Страница 82 из 91
- Вашы пасведчаннi, грамадзяне, - сказала грамадзянка.
- Злiтуйцеся, гэта, урэшце, смешна, - не здаваўся Кароўеў, - ды не пасведчанне вызначае пiсьменнiка, а тое, што iм напiсана! Адкуль вы ведаеце, якiя задумы раяцца ў маёй галаве? Альбо ў гэтай галаве? - ён паказаў на Бегемотаву галаву, з якой той адразу зняў шапачку, каб грамадзянка лепш разгледзела яе.
- Прапусцiце, грамадзяне, - ужо раззлавана сказала яна.
Кароўеў i Бегемот саступiлi ўбок i прапусцiлi нейкага пiсьменнiка ў шэрым гарнiтуры, у летняй, без гальштука, кашулi, белы каўнер якое шырока ляжаў паверх каўняра пiнжака, з газетаю пад пахай. Пiсьменнiк прыветна кiўнуў грамадзянцы, на хаду паставiў у падсунутую яму кнiгу нейкi значок i пайшоў на веранду.
- Шкада, не нам, не нам, - сумна загаварыў Кароўеў, - а яму будзе ледзяны куфаль пiва, пра якi мы, бедныя падарожнiкi, гэтак марылi з табой. Становiшча нашае сумнае i бязвыхаднае, i я не ведаю, што нам рабiць.
Бегемот горка развёў рукамi, надзеў шапачку на круглую галаву, густа аброслую валасамi, вельмi падобнымi на кашэчую поўсць. I ў гэты момант нямоцны, але ўладны голас прагучаў над галавою ў грамадзянкi:
- Прапусцiце, Соф'я Паўлаўна.
Грамадзянка з кнiгаю здзiвiлася; скрозь зелянiну трыльяжа ўзнiкла белая фрачная грудзiна i бародка клiнком. Чалавек прыветна глядзеў на двух падазроных абарванцаў i, нават болей, жэстам запрашаў iх. Аўтарытэт Арчыбальда Арчыбальдавiча быў рэч прадметная ў рэстарацыi, якой ён загадваў, i Соф'я Паўлаўна пакорлiва спыталася ў Кароўева:
- Як ваша прозвiшча?
- Панаеў, - ветлiва адказаў той.
Грамадзянка запiсала прозвiшча i запытальна паглядзела на Бегемота.
- Скабiчэўскi, - прапiшчаў той i чамусьцi паказаў на свой прымус.
Соф'я Паўлаўна запiсала гэта i падсунула кнiгу наведвальнiкам, каб яны распiсалiся. Кароўеў насупраць прозвiшча "Панаеў" напiсаў "Скабiчэўскi", а Бегемот супраць Скабiчэўскага напiсаў "Панаеў".
Арчыбальд Арчыбальдавiч, наздзiў Соф'i Паўлаўне, з прыязнаю ўсмешкаю павёў гасцей за лепшы столiк у супрацьлеглым канцы веранды, туды, дзе быў сама густы цень, да столiка, побач з якiм весела ззяла сонца ў адным з трыльяжных прарэзаў у зелянiне. Соф'я Паўлаўна здзiўлена мiргала, доўга разглядала дзiўныя запiсы, якiя зрабiлi нечаканыя наведвальнiкi ў кнiзе.
Афiцыянтаў Арчыбальд Арчыбальдавiч здзiвiў не меней, чым Соф'ю Паўлаўну. Ён сам адсунуў крэсла ад столiка, запрасiў Кароўева сесцi, мiргаў аднаму, штосьцi шаптаў другому, i два афiцыянты замiтусiлiся вакол новых гасцей, адзiн з якiх свой прымус паставiў побач з парыжэлым чаравiкам на падлогу.
Адразу знiк са столiка стары настольнiк у жоўтых плямах, у паветры, пахрумстваючы крухмалам, узляцеў, бялейшы за бедуiнскi бурнус, другi, а Арчыбальд Арчыбальдавiч ужо шаптаў цiха, але выразна, у самае вуха Кароўеву:
- Чым будзем частавацца? Балычок ёсць спецыяльны... з архiтэктарскага з'езда ўрваў...
- Э-э... вы дайце нам наогул закусачку... э... - дабрадушна прамармытаў Кароўеў i адкiнуўся на крэсла.
- Разумею, - заплюшчыў вочы i шматзначна адказаў Арчыбальд Арчыбальдавiч.
Афiцыянты, калi ўбачылi, як абыходзiцца з сумнiцельнымi наведвальнiкамi шэф рэстарацыi, ужо без усякага сумнення ўзялiся за справу. Адзiн падаваў запалку Бегемоту, якi дастаў з кiшэнi недакурак i сунуў яго ў рот, другi падляцеў са звонам зялёнага шкла i паставiў побач з прыборамi келiхi, лафiтнiкi i тоненькiя келiхi, з якiх гэтак добра пiць пад тэнтам нарзан... не, забягаючы наперад, скажам: пiўся нарзан пад тэнтам незабыўнае грыбаедаўскае веранды.
- Фiлейкаю з рабчыкаў магу пачаставаць, - музычна муркаў Арчыбальд Арчыбальдавiч.
Госць у пабiтым пенснэ цалкам адобрыў прапановы камандзiра брыга i добра глядзеў на яго праз непатрэбнае шкельца.
Белетрыст Петракоў-Сухавей з жонкаю, якiя абедалi за суседнiм столiкам i даядалi эскалоп, з уласцiвай пiсьменнiкам назiральнасцю, заўважыў паслужлiвасць Арчыбальда Арчыбальдавiча i надта здзiвiўся. А яго жонка, даволi паважная панi, нават прыраўнавала пiрата да Кароўева i лыжачкай пагрукала... што ж гэта такое, нас затрымлiваюць... час марожанае падаваць! У чым справа?
Аднак Арчыбальд Арчыбальдавiч падараваў Петраковай чароўную ўсмешку, накiраваў да яе афiцыянта, а сам не пакiдаў дарагiх гасцей. Ой, разумны быў Арчыбальд Арчыбальдавiч! А назiральны не меней, чым пiсьменнiкi. Арчыбальд Арчыбальдавiч ведаў пра сеанс у Вар'етэ i пра шмат iншых выпадкаў за гэтыя днi чуў, але, у адрозненне ад iншых, паўз вушы не прапускаў нi слова "клятчасты", нi слова "кот". Арчыбальд Арчыбальдавiч адразу здагадаўся, хто яго наведвальнiкi. А калi здагадаўся, то, вядома, сварыцца з iмi не захацеў. А Соф'я Паўлаўна - вось табе маеш! Гэта трэба дадумацца, не пускаць гэтых двух на веранду! Хаця што з яе возьмеш.
Петракова пагардлiва тыцкала лыжачкаю ў раскiслае марожанае, незадаволена глядзела, як столiк перад нейкiмi двума прыдуркамi, нiбы ў казцы, абрастае ежаю. Да бляску памытае лiсце салаты ўжо тырчэла з вазы са свежаю iкрою... iмгненне - i з'явiлася на знарок падсунутым суседнiм столiку запацелае срэбнае вядзерца...
Толькi пасля таго як пераканаўся, што ўсё зроблена як мае быць, толькi пасля таго як у афiцыянтавых руках прыляцела накрытая патэльня, у якой нешта вуркатала, Арчыбальд Арчыбальдавiч дазволiў сабе пакiнуць двух загадкавых наведвальнiкаў ды i то шапнуў iм:
- Прабачце, на хвiлiнку! Сам пракантралюю фiлейчыкi.
Ён паляцеў ад столiка i знiк ва ўнутраным уваходзе ў рэстарацыю. Калi б якi-небудзь назiральнiк далей прасачыў, што робiць Арчыбальд Арчыбальдавiч, то гэта здалося б яму загадкавым.
Шэф накiраваўся зусiм не на кухню назiраць, як гатуюць фiлейчыкi, а ў рэстарацыйную кладоўку. Ён адамкнуў яе сваiм ключом, замкнуўся, дастаў са скрынi з iльдом асцярожна, каб не забрудзiць манжэты, два ладныя балыкi, запакаваў iх у газетную паперу, акуратна перавязаў вяровачкай i паклаў. Потым у суседнiм пакоi праверыў, цi на месцы яго летняе палiто на шаўковай падкладцы i капялюш, i толькi пасля гэтага пайшоў на кухню, дзе кухар старанна гатаваў абяцаныя гасцям фiлейкi.
Трэба сказаць, што дзiўнага i загадкавага ў дзеяннях Арчыбальда Арчыбальдавiча зусiм не было, i дзiўнымi дзеяннямi iх мог назваць толькi павярхоўны назiральнiк. Учынкi Арчыбальда Арчыбальдавiча лагiчна выцякалi з папярэдняга. Веданне апошнiх падзей, а галоўным чынам фенаменальнае чуццё Арчыбальда Арчыбальдавiча падказвалi шэфу грыбаедаўскай рэстарацыi, што абед яго наведвальнiкаў будзе хоць i багаты i раскошны, але даволi кароткi. I чуццё, якое не падманвала былога флiбусцьера, не падвяло i на гэты раз.
У той час, калi Кароўеў i Бегемот чокалiся другi раз кiлiшкамi цудоўнае халоднае маскоўскае двойчы ачышчанае гарэлкi, з'явiўся на верандзе потны i ўсхваляваны Боба Кандалупскi, вядомы ў Маскве сваiм усёзнайствам, i адразу ж прысеў да Петраковых. Боба паклаў свой пульхны партфель на столiк, адразу ж усунуў губы ў вуха Петракову i зашаптаў нешта спакуслiвае. Панi Петракова сама памiрала ад цiкаўнасцi i падставiла сваё вуха да масленых Бобавых губ. А той зрэдку азiраўся, як злодзей, i шаптаў, шаптаў, можна было пачуць толькi асобныя словы:
- Клянуся богам! На Садовай, на Садовай, - Боба загаварыў яшчэ цiшэй: - Не бяруць кулi! Кулi... кулi... бензiн... пажар... кулi...
- Вось бы гэтых хлусоў, якiя разносяць плёткi, - абураная, мацней, чым хацелася б Бобу, загудзела сваiм кантральтавым голасам панi Петракова, - вось iм трэба было б растлумачыць! Але нiчога, iх паставяць на сваё месца! Якiя шкодныя плёткi!
- Якiя плёткi, Антанiда Парфiр'еўна! - усклiкнуў засмучаны недаверам жонкi пiсьменнiка Боба i зноў засвiстаў: - Гавару вам, кулi не бяруць... А цяпер пажар... Яны ў паветры... у паветры, - Боба шыпеў i не падазраваў, што тыя, пра каго ён расказвае, сядзяць побач з iм i маюць асалоду ад яго свiсту.
Хаця гэтая асалода хутка скончылася. З унутранага рэстарацыйнага ўваходу на веранду iмклiва выйшлi трое мужчын, туга падпяразаныя рамянямi, у крагах i з рэвальверамi ў руках. Пярэднi крыкнуў звонка i страшна: