раман у дваццатым калене, выходзь!

Голас яго пакаціўся над Волатавай прорвай кудысьці далёка, пачаў пераклікацца з рэхам, запоўніў сабою ўвесь абшар. У мяне мароз пайшоў спіною.

І Стахевіч зарагатаў:

— Ты не выйшаў тады, Беларэцкі. Нічога, на тваім месцы другі здох бы з жаху. Мы спачатку падумалі, што ты спудзіўся, але на другі дзень здарылася амаль непапраўнае. Свеціловіч нарваўся на Варону, які ездзіў для вярбоўкі новых паляўнічых і спазніўся. І гэта было якраз ля сцежкі, што вядзе ў пушчу, да нашай схованкі. А пасля мы прасачылі, што ён сустрэўся з табою, Беларэцкі, у лесе. І хоць ён не сказаў табе гэтага пакуль што, мы разумелі — яму нельга даць ані гадзіны жыцця. Палову людзей накіравалі да трох хвояў. Дубатоўк даслаў Свеціловічу ліст і выбавіў з хаты. А пасля з паловаю людзей, з трыма старымі хлопцамі і навічкамі, паехалі да Балотных Ялін. Сам Дубатоўк спешыўся тады і падкраўся да цябе ззаду. Але ты паспеў ужо даць некалькі стрэлаў, і нашы неабстраляныя кампаньёны кінуліся ўцякаць. І яшчэ адно дзіва: ты наклаў у патыліцу Дубатоўку і так даў яму, што ён дагэтуль не сядае на каня, сядзіць дома. Дома ён і сёння, так што ты сцеражыся, хлоп. А цябе, Беларэцкі, ён добра тады абкруціў. Ты і ачуняць не паспеў, а ўжо яго падсаджваў на каня. Затое з Свеціловічам нам пашанцавала. Варона дачакаўся яго, спытаў коратка: «Адкрыў дзікіх паляўнічых?» Той толькі плюнуў у бок Вароны. Тады Варона стрэліў. І тут з'явіўся ты, страляў па нас, аднаму прастрэліў руку. А пасля ты пабіў станавога, а пасля цябе выклікалі ў павет не без нашай дапамогі. Ты, напэўна, не ведаеш, што цябе павінны былі заарыштаваць, а пасля забіць па дарозе «пры спробе ўцячы». Але ты быў занадта спрытны, д'ябал, табе пашанцавала, і ліст губернатара прымусіў суддзю адмовіцца дапамагаць нам. Ён на каленях маліў Дубатоўку, каб цябе хутчэй застрэлілі. Дарэчы, Варона чакаў тады Свеціловіча пад дрэвамі, страляў па ім і ўжыў такую хітрасць, якой ты ніколі не адгадаеш.