Страница 19 из 91
У Сцёпы сэрца ёкнула, ён пахiснуўся.
"Што ж гэта такое? - падумаў ён. - Цi не вар'яцею я? Адкуль гэтыя постацi?!" - Ён зазiрнуў у пярэднi пакой i спалохана закрычаў:
- Груня! Што гэта за кот тут у нас шляецца? Адкуль ён? I хто яшчэ з iм?
- Не хвалюйцеся, Сцяпан Багданавiч, - адазваўся голас, але не Грунiн, а госця са спальнi, - гэта мой кот. Не хвалюйцеся. А Грунi няма, я адправiў яе ў Варонеж, на радзiму, яна скардзiлася, што вы даўно не даяце ёй адпачынак.
Словы гэтыя былi такiя нечаканыя i недарэчныя, што Сцёпа вырашыў: галюцынацыя. Спалохана ён пабег у спальню i замёр на парозе. Валасы заварушылiся, а на лбе дробненька выступiў пот.
Госць сядзеў у спальнi, але ўжо не адзiн, а з кампанiяй. На другiм крэсле той самы тып, што ўзнiк у пярэднiм пакоi. Цяпер яго добра было вiдаць: вусы-пёркi, шкельца пенснэ паблiсквае, а другога шкельца няма. Але ў спальнi былi рэчы i намнога горшыя: на ювелiршыным пуфе пахабна разлёгся нехта трэцi, а менавiта - жудасных памераў чорны кот з кiлiшкам гарэлкi ў адной лапе i вiдэльцам, на якi ён успеў падчапiць марынаваны грыбок, у другой.
Святло, i так цьмянае ў спальнi, зусiм пачало знiкаць у Сцёпавых вачах. "Вось як, аказваецца, вар'яцеюць!" - падумаў ён i ўхапiўся за вушак.
- Бачу я, вы крыху здзiўлены, дарагi Сцяпан Багданавiч? - спытаўся Воланд у Сцёпы, якi дробна стукаў зубамi. - А мiж iншым здзiўляцца няма чаму. Гэта мая свiта.
Тут кот выпiў гарэлку, i Сцёпава рука слiзганула ўнiз па вушаку.
- I свiта гэтая патрабуе месца, - працягваў Воланд, - такiм чынам сёй-той з нас у кватэры лiшнi. I мне здаецца, што гэты лiшнi - вы!
- Яны, яны, - казлiным голасам заспяваў худы клятчасты, гаворачы пра Сцёпу ў множным лiку, - наогул, апошнi час яны страшэнна свiнячаць. П'янствуюць, блытаюцца з жанчынамi, выкарыстоўваючы сваё становiшча, нiчога не робяць ды i рабiць нiчога не ўмеюць, таму што не разбiраюцца ў тым, што iм даручана. Абманваюць начальства!
- Машыну казённую ганяе дарэмна! - паклёпнiчаў i кот, жуючы грыб.
I тут адбылося чацвёртае, апошняе дзеянне ў кватэры, калi Сцёпа зусiм ужо абсунуўся на падлогу i аслабелаю рукою драпаў за вушак.
Проста з трумо выйшаў маленькi, але надзвычай шыракаплечы, у кацялку на галаве i з iклом, якi тырчэў з рота, i рабiў брыдотнай i так страшную фiзiяномiю. I да ўсяго гэтага вогненна-рыжы.
- Я, - уступiў у гаворку гэты новы, - наогул не разумею, як ён стаў дырэктарам, - рыжы гугнявiў усё болей i болей: - Ён гэтакi ж дырэктар, як я архiрэй!
- Ты не падобны на архiрэя, Азазела, - заўважыў кот i наклаў сабе сасiсак на талерку.
- Я пра гэта i гавару, - прагугнявiў рыжы, завярнуўся да Воланда i дадаў паважна: - Дазвольце, месiр, яго выкiнуць к чорту з Масквы!
- Апсiк! - раптоўна раўнуў кот i ўздыбiў поўсць.
I тады спальня закруцiлася вакол Сцёпы, ён ударыўся галавой аб вушак, але, пакуль страцiў прытомнасць, успеў падумаць: "Я памiраю..."
Але ён не памёр. Калi расплюшчыў вочы, то ўбачыў, што сядзiць на нейкiм мураваным збудаваннi. Вакол нешта шумела. Калi ён добра разгледзеўся, то ўбачыў, што гэта шумiць мора, i нават болей - хвалi пагойдваюцца ля самых яго ног, i што, карацей, сядзiць ён на канцы мола, што пад iм блакiтнае зiхоткае мора, а ззаду - прыгожы горад на гарах.
Сцёпа, не ведаючы, што робяць у такiх выпадках, устаў i пайшоў па моле да берага.
На моле стаяў нейкi чалавек, палiў i паплёўваў у мора. На Сцёпу ён паглядзеў дзiкiмi вачыма i перастаў пляваць. Тады Сцёпа адмачыў такую штуку: стаў на каленi перад невядомым курцом i прамовiў:
- Малю, скажыце, якi гэта горад?
- Аднак! - бяздушна адазваўся палiльшчык.
- Я не п'яны, - хрыпата адказаў Сцяпан, - я хворы, са мною нешта здарылася, я хворы... Дзе я? Якi гэта горад?..
- Ну. Ялта...
Сцёпа цiха ўздыхнуў, упаў на бок, галавой стукнуўся аб нагрэты мол.
Раздзел 8
ПАЯДЫНАК ПРАФЕСАРА I ПАЭТА
Якраз у гэты час, калi Сцёпа страцiў прытомнасць у Ялце, гэта значыць а палове дванаццатай дня, да Iвана Мiкалаевiча Бяздомнага, якi прачнуўся пасля глыбокага i доўгага сну, вярнулася свядомасць. Нейкi час ён не мог здагадацца, якiм чынам ён трапiў у незнаёмы пакой з белымi сценамi, з дзiўным столiкам з нейкага белага металу i з белаю штораю, за якою адчувалася сонца.
Iван страсянуў галавою, пераканаўся, што яна не балiць, i ўспомнiў, што ён знаходзiцца ў бальнiцы. Гэта пацягнула за сабой успамiн пра смерць Берлiёза, але сёння яна не выклiкала такога вялiкага ўражання. Пасля таго як выспаўся, Iван Мiкалаевiч паспакайнеў i пачаў ясней думаць. Ён паляжаў нейкi час нерухома ў чыстым, мяккiм i зручным ложку, потым угледзеў кнопку званка побач з сабою. З-за прывычкi чапаць без патрэбы ўсё, ён нацiснуў на яе. Ён чакаў нейкага звону цi нейчага з'яўлення, але адбылося зусiм iншае. Ля Iванавых ног над ложкам засвяцiўся матавы цылiндр, на якiм было напiсана: "Пiць". Цылiндр пастаяў на месцы, потым пачаў круцiцца, пакуль не выскачыў надпiс: "Няня". Зразумела, што хiтры цылiндр уразiў Iвана. Надпiс "Няня" змянiўся надпiсам "Выклiчце доктара".
- Гм... - прамовiў Iван, бо не ведаў, што рабiць з гэтым цылiндрам далей. Але пашанцавала выпадкова: Iван нацiснуў на кнопку другi раз якраз на слове "Фельчарыца". Цылiндр цiха празвiнеў у адказ i патух, а ў пакой увайшла поўная сiмпатычная жанчына ў белым чыстым халаце i сказала Iвану:
- Добрай ранiцы!
Iван не адказаў, палiчыў прывiтанне недарэчным у такiх умовах. На самай справе, заперлi здаровага чалавека ў бальнiцу i яшчэ выгляд робяць, што гэтак i трэба!
Жанчына тым часам з дабрадушным тварам нацiснула на кнопку, i штора паплыла ўгору, у пакой скрозь пятлястую рашотку, якая была да самае падлогi, хлынула сонца.
За рашоткай быў балкон, за iм бераг звiлiстае рэчкi i на супрацьлеглым беразе - вясёлы сасновы бор.
- Калi ласка, ванну прымiце, - запрасiла жанчына, i ў яе пад рукамi рассунулася ўнутраная сцяна, за якой было ваннае аддзяленне i туалет.
Iван, хоць i вырашыў з жанчынаю не размаўляць, але не ўтрымаўся, калi ўбачыў, як шырокiм струменем прэ ў ванну вада з блiскучага крана, сказаў з iронiяй:
- Глядзi ты! Як у "Метраполi"!
- Э, не, - з гонарам сказала жанчына, - намнога лепш. Такога абсталявання i за мяжой няма. Вучоныя i дактары спецыяльна прыязджаюць глядзець нашу клiнiку. У нас кожны дзень iнтурысты.
Пры слове "iнтурыст" Iвану адразу ж успомнiўся ўчарашнi кансультант. Iван затуманiўся, паглядзеў з-пад iлба i сказаў:
- Iнтурысты!.. Як вы ўсе на iнтурыстаў молiцеся! А сярод iх, мiж iншым, розныя трапляюцца. Я, напрыклад, учора з такiм пазнаёмiўся, што люба-дорага!
I ледзь не пачаў расказваць пра Понцiя Пiлата, але стрымаўся, бо зразумеў, што жанчыне гэтыя расказы не трэба, што ўсё роўна дапамагчы яму яна не зможа.
Памытаму Iвану Мiкалаевiчу адразу ж было выдадзена ўсё, што патрэбна мужчыну пасля ванны: адпрасаваная кашуля, кальсоны, шкарпэткi. Але гэтага мала: жанчына адчынiла дзверы шкафчыка, паказала ў глыб яго i спыталася:
- Што хочаце адзець - халацiк альбо пiжаму?
Прымацаваны да новага месца жыхарства сiлком, Iван ледзь рукамi не ўспляснуў ад разбэшчанасцi жанчыны i моўчкi ткнуў пальцам у пiжаму з пунсовай байкi.
Пасля гэтага Iвана павялi па пустым i глухiм калiдоры i прывялi ў велiзарны па памерах кабiнет. Iван, якi вырашыў, што будзе адносiцца да ўсяго, што ёсць у гэтым надзiва абстаўленым будынку, iранiчна, тут жа ахрысцiў кабiнет "фабрыкай-кухняй".
I было за што. Тут стаялi шафы i шкляныя шафачкi з блiскучымi нiкiляванымi iнструментамi. Былi крэслы надзвычай складанай канструкцыi, нейкiя пузатыя лямпы з блiскучымi каўпакамi, многа шклянак, i газавыя гарэлкi, i электрычныя правады, i зусiм нiкому не вядомыя прыборы.
У кабiнеце за Iвана ўзялiся ўтраiх - дзве жанчыны i адзiн мужчына, усе ў белым. Найперш Iвана павялi ў куток, за столiк, з яўным намерам нешта ў яго выпытаць. Iван пачаў думаць пра сваё становiшча. Перад iм былi тры шляхi. Надзвычай спакушаў першы: кiнуцца на гэтыя лямпы i мудрагелiстыя рэчы i ўсе к д'яблу пабiць i паламаць i такiм чынам выказаць свой пратэст за тое, што яго дарэмна трымаюць тут. Але сённяшнi Iван ужо ў многiм адрознiваўся ад Iвана ўчарашняга, i першы варыянт здаўся яму сумнiцельным: чаго добрага, яны ўваб'юць сабе ў голаў, што ён вар'ят. Таму першы шлях Iван адмёў. Быў i другi шлях: адразу ж пачаць расказваць пра кансультанта i Понцiя Пiлата. Аднак учарашнi вопыт паказаў, што гэтаму расказу не вераць альбо ўспрымаюць яго неяк наадварот. Таму Iван i ад гэтага шляху адмовiўся, вырашыў выбраць трэцi: адгарадзiцца ганарлiвым маўчаннем.