Страница 2 из 2
Ты глядзела на мяне цiхiмi пагасшымi вачмi, у якiх скрозь маўклiвыя слёзы свяцiўся стрымлены боль. Я знаю, ты хацела астацца са мной, ты хацела тады ласкi блiзкага, хацела добрага спагаднага слова. Я не ведаю, можа, я зрабiў вельмi жорстка, можа, iначай трэба было. Але я не каюся, я не шкадую. Я рабiў па закону барацьбы. Помнiш? Я сказаў толькi два словы:
- Адправiць у шпiталь...
Пакуль вы ад'ехалi, я яшчэ раз сустрэўся з табой вачмi. Мне здалося, што ты ўсмiхнулася мне. Але гэта, пэўна, толькi здалося, бо я хацеў гэтага, я напружана чакаў гэтае ўсмешкi.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Вось i ўсё. З таго часу сем год я шукаў цябе, каб скончыць недапетую песню нашае дзiвосна яскравае дружбы.
I вось я знайшоў. Вось сяджу прад табой, збянтэжаны гэтым ружовым пакоем з мяккай канапай, з дыванамi па сценах, збянтэжаны нечакана - новым выразам твайго антычнага твару.
Не, я цябе не знайшоў, я шукаю яшчэ. Я пiльна азiраю тваю прыгожую, пышную постаць, выразна акрэсленую складкамi шоўку, я з балючым напружаннем углядаюся ў твар твой, я хачу працяць сваiм гарачым поглядам гэтую млявую гладзь, гэты агiдны ўзор дабрабыту. Я хачу ўбачыць цябе - майго дарагога, любага таварыша, героя.
Я шукаю цябе - чуеш? - i не знаходжу.
Я гляджу з болем i страхам на тваю прыгожую постаць, яна чужая, агiдная.
Ты ўсмiхаешся? Кiнь гэту ўсмешку - у ёй плыве давольнасць жывёлы. Не трэба смяяцца...
Твае вочы глухiя, як пустата. Няма чорнага агню, няма вострых вачэй майго героя...
Ага... Я разумею... Я цяпер зразумеў. Я шукаў не цябе... Не, ты мне не трэба. У сумятнi пярэстай жыцця я шукаў сталёва свежай шыры, я шукаў непазбыўнай рамантыкi.
Я пайду ад цябе. Я цябе не знайшоў, не заспеў.
Я пайду ў сумятлiвае мора жыцця. Сярод блытанiны драбнiц, у вiры гарачай будзёншчыны, у брудным пыле вугалля, цэменту i вапны, у шаломным грукаце дзён - я буду шукаць яе - свайго дарагога, любага таварыша.
Я знайду яе, я ўбачу магутны, чорны агонь яе прыгожых вачэй, яе запал абаўе мяне жыватворчаю сiлай.
Я пайду. Я знайду яе, дармо ты смяешся...
Не смейся! Смех твой агiдны мне, прыкры.
Не жмур сваiх чорных глухiх вачэй, каб не бачыў я ў iх пачуцця дабрабыту, каб не свяцiлася ў iх давольнасць жывёлы...
Не смейся!
Я пайду шукаць...
Я знайду...
1930