Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 28 из 33



— Што ты гаворыш?! — з жартаўлівым жахам крыкнуў Мірон. — Калі іх цяпер расстраляюць, то мы павінны будзем сядзець да зімы!

— Выбачай, забыўся, — засмяяўся Віктар. — Хай тады крыху пачакаюць. Але ж гэткае сядзенне горш за самую цяжкую працу! Пойдзем хоць чаю пап'ём. Вось, кажуць, бруснічнік можна ўжываць замест чаю.

— Гэта будзе вельмі дарэчы, — згадзіўся Мірон, і яны пачалі збіраць бруснічнік.

Але праз некалькі хвілін Мірон прыпыніўся і пачаў уважліва разглядаць сабраныя ім расліны.

— Слухай! — прамовіў ён нарэшце. — Гэта ж не бруснічнік!

— Чаму?

— Бачыш, вось з ніжняга боку ліста выціснута сетка, не такая, як у бруснічніку, ды і сцябло святлейшае.

— Па гэткіх дробных адзнаках судзіць нельга, — недаверліва сказаў Віктар.

— Шкада, што ён яшчэ не цвіце, тады можна было б знайсці маленькую розніцу ў кветках. А каб былі ягады, тады ўжо зусім нельга было б памыліцца. Ягады ўсярэдзіне маюць нібы муку, таму і завецца гэтая расліна мучніцай. Яна вельмі каштоўная і дае розныя лекі, чорную фарбу і дубільны матэрыял для апрацоўкі скур.

— Калі так, я цяпер гатоў шчыра шанаваць цябе і тваю батаніку. Вось каб напіліся гэткага чаю! Пэўна, здубянелі б. Давай лепш наломім малінніку. Гэта будзе карысней.

— Можна знайсці і сапраўднага бруснічніку.

— А няхай яго ліха возьме! Зноў натрапіш на якую мучніцу. Давай лепш простага малінніку.

Вярнуліся на сваю «кухню», выпілі чаю, згатаванага ў бляшанцы.

— Добры чай! — пахваліў Мірон. — Шкада толькі, што мёду болей няма.

— Гэта яшчэ паўбяды, — сказаў Віктар, — але вось мяса наша пачынае псавацца, хоць і печанае. Заўтра яшчэ сяк-так. А паслязаўтра будзе ўжо зусім дрэннае.

— А сушанае?

— Сушанае ўсярэдзіне не высахла.

— А ты не цягай заўсёды за сабой, а павесь тут.

Зноў правялі ноч каля вогнішча.

Трэці дзень прайшоў гэтак жа, як і папярэднія два, толькі напружанасць так змарыла іх, што абодва паснулі як забітыя. Спалі смачна да самага вечара.

Першы прачнуўся Мірон. Схамянуўся, ускочыў, нават спачатку не пазнаў, дзе ён і што з ім. Віктар хроп так, што чуваць было па ўсім лесе.

— Гэй ты, вартаўнік! — штурхануў яго пад бок Мірон.

— Га? Што? — усхапіўся той.

— Ці ведаеш ты, што хроп на ўвесь лес? Нашы госці на тым баку балота пачулі.

— А ты?

— І я таксама спаў. Гэта ж вар'яцтва! Нас маглі зарэзаць, як куранят.

— Я баюся, што яны, праклятыя, ніколі не прыйдуць, — пазяхаючы прамовіў Віктар.

— А ўсё-такі рызыкаваць нельга. Другі раз будзем спаць па чарзе.

І гэты дзень мінуў. І другі. І яшчэ адзін. І яшчэ…

Хлопцам было вельмі цяжка цярпець. Мяса псавалася ўсё болей і болей. А «пасвіцца» ўдзень не было як: трэба было сядзець і пільнаваць. Калі нават вылазілі да баброў па ваду, то ўсё здавалася, што вось зараз іх заўважаць. Адна ўцеха ды ратунак ад гнілога мяса — гарачы чай уночы.

З кожным днём напружанасць узмацнялася; ад кожнага трэску і шолаху хлопцы ўздрыгвалі, нібы ад электрычнай іскры. Гэтае безупыннае напружанне так знервавала хлопцаў, што яны зусім страцілі сон, зрабіліся панурымі і злоснымі. Усё гэта, разам з дрэнным харчаваннем і сядзеннем на месцы, аслабіла іх так, што ў іх часам кружылася галава, цямнела ў вачах, дрыжалі ногі. Папярэднія дні здаваліся ім ужо шчаслівымі ў параўнанні з цяперашнімі.

Часам хлопцам пачынала здавацца, што бандыты ўжо блізка. Яны нават чулі тупат ног і галасы. А праз хвіліну выяўляўся падман і прыходзіла перакананне, што сядзяць яны тут дарэмна, што ніхто і не думае сюды ісці.

— А можа, іх ужо злавілі і пасадзілі ў турму? — сумна казаў Віктар.

— Усё можа быць, — уздыхаў Мірон.

Мусіць, сваякі бандытаў гэтак не баяліся за іхняе жыццё, як нашы хлопцы.

— Але ж павінен хто-небудзь прыйсці па тавар? — разважаў Мірон. — Не могуць жа яны пакінуць сваё дабро.



— Могуць прыйсці і ўзімку, і на другі год, — адказаў Віктар. — А калі іх злавілі ўсіх, дык могуць і ніколі не прыйсці.

Пачуўся хруст. Хлопцы зноў напружыліся, зноў з'явілася надзея. Але гэта праціскаўся праз зараснік дзік. Цераз палянку было відаць, як ён спакойна і павольна капашыўся ў балоце.

— Вось добра было б стрэліць у яго! — заблішчаў вачыма Віктар. — Напэўна трапілі б. І мяса свежае было б.

Засвярбелі рукі і ў Мірона. Што будзе, калі кантрабандысты не прыйдуць? Тады давядзецца яшчэ горш галадаць, а між тым яны могуць зараз назапасіць мяса.

Але нарэшце ён пачаў даводзіць Віктару, што гэта будзе надта рызыкоўна:

— Ці можам мы напэўна сказаць, што яны не прыйдуць? Не. Ну, а калі прыйдуць, то мы загінем напэўна. І стрэл могуць пачуць, і сляды не паспеем знішчыць.

Дзік тым часам схаваўся за дрэвамі.

А ўначы, каля вогнішча, як яны шкадавалі, што не выкарысталі магчымасці! Яны паспелі б ужо разабраць і схаваць дзіка, былі б забяспечаны свежым мясам. А цяпер што будзе?

— Ох, ужо гэтая разумная асцярожнасць! — са злоснай насмешкаю сказаў Віктар.

Мірон засаромеўся. Ён адчуваў, што перамудрыў. Але каб абараніць сябе, перайшоў у наступ:

— А скажы шчыра: ці мог ты паручыцца, што яны сёння ані ў якім разе не прыйдуць?

— Вядома, паручыцца ніхто не можа, але…

— Пачакай. Значыць, можна было думаць, што яны прыйдуць?

— Ну, можна.

— А ты ведаеш, чым пагражала гэтая магчымасць?

— Ну, ведаю.

— Дык вось што: маленькая магчымасць загінуць — сур'ёзней за вялікую магчымасць пад'есці.

— Але ж у нас ёсць рэвальверы! — не здаваўся Віктар.

— А можа, там будзе дзесяць стрэльбаў? Рэвальверы спатрэбяцца тады, калі не будзе чаго іншага рабіць.

Віктар замаўчаў.

XXII

«Слон». — Агіднае забойства. — Бандыты з палоннікам. — Падазрэнне бандытаў. — Допыт. — Ваенныя аперацыі. — Перамога.

Так яны правялі ў чаканні чатыры дні. І гэтыя дні здаваліся ім самымі доўгімі і пакутнымі за ўвесь час іх жыцця на востраве. Яны праходзілі ў бяздзейнасці, а гэта і ёсць самая горшая пакута для жывога чалавека. На працягу дня яны, вядома, выходзілі са сваёй засады, але асцярожна, тулячыся ды азіраючыся, каб іх не маглі ўбачыць здалёк.

Такі напружаны перапынак быў не лепш за сядзенне і чаканне.

Пад вечар ішлі начаваць у пушчу да свайго вогнішча, спалі зусім не так добра, як у будане, а раніцою вярталіся на сваю «службу». І ўсё часцей задавалі сабе пытанні: «А што, калі яны зусім не прыйдуць? Або прыйдуць праз многа тыдняў? Няўжо ўвесь гэты час так сядзець? Неўзабаве скончацца рэшткі сушанага мяса, а тады што?»

У такім настроі прыйшлі яны на варту і ў пяты дзень раніцою. А праз паўгадзіны пачулі нейкі тупат.

Ішоў ён з таго боку, адкуль павінны былі з'явіцца «госці». У хлопцаў моцна-моцна закалаціліся сэрцы. Тупат набліжаўся, цяжкі, глухі; часам чуўся гучны трэск вялікай галіны. Але бачыць, хто ідзе, нельга было.

— Або атрад бандытаў, або слон! — прашаптаў Віктар.

Вось ужо нешта мільгае між дрэў, вялікае, чырвонае. Усё выразней, выразней…

— Зубр! — у адзін голас крыкнулі хлопцы.

Нейкі ўрачысты настрой ахапіў таварышаў. Яны бачылі жывога зубра, якіх у межах Савецкай Беларусі ўжо няма*. Перад 1914 годам у Белавежскай пушчы было яшчэ 400 зуброў, але за час вайны з іх засталося ўсяго толькі каля 20, ды і тых немцы вывезлі да сябе.

* Падзеі адбываюцца ў канцы 20-х гадоў XX стагоддзя.

— Якім жа чынам ён трапіў сюды? — дзівіўся Мірон.

— А ты не памятаеш, як некалькі часу назад пісалі ў нашых газетах, што ў нас бачылі аднаго зубра? Кажуць, што ён перабег да нас з Польшчы. Белавежскую пушчу польскія паны прадалі англічанам, і тыя сякуць і вывозяць лес. Трэба думаць, што немцы не паспелі вылавіць усіх зуброў да апошняга. Мусіць, хоць адзін застаўся. І вось цяпер, калі пачалі высякаць яго родную пушчу, ён і ўцёк да нас, дзе лес гэтак не нішчаць.

— Я гэта чытаў, але пасля таго больш нічога не было чуваць аб ім.