Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 39 из 47

Калі я выдраўся на дарогу, я пабачыў даволі далёка два цені, якія шалёна гналі коней ад крыжа Рамана на паўдзённы ўсход.

Думкі мае былі невясёлыя: даведаўся, што яны палююць за Яноўскай і за мною, што літасці чакаць нельга, выпусціў двух бандзюкоў ды яшчэ так жорстка памыліўся ў Бермане. І сапраўды, я пераканаўся ў тым, што ён цёмны чалавек, што ён ускрыў мой ліст і чагосьці пайшоў да месца, дзе і дастаў смерць. І самы факт гэтай смерці закрыў ад мяне ўсе астатнія яго правіны. Але размова дала многа цікавага, і, перш за ўсё, я ведаў зараз аднаго з дзікіх паляўнічых. Гісторыя са спаленымі стагамі выдала яго. Стагі спалілі за апошнія дні ў шляхцюка Маркі Стахевіча, якога я бачыў на гулянцы ў Дубатоўка. І гэты чалавек быў тады секундантам Вароны. Няхай я памыліўся ў Бермане, але ў Вароне я не памыляюся, здаецца. І ён будзе мой. Зараз трэба толькі больш рашучасці…

А позна ўначы дзікае паляванне караля Стаха з'явілася зноў. Зноў выў, галасіў, плакаў нечалавечы голас:

— Раман у дваццатым калене, выходзь! Мы прыйдзем! Мы скончым! Мы адпачнём пасля! Раман! Раман!

І зноў я, схаваўшыся за ганкам, страляў у лятучыя цені коннікаў, якія мільгалі ў самым канцы залітай месячным дымам алеі. Калі я стрэльнуў першы раз — коні кінуліся ў гушчар і зніклі, як быццам іх ніколі не было. Гэта было падобна на жахлівы сон.

Трэба было канчаць. Я прыпомніў словы Маркі Стахевіча, якія той сказаў пад дрэвам, наконт абяцання Рамана выдаць забойцаў пасля смерці і падумаў, што, можа, Раман пакінуў у хаце ці на месцы сваёй смерці нейкі доказ, які прагледзелі тады нават арліныя вочы Рыгора.

І калі Рыгор прыйшоў, мы рушылі з ім да месца забойства Рамана. Я добры хадок, але ледзь паспяваў за гэтай доўгай фігурай. Рыгор ішоў, як здавалася, павольна, але гэта была не павольнасць, а размеранасць рухаў. І ногі ён ставіў не так, як звычайныя людзі, а наскамі ўнутр: так ходзяць усе прыроджаныя паляўнічыя, і заўважана, што гэта робіць кожны іхні крок даўжэй прыблізна на дзюйм.

Па дарозе я сказаў яму, што чуў размову Маркі Стахевіча з нейкім Пацуком, і Рыгор злосна буркнуў:

— Людзі Вароны, — а пасля дадаў: — А мы думалі, што «Лікол…» гэта пачатак прозвішча. Пан не так распытваў. «Лікол» — гэта, відаць, мянушка. Трэба спытаць, каго клікалі так, у пані Яноўскай. Калі ведалі гэтую мянушку Свеціловіч і нават Берман, значыцца, яна таксама павінна ведаць.

— Я пытаў у яе.

— Ты пытаў у яе прозвішча, ды і яшчэ пачатак яго, а не мянушку.

Так мы дайшлі да славутага і двойчы апісанага мною месца, дзе застыў у багне бацька Надзеі Раманаўны. Мы пераварушылі ўсю сухую траву, хоць глупствам было б шукаць тут нешта пасля двух год.

І нарэшце падышлі да таго месца, дзе невялікі абрыўчык раптам узносіў лугавіну над дрыгвой.

— Тут, — сказаў Рыгор.

Над самым абрывам тырчаў з зямлі невялікі стаўбур, уломак ад дрэва, якое калісьці расло тут. Карані яго, як магутныя змеі, апляталі абрыўчык, спускаліся ў дрыгву, быццам жадаючы напіцца, або проста віселі ў паветры.

— Ці рукі Рамана былі над паверхняй дрыгвы? — спытаў я.

Цяжкія павекі Рыгора апусціліся, ён прыпамінаў:

— Так, былі. Правая была нават выцягнутая, ён, відаць, хацеў ухапіцца за корань, але не дацягнуўся.

— А можа, проста кінуў нешта туды, пад карэнні, дзе, бачыш, яміна?

— Давай паглядзім.

І мы, трымаючыся за карэнне і збіваючы пазногці зямлёй, злезлі амаль да самай дрыгвы, ледзь трымаючыся на маленькіх слізкіх прыступках, што былі на стромым адхоне. Пад карэннямі сапраўды была яміна, але там нічога не было. Расчараваны, я збіраўся быў лезці наверх, але Рыгор спыніў мяне:

— Ёлупы мы. Калі там сапраўды штосьці ёсць, дык гэта пад глейкай. Ён мог кінуць, але ж два гады мінула, скляпенне гэтай пячоркі асыпалася і пахавала тое… тую рэч.

Мы пачалі драпаць пальцамі ўбіты глей, высыпаць яго з пячоркі, і — хочаце верце, хочаце не — хутка пальцы мае натрапілі на штосьці цвёрдае. На далоні маёй ляжаў партабак з «птушынага вока». Больш у пячорцы нічога не было.

Мы выдрапаліся на лугавіну і асцярожна абчысцілі з партабака руды глей, перамешаны з глінай. У партабаку

ляжаў шматок белай матэрыі, выдраны, відаць, зубамі. І на гэтай анучцы былі невыразныя рудыя літары: «Варона забі…»

Я знізаў плячыма. Чорт ведае, што гэта было! Ці сведчанне, што Рамана забіў Варона, ці просьба да Вароны забіць кагосьці. Рыгор паглядзеў на мяне халоднымі вачыма.



— З'ясавалі, пан Андрэй. Загнаў яго сюды Варона. Заўтра будзем яго браць.

— Чаму заўтра? Можа, ён з'явіцца якраз сёння.

— Сёння пятніца. Пан забыў пра гэта. Бандзюка, як кажуць, шукай у царкве. Святыя надта ды божыя. Рэжуць з імем святой тройцы на вуснах. Яны прыйдуць заўтра, бо страцілі цярпенне. Ім патрэбна пазбавіцца ад цябе. — Памаўчаў, вочы спалахнулі нядобрым полымем: — Заўтра нарэшце прывяду мужыкоў. З віламі. І табе дамо. Калі з намі, дык да канца. Будзем вартаваць ля паваленай агароджы. І ўсіх пакладзём, усіх. Пад самы корань чортава семя…

Мы пайшлі разам да Балотных Ялін і там даведаліся, што Надзея Раманаўна не адна. У яе сядзеў пан Гарабурда. Яноўская за апошнія дні ўнікала мяне, а калі мы сустракаліся — адвяртала пацямнелыя, сумныя, як асенняя вада, вочы.

Таму я праз ахмістрыню выклікаў яе ў ніжнюю залу, дзе Рыгор змрочна глядзеў на святога Юрыя, такі самы магутны і высокі, як статуя. Яноўская выйшла, і Рыгор сарамліва падцягнуў пад крэсла ногі, бо натаптаў на падлозе. Але голас яго па-ранейшаму быў грубы, калі ён звяртаўся да яе, толькі ў глыбіні нешта непрыкметна дрыжала.

— Слухайце, ясная пані. Мы знайшлі караля Стаха. Гэта Варона. Дайце мне пару стрэльбаў. Заўтра мы скончым з імі.

— Дарэчы, — перабіў я, — я памыліўся тады. Я пытаўся ў вас, ці не ведаеце вы чалавека, прозвішча якога пачынаецца з «Лікол…». Зараз я пытаю, ці не ведаеце вы чалавека, мянушка якога «Лікол», проста «Лікол»? Гэта самы небяспечны чалавек у гэтай бандзе, магчыма, нават натхніцель.

— Не! — раптам крыкнула яна, засунуўшы кончыкі пальцаў у рот. Вочы яе пашырыліся, застыглі ў тузе. — Не! Не!

— Хто ён такі? — змрочна спытаў Рыгор.

— Пашкадуйце, пашкадуйце мяне! Гэтага не можа быць… Ён такі добры, шчыры. Ён трымаў Свеціловіча і мяне на каленях. Тады наш дзіцячы язык не мог вымавіць яго імя, мы яго перакручвалі, і з гэтага нарадзілася мянушка, якой мы называлі яго толькі між сабою. Нямногія ведалі яе.

— Хто гэта? — няўмольна сказаў Рыгор, рухаючы каменнымі сківіцамі.

І тады яна заплакала. Плакала ўзахлёб, як дзіцёнак. І праз рыданні нарэшце вырвалася:

— Пан Лікол… пан Рыгор Дубатоўк.

Я быў уражаны ў самае сэрца. Я аслупянеў, я задыхаўся:

— Не можа быць! Што вы! Такі добры чалавек! І, галоўнае, якая яму карысць!

А памяць паслужліва падсунула словы аднаго з мярзотнікаў пад дрэвам: «Любіць старажытнае». І нават невядомае «ічкі на…» з ліста Свеціловічу раптам заканамерна ператварылася ў любімае прыслоўе Дубатоўка: «Балеснічкі нашы, што гэта робіцца на зямлі?!»

Я працёр вочы, адагнаў ачмурэнне:

— Не, не можа быць. Якая яму карысць, ён зусім і не спадчыннік пані.

І тут адгадка бліскавіцай шуганула ў маёй галаве:

— Пачакайце тут, Надзея Раманаўна. Пачакай, Рыгор. Я прайду да пана Гарабурды. Пасля мне трэба будзе перабраць рэчы Бермана.

— Добра, — сумна сказала Яноўская. — Яго пахавалі ўжо.

І я пабег па сходах. Думкі мае ішлі ў двух кірунках. Першае: Дубатоўк мог дамовіцца з Берманам (толькі чаму ён забіў яго?). Другое: Гарабурда таксама мог неяк залежаць ад Дуботоўка.

Ірвануў дзверы. Насустрач мне з крэсла ўстаў пажылы мужчына з гамерычнымі ляжкамі. Ён здзіўлена глядзеў на мой рашучы твар.

— Прабачце, пан Гарабурда, — рэзка кінуў я, як у вір скокнуў. — Я павінен паставіць перад вамі адно пытанне. Пра вашы адносіны з панам Дубатоўкам. Нашто вы далі гэтаму чалавеку так заўладаць вамі?

Ён выглядаў як спайманы на месцы крадзяжу. Нізкі лоб яго пачырванеў, вочы замітусіліся. Але, відаць, па маім твары ён зразумеў, што жартаваць са мною нельга.