Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 58 из 84



Таму з Варшавы піша ліст і дасылае фота Антасевіч. А пасля з Цешына, падрабіўшы почырк (узор — заява Сая), піша бацьку забітага, што дзякуючы пану Хмялевічу паступіў, што ўсё добра, толькі патрэбен новы касцюм, гадзіннік і сто злотых на выдаткі.

Гэты забойца так і застаўся ў душы дробным кавалачнікам, які памёт здатны з-пад сябе з'есці.

І прыехаў. І расказаў аб планах Юлляна, аб сябрах. І атрымаў усё, што хацеў. А ад старэйшай дачкі — таксама. Вось што самае страшнае!

— Малодшая цяпер за Салвэсем Цяцерычам, — сказаў я.

— А старэйшая за маці-зямелькай. Пасля суда вешацца хацела (і яна і стары давалі паказанні, ясна ж, пры замкнёных дзвярах, але ўявіце сабе адчуванне: абдымаць забойцу брата). Знялі. То пасля ніводнага хлопца да сябе не падпускала, а ў партызанах, як знарок, лезла ў самыя небяспечныя справы. І смерць яе мучыла-мучыла, а пасля і злітавалася.

І ведаеце што? Я не быў ані ў якой меры прыхільнікам пана Мацыеўскага*, але пасля таго як даведаўся пра гэтую гісторыю Крыштофа з Агатаю, з ахвотаю кароткі час пабыў бы з Крыштофам і панам Мацыеўскім у адной кампаніі. А пасля нават з прыемнасцю запрасіў бы яго на гарбату і пазнаёміў з сям'ёй.

* На ўсю Польшчу ў той час быў толькі адзін кат, якога вазілі па меры патрэбы з месца на месца. І хаця «выступаў» у масцы — усе ведалі ягонае прозвішча — Мацыеўскі. На кожнага павешанага ўжываў свежую пару белых пальчатак. Пасля выканання прысуду — выкідаў старую пару са словамі: «Справедлівосці стала сен задосць» — «Справядлівасць перамагла».

Хаця мне вельмі не падабаліся гэтыя яго штукі з белымі пальчаткамі. Неяк не быў я ад іх у захапленні.

Але да Мацыеўскага яшчэ быў акружны суд. Пасілены эскорт паліцыі, варожасць народа.

Прызнаўся ва ўсім, і нічога тут не мог дапамагчы адвакат (псіхіятр прызнаў Высоцкага адказным за свае ўчынкі) з ягонай канцэпцыяй «канстытуцыянальнага псіхапата», пазбаўленага ў дзяцінстве пяшчоты і цеплыні.

Прысудзіў суд (раіліся дзве гадзіны) да пакарання смерцю. А той, хоць і казаў, што «жыць не хоча і не можа» — падаў на апеляцыю.

Выводзілі яго з суда праз чорны ход. Іначай лінчавалі б. Бо нянавісць аж віравала, як кіпецень у катле.

Суд апеляцыйны ў сярэдзіне жніўня зацвердзіў прысуд суда акруговага. Бо і што можна было дадаць яшчэ, якія абставіны маглі б змяніць погляд людзей на рэчы. Хіба гэта было нешта вартае паблажлівасці? Выключная жорсткасць, зверства, бесчалавечча, нуль маралі, аніякага раскаяння. Небяспечны люты звер, кат і вылюдак.

Шаноўны пан Мацыеўскі выехаў у чарговую дарогу, даруй яму бог парачку больш дробных грахоў за адну гэтую паездку.

Я не прысутнічаў на апеляцыйным судзе, не быў сведкам выканання прысуду. Быў за мяжою і застаўся там яшчэ на год, бо 1 верасня грымнула вайна.

Палякі нібыта напалі на радыёстанцыю Гляйвіц.

— А ўсё-ткі як гэта адбылося?

— Кажу, Мацыеўскі выехаў. І добра, што скончылі хаця з адным падонкам перад тым, як Польшчы як ніколі спатрэбіліся сапраўдныя людзі.

Яны ўсё ж былі людзі слова, мае спадарожнікі. Сказана — зроблена. З'явіўся ў прызначаны тэрмін да касцёла і кляштара бернардынаў — умова застаецца ў сіле. Дакладны — значыць, дакінем амаль да Альшан з Кладна. Нават Хілінскі быў у наяўнасці, хацеў паслухаць пра маю размову з былым пракуратарам, пасля вярнуцца ў Кладна і назаўтра прыехаць зноў, ужо аўтобусам.

У тую хвіліну, калі я ўлез у наш «казёл», яны якраз канчалі нейкую спрэчку, якая ўзнікла значна раней.

— Кідаецеся вы тэрмінамі, што далі людзям, юрыспрудэнцыяй, — рэзка кідаў Хілінскі. — А на мой погляд, самае брыдкае ў кожнай прафесіі, асабліва калі ты надзелены ўладаю, — прымушаць людзей рахмана, ціхмяна і пакорліва, без скандалаў цярпець несправядлівасць. Я гэта бачыў… У розных краях.

— Перажыткі, — буркнуў Клепча.

— Ну так, — сказаў Шчука. — Змяшаў божы дар з яешняй. Перажыткі капіталізму ва ўсім, што яму не па душы, бачыць. А ён гэтага капіталізму і не нюхаў. А што, скажам, дзед нейкага таварыша быў… ну… губернскім казначэем, то давай абвінавацім у гэтай нашай гісторыі ўнука першага лепшага загадчыка АблФА. Дык вось твой «падазроны» гэта чалавек добры, гэта чалавек на сваім месцы — якога табе яшчэ ражна? І запамятай, наперад сабе такіх штук не дазваляй. Невіноўны — пусці. Не бойся, самалёта ён не захопіць. У яго аўтамата няма. І іншай радзімы таксама.

— Абстрактны гуманізм!

Дзіўныя пачуцці выклікаў ува мне гэты чалавек.

— Абстрактны гуманізм, — зноў умяшаўся Хілінскі, — гэта калі б Гітлера бараніў за тое, што вегетар'янец і сабак любіў. Гэта калі б я падлюгу, што сабрата ў пяцьдзесят год інфарктам задушыў — і не аднаго, — па галоўцы гладзіў. Глядзі, Клепча, не давядзе цябе гэта да дабра. Не цяпер, то ў чацвер… Расказвай лепей, Антосю, што там было.



Я расказваў падрабязна, і таму, калі скончыў, мы былі ўжо на пад'ездзе да клуба ў Альшанцы, сёння нежывога і замкнёнага на замок.

— Н-на, гісторыя, як кажуць, страшней за страхавітую выдумку, — сказаў Шчука. — Дык гэта клуб?

— Ага.

— То пройдземся на месца, дзе на цябе напалі.

Праз пару хвілін усе рассыпаліся па лагчынцы, а я паказваў ім, што і як тут было.

— Малайчына, — сказаў раптам Шчука.

— А мне якраз гэта і падазрона, — гаварыў, як рэзаў, няўхільны Клепча. — Чацвёра не здолелі адолець аднаго. І запавет на вашу карысць. І запіска тая. Хто яго ведае тую графічную экспертызу. — Ён гаварыў досыць з'едліва, але так гжэчна, што здавалася, вось-вось пачне дыгаць ножкай.

— Перастаньце быць такім нудна-гжэчным, — гэта сказаў палкоўнік, ціха і суха. Ён, відаць, не саромеўся мяне і быў у стане ціхага шаленства.

— Тут вам не Нясвіж, а група міліцыянераў. Дый нават Радзівілам было пляваць на ўмоўнасці. Ім радавітасць даводзіць не было прычыны.

Я развітаўся з імі па дарозе ў вёску. Яны пайшлі да машыны, усё яшчэ ціха гаворачы між сабой. А пэўна маўчалі б, каб ведалі, які ў мяне слых.

— І ўвогуле, Клепча, — сказаў Шчука. — Ты ведаеш, чаму нас у Польшчы «глінамі», у Францыі — «каровамі», а тут часам «лягавымі» абзываюць?

— Не.

— А гэта вось праз такіх, як ты.

Клепча паскорыў крокі, а яны, памахаўшы мне рукой, зноў пайшлі сваёй дарогай. І зноў даляталі да мяне ўрыўкі іхняй размовы.

— То што, перавядуць яго? — спытаў Хілінскі.

— Я б яго звольніў, — сказаў Шчука.

— Та-ак, то на самай справе вялікая страта, — нечакана ўмяшаўся шафёр. — Такі хлопец, як ён, — гэта ж прыкраса міліцыі.

Астатнія прамаўчалі.

Машына кранула з месца і хутка знікла за павароткаю дарогі. Я ішоў да сябе, і мяне калаціла. Усе гэтыя дні я быў на грані нервовага вычарпання.

РАЗДЗЕЛ V У ЯКІМ Я АМАЛЬ СКЛАДВАЮ ЛАПЫ, ПАДВОДЖУ ВЫНІКІ ПАРАЖЭННЯ, АЛЕ СВОЕЧАСОВА ЎСПАМІНАЮ ПРА ПЭЎНУЮ АПТЫМІСТЫЧНУЮ ЖАБКУ

Не падумайце толькі, што ўсе гэтыя дні я адно займаўся паездкамі дадому, у Кладна, туды-сюды, што я захапляўся выключна аналізам людскіх характараў і адносін (хаця гэта і забірала пэўны час), самааналізам, самакапаннем і іншымі малапаважанымі «сама»…

Асноўнае — гэта было ўсё ж пошукі ў трэцяй вежы. І аднаму богу толькі вядома, колькі кошыкаў друзу і пылу мы вывалаклі адтуль праз пралом, колькі вынеслі насілак бітага каменю і ўсяго такога. Сам я прыдбаў такія мазалі на руках, якіх не меў з юнацтва, два Іванавічы таксама працавалі ад душы, ды прычым нічога не хацелі браць, акрамя рэдкіх (і ўзаемных) пачастункаў. І яшчэ я адбіў у археолагаў шасцёх вучняў старэйшых класаў (былі, дзякуй богу, канікулы), за што мяне клялі нават дзяўчаты, не кажучы пра Генку Седуна. Урэшце і яны часам прыходзілі памагчы.

Зямлі за тры з паловаю стагоддзі з гакам нарасло ўдосталь. Замак, як кожная старая будыніна, «рос у зямлю», але з дня на дзень мы павінны былі ўжо дабрацца да «мацерыка».

Ну што яшчэ? Перасталі з'яўляцца «дама з манахам». Прынамсі, як бы позна ні вяртаўся я ў сваю «плябанію», мне ні разу не давялося ўбачыць іх. Але я ані на крок не пасунуўся наперад. Праўдзівей кажучы, я пасунуўся і нават шмат новага зведаў, толькі не ведаў, што з гэтага новага сапраўды важлівае і набліжае мяне да мэты і адгадкі, а што не. А між тым час ішоў, і маладзік адзначыў канец траўня, і вось павінен быў прыйсці і прынесці новую поўню чэрвень.