Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 63 из 84



— Чортава, халерная, так яе і разгэтак, хамская манера. Нешта накшталт жарту нявыхаванага і дурнога сябра… Пасылка… Распакоўваеш. Адна папера… другая… Адна каробка… трэцяя… куча каробак. І ў апошняй, раптам, какашка. Або нешта яшчэ горш… Вяршыня іхняга гумару. А можа, і брыльянтавы пярсцёнак… разам з пальцам закатаванай прыгоннай актрысы. З пальцам, бо дабром усё такое рэдка канчаецца.

Хілінскі толькі галавою пакруціў. А я кіпеў усё болей: са злосці на няўдаліцу, самога сябе.

— І потым… мала ў каго з актрыс зараз ёсць дужа ўжо каштоўныя брыльянтавыя пярсцёнкі. Калі яны, вядома, не за лаўрэатам, дырэктарам буйнога завода або за… адміністратарам па даставанню.

— Злуяцеся? Ну-ну, — толькі й сказаў ён.

Але мяне пачало ўжо заносіць. Я казаў такое Хілінскаму. Аднаму з тых, каго я на сто працэнтаў паважаў і на сто пяцьдзесят любіў.

— У мяне быў прыяцель. Нессельродэ. Нашчадак таго ці не — не ведаю. Але бабуля ягоная была «з быўшых», — я цадзіў атруту і ад злосці на самога сябе быў гатовы разарваць суседа па пляцоўцы на кавалкі. — Адзін час ён быў прафоргам і — хочаце верце, хочаце не, а плаціў яму прафсаюзныя ўзносы рабочы Пушкін… Ну, гэта справы не датычыцца. То вось, гэтая бабуля казала пра цяперашніх, што «божа, гэта ж не актрысы, гэта ж грамадзянкі». І правільна! Якія там утрыманкі, якія оргіі ў «Яра»? Гадавой маёй зарплаты не хопіць, каб пабіць усе вокны і пераламаць мэблю хаця б у «Журавінцы» (не кажучы пра кароткі шлях адтуль у міліцыю), а тым больш не хопіць, каб паднесці, скажам, актрысе НН брыльянтавае калье. Дый яна не возьме.

— Бурчыце? Ну-ну.

— Дый яна не возьме. У яе муж, дзеці, яна сасіскамі ў буфеце перакусвае. І гэта добра. Свінства, прынамсі, няма. Так што пярсцёнка не будзе. А будзе ў гэтай вашай апошняй каробцы абавязкова нейкая гадасць… Ну, я справа іншая. Але Шчука?! Шчука, якога глупства разгадаць не можа?! Ходзяць вакол ды навокал. А нехта дзейнічае… Пустаслоўе і няробства… Загублены час.

— Дарэмна, — сказаў Хілінскі, — я думаю, ён не губляе час. Бяда, што (пакуль) таму або тым удаецца яго апярэдзіць.

— Добра, — змрочна сказаў я, — ану, дзе ваша храпка?

— Храпку перадае вам Шчука, — нечакана суха сказаў ён, — і няма тут маёй віны, што са мной цэлы дзень цягаліся людзі, што аж да гэтай хвіліны нам з вамі не ўдалося пабыць адным. Што ж, грызі качан зараз. Герард твой загадаў доўга жыць.

— Які Герард?

— Ну твой. Пахольчык, з папяроснага.

— Якім чынам?

— Знайшлі ў зачыненым кіёску. Атруціўся.

— Трэці? Аднастайная смерць. Чым?

— Нейкая дужа моцная раслінная атрута.

— Якая?

— Пры экспертызе… Словам, некаторыя чыста раслінныя атруты нельга распазнаць. Таксама як і проціяддзя ад іх няма.

— Яшчэ што?

— Дворнік ваш, Кухарчык, у той самы дзень…

— Што?

— Чэрап праламаны нейкай тупой прыладай. Зрабілі аперацыю. Да памяці не прыходзіць. Дактары не абяцаюць, што будзе жыць… Ну, што ты будзеш рабіць?

— Я табе казаў. А ты?

— Пайду з арганістам і Лыганоўскім у рыбу. Ён хоча ехаць заўтра вечарам назад. Засумаваў нешта.

Хвілінскі падняўся на ногі.

— Так, браце, усё больш складана, чым мы думалі.

— Я вось думаў…

— Цуд-цудоўны занятак. Пастарайся не кідаць яго да самай смерці.

І пайшоў.

А я зноў папрамаваў у свой пакойчык, да свайго стала, раскрыў блакнот і дапісаў.



24) Смерць Герарда Пахольчыка. (Каму ён перашкаджаў, гэты дзівак са сваёй кіёскнай філасофіяй? Хіба што быў сведкам чагосьці? Чаго?)

25) Магчыма, смяротныя пашкоджанні чэрапа ў Кухарчыка. (Хто? За што?)

На гэтым блакнот з вынікамі майго разгрому можна было захлопнуць.

Разгрому? Ну не. Занадта тлуста будзе! Занадта гэта подлая штука — беспакаранасць! Занадта тугі клубок сплёўся з усяго гэтага: сівой даўніны і нядаўняй (для мяне) вайны з яе «санітарнымі акцыямі» над сотнямі бязвінна забітых, з даўнімі забойствамі і забойствам зусім нядаўнім, са смерцю жанчыны, якая хаця й хлусіла, але ўсё ж па-свойму кахала мяне.

І са смерцю майго друга. Лепшага з найлепшых сяброў на зямлі, вялікага і ва ўчынках, і ў пакутах чалавека.

Я павінен не толькі зрабіць усё магчымае, каб дапамагчы разблытаць клубок гнілых, гноем і крывёю, хлуснёю і здрадай залітых учынкаў.

Я павінен, калі гэта толькі магчыма, адпомсціць. Так, адпомсціць, хаця ніколі не быў помслівы. Адпомсціць не толькі поўнай мерай, але й стократ.

Каб ён ці яны здрыгануліся ад жаху, перш чым сыдзе на іх апошняе Невядомае, апошняе Нішто.

Бо гэта тое, што адбылося і адбываецца, — гэта ўжо занадта. Мы яшчэ пазмагаемся. Мы яшчэ павалтузімся.

Мы яшчэ паборсаемся, як адна з дзвюх жабак, што трапілі ў гарлач з малаком. Адна склала лапкі — усё адно канец — і пайшла на дно.

Але другая была — смешна сказаць — больш чалавек, чым некаторыя людзі. Бо яна змагалася нават у безнадзейнасці. І збіла лапкамі астравок з масла, маленькі плацдарм жыцця.

РАЗДЗЕЛ VI ДЗЕ ІХНІЯ СЛЯДЫ, ДЗЕ ТВАЕ СЛЯДЫ? ХТО ЗНОЙДЗЕ ІХ, ХТО ЗНОЙДЗЕ ЦЯБЕ?

Ціхая, крыху заспаная, уся ў шэрым святле ўставала над Альшанкай раніца, Трава была ад расы — як сцюдзёным шротам нехта густа сыпануў. Я ішоў і, як у дзяцінстве, назнарок чоўгаў нагамі, каб за мною заставаўся непарыўны цёмна-зялёны след. Хаця б на хвіліну, пакуль не ўзыдзе сонца. А яно павінна было вось-вось узысці і сваім ласкавым, цёплым, яшчэ не пякучым, як у ліпені, подыхам за некалькі хвілін падабраць расу. Нібы сцерці мінучы мой след на абліччы зямным.

А і сапраўды, што ад мяне застанецца праз некалькі там год? Артыкулы, якія мала хто будзе чытаць? Пара кніг, якія пацухмоляць у руках крыху даўжэй? Кругаварот рэчыва ў прыродзе? Ну, хіба так. Але ніхто не пазнае мяне ні ў травіне на згладжаным капцы, ні ў чырвонай далоньцы кляновага ліста, што спадае на схіл гары.

Але думаць пра гэта доўга не хацелася. Ночы прыходзілі зноў у маладзіку, які таўсцеў і сталеў і вось-вось павінен быў пераўтварыцца ў поўню, каб шчодра аддаць зямлі ўсё сваё святло. Сонца аддавала гэтай зямлі дабратворную пяшчоту. Раніцай будзіў гэтае сонца жаўрук, вечарам прысыпляў салавей.

Вучоныя — тумакі, а заолагі і арнітолагі ўвогуле віславухія. Бо яны (вучоныя) адносяць іх (салаўёў) да атрада вераб'іных (праўда, падатрада спеўчых), такіх самых, як вароны, сарокі, саракапуды і іншыя такія суб'екты. Досыць дзіўна! Я ніколі не садзіў бы ў клетку салаўя, але што датычыцца вароны — і пагатоў.

…Вось так я і ішоў пад гэтым небам, што ўсё мацней кідалася ў блакіт, абяцаючы пагодны цёплы дзень.

Было яшчэ так рана, што на дарозе ад плябаніі да Белай Гары я не сустрэў душы жывой. Ніхто яшчэ нават не корпаўся ў дварах. Ніхто не адхіліў фіранкі, праводзячы мяне позіркам.

Я думаў, што мне спатрэбіцца лезці на гарадзішча, каб разбудзіць Сташку, але, падышоўшы да падножжа задзірванелай велічы — на сваё здзіўленне, — убачыў, што яна ўжо там. Сядзіць на нейкім пацурбалку, нязручна выцягнуўшы доўгія ногі. У лёгкай стракатай сукенцы, у тонкай кофтачцы, накінутай на плечы. Чакае.

Вочы крыху абрэзаліся, відаць, ад стомы, вусны лёгка ўсміхаюцца. Ніколі яшчэ не была яна мне такая дарагая, як у гэты момант. Ніколі не была такая жаданая.

— Раніцы добрай! Як твае?

— Дрыхнулі яшчэ ўсе, аж да Генкі. А ў цябе?

— У дзесятым сне хроп Мультан. І Вячорка з ім. Не, трэба-такі ўцякаць. І там дабіраюцца.

— Усё адно заўтра ж паедзеш.

— Гэт-та я яшчэ пагляджу. Як некаторыя людзі будуць сябе весці.

— А Вячорка?

— Вячорку адшыю. Гэта ж сядзяць учора. Тут жонка Вячоркава прыплялася. «Ну, выпілі. Джгнулі», — кажа дзед. «Частае тваё джганне, — кажа Вячоркава, — каб не зашкодзіла часам». Тады Зеляпушчанак толькі рукою махнуў: «Слухай ты рапуху гэтую, мала што яна верашчыць».

— Ну а вы што на гэта?

— А я сабе сяджу ды думаю: «Вось гэта сапраўды мужчынскія адносіны да жанчыны. Не хто-небудзь. Пан і валадар».