Страница 21 из 33
— Усё ж такі дзіўна, што яны не адгукаюцца, — прамовіў другі. — Не можа быць, каб нашыя стрэлы і крыкі не былі чутны.
— Пагукаем яшчэ тут. Калі няма, значыцца, няма.
— Ці не маглі яны як-небудзь выйсці?
— Апрача таго месца, прайсці нідзе нельга, нават у самае сухое лета, — чуўся голас чорнага. — Куды б яны ні сунуліся, усюды загінуць.
— А можа, якім-небудзь чынам даведаліся пра наш шлях?
Чорны дзядзька гучна засмяяўся:
— А ты сам упэўнены, што пройдзеш цяпер адзін?
— Не вельмі. У такім разе, можа, нам і не трэба будзе турбавацца?
— Дай Бог.
І яны на вачах у хлопцаў зноў пачалі страляць і гукаць:
— О-о-го-го! Сюды-ы!…
Хоць і не да смеху было нашым хлопцам, але яны не маглі не ўсміхнуцца.
— Вось дабрадзеі знайшліся, каб яны хутчэй самі ўтапіліся! — сказаў Мірон, калі людзі адышлі.
— Гэтага мала, — злосна прамовіў Віктар. — Хоць тры гады буду сачыць, але аддам іх пад расстрэл. Пойдзем дахаты, хай яны там блукаюць.
— Ох! — прастагнаў Мірон. — Усё цела здранцвела: мусіць, гадзін пяць ляжалі нерухома.
І яны пайшлі да стаянкі. Ззаду чуліся крыкі і стрэлы іхніх «дабрадзеяў». Хоць хлопцы і не баяліся, што ворагі зараз будуць іх шукаць, але ўвесь час адчувалі небяспеку.
— Горш за ўсё, што агню нельга раскладаць, — казаў Мірон. — Калі яны вернуцца ды ўбачаць, што вогнішча нехта падправіў, дык адразу здагадаюцца, што мы тут. А агонь тым часам можа згаснуць.
— Падсунем тоўстыя кавалкі пад попел, можа, не звернуць увагі, — параіў Віктар.
— А што, калі заўважаць? — непакоіўся Мірон. — Ад гэтага можа залежаць наша жыццё.
Падумалі-падумалі і парашылі лепш рызыкнуць агнём, чымся жыццём.
— Можа, небяспечна кратаць і нашу спажыву? — сказаў Віктар. — Таксама могуць заўважыць.
— І гэта праўда, — згадзіўся Мірон. — Вось дурное становішча: глядзець на сваю ўласную ежу, галадаць і не мець права крануць яе.
Усё гэта было б нават смешна, каб не было гэтак небяспечна.
Не сядзелася ім на месцы. Увесь час пазіралі ў той бок, дзе былі «дабрадзеі». Нарэшце Віктар не вытрымаў:
— Не! Не магу! Ідзём схаваемся побач.
Адышліся ў балота, у зараснік, і там заселі. Адтуль была відаць і іх стаянка, і дарога, па якой маглі прыйсці ворагі. Нарэшце паказаліся і яны. Падышлі да будана і селі каля вогнішча.
— Каб канчаткова ўпэўніцца, трэба пачакаць вечара, — сказаў малады, — калі яны яшчэ жывыя, то павінны прыйсці сюды начаваць.
— Але ў такім разе мы сёння не зможам вярнуцца назад, — заўважыў чорны.
— Ну, дык пераначуем тут. Вось і будан ёсць. Нават барсучыная скура ў ім. А вунь і палова зайца, і рыба вісіць. Заяц, відаць, яшчэ свежы. Значыцца, учора яны тут жылі. Калі загінулі, дык толькі сёння.
Бандыты падклалі ў агонь дроў. Чорны выняў з торбы хлеба, сала, солі.
Калі ўбачылі гэта хлопцы, дык у іх аж сліна пацякла.
— А можа, пакаштуем іхняга зайца? — сказаў малады.
— Не варта важдацца.
— Ну, дык я маленькі кавалачак сабе спяку. — Падышоў, узяў зайца і сказаў: — Як ён скрэмзаны. Відаць, у іх нажа не было.
— А вось неяк трымаліся, чортавы дзеці! — буркнуў чорны. — І якім чынам здолелі зайца злавіць?
— Мусіць, іх там навучаюць цяпер розным такім штукам, — казаў малады, адразаючы нажом тонкую лусту мяса. Потым палажыў яе ў попел.
Хвіліну памаўчалі, глядзелі, як скварыцца мяса. Надыходзіў вечар. Навокал было так спакойна і мірна, што цяжка было падумаць пра тую людскую жорсткасць, якая панавала тут у гэты час. Відаць, гэты настрой мімаволі ахапіў і малодшага.
— А можа, плюнуць на ўсю гэтую справу і пайсці дадому, пакуль не позна? — прамовіў ён.
Чорны сурова зірнуў на яго:
— Праз два тыдні нам спатрэбіцца гэта месца. Калі мы страцім яго, нам самім прыйдзецца рызыкаваць жыццём. Няўжо ж з-за гэтых шчанят ты сам згодзен пацярпець?
— Ды я гэта кажу толькі таму, што ўпэўнены ў іх смерці. Наўрад ці могуць яны столькі часу не прыходзіць.
— Каб цвёрда быць упэўненым, трэба перачакаць ноч, — сурова сказаў чорны.
Малады выняў мяса, пачысціў яго, пасыпаў соллю і са смакам пачаў есці.
— Нішто, — сказаў ён. — Раю і табе.
— Не хачу гэткага дабра, — махнуў рукой яго таварыш.
Бедныя хлопцы ледзь не плакалі, калі глядзелі, з якім смакам есць вораг іхняе мяса. Ды яшчэ з хлебам, з соллю! Хоць бы драбінку гэтага хлеба і солі пакаштаваць.
— Кладзёмся спаць, — прапанаваў стары. — Калі прыйдуць, не пакрыўдзяцца. Яны і спадзявацца не маглі ўбачыць тут людзей, якія могуць іх вывесці.
Віктар сціснуў кулакі, заскрыгатаў зубамі і ледзь не зароў ад злосці.
Стары ўлез у будку, палажыў пад сябе стрэльбу і разлёгся на скуры.
— Паглядзі, там яны чарапаху паставілі на бярозавы сок, — сказаў ён з будана. — Піць хочацца.
Малады пайшоў, узяў чарапаху і паднёс свайму таварышу.
— Добрая рэч, дай Бог ім здароўя, — засмяяўся той.
Потым і другі ўлез у будан. Пра нешта яшчэ пагутарылі там, але хлопцы не маглі разабраць.
Стаяла цішыня. Толькі нейкія вячэрнія птушкі часам парушалі яе. Надышла ноч. Хлопцы сядзелі ў сваёй засадзе, нібы скамянелыя. Ім здавалася, што ў гэткай цішыні чуваць не толькі кожны іх рух, але і дыханне, нават стук сэрцаў. Доўга не адважваліся яны паварушыцца. Вось ужо і храп пачуўся з будкі, а яны ўсё яшчэ баяліся крануцца з месца. Ад холаду і вільгаці пачалі дрыжаць.
— Ну, давай вылазіць, — прашаптаў Віктар.
Паварушыліся — і зараз жа храснуў леташні сухі чаротнік. Самлелі хлопцы, стаілі дыханне, прыслухаліся — нічога. Палезлі далей.
І вось тут адбылося самае жудаснае ў іхняй гісторыі: Мірон заблытаўся нагамі ў лазняку і… ляснуўся на зямлю.
У будцы зараз жа заварушыліся, і адтуль вылез чорны бандыт са стрэльбай у руках. Зірнуў ва ўсе бакі, прыслухаўся, пачакаў некалькі хвілін і схаваўся назад.
— Што там такое? Можа, яны? — пачуўся сонны голас маладога.
— Не. Мусіць, звер які.
Хлопцы прыліплі да зямлі ў самых недарэчных позах. Мірон ляжаў тварам у балоце з задранай дагары нагою. Віктар перш сядзеў на кукішках, а пасля паваліўся на бок і абапёрся адною рукою аб зямлю. І ў гэткім становішчы яны павінны былі яшчэ доўга чакаць, пакуль можна было рухацца далей. Нарэшце дачакаліся гэтага часу і папаўзлі.
Калі яны адышліся далёка, Віктар аж з кулакамі накінуўся на Мірона.
— Ах ты, мядзведзь касалапы! — сіпеў ён. — Праз цябе ледзь не загінулі!
— Ну-ну, — вінавата казаў Мірон. — Нічога дрэннага не здарылася. Не магло ж ім прыйсці ў галаву, што гэта мы.
— Ну, а калі б палічылі цябе за звера ды ўсадзілі кулю, лепш было б?
— Ды кінь ты ўжо! Усё мінула. Давай лепш памяркуем, што рабіць далей.
Віктару рупіла падкрасціся да бандытаў і сцягнуць стрэльбу, але Мірон стрымліваў яго.
— Па-першае, — казаў ён, — стрэльбу выцягнуць з-пад яго нялёгка. Бачыш, як ён чула спіць? Па-другое, нават каб і ўдалося, ці здолеем мы з імі справіцца? У малодшага, а можа, і ў старэйшага, напэўна, ёсць рэвальвер: не пойдзе бандыт на такую справу без рэвальвера. А тады ўжо будзе іншая рэч.
Думка аб рэвальверы не прыходзіла Віктару ў галаву і цяпер вельмі збянтэжыла яго.
— Нам толькі забіць гэтага старога чорта ў сне, а другому мы ўдвух далі б рады, — трымаўся яшчэ Віктар.
— Яно, можа, і так, — разважаў Мірон. — А як ты заб'еш яго адразу, калі з будкі толькі ногі яго тырчаць? А калі толькі параніш, то з рэвальверамі яны нас перамогуць.
— Ты, мусіць, баішся? — папікнуў Віктар.
— Што? — пакрыўдзіўся Мірон. — У такім разе, ты добра падумай і скажы: ці так я кажу, ці не? Калі ты шчыра скажаш, што не так, тады я пайду з табою на рызыку.
— Вось каб ведаць, што рэвальвераў няма, — нерашуча прамовіў Віктар.
— Зноў кажу: яны ішлі спецыяльна, каб загубіць нас. Няўжо ж не ўзялі з сабой рэвальвера?
Віктар павінен быў згадзіцца і з гэтым.
— Падыдзем бліжэй, паглядзім.
Падкраліся, прыслухаліся, зазірнулі ўсярэдзіну. У цемры нічога не было відаць, толькі ногі высоўваліся з будана. Тут ужо і Віктар пераканаўся, што лезці ў цемры ў цесную будку нельга.