Страница 76 из 91
Кентурыён дастаў з похваў на папрузе брудны хлебны нож, падаў яго пракуратару, а сам выйшаў.
- У каго ўзялi нож?
- У хлебнай крамцы ля Хеўронскiх варотаў, як увойдзеш у горад злева.
Пiлат паглядзеў на шырокае лязо, паспрабаваў на палец, цi востры нож, i сказаў:
- Пра нож не турбуйся, нож вернуць у краму. А цяпер мне трэба другое: пакажы хартыю, якую ты носiш з сабою i дзе запiсаны словы Iешуа.
Левiй ненавiсна паглядзеў на Пiлата i гэтак нядобра ўсмiхнуўся, што твар у яго зусiм скрывiўся.
- Усё хочаце адабраць? I апошняе, што маю? - спытаўся ён.
- Я не сказаў табе - аддай, - адказаў Пiлат, - я сказаў - пакажы.
Левiй папоркаўся за пазухай i дастаў скрутак пергаменту. Пiлат узяў яго, разгарнуў, разаслаў памiж агнёў, прымружыўся i пачаў вывучаць малавыразныя чарнiльныя знакi. Цяжка было расчытаць гэтыя нязграбныя радкi, Пiлат крывiўся, нагiнаўся да самага пергаменту, вадзiў пальцам па радках. Яму ўдалося разабраць, што напiсанае ўяўляе блытаны ланцужок нейкiх выказванняў, нейкiх дат, гаспадарчых запiсаў i паэтычных урыўкаў. Сёе-тое Пiлат расчытаў: "Смерцi няма... Учора мы елi салодкiя вясновыя бакуроты..."
Пiлат крывiўся ад напружання, прымружваўся, чытаў: "Мы ўгледзiм чыстую раку жыццёвае вады... Чалавецтва будзе глядзець на сонца скрозь празрысты крышталь..."
Раптам Пiлат здрыгануўся. У апошнiх радках пергаменту ён разабраў словы: "...большая загана... баязлiвасць".
Пiлат скруцiў пергамент i рэзка падаў яго Левiю.
- Вазьмi, - сказаў ён, памаўчаў i дадаў: - Ты, я бачу, кнiжнiк, i няма чаго табе аднаму бадзяцца, як жабраку i валацугу. У мяне ў Кесарыi ёсць вялiкая бiблiятэка, я даволi багаты чалавек i хачу ўзяць цябе на службу. Ты будзеш раскладваць i захоўваць папiрусы, будзеш накормлены i адзеты.
Левiй устаў i адказаў:
- Не, я не хачу.
- Чаму? - спытаўся пракуратар i насупiўся. - Ты мяне не любiш, баiшся мяне?
Ранейшая нядобрая ўсмешка скрывiла твар Левiя, i ён сказаў:
- Не, таму, што ты мяне будзеш баяцца. Табе не лёгка будзе глядзець мне ў вочы пасля таго, як ты яго забiў.
- Змоўкнi, - адказаў Пiлат, - вазьмi грошай.
Левiй адмоўна пакiваў галавой, а пракуратар працягваў:
- Ты, я ведаю, лiчыш сябе вучнем Iешуа, але я скажу, што ты нiчога не засвоiў з таго, чаму ён вучыў цябе. Во, калi б гэта было так, ты ўзяў бы хоць што ў мяне. Май на ўвазе, што ён перад смерцю сказаў, што нiкога не вiнавацiць, - Пiлат шматзначна падняў палец, твар яго перасмыкаўся. - I сам ён абавязкова ўзяў бы хоць што-небудзь. Ты жорсткi, а той не быў жорсткi. Куды ты пойдзеш?
Левiй раптам падышоў да стала, упёрся ў яго рукамi, паглядзеў лiхаманкавымi вачыма на пракуратара i зашаптаў:
- Ты, iгемон, ведай, што я ў Ершалаiме зарэжу аднаго чалавека. Мне хочацца сказаць табе пра гэта, каб ты ведаў, што кроў яшчэ будзе.
- Я сам ведаю, што яна яшчэ будзе, - адказаў Пiлат, - ты не здзiвiў мяне сказаным. Ты, вядома, хочаш зарэзаць мяне?
- Цябе мне зарэзаць не ўдасца, - адказаў Левiй, скалячыся ўсмешкаю, - я не гэтакi дурань, каб на гэта разлiчваць, але я зарэжу Юду з Карыяфа, я на гэта аддам астатак жыцця.
Тут задавальненне адбiлася ў пракуратаравых вачах, ён падазваў блiжэй да сябе пальцам Левiя Мацея i сказаў:
- Гэта табе не ўдасца зрабiць, не турбуйся. Юду сёння ноччу ўжо зарэзалi.
Левiй адскочыў ад стала, дзiка азiрнуўся i выкрыкнуў:
- Хто гэта зрабiў?
- Не будзь раўнiвым, - з ухмылкаю адказаў Пiлат i пацёр рукi, - я ведаю, што былi ў яго прыхiльнiкi i акрамя цябе.
- Хто зрабiў гэта? - шэптам паўтарыў Левiй.
Пiлат адказаў яму:
- Я зрабiў.
Левiй разявiў рот, вылупiўся на пракуратара, а той сказаў цiха:
- Гэтага, вядома, мала, але я ўсё ж зрабiў. - I дадаў: - Ну, а цяпер возьмеш што-небудзь?
Левiй падумаў, палагаднеў i нарэшце прамовiў:
- Загадай даць мне кавалак чыстага пергаменту.
Прайшла гадзiна. Левiя не было ў палацы. Цяпер ранiшнюю цiшыню парушаў толькi цiхi шум крокаў вартавых у садзе. Поўня хутка злiняла, на другiм баку неба вiднелася плямка ранiшняе зоркi. Свяцiльнiкi даўным-даўно патухлi. На ложы ляжаў пракуратар. Ён паклаў руку пад шчаку i спаў i дыхаў нячутна. Побач з iм спаў Банга.
Гэтак сустракаў свiтанак пятнаццатага нiсана пяты пракуратар Юдэi Понцiй Пiлат.
Раздзел 27
КАНЕЦ КВАТЭРЫ No 50
Калi Маргарыта дачытала да апошнiх слоў раздзел: "...Гэтак сустракаў свiтанак пятнаццатага нiсана пяты пракуратар Юдэi Понцiй Пiлат", - настала ранiца.
Чуваць было, як у дворыку ў галiнах вярбы i лiпы вялi вясёлую, узбуджаную ранiшнюю размову вераб'i.
Маргарыта ўстала, пацягнулася, i толькi зараз адчула, якое змучанае яе цела i як яна хоча спаць. Цiкава адзначыць, што душа Маргарыцiна была ў поўным спакоi. Думкi не рассыпалiся, яе зусiм не трывожыла, што яна правяла незвычайную ноч. Яе не хвалявалi ўспамiны, што ноччу яна была на балi ў сатаны, што нейкiм цудам ёй вярнулi майстра, што з попелу ўзнiк раман, што зноў усё апынулася на сваiх месцах у падвале, з якога выгналi ябеднiка Алаiзiя Магарыча. Адным словам, знаёмства з Воландам не прынесла ёй нiякай псiхiчнай шкоды. Усё было так, як быццам i павiнна было быць.
Яна пайшла ў суседнi пакой, пераканалася, што майстар спiць моцна i спакойна, патушыла непатрэбную ўжо настольную лямпу i сама выпрасталася ля супрацьлеглае сценкi на канапцы, засланай старою парванаю прасцiною. Праз хвiлiну яна заснула, i нiчога ёй у тую ранiцу не снiлася. Маўчалi пакоi ў падвале, маўчаў увесь маленькi домiк забудоўшчыка, i было цiха ў пустым завулку.
А ў гэты час, гэта значыць суботнiм досвiткам, не спаў цэлы паверх адной маскоўскай установы, i вокны яго, якiя выходзiлi на заасфальтаваную вялiкую плошчу, якую спецыяльныя машыны, паволi снуючы туды-сюды, чысцiлi шчоткамi, свяцiлiся поўным святлом, якое перамагала святло ранiшняга сонца.
Увесь паверх быў заняты следствам па справе Воланда, i таму лямпы гарэлi ноч напралёт у дзесяцi кабiнетах.
Уласна, усё было зразумела з учарашняга дня, з пятнiцы, калi давялося закрыць Вар'етэ пасля знiкнення яго адмiнiстрацыi i ўсяго, што адбылося там напярэдаднi ў час знакамiтага сеанса чорнае магii. Але справа ў тым, што ўвесь час бесперапынна паступалi на бяссонны паверх усё новыя i новыя матэрыялы.
Цяпер следству па гэтай дзiўнай справе, ад якой увачавiдкi патыхала д'ябальшчынаю, ды яшчэ з дадаткам нейкiх гiпнатызёрскiх фокусаў i вiдавочнага крымiналу, трэба было ўсе розныя i заблытаныя здарэннi, якiя адбылiся ў розных канцах Масквы, зляпiць у адзiн камяк.
Першы, каму давялося пабыць у зiхоткiм ад электрычнага бяссоння паверсе, быў Аркадзiй Апалонавiч Семпляяраў, старшыня Акустычнай камiсii.
Пасля абеду ў пятнiцу ў ягонай кватэры, якая была ў доме каля Каменнага моста, пачуўся тэлефонны званок, i мужчынскi голас папрасiў да тэлефона Аркадзiя Апалонавiча. Жонка, якая падышла да тэлефона, незадаволена адказала, што Аркадзiю Апалонавiчу нездаровiцца i што ён прылёг адпачыць i падысцi да апарата не можа. Аднак Аркадзiю Апалонавiчу падысцi да апарата ўсё ж давялося. У адказ на пытанне, адкуль пытаюцца Аркадзiя Апалонавiча, голас у тэлефоннай слухаўцы коратка сказаў адкуль.
- Адну секундачку... зараз... секундачку... - прашчабятала звычайна вельмi пагардлiвая жонка старшынi Акустычнай камiсii i стралою паляцела ў спальню падымаць з ложка Аркадзiя Апалонавiча, якi пякельна мучыўся ад успамiнаў пра ўчарашнi сеанс i пра начны скандал, якiм суправаджалася выгнанне з яго кватэры саратаўскай сваячкi.
Праўда, не праз секунду, але i не праз хвiлiну, праз чвэрць хвiлiны Аркадзiй Апалонавiч, у адной пантофлi на левай назе, у споднiм, ужо быў ля апарата i сакатаў у яго:
- Ага, гэта я... Слухаю, слухаю...
Жонка яго, якая на гэты час забылася пра ўсе мярзотныя злачынствы супроць вернасцi ёй, якiя ўчынiў Аркадзiй Апалонавiч, са спалоханым тварам вызiрала ў калiдор, совала пантофляй у паветра i шаптала: